• Газеты, часопісы і г.д.
  • I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

    I ўзыходзіць сонца

    (Фэст)
    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1976
    55.26 МБ
    — На, вазьмі. Выкарыстай і адсюль крыху,— сказаў я.
    Мы адаткнулі другую бутэльку.
    — У чым жа справа? Чаму табе не падабаўся Браян? — запытаў я.
    — Я любіў Браяна. Мы былі як родныя браты.
    — Дзе ты з ім пазнаёміўся?
    — Ён, Менкен і я вучыліся разам у школе Святога Крыжа.
    — I Фрэнкі Фрыч з вамі, баксёр.
    — Няпраўда. Фрэнкі Фрыч вучыўся ў Фордгемскім універсітэце.
    — А я вучыўся ў школе Лаёлы разам з біскупам Мэнінгам.
    — Няпраўда,— абурыўся Біл. — Гэта я вучыўся ў школе Лаёлы разам з біскупам Мэнінгам.
    — Што? Стукнула ў галаву?
    — Віно?
    — Мабыць.
    — He віно, а вільгаць. Прэч гэту шкодную вільгаць!
    — Вып’ем яшчэ? — запытаў я.
    —■ А ў нас гэта ўсё?
    — Толькі дзве бутэлькі.
    — Ведаеш ты хто? — Біл масленымі вачамі глядзеў на бутэльку.
    — He.
    — Ты агент Лігі змагароў за цвярозасць.
    — Я вучыўся ў школе Божае Маці з Уэнам Б. Уілерам, шэфам Лігі.
    — Няпраўда, — ускіпеў Біл. — Гэта я вучыўся ў Камерцыйным каледжы Асціна з Уэнам Б. Уілерам. Ён быў нашым старастам.
    — А мне ўсё роўна,— сказаў я.— Далоў п’янства!
    — I я так думаю, дарагі калега,— згадзіўся Біл. — Далоў п’янства, і прападай мая галава.
    — Ты ачмурэў.
    — Ад віна?
    — Іменна.
    — Усё можа быць.
    — Хочаш уздрымнуць?
    — Ага.
    Мы ляглі галовамі ў цень і пазіралі ў неба праз дрэвы.
    — Ты спіш?
    — He,— абазваўся Біл. — Думаю.
    Я заплюшчыў вочы. Прыемна было ляжаць на зямлі.
    — Скажы мне, як у цябе з гэтай Брэт?
    — А што? — насцеражыўся я.
    — Ты быў у яе закаханы?
    — Быў.
    — Доўга?
    — 3 перапынкамі, а наогул доўга.
    — Вось чорт! Даруй, браток.
    — Ат, цяпер усё роўна. Пляваць мне на ўсё.
    — Праўда?
    — Праўда. Адно толькі, лепш не гаварыць пра гэта.
    — Ты не сярдуеш, што я запытаў?
    — А нашто мне злосць распальваць?
    — Паспрабую заснуць. — Біл закрыў твар газетай.— Скажы, Джэк, ты сапраўды католік?
    — Фармальна.
    — Як гэта разумець?
    — Як хочаш.
    — Ну добра, буду спаць. I ніякай філасофіі. He будзі мяне.
    Я таксама заснуў. А калі прачнуўся, Біл упакоўваў рукзак. Пачынала вечарэць, і доўгія цені дрэў клаліся на плаціну. Ад ляжання на зямлі я не мог разагнуцца.
    — Што з табой? He выспаўся? — запытаў Біл. — А што ты будзеш уночы рабіць?
    Я пацягваўся і праціраў вочы.
    — Мне прысніўся цудоўны сон,— сказаў Біл. — He памятаю што, але сон быў цудоўны.
    — Мне нічога не снілася.
    — Дарэмна, — сказаў Біл. — Усе нашы найвялікшыя бізнесмены бачылі сны. Вазьмі, напрыклад, Форда, альбо прэзідэнта Куліджа, альбо Ракфелера, альбо Джо Дэвідсана.
    Я разабраў нашы спінінгі і паклаў іх у чахол. Шпулькі сунуў у мяшок. Адну торбу з рыбай Біл паклаў у рукзак, другую панёс я.
    — Усё забралі, нічога не забыў? — запытаў Біл.
    — А чэрві?
    — Вось яшчэ знайшоў дабро. Кладзі іх сюды.
    Біл ужо начапіў свой груз, і я запхнуў бляшанкі з чарвямі ў адну з кішэняў рукзака.
    — Усё? Нічога не пакінуў?
    Я агледзеў траву пад вязамі.
    — Усё.
    Мы рушылі дарогаю ў лес. Да Бургетэ шлях быў няблізкі, і ўжо сцямнела, калі мы лугавою сцежкай спусціліся ў нізіну і паміж двума радамі асветленых знутры домікаў дабраліся да гасцініцы.
    Мы пражылі ў Бургетэ пяць дзён і парыбачылі на славу. Ночы былі халодныя, дні гарачыя, і заўсёды дзьмуў ветрык, нават у самую спякоту. Прыемна было ў гарачыню пабыць у сцюдзёнай вадзе, а потым сядзець на беразе і грэцца на сонцы. Мы знайшлі ручай з затокаю такой глыбіні, што ў ёй можна было плаваць. Увечары мы гулялі ў брыдж утрох — з англічанінам, аматарам рыбнай лоўлі, па
    прозвішчу Гарыс, які прыйшоў пехатой з СэнЖан-П’е-дэ-Пор і спыніўся ў нашай гасцініцы. Чалавек ён быў памяркоўны і разы два хадзіў з намі на раку Іраці. Ад Роберта Кона і Брэт з Майклам хоць бы слова.
    РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
    Аднойчы раніцай я прыйшоў снедаць. Англічанін Гарыс ужо сядзеў за сталом і, начапіўшы акуляры, чытаў газету, зірнуў на мяне і ўсміхнуўся.
    — Добрай раніцы. Вам пісьмо,— паведаміў ён. — Быў на пошце і ўзяў разам з маімі.
    Пісьмо ляжала на стале каля майго прыбора. Гарыс ізноў узяўся за газету, а я хутчэй распячатаў канверт. Пісьмо пераслалі з Памплоны. Адпраўлена было з Сан-Себасцьяна ў нядзелю.
    «Дарагі Джэк!
    Мы прыехалі сюды ў пятніцу, Брэт у цягніку стала нядобра, і я прывёз яе сюды на трьт дні да нашых старых знаёмых адпачыць. Прыязджаем у Памплону, атэль Мантоі, у аўторак, а якой гадзіне не ведаю. Калі ласка, прышліце запіску з аўтобусам, дзе вас знайсці ў сераду. Сардэчнае прывітанне і даруйце, што познімся, але Брэт сапраўды стала нядобра, і да аўторка яна паправіцца, яна ўжо амаль здаровая і panep. Я ведаю яе натуру і стараюся ёй дагаджаць, але гэта не так проста. Прывітанне ўсім хлопцам.
    М а й к л».
    — Які сёння дзень? — запытаў я ў Гарыса.
    — Здаецца, серада. Ну так, вядома: серада. Дзіўна, у гарах забываеш лічыць дні.
    — Так. Мы тут амаль тыдзень.
    — Спадзяюся, вы не збіраецеся выязджаць?
    — Якраз збіраюся. I, мабыць, вымушаны будзем выехаць сёння ж дзённым аўтобусам.
    — Якая прыкрасць! А я разлічваў яшчэ раз пайсці з вамі на Іраці.
    — Нам трэба хутчэй у Памплону. Дамовіліся з сябрамі сустрэцца.
    — Вось табе і на. He шанцуе мне. Мы так слаўна прабавілі час тут у Бургетэ.
    — Паедзем з намі ў Памплону. У брыдж будзем гуляць, а потым пачнецца надзвычай цікавы фэст.
    — Паехаў бы з прыемнасцю. Запрашэнне прывабнае. Шчыра дзякую. Але ўсё ж лепей пабуду тут. Хачу палавіць рыбу. Часу ў абрэз.
    — Паход на вялікую фарэль?
    — I не гаварыце, пападаюцца выключных памераў.
    — Пайшоў бы і я з вамі ахвотна.
    — Так, так, давайце. Заставайцеся яшчэ на дзень. Будзьце малайцом.
    — He можам, сапраўды трэба ехаць у горад.
    — Шкада,— прамовіў англічанін і адвярнуўся.
    Паснедаўшы, мы з Білам селі на лаўку перад гасцініцай пагрэцца на сонцы і абмеркаваць становішча. 3 цэнтра мястэчка сюды ішла дзяўчына са скураной сумкай на баку. Яна спынілася каля нас і падала тэлеграму:
    — Гэта вам?
    Я зірнуў на адрас: «Барнс, Бургетэ».
    — Нам.
    Дзяўчына дастала з сумкі кнігу, я распісаўся і даў ёй некалькі манетак. Тэлеграма
    была па-іспанску: «Чацвер прыязджаю Кон».
    Я паказаў тэлеграму Білу.
    — Што значыць «Кон»? — запытаў ён.
    — Ідыёт, вось што. Мог бы дзесяць слоў прыслаць за тую ж цану. «Чацвер прыязджаю». Коратка і няясна.
    — Дым пускае, гэта ў яго манеры.
    — А мы ўсё ж паедзем у Памплону. Няма сэнсу цягнуць Брэт і Майкла сюды і назад. Хутка фэст. Пашлём яму тэлеграму.
    — Чаму ж не паслаць,— згадзіўся Біл.— Галоўнае, фасон. Мы ж не якія задрыпы.
    Мы зайшлі на пошту і папрасілі бланк.
    — Што будзем пісаць? — запытаў Біл.
    — «Прыедзем вечарам». Вось і ўсё.
    Мы аплацілі тэлеграму і вярнуліся ў гасцініцу. Гарыс чакаў нас, і мы ўтрох адправіліся ў Рансеваль, агледзелі кляштар.
    — Цікавая мясціна,— сказаў Гарыс, калі мы выйшлі,— але вы ведаеце, я не аматар гісторыі.
    — Я таксама,— дадаў Біл.
    — Але ўсё ж мясціна цікавая. I я вельмі рад, што пабываў тут. Раней ніяк не мог сабрацца.
    — Гэта не тое, што рыбу лавіць. Азарту няма,— заўважыў Біл. Яму англічанін падабаўся.
    — Цалкам з вамі згодзен.
    Мы стаялі перад старадаўняй капліцай кляштара.
    — Ці не карчомка там цераз дарогу? — запытаў Гарыс. — Няўжо мае вочы мяне падманваюць?
    — Як быццам карчомка,— прыгледзеўся я.
    — Карчма, не іначай,— сказаў Біл.
    — Прапаную выкарыстаць момант,— звярнуўся да нас Гарыс. Слова «выкарыстаць» ён пазычыў у Біла.
    Мы заказалі па бутэльцы віна на кожнага. Гарыс плаціць нам не дазволіў. Ён добра размаўляў па-іспанску, і карчмар з нас двух нічога не ўзяў.
    — Сябры мае, вы не ўяўляеце, як мне было прыемна з вамі.
    — Слаўна, слаўна прабавілі час,— прамовіў Біл.
    Гарыс быў крыху выпіўшы.
    — Вы не ўяўляеце, якое гэта мае для мяне значэнне. Так мала радасці было з часоў вайны.
    — Мы яшчэ калі-небудзь парыбачым разам. Вось пабачыце, Гарыс,— запэўніў Біл.
    — Абавязкова. Сустрэча з вамі — шчаслівы момант майго жыцця.
    — А ці не ўзяць яшчэ бутэлечку?
    — Выдатна, выдатна! Ідэя,— падтрымаў Гарыс.
    — Цяпер плаціць буду я, іначай і ў рот не вазьму,— сказаў Біл.
    — Дазвольце мне заплаціць. Вы ж ведаеце, якая гэта для мяне прыемнасць.
    — А для мяне яшчэ большая,— не згадзіўся Біл.
    Карчмар прынёс чацвёртую бутэльку. Шклянкі былі на стале, і Гарыс наліў у сваю.
    — Ведаеце, гэта можна цудоўна выкарыстаць,— сказаў ён, падняўшы шклянку.
    Біл ляпнуў яго па плячы:
    — Вы малайчына, Гарыс.
    Ведаеце, прабачце, маё сапраўднае прозвішча не Гарыс, а Уілсан-Гарыс, гэта адно і тое ж, толькі цераз злучок.
    — Вы малайчына, Уілсан-Гарыс,— паправіўся Біл,— мы называем вас Гарыс, бо вельмі вас любім.
    — Ведаеце, Барнс, вы нават не ўяўляеце, як мне добра з вамі.
    — Выкарыстайце яшчэ шклянку,— параіў я.
    — Ах, Барнс. Вы не разумееце, вы не хочаце мяне зразумець.
    — Піце, Гарыс. На здароўе!
    Назад мы вярталіся з Рансеваля, трымаючы Гарыса пасярэдзіне. У гасцініцы добра падзакусілі, і англічанін правёў нас да аўтобуса. Ён даў нам візітную картку са сваім лонданскім адрасам, з адрасамі ўстановы і клуба, а калі мы селі ў аўтобус, кожнаму ўручыў канверт. Я распячатаў свой і ўбачыў там штук дзесяць штучных мух. Гарыс зрабіў іх сам. Мух ён заўсёды рабіў сам.
    — Слухайце, Гарыс...— пачаў я.
    — He, не! — запярэчыў ён, вылазячы з аўтобуса.— Мухі, вядома, не першага гатунку, але я падумаў, калі вы будзеце іх чапляць, то, можа, успомніце, як мы тут цудоўна бавілі час.
    Аўтобус рушыў. Гарыс стаяў каля пошты і махаў нам, а калі мы выехалі на дарогу, павярнуўся і пайшоў павольна ў гасцініцу.
    — Слаўны дзядзька. Як, па-твойму? — запытаў Біл.
    — Што ні кажы, а Гарыс сапраўды добра прабавіў час.
    — Шкада, што ён не паехаў з намі ў Памплону.
    — Яму даражэй рыба.
    — Дзіва што. I яшчэ невядома, як бы гэтыя англічане паладзілі між сабой.
    — Вось іменна.
    Мы прыехалі ў Памплону пад вечар і спыніліся прама перад атэлем Мантоі. На плошчы ўжо нацягвалі электрычныя правады, каб асвятліць яе ў час фэсту. Некалькі хлапчукоў падбегла да аўтобуса, і чыноўнік таможні загадаў кожнаму, хто вылазіў, расчыніць свае чамаданы і развязаць клункі тут жа на тратуары. Мы ўвайшлі ў атэль, і на лесвіцы я сустрэў Мантою. Ён паціснуў нам рукі, сарамліва ўсміхаючыся як заўсёды.
    — Вашы сябры тут,— паведаміў ён.
    — Містэр Кэмбел?
    — Так, Містэр Кон, містэр Кэмбел і лэдзі Эшлі.
    Ен усміхнуўся, нібы ведаў нешта для мяне цікавае.