• Газеты, часопісы і г.д.
  • I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

    I ўзыходзіць сонца

    (Фэст)
    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1976
    55.26 МБ
    Ён стукнуў па стале вілкай і сказаў:
    — Пачакайце, заўтра я свой нос прыляплю да руля так, што вецер усё скулле як языком зліжа.
    Адна з дзяўчат са здзіўленнем зірнула на яго. Ён вышчарыў зубы і яшчэ больш пачырванеў. Пачалі спрачацца, ці прыдатныя іспанцы да веласіпедных гонак. Высветлілася, што непрыдатныя.
    Я піў кофе на тэрасе з прадстаўніком буйнога веласіпеднага завода. Ён сказаў, што прабег быў вельмі цікавы і яго варта паглядзець,
    але, на жаль, выбыў Батэкія, застаўся ў Памплоне. Перашкаджаў пыл, аднак іспанскія дарогі леппіыя, чым французскія. На яго думку толькі велагонкі — сапраўдны спорт. Ці сачыў я за прабегам «Вакол Францыі»? Толькі па газетах. Прабег «Вакол Францыі» — спартыўная падзея выключнага значэння. Арганізоўваючы і суправаджаючы гэты прабег, ён пазнаў Францыю. Мала хто ведае Францыю. Усю вясну, усё лета і ўсю восень ён правёў на дарогах з гоншчыкамі. Вы адно гляньце, колькі аўтамабіляў ад горада да горада суправаджае кожны прабег. Францыя — багатая краіна, і з кожным годам у ёй усё больш развіваецца спорт. Надыдзе час — і яна стане сусветным спартыўным цэнтрам. I гэта дзякуючы велагонкам. А яшчэ футболу. Ён ведае Францыю. Спартыўную Францыю. Ён знаўца і цаніцель веласіпеднага спорту. Мы выпілі каньяку. He дрэнна, вядома, было б вярнуцца і ў Парыж. Цудоўны горад. Самы спартыўны горад у свеце. Ці ведаю я рэстаранчык «Вясёлы негр»? Дзіва што ведаю. Там ён ахвотна бывае, і там яго можна пабачыць. Абавязкова зайду. Выпілі б з ім разам яшчэ па чарцы каньяку. Абавязкова вып’ем. Яны адпраўляюцца раніцай у пяць сорак пяць. Ці ўстану я, каб пабачыць старт? Пастараюся абавязкова. А можа, лепш мяне пабудзіць? Будзе вельмі цікава. Я папрашу швейцара, каб мяне пабудзіў. He, не, ён сам мяне пабудзіць. He турбуйцеся, я папрашу швейцара. Мы развіталіся да заўтра.
    Раніцай, калі я прачнуўся, веласіпедысты і аўтамабілі ўжо тры гадзіны як былі ў дарозе. Кофе і газеты мне падалі ў пасцель, потым я адзеўся, забраў купальныя прыналеж-
    насці і накіраваўся на пляж. Раніца выдалася свежая, вільготная і не гарачая. Нянькі, адны ў форме, а другія ў сялянскіх гарнітурах, гулялі з дзецьмі пад дрэвамі. Іспанскія дзеці прыгожыя. Там жа, у цяньку пад дрэвам, сядзелі чысцільшчыкі і гутарылі з салдатам. Салдат быў аднарукі. Пачаўся прыліў, дзьмуў свежы вецер і ўздымаліся хвалі.
    Я раздзеўся ў адной з кабінак, перасек вузкую палосу пляжа і ўвайшоў у ваду. Я паплыў, стараючыся не пападаць пад хвалю, але часам яна накрывала мяне. Выбраўшыся з прыбою на спакойную ваду, я паплыў на спіне. Нада мной было неба, і мора, як калыска, гайдала мяне. Я перавярнуўся і паплыў назад, і высокі вал падхапіў мяне і вынес на бераг, потым я зноў паплыў, трымаючыся між хваль і не даючы ім накрыць мяне. Такое плаванне мяне ўрэшце стаміла, і я павярнуў да плыта. Вада была тугая і халодная. Мне здавалася, што патануць немагчыма. Я плыў павольна і доўга разам з прылівам. Потым падняўся на плыт і сеў на цёплыя, нагрэтыя сонцам дошкі. Я глядзеў на бухту, на стары горад, на казіно, на ўзбярэжны бульвар, на белыя ганкі і пазалочаныя шыльды атэляў. Воддаль, направа, каля ўвахода ў гавань, на зялёным узгорку высіўся замак. Плыт калыхаўся ад руху вады. Злева, за вузкім пралівам, там, дзе бухта злівалася з морам, відзён быў высокі мыс. Я падумаў, як бы добра было пераплысці бухту, але пабаяўся курчаў.
    Я грэўся на сонцы і назіраў за людзьмі на пляжы. Яны здаваліся вельмі маленькімі. Праз некаторы час я ўстаў, упёрся нагамі ў край плыта, выцягнуў рукі і, калі плыт нахіліўся, рашуча нырнуў у глыбіню, потым сіла
    вады мяне вынесла на паверхню, я страсянуў салёныя кроплі і паплыў на бераг спакойна і лёгка.
    Адзеўшыся і заплаціўшы за кабінку, я вярнуўся ў атэль. Веласіпедысты пакінулі ў чытальні некалькі нумароў часопіса «Аўто». Я сабраў іх, выйшаў на тэрасу, на сонца, і, выгодна ўсеўшыся, намерыўся пачытаць, каб лепш пазнаёміцца з французскім спортам. Тым часам з атэля выйшаў швейцар, трымаючы ў руках сіні канверт.
    — Вам тэлеграма, сэр.
    Я сарваў заклейку і разгарнуў тэлеграму. Яе пераслалі з Парыжа:
    «...КАЛІ МОЖАШ ПРЫЯЗДЖАЙ МАДРЫД АТЭЛЬ МАНТАНА ПАТРЭБНА ТВАЯ ДАПАМОГА БРЭТ»
    Я даў швейцару на чай і перачытаў тэлеграму. Па тратуары ішоў паштальён. Ён зайшоў у атэль і адразу ж выйшаў. У паштальёна былі пышныя вусы і воінскі выгляд. Следам за ім выскачыў швейцар.
    — Вам яшчэ тэлеграма, сэр.
    — Дзякуй.
    Я распячатаў тэлеграму. Яе пераслалі з Памплоны:
    «...КАЛІ МОЖАШ ПРЫЯЗДЖАЙ МАДРЫД АТЭЛЬ МАНТАНА ПАТРЭБНА ТВАЯ ДАПАМОГА БРЭТ»
    Швейцар не адыходзіў. Відаць, чакаў, каб далі яшчэ на чай.
    — Калі адпраўляецца цягнік на Мадрыд?
    — Адправіўся ў дзевяць раніцы. Есць паштовы ў адзінаццаць, а потым Паўднёвы экспрэс а дзесятай увечары.
    — Вазьміце мне білет з плацкартай на экспрэс. Вам грошы цяпер ці потым?
    — Воля ваша. Mary ўключыць у рахунак.
    — Уключыце.
    Вось табе і Сан-Себасцьян. Ляціць мой адпачынак к чорту. Між іншым, я прадчуваў нешта такое, непрыемнасць нейкую. Швейцар яшчэ стаяў у дзвярах.
    — Калі ласка, прынясіце тэлеграфны бланк.
    Ён прынёс бланк, я дастаў з кішэні аўтаручку і акуратненька напісаў:
    «...ЛЭДЗІ ЭШЛІ АТЭЛЬ МАНТАНА МАДРЫД ПРЫЕДУ ЗАЎТРА ЭКСПРЭСАМ ЦАЛУЮ ДЖЭК»
    Вось яно як складваецца. 3 рук у рукі. Пусці жанчыну з адным мужчынам, пасля прывядзі другога, каб яна з ім збегла. А цяпер вяртайся і прывозь яе назад, напісаўшы ў тэлеграме «цалую». Іменна так. А што мне? Хіба што пайсці ў атэль і сытна паснедаць.
    Уночы ў Паўднёвым экспрэсе я амаль не спаў. Раніцай перакусіў у вагоне-рэстаране і пачаў глядзець у акно. Відаць былі камяністыя ўзвышшы і сосны паміж Авілай і Эскурыялам. Паказаўся Эскурыял — каралеўскі палац, шэры, доўгі, астылы за вякі, і нічога ў ім не было прывабнага. Нарэшце, па той бок высушанай голай раўніны, на вяршыні невысокай гары выступілі ў сонечным бляску белыя муры Мадрыда.
    Паўночны вакзал у Мадрыдзе — канец чыгуначнай лініі. Усе цягнікі спыняюцца тут. Далей ім дарогі няма. Перад вакзалам чакаюць рамізнікі і таксі і мітусяцца агенты
    гасцініц. Зусім як у правінцыяльным горадзе. Я ўзяў таксі, і мы паехалі ўгору, спачатку праз парк, потым міма нежылога палаца і недабудаванага касцёла пад абрывам, усё вышэй і вышэй, пакуль не дабраліся да новай, сонечнай часткі горада. Па роўнай, гладкай вуліцы маіпына выехала на Пуэрта-дэль-Соль, перасекла гандлёвы цэнтр і выбралася на КарэраСан-Хераніма. На ўсіх магазінах былі апушчаны палатняныя стрэшкі, каб не так пякло, a на сонечным баку вуліцы ўсе аканіцы зачынены. Машына спынілася каля высокага дома. На сцяне другога паверха я прачытаў: «Атэль Мантана». Шафёр занёс мае рэчы і паставіў іх недалёка ад ліфта. Ліфт не працаваў, і я пайшоў пеша. На другім паверсе на дзвярах была бронзавая дошка з надпісам «Атэль Мантана». Я пазваніў. Ніхто не выйшаў. Я яшчэ раз пазваніў, і дзверы адчыніла нахмураная служанка.
    — Лэдзі Эшлі тут жыве? — запытаў я. Яна тупа зірнула на мяне.
    — Пытаю, англійская лэдзі тут жыве?
    Яна павярнулася і некага паклікала. Да дзвярэй падышла вельмі тоўстая жанчына. Яе сівыя, напамаджаныя валасы зубцамі звісалі на лоб. Росту яна была нізкага, выгляд начальніцкі.
    — Добры дзень,— сказаў я.— У вас тут жыве адна англічанка. Я жадаў бы пабачыцца з ёю.
    — Добры дзень. Так, у нас жыве адна англічанка. Вядома, вы зможаце пабачыцца з ёю, калі яна захоча вас прыняць.
    — Яна захоча мяне прыняць.
    — Я пашлю ў яе запытацца.
    — Горача вельмі.
    — Улетку ў Мадрыдзе заўсёды горача.
    — Затое ўзімку тут холадна.
    — Так, узімку бывае холадна. Вы маеце намер асабіста спыніцца ў атэлі Мантана?
    — Гэтага я пакуль што не вырашыў, але папрасіў бы мае рэчы перанесці знізу наверх, каб яны не прапалі.
    — У атэлі Мантана ніколі нічога не прападае. У іншых гасцініцах — так. У нас — ніколі. Ніколі. У нашым атэлі слугі строга правераныя.
    — Прыемна чуць, але ўсё ж, калі ласка, загадайце, каб мае рэчы перанеслі наверх.
    Вярнулася служанка і сказала, што англійская жанчына хоча бачыць англійскага мужчыну зараз жа і неадкладна.
    — Ну вось. Бачыце. Я вам так і гаварыў.
    — Праўда.
    Я ішоў услед за служанкай доўгім, цёмным калідорам. У самым канцьі калідора яна пастукала.
    — Хто там? Гэта ты, Джэк?
    — Я.
    — Заходзь, заходзь.
    Я адчыніў дзверы. Служанка адразу ж зачыніла іх за мной. Брэт ляжала ў пасцелі. Яна толькі што прывяла ў парадак валасы і яшчэ трымала ў руцэ шчотку. У пакоі было бязладдзе, тыповае для жанчын, якія прывыклі карыстацца чужымі паслугамі.
    — Любы! — абазвалася Брэт.
    Я падышоў да ложка і абняў яе. Яна пацалавала мяне, але я адчуў, што, цалуючы, яна думае аб нечым іншым, Яна дрыжала, прытуліўшыся да мяне, худая, маленькая.
    — Любы! Гэта быў жах.
    — Раскажы мне ўсё.
    — Няма чаго расказваць. Ён толькі ўчора паехаў. Я адправіла яго.
    — А чаму ты не пакінула яго пры сабе?
    — He ведаю. Ёсць такое, чаго нельга рабіць. Але, здаецца, шкоды я яму не зрабіла.
    — Наадварот, ты была з ім занадта добрая. Ён табе падабаўся.
    — Яму ні з кім нельга звязвацца. Я гэта зразумела адразу.
    — Вось як?
    — Ах, прабач! — схамянулася Брэт.— He будзем пра гэта гаварыць. Давай не будзем.
    — Давай.
    — Ведаеш, ён мяне саромеўся спачатку. I мне было крыўдна.
    — Ды што ты?
    — Так, так. Мабыць, яму папала за мяне ў кафэ. Ён хацеў, каб я адпусціла валасы. Уяўляеш мяне з доўгімі валасамі? На каго б я была тады падобна? На ведзьму?
    — Дзівак.
    — Ён сказаў, што ў мяне тады будзе больш жаночага абаяння. Які жах! Я б стала пачварай.
    — Ну і што далей?
    — Нічога. Прывык. I сораму ніякага.
    — А чаму раптам спатрэбілася мая дапамога?
    — Я не ведала, ці ўдасца мне яго адправіць, і ў мяне не было ні сентыма, каб выехаць самой. Ведаеш, ён хацеў мне даць грошай. Я сказала, што ў мяне грошай куры не клююць. Ён знаў, што гэта хлусня. Але ж не магла я браць у яго грошы.
    — Вядома.
    — Ах, не будзем гаварыць пра гэта. Было
    між намі і пацешнае. Падай мне, калі ласка, папяросу.
    Я даў ёй закурыць.
    — Англійскую мову ён вывучыў у Гібралтары, калі быў афіцыянтам. Так?
    — Так.
    — Ну дык вось. Скончылася тым, што ён захацеў са мной ажаніцца.
    — Сур’ёзна?
    — Ну так. Прапанаваў руку і сэрца. А я нават за Майкла не магу выйсці замуж.
    — Можа, ён разлічваў стаць лордам Эшлі?