I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

I ўзыходзіць сонца

(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
55.26 МБ
— Чаму не знойдзеце? Знойдзеце.
— He. Наўрад. I потым я люблю яго. I мне хочацца мець дзяцей. Я заўсёды разлічвала, што ў нас будуць дзеці.— Яна глянула на мяне бліскучымі вачамі.— He то што мне дзеці вельмі падабаюцца, але як гэта так, каб не было дзяцей. Я разлічвала, калі будуць свае дзеці, то я іх палюблю.
— У яго ёсць дзеці.
— Ну так, ёсць. У яго ёсць дзеці, і ёсць грошы, і маці ў яго багатая, і кнігу ён напісаў. А тое, што я пішу, ніхто не хоча друкаваць, ні адзін выдавец. А хіба я пішу дрэнна? Добра пішу. I грошай у мяне няма. Я магла б мець аліменты, але трэба было як найхутчэй атрымаць развод.— Яна зноў глянула на мяне бліскучымі вачамі.— Гэта несправядліва. Есць тут і мая віна, але не, ніякай віны. Хіба што трэба было быць разумнейшай. А калі я кажу яму, ён плача і гаворыць, што не можа ажаніцца. Чаму не можа? Я была б добрай жонкай. Са мною лёгка жыць. Я яму не перашкаджаю. Але ён не лічыцца.
— Сумная гісторыя.
— Вельмі сумная. Але які толк гаварыць пра гэта? Пойдзем назад у «Селект».
— Нічым не магу вам памагчы, хоць бы і хацеў.
— Вядома. Вы толькі не кажыце пра нашу размову. Я ведаю, чаго ён хоча. — I ўпершыню яна змякчыла свой позірк, збілася са сваёй штучнай бадзёрасці. — Ён хоча вярнуцца ў Нью-Йорк адзін і красавацца, калі выйдзе яго кніга, у арэоле славы і ў абдымках чарады дзяўчат. Вось што яго спакуіпае.
— А можа, наадварот, ніякага поспеху. I, па-мойму, ён зусім не такі. Шчыра кажу.
— Вы ж яго так не ведаеце, Джэк, як я. Іменна гэтага ён хоча. Я ведаю, я знаю. Таму і жаніцца не хоча. Збіраецца адзін ехаць увосень пажынаць лаўры.
— Вернемся ў «Селект»?
— Давайце.
Мы падняліся — так нам нічога і не паспелі падаць — і накіраваліся цераз вуліцу ў
кафэ «Селект», дзе Кон сядзеў за мармуровым столікам і пасміхаўся, чакаючы нас.
— Што гэта цябе смех разбірае? Шчаслівы занадта? — запытала Фрэнсіс.
— Мне смешна, што ў вас з Джэкам знайшліся сакрэты.
— О, тое, што я сказала Джэку, зусім не сакрэт. Хутка ўсе даведаюцца. Я толькі хацела расказаць Джэку ў болын прыстойнай форме.
— Аб чым гэта? Ці не аб тым, што ты едзеш у Англію?
— Іменна. Аб тым, што я еду ў Англію. Ах, Джэк! Забыла вам сказаць. Я еду ў Англію.
— Ды гэта ж цудоўна!
— Так, у лепшых сем’ях заўсёды гэтак робяць. Роберт адпраўляе мяне ў Англію. Дае мне дзвесце фунтаў стэрлінгаў, і я паеду праведаць сяброў. Прыемны сюрпрыз! Ці ж не праўда? Сябры мае нічога не ведаюць пра гэта.
Яна павярнулася з усмешкай да Кона. Той ужо не смяяўся.
— Ты хацеў даць мне сто фунтаў, праўда, Роберт? Але я прымусіла яго даць дзвесце. Ён у мяне вельмі шчодры. Праўда, Роберт?
Я не разумею, як можна было гаварыць Роберту Кону такія жахлівыя рэчы. Ёсць людзі, якія не церпяць абразы. Паспрабуй сказаць ім такое, і адчуеш, што свет гатоў перавярнуцца, разваліцца на вачах. Але Кон слухаў спакойна. Усё гэта адбывалася ў маёй прысутнасці, але ў мяне і думкі не было ўмяшацца і спыніць. I гэта што? Дробязь у параўнанні з далейшым.
— I як ты можаш так, Фрэнсіс? — перабіў нарэшце Кон.
— Ён яшчэ пытае! Я еду ў Англію. Еду праведаць сяброў. Да сяброў, якім я абсалютна не патрэбна. Яны мяне прымуць. Як не прыняць? Прымуць. «Ну, што ў вас, даражэнькая? Як маецеся? Ах, мы так даўно вас не бачылі! Як ваша міленькая мама?» Сапраўды, як мая міленькая мама? Яна ўклала ўвесь свой капітал у аблігацыі французскай ваеннай пазыкі. Здагадалася! Мабыць, на свеце адна яна такая разумніца і знайшлася. «А што з Робертам?» I пачнуць далікатненька круціцца вакол Роберта. «Ах, будзьце асцярожны, дарагі мой альбо дарагая, не ўспамінайце аб ім. Бедненькай Фрэнсіс так не пашанцавала!» Як, Роберт, вясёлая сустрэча? Як па-вашаму, Джэк, весела будзе мне?
Яна павярнулася да мяне, і на твары яе з’явілася ранейшая нахабна бліскучая ўсмешка. Ей падабалася здзекавацца пры сведках.
— А ты што мяркуеш рабіць, Роберт? Вінавата, кругом вінавата. Мая віна. Калі я прымусіла цябе развязацца з той дзяўчынкайсакратаркай, што аціралася каля твайго часопіса, то павінна была ведаць, што ты гэтак жа развяжашся са мной. Джэк не чуў пра гэты факт. Расказаць яму?
— Змоўкні, Фрэнсіс, прашу цябе.
— Ну, то я раскажу. Роберт трымаў сакратарку ў рэдакцыі. Дзяўчынка зграбненькая, глядзі і любуйся. Ён знаходзіў, што яна ўвасабленне хараства. Потым з’явілася я, і ён знайшоў, што я таксама ўвасабленне хараства. Дык вось, я настаяла, каб ён вытурыў яе, а ў свой час, калі рэдакцыя перабралася, ён прывёз яе з Кармеля ў Провінстаўн, дык ён, ведаеце, нават дарогі не аплаціў, паехала назад за
свой кошт. I ўсё гэта, каб дагадзіць мне. Яму я тады вельмі падабалася. Праўда, Роберт?
Вы не падумайце чаго, Джэк. Любоў да сакратаркі была чыста платанічная. Нават і не платанічная. А так, ніякай любві. Проста прыгожая дзяўчынка. I справадзіў ён яе, каб зрабіць мне прыемнасць. А мая думка такая, хто падняў меч, ад мяча і загіне. Трапна сказана, праўда? He забывай гэтага, Роберт, калі будзеш складаць сваю чарговую кнігу.
Ведаеце, Джэк, ён збірае матэрыял для сваёй новай кнігі. Што, можа, не так? Гэта і ёсць прычына, чаму ён мяне кідае. Вырашыў, што я не кіназорка. Бачыце, ён быў так заняты, калі пісаў сваю кнігу, што ўсе ўражанні ад нашага сумеснага жыцця з яго выветрыліся. Цяпер рыхтуецца ў дарогу па новую здабычу. Спадзяюся, што зловіць нешта надзвычай цікавае.
Слухай, Роберт, дарагі мой. Вось што я табе скажу. Толькі не злуйся. He рабі сцэн сваім дамам сэрца. Пастарайся. Ты ж не ўмееш разыграць сцэну, каб не крычаць і не плакаць. А калі ты плачаш, табе так шкада самога сябе, што забываеш пра ўсіх іншых. А пісьменнік павінен помніць, што гавораць другія. Стрымлівай нервы. Гэта цяжка, я ведаю, затое на карысць літаратуры. Мы ўсе павінны чымнебудзь ахвяраваць у імя літаратуры. Напрыклад, я. Еду ў Англію, і хоць бы слова ў дакор. А чаму? Літаратура! Трэба памагаць маладым пісьменнікам. Як па-вашаму, Джэк? Ах, праўда, вы ўжо не малады пісьменнік. А ты, Роберт? Табе трыццаць чатыры гады. Ну і што? Па-мойму, для вялікіх пісьменнікаў гэта яшчэ юнацтва. Вазьміце Хардзі. Вазьміце Анатоля Франса. Якраз ён нядаўна памёр. Праўда, Ро-
берт не лічыць яго добрым пісьменнікам. Гэта ён пачуў ад сваіх сяброў-французаў, бо сам па-французску чытае слаба. Ну, вядома, ён не быў такі таленавіты, як ты, праўда, Роберт? Як ты думаеш, даводзілася яму вандраваць у пошуках матэрыялу? Што, па-твойму, ён гаварыў сваім палюбоўніцам, калі ўхіляўся ад жаніцьбы? Што, таксама крычаў і плакаў? Ага, вось што мне прыйшло ў галаву! — Яна прыклала да губ руку ў пальчатцы. — Я знайшла, Джэк, сапраўдную прычыну, чаму Роберт не хоча ажаніцца са мной. Раптоўнае адкрыццё. Тут у кафэ «Селект» на мяне сышло натхненне. Вось яшчэ містыка, скажаце! Калі-небудзь прыб’юць тут памятную дошчачку. Як у Лурдзе. 3 твайго дазволу, Роберт. Я раскажу. Усё вельмі проста. Дзіўлюся, як я раней не здагадалася. Бачыце, Роберту заўсёды хацелася мець палюбоўніц, і раз ён не ажаніўся, значыць, у яго была палюбоўніца. Гаварылі б: «О, яна была яго каханкай болей двух гадоў». Вось яно што. А каб ён ажаніўся са мной, як увесь час абяцаў, тады ўсё скончана, ніякай рамантыкі. Лагічна, абгрунтавана, як думаеце? I чыстая праўда. Зірніце на яго і пераканайцеся самі. Куды вы, Джэк?
— Мне трэба пайсці ў буфет пабачыць Харві Стоўна.
Кон паглядзеў на мяне, калі я выходзіў. Ён быў вельмі бледны. Чаго ён тут сядзіць? Чаму ён сядзіць і слухае ўсё гэта?
Я стаяў, прыхінуўшыся да стойкі, і мог назіраць за імі праз акно. Фрэнсіс усё яшчэ гаварыла пасміхаючыся і кідала на яго пільны позірк, калі пытала: «Ці ж не так, Роберт?» А можа, цяпер і не пытала. Можа, гаварыла што іншае. Я сказаў буфетчыку, што мне нічо-
га не трэба, і выйшаў праз другія дзверы. На вуліцы азірнуўся і праз падвойныя шыбы акна зноў убачыў іх за столікам. Яна ўсё яшчэ нешта даказвала. Я прайшоў бакавой вуліцай да бульвара Распай, спыніў таксі, сеў і паехаў дадому.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
I толькі я пачаў падымацца па лесвіцы, кансьержка пастукала ў шкляныя дзверы сваёй будкі. Я спыніўся, і яна выйшла. Вынесла некалькі пісем і тэлеграму.
— Вось пошта. I яшчэ да вас прыходзіла дама.
— Яна пакінула сваю картачку?
— He. Яна была не адна, з ёю быў месье. Тая самая, што прыходзіла сёння ўночы. Вельмі, скажу вам, сімпатычная дама.
— Хто з ёю быў? Хто-небудзь з маіх знаёмых?
— He скажу, не ведаю. Раней ён сюды не прыходзіў. Тоўсты такі. Вельмі, вельмі паважны. А яна сімпатычная. Вельмі, вельмі сімпатычная. Тады, уночы, яна была трошкі таго...— Кансьержка падперла галаву рукою і пачала хістацца. — Даруйце за шчырасць, месье Барнс, уночы тады яна не выглядала такой імпазантнай. Тады я аб ёй іначай думала. Але паслухайце, што я цяпер скажу. Яна вельмі, вельмі сімпатычная. Мабыць, з вельмі прыстойнай сям’і. Гэта кідаецца ў вочы.
— I нічога не прасілі перадаць?
— Прасілі. Яны сказалі, што вернуцца праз гадзіну.
— Як прыедуць, папрасіце іх наверх.
— Слухаю, месье Барнс. А гэтая дама, скажу вам, не абы-хто. Крыху, можа, капрызная, але не якая-небудзь там...
Кансьержка, да таго як нанялася вартаўніцай, гандлявала напіткамі ў ларку на парыжскім іпадроме. Яе штодзённы занятак быў пры бегавой дарожцы, але гэта не перашкаджала ёй прыглядацца да публікі ў ложах, і яна з гонарам паведамляла мне, хто з маіх гасцей знатнага роду, хто добра выхаваны, хто спартсмен (гэта слова яна вымаўляла ў нос, расцягваючы канчатак, — «спортсмаан»). Яно б усё нічога, але нязручнасць у тым, што людзі, якія не належалі да вышэйпамянёных трох катэгорый, ніяк не маглі прабіцца да мяне. Адзін з маіх сяброў, худы як дошка, згаладалы мастак, які ў вачах мадам Дузінэль (так звалі кансьержку) быў нязнатнага роду, дрэнна выхаваны і зусім не спартсмен, напісаў мне пісьмо з просьбай дастаць яму пропуск на вячэрнія часы, каб яго не затрымлівалі ў дзвярах.
Я падняўся да сябе, стараючыся ўгадаць, чым магла Брэт прывабіць маю кансьержку. Тэлеграма была ад Біла Гортана — паведамлялася, што прыязджае параходам «Францыя». Лісты я паклаў на стол, пайшоў у ванную, раздзеўся і прыняў дупі. Выціраючыся, раптам пачуў званок. Я апрануў халат і ў туфлях пайшоў адчыняць дзверы. Гэта была Брэт. За ёю стаяў граф. У руках ён трымаў вялізны букет руж.