• Газеты, часопісы і г.д.
  • I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

    I ўзыходзіць сонца

    (Фэст)
    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1976
    55.26 МБ
    — Здароў, Роберт! — прывітаўся я.— Прыйшлі мяне чым-небудзь парадаваць?
    — Хочаце паехаць у Паўднёвую Амерыку, Джэк? — запытаў ён.
    — He.
    — Чаму?
    — He ведаю. Ніколі не адчуваў патрэбы. Выдаткі вялікія. Паўднёваамерыканцаў і тут у Парыжы хоць адбаўляй.
    — Гэта не сапраўдныя паўднёваамерыканцы.
    — А па-мойму, самыя сапраўдныя.
    Мне трэба было тэрмінова здаць карэспандэнцыю за ўвесь тыдзень на цягнік, узгоднены з параходам, а напісаў я толькі палову.
    — Можа, ёсць якія плёткі ў запасе? — запытаў я.
    — Няма.
    — Ніхто з вашых высокапастаўленых сяброў не разводзіцца?
    — Ніхто. Слухайце, Джэк. Калі я ўсе выдаткі вазьму на сябе, вы згодны паехаць са мной у Паўднёвую Амерыку?
    — На якое ліха я вам здаўся?
    — Вы размаўляеце па-іспанску. I наогул удвух весялей.
    — He,— сказаў я,— мне Парыж падабаецца, а летам я паеду ў Іспанію.
    — Усё жыццё я марыў аб такім падарожжы,— прамовіў Кон і сеў. — Пакуль збяруся, і старасць прыйдзе.
    — He кажыце глупства. Вы можаце ехаць абы-куды. У вас куча грошай.
    — Ведаю. Але ніяк не магу сабрацца.
    — Вось яшчэ, затужылі!.. Усе краіны падобны на відавы фільм.— Мне было шкада яго. Адчуваў ён сябе пагана.
    — Я не магу прымірыцца з думкай, што жыццё бяжыць так хутка, а мне і пажыць не давялося.
    — На поўны размах ніхто не жыве, за выключэннем тарэадораў.
    — Мяне не цікавяць тарэадоры — у іх ненармальнае жыццё. Я хачу паехаць у глыбіню Паўднёвай Амерыкі.
    — А можа, лепей у Брытанскую Усходнюю Афрыку на паляванне,— параіў я.
    — He, туды мне не хочацца.
    — У Афрыку і я б з вамі паехаў.
    — He, у Афрыцы нецікава.
    — Гэта таму, што вы нічога не чыталі пра Афрыку. Дастаньце кнігу пра любоўныя прыгоды ў краіне чарнаскурых красунь.
    — Мяне вабіць Паўднёвая Амерыка.
    Была ў яго характары гэта нязломная яўрэйская ўпартасць.
    — Давайце лепш спусцімся ўніз і вып’ем,— прапанаваў я.
    — А вы не на рабоце?
    — He.
    Мы спусціліся на першы паверх і зайшлі ў кафэ. Я даўно выявіў, што гэта найлепшы спосаб адвязацца ад сяброў. Выпіўшы чарку, даволі сказаць: «Ну, мне трэба вярнуцца і адправіць тэлеграмы»,— і ўсё. У газетнай справе, этыка якой патрабуе, каб цябе ніхто не бачыў за работай, вельмі важна ўмець далікатна і спрытна знікнуць. Дык вось, спусціўшыся ў бар, мы выпілі віскі з содавай. Кон паглядзеў на скрыні з бутэлькамі ўздоўж сцяны і сказаў:
    — Прывабная мясціна.
    — Ёсць чаго выпіць,— згадзіўся я.
    — Слухайце, Джэк,— ён нахіліўся над стойкай.— У вас не бывае такога адчування, што жыццё ваша цячэ, як вада, і вы ім не карыстаецеся? Няўжо вы ніколі не думаеце, што пражылі амаль палову свайго тэрміну?
    — Часамі думаю.
    — А вы ведаеце, што праз якіх трыццаць пяць год нас ужо не будзе?
    — Ну яго к чорту, Роберт! Кіньце.
    — Я сур’ёзна.
    — Гэта мяне ані не трывожыць,— сказаў я.
    — Дарэмна.
    — Хапае ў мяне і без таго клопату, і раней і цяпер. Па горла клопату!
    — А мне ўсё ж хочацца ў Паўднёвую Амерыку.
    — Слухайце, Роберт, туды вы паедзеце ці ў другую краіну — ніякай розніцы. Я гэта праверыў не раз. Куды ні хавайся, ад самога сябе не ўцячэш. Марныя патугі.
    — Але ж вы ніколі не былі ў Паўднёвай Амерыцы.
    — К чорту Паўднёвую Амерыку! 3 вашым цяперашнім настроем ехаць туды — перамены не будзе. Парыж — нядрэнны горад. Хіба нельга жыць добра ў Парыжы?
    — Мне надакучыў Парыж. Агідна заходзіць у Лацінскі квартал.
    — А вы туды не заходзьце. Гуляйце самастойна і пабачыце, што з вамі абавязкова нешта здарыцца.
    — Нічога са мной не здарыцца. Аднойчы я ўсю ноч гэтак вандраваў, пакуль мяне не спыніў паліцэйскі, пад’ехаўшы на веласіпедзе: «Прад’явіце дакументы, месье».
    — А начная парыжская прыгажосць?
    — Абрыдла. Я не люблю Парыжа.
    Размова зайшла ў тупік. Я спачуваў Кону, але нічым не мог яму памагчы, бо натыкаўся адразу на дзве перашкоды: ратунак — у Паўднёвай Амерыцы, і ён не любіць Парыжа. Пер-
    шае — ён вычытаў у кнізе, другое, мне здаецца, таксама.
    — Ну,— сказаў я,— мне трэба вярнуцца і адправіць некалькі тэлеграм.
    — А што, гэта абавязкова?
    — А то як жа! Тэлеграмы...
    — Нічога, калі я падымуся разам з вамі і пасяджу ў рэдакцыі?
    -— Калі ласка.
    Ён сядзеў у пярэднім пакоі, чытаў газеты і часопіс «Рэдактар і выдавец», а я гадзіны дзве заўзята выстукваў на машынцы. Потым расклаў копіі па экземплярах, зрабіў належныя адзнакі, засунуў матэрыялы ў вялікія канверты і выклікаў кур’ера занесці іх на вакзал Сэн-Лазар. Зайшоўшы ў пярэднюю, убачыў я Роберта Кона ў глыбокім крэсле — ён спаў. Заснуў, паклаўшы галаву на рукі. Мне не хацелася яго будзіць, але трэба было замкнуць рэдакцыю і выйсці самому. Я крануў яго за плячо. Ён пакруціў галавой.
    — He магу я гэтага зрабіць,— прабурчаў ён і яшчэ глыбей уткнуўся галавою ў рукі. — He магу. Hi за што не зраблю.
    — Роберт, — аклікнуў я, паварушыўшы яго мацней. Ён падняў галаву, усміхнуўся і заморгаў вачамі.
    — Я гаварыў што-небудзь зараз?
    — Гаварылі. Але я не дачуў.
    — Божа, які паскудны сон!
    — Відаць, на вас мая машынка дрымоту нагнала.
    — Магчыма. У гэтую ноч я зусім не спаў.
    — Чаму?
    — Размова была,— уздыхнуў ён.
    Я адразу здагадаўся, што за размова. Ёсць у мяне паганая прывычка — уяўляць сваіх
    сяброў у дамашніх умовах, лезці, прабачце, у іх спальню. Мы пайшлі ў кафэ «Напалітэн» піць аперытыў і любавацца вячэрнім гуляннем на Бульварах.
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
    Быў цёплы веснавы вечар, і, пасля таго як Роберт выйшаў, я застаўся адзін на тэрасе кафэ «Напалітэн», сядзеў за столікам і назіраў, як гусцее змрок, як успыхваюць светлавыя рэкламы і запальваюцца чырвоныя і зялёныя агні светафораў. Суцэльным патокам плылі таксі, а з краю з гулкім цокатам імчаліся фіякры. Натоўп людзей рухаўся безупынна, і ў натоўпе шпацыравалі паасобку і парамі «вольныя дзяўчаткі» ў надзеі з кім-небудзь павячэраць. Я звярнуў увагу на вельмі сімпатычную жанчыну. Яна прайшла паўз мой столік, выйшла на вуліцу і знікла між людзей. Я пачаў разглядаць другую і ўбачыў, што першая вяртаецца. Яна прайшла паўз мяне яшчэ раз, і я ўлавіў яе позірк. Яна падышла і села за мой столік. З’явіўся афіцыянт.
    — Што будзеш піць? — запытаў я.
    — Перно.
    — Дзяўчынкам шкодна піць перно.
    — Сам ты дзяўчынка. Гарсон, чарку перно! — I мне таксама.
    — Дык што? — запытала яна. — Хочаш разам прабавіць час?
    — Хачу. А ты?
    — Сама не ведаю. У гэтым горадзе не разбярэшся.
    — Ты не любіш Парыжа?
    — He.
    — А чаму не выязджаеш адгэтуль?
    — Няма куды.
    — Хочаш злавіць шчасце?
    — Чорта два зловіш.
    Перно — зеленаваты сурагат абсенту. Калі дабавіць вады, ён набывае малочны колер. Смакам нагадвае лакрыцу, спачатку падбадзёрвае, а потым робішся вялым. Мы пілі з ёю перно, і выгляд у яе быў сярдзіты.
    — Ну, можа, ты пачастуеш мяне вячэрай? — жартаўліва запытаў я.
    Яна ўхмыльнулася, і я зразумеў, чаму яна ўпарта не хоча смяяцца. 3 закрытым ротам яна была вельмі мілая дзяўчына. Я заплаціў за напітак, і мы выйшлі на вуліцу. Я паклікаў фіякр, і экіпаж падкаціў к тратуару. Утульна размясціўшыся ў лёгкім, мяккага ходу фіякры, мы паехалі па шырокай, амаль бязлюднай авеню Оперьі міма замкнёных дзвярэй магазінаў з ярка асветленымі вітрынамі і ўсякіх іншых агнёў. Экіпаж мінуў рэдакцыю «НьюЙорк геральд», на акне якой стаяла безліч гадзіннікаў.
    — Навошта столькі гадзіннікаў? — запытала яна.
    — Яны паказваюць гадзіны па ўсёй Амерыцы.
    — He дражні мяне.
    Мы павярнулі на вуліцу Пірамід, праехалі па цеснай Ру-дэ-Рывалі і праз цёмную браму ўехалі ў Цюільры. Яна прытулілася да мяне, і я абняў яе. Яна зірнула на мяне, чакаючы пацалунка, потым тузанула мяне, і я адхіліў яе руку.
    — He трэба.
    — Што з табой? Ты хворы?
    — Хворы.
    — Усе тут хворыя. Я таксама хворая.
    Мы выехалі з Цюільры, са змроку на святло, перасеклі Сену і павярнулі на вуліцу Святых Айцоў.
    — Кажаш — хворы, а піў перно.
    — I ты таксама.
    — Для мяне гэта не мае значэння. Для жанчыны гэта не мае значэння.
    — Як цябе завуць?
    — Жаржэт. А цябе?
    — Джэкаб.
    — Фламандскае імя.
    — I амерыканскае.
    — Спадзяюся, ты не фламандзец?
    — He, амерыканец.
    — Гэта лепш, цярпець не магу фламандцаў.
    Тым часам мы пад’ехалі к рэстарану. Я загадаў фурману спыніцца. Мы выйшлі, і Жаржэт мясціна не спадабалася.
    — Куток не надта шыкарны...
    — Дзе ўжо тут,— заўважыў я. — Калі табе больш даспадобы рэстаран Фуаё, сядай у фіякр і каціся.
    Я ўзяў яе з сабой, кіруючыся няяснай сентыментальнай думкай, што было б нядрэнна пабыць удваіх. Даўно-даўно я не вячэраў з «вольнай дзяўчынай» і зусім забыўся, да чаго гэта нудна. Мы зайшлі ў рэстаран і паўз канторку, дзе сядзела мадам Лавінь, накіраваліся ў дальні пакой. Перакусіўшы, Жаржэт крыху павесялела.
    — А яно тут нішто,— прамовіла яна,— шыку, праўда, няма, але кормяць добра.
    — Лепш, чым цябе кармілі ў Льежы.
    — У Бруселі, ты хочаш сказаць.
    Мы выпілі другую бутэльку віна, і Жаржэт
    пачала жартаваць. Яна ўсміхнулася, вышчарыўшы свае папсаваныя зубы, і мы чокнуліся.
    — А ты не брыдкі хлопец. Вось толькі свінства, што хворы. Мы б з табой паладзілі. Што ў цябе такое?
    — На вайне паранілі.
    — Праклятая вайна.
    Мы б, напэўна, разгарнулі дыскусію пра вайну і зрабілі б вывад, што вайна губіць цывілізацыю і што без вайны лепш. Мне гэта — нож у сэрца. Але тут якраз нехта паклікаў мяне з суседняга пакоя:
    — Барнс! Гэй, Барнс! Джэкаб Барнс!
    — Гэта адзін мой прыяцель,— растлумачыў я і выйшаў.
    За вялізным сталом сядзеў Брэдакс з кампаніяй: Кон, Фрэнсіс Клайн, місіс Брэдакс і яшчэ нейкія не знаёмыя мне людзі.
    — Паедзеш на танцы, а? — запытаў Брэдакс.
    — Што за танцы? Куды?
    — У танцзал, a то куды ж. Хіба вы не ведаеце, што мы аднавілі танцы? — умяшалася місіс Брэдакс.
    — Паедзем з намі, Джэк. Мы ўсе туды,— падала голас Фрэнсіс з другога канца стала — жанчына рослая са стандартнай усмешкай.
    — А як жа, абавязкова паедзе,— запэўніў Брэдакс. •— Бліжэй, бліжэй, Барнс, будзеце піць з намі кофе.
    — Добра.
    — I прывядзіце сваю сяброўку,— смеючыся, дадала місіс Брэдакс. Яна была канадка — жанчына непасрэдная, як і большасць канадак.
    — Дзякую, зараз прыйдзем,— сказаў я і вярнуўся ў маленькі пакой.
    — Хто твае сябры? — пацікавілася Жаржэт.
    — Пісьменнікі і мастакі.
    — У гэтым раёне іх як мурашак.
    — Многа.
    — Надта многа. I ўсё ж некаторыя добра зарабляюць.
    — А як жа.
    Мы скончылі вячэраць і дапілі віно.
    — Хадзем туды,— запрасіў я. — Будзем з імі кофе піць. Жаржэт выняла з сумачкі люстэрка, папудрыла трошкі твар, падсвяжыла губы памадай і паправіла капялюш.