• Газеты, часопісы і г.д.
  • I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

    I ўзыходзіць сонца

    (Фэст)
    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1976
    — Хадзем,— кіўнула яна.
    Мы ўвайшлі ў перапоўнены публікай пакой. Брэдакс і ўсе мужчыны за яго сталом падняліся.
    — Дазвольце пазнаёміць вас з маёй нявестай. Мадмуазэль Жаржэт Леблан,— адрэкамендаваў я.
    Жаржэт чароўна ўсміхнулася, і мы паціснулі рукі ўсім па чарзе.
    — Скажыце, вы не радня спявачкі Жаржэт Леблан? — пацікавілася місіс Брэдакс.
    — He ведаю такой,— сказала Жаржэт.
    — Але ж у вас аднолькавае імя? — ветліва заўважыла місіс Брэдакс.
    — He, — запярэчыла Жаржэт. — Нічога падобнага. Маё прозвішча Хабэн.
    — Але ж містэр Барнс адрэкамендаваў вас як мадмуазэль Жаржэт Леблан. Ці ж не так? — не здавалася місіс Брэдакс. Захапіўшыся тым, што гаворыць па-французску, яна магла плесці абы-што, не разумеючы сэнсу.
    — Ён дурань,— адмахнулася Жаржэт.
    — О, дык гэта, значыць, жарт,— здагадалася місіс Брэдакс.
    — Іменна,— пацвердзіла Жаржэт. — Каб пасмяяцца.
    — Ты чуў, Гары? — крыкнула місіс Брэдакс свайму мужу цераз стол. — Містэр Барнс адрэкамендаваў сваю нявесту як мадмуазэль Леблан, а яе сапраўднае прозвішча Хабэн.
    — Вядома, дарагая! Мадмуазэль Хабэн,— я з ёю знаёмы даўно.
    — Скажыце, мадмуазэль Хабэн, — шпарка загаварыла па-французску Фрэнсіс Клайн, без фанабэрыі і смакавання кожнага слова, уласцівых місіс Брэдакс. — Вы даўно ў Парыжы? Вам падабаецца тут? Вы любіце Парыж?
    — Гэта хто такая? — запытала ў мяне Жаржэт. — Ці варта размову пачынаць?
    Яна павярнулася да Фрэнсіс, якая ўсміхалася, высока падняўшы галаву на тонкай шыі і выпнуўшы губы, гатовая сыпануць словамі.
    — He, я не люблю Парыжа. Дорага ўсё і брудна.
    — Што вы? Па-мойму, у Парыжы вельмі чыста. Гэта адзін з самых чыстых гарадоў Еўропы.
    — А па-мойму, брудна.
    — Дзіўна! Мабыць, вы тут нядаўна!
    — Якое нядаўна! Нажылася.
    — Але ж тут цудоўны народ. 3 гэтым нельга спрачацца.
    Жаржэт павярнулася да мяне:
    — He сябры ў цябе, а золата.
    Фрэнсіс была трошкі п’яная, і ёй хацелася гаварыць, але тут падалі кофе і мадам Лавінь прынесла лікёры. Пасля чаго мы ўсёй кампаніяй накіраваліся ў танцзал, які так расхвальвалі Брэдаксы.
    Гэта быў «Баль-Мюзэт» — клуб на вуліцы Дэ-ла-Мантань-Сэнт-Жэнев’еў недалёка ад Пан-
    тэона. Пяць вечароў у тыдзень тут праводзілі час мясцовыя рабочыя, а на адзін вечар памяшканне аддавалі пад танцы. У панядзелак клуб не працаваў. Калі мы ўвайшлі, у клубе было зусім пуста, толькі каля дзвярэй сядзеў паліцэйскі, ды яшчэ гаспадыня за стойкай, абабітай цынкам, і гаспадар. Пачуўшы гасцей, адразу спусцілася зверху гаспадарова дачка. У пакоі стаялі доўгія лавы і сталы, а ў дальнім канцы была пляцоўка для танцаў.
    — Дрэнна, што так позна збіраюцца,— выказаў думку Брэдакс.
    Гаспадарова дачка падышла да нас і спыталася, што будзем піць. Гаспадар узлез на высокі табурэт каля пляцоўкі і зайграў на акардэоне. Да нагі ў яго быў прывязаны шнурок са званочкамі, і ён, іграючы, адбіваў такт. Усе кінуліся танцаваць. Было горача, і мы вярнуліся назад потныя.
    — Чорт ведае што! — абурылася Жаржэт. — Я ўся мокрая.
    — Спякота!
    — Проста жах!
    — Здымі капялюш.
    — Парада слушная.
    Жаржэт запрасілі на танец, а я падышоў да стойкі. Было сапраўды вельмі горача, і акардэон прыемна гучаў у душным вячэрнім паветры. Я піў піва, стоячы каля самых дзвярэй, і на мяне павявала халадком. Па крутой вуліцы спускаліся два таксі. Абедзве машыны спыніліся перад клубам. Адтуль вылезла кампанія маладых людзей — хто ў джэмперы, a хто ў сарочцы без пінжака. У святле ад дзвярэй былі відаць іх рукі і свежавымытыя завітыя валасы. Паліцэйскі, які тут дзяжурыў, зірнуў на мяне і ўсміхнуўся. Яны ўвайшлі з
    шумам, рухавыя, гаварлівыя, і ў яркім святле яшчэ выразней выдзяляліся іх белыя рукі, белыя твары і завітыя валасы. Разам з імі ўвайшла Брэт. Яна была вельмі прыгожая і ў гэтай кампаніі трымалася як свая.
    Адзін з іх, убачыўшы Жаржэт, сказаў:
    — Вось гэта дзеўка! Натуральная ягадка! Чуеш, Лет,— хачу з ёю танцаваць. Палюбуйся мною.
    Лет, высокі чарнявы хлопец, прабаваў яго спыніць:
    — Адумайся.
    Бландзін з завітымі валасамі адказаў:
    — He твой клопат, мілёнак.— I з такімі людзьмі была Брэт.
    Мяне ахапіла злосць. Чамусьці яны заўсёды мяне ўводзілі ў злосць. Я ведаў, што іх лічаць жартаўнікамі і з імі трэба быць памяркоўным. Але мне хацелася заляпіць каму-небудзь з іх аплявуху, усё роўна каму, абы збіць з гэтых крыўляк зазнайства і нахабства. А скончылася тым, што я перайшоў цераз вуліцу і выпіў бакал піва ў суседнім рэстаранчыку. Піва было дрэннае, цёплае, і я прапаласкаў рот каньяком, яшчэ больш нясмачным. У клубе, калі я вярнуўся, пляцоўка была густа занята парамі і Жаржэт танцавала з тым самым высокім бландзінам. Схіліўшы галаву набок, ён віхляў сцёгнамі і, танцуючы, страшэнна вылупляў вочы. Танец скончыўся, і яе адразу ж запрасілі ізноў. Яны прынялі яе ў сваю кампанію. Я ведаў, што яны будуць перадаваць яе з рук у рукі. У іх заўсёды так.
    Я сеў за стол, каля мяне сядзеў Роберт Кон. Фрэнсіс танцавала. Місіс Брэдакс кагосьці прывяла і падкінула нам, назваўшы Робертам Прэнцісам. Ён быў з Нью-Йорка, нарадзіў-
    ся ў Чыкага і падаваў надзеі як пісьменнік. Гаварыў з лёгкім англійскім акцэнтам. Я прапанаваў яму выпіць.
    — Шчыра дзякую,— сказаў ён,— я толькі што выпіў.
    — Выпіце яшчэ.
    — Шчыра дзякую, вып’ю ахвотна.
    Падскочыла гаспадарова дачка, і мы заказалі па шклянцы ♦моцнага» з вадой.
    — Я чуў, што вы з Канзас-Сіці? — запытаў ён.
    — Адтуль.
    — Як вам у Парыжы? Весела?
    — Весела.
    . — Праўда?
    Я быў выпіўшы. He п’яны, а крыху на ўзводзе.
    — Весела, і нават вельмі. А вам?
    — О, які вы цікавы, калі сярдзіты! — прамовіў ён.— Каб мне ды такую здольнасць!
    Я ўстаў і накіраваўся да танцораў. Місіс Брэдакс следам за мной.
    — Калі ласка, не крыўдуйце на містэра Прэнціса,— прасіла яна.— Ён яшчэ зусім дзіця.
    — Ніякай крыўды! — адказаў я.— Проста я думаў, што мяне вырве.
    — У вашай нявесты выключны поспех,— і місіс Брэдакс глянула на пляцоўку, дзе Жаржэт танцавала ў абдымках высокага чарнявага па імені Лет.
    — А што, хіба няпраўда? — агрызнуўся я.
    — Што вы! Што вы! — збянтэжылася місіс Брэдакс.
    Падышоў Кон:
    — Пайшлі, Джэк, вып’ем.
    Мы з Конам накіраваліся к буфету.
    — Што з вамі, Джэк? У вас такі выгляд! Непрыемнасць? — запытаў Кон.
    — Ды не. Нудна назіраць увесь гэты спектакль, і толькі.
    К буфету падышла Брэт:
    — Прывет, хлопчыкі!
    — Прывітанне, Брэт! — сказаў я.— Што ж гэта вы зусім цвярозая?
    — He маю звычаю напівацца. Дайце цвярозай жанчыне бакал брэндзі з содавай.
    Яна стаяла каля стойкі з бакалам у руцэ, і Роберт Кон не зводзіў з яе вачэй. Ён глядзеў на яе так, як некалі яго суайчыннік, убачыўшы зямлю запаветную. Кон, вядома, быў значна маладзейшы, але позірк яго быў такі ж самы: нецярплівы, прагны, патрабавальны.
    Брэт была чартоўскі прыгожая. На ёй быў тонкі вязаны джэмпер і шарсцяная спадніца, а валасы падстрыжаны, як у хлопца. 3 гэтага ўсё і пачалося. Зграбнасцю ліній яна нагадвала гоначную яхту, і джэмпер у абцяжку гэта падкрэсліваў.
    — Вы ў бліскучым асяроддзі, Брэт,— заўважыў я.
    — Вельмі мілыя людзі! А вы, дарагі мой? Дзе вы такую кралю падчапілі?
    — У кафэ «Напалітэн».
    — I добра правялі вечар?
    — Цудоўна.
    Яна засмяялася:
    — Брыдка з вашага боку, Джэк. Гэта абраза ўсім нам. Вы толькі гляньце на Фрэнсіс.
    — Гэта я, каб пацешыць Кона.
    — Накінуліся на заляжалы тавар,— засмяялася Брэт.
    — Занадта ў вас цвярозыя думкі.
    — Вядома. Дзіўна, праўда? У такой кам-
    паніі, як сёння, можна п’янстваваць, нічым не рызыкуючы.
    Зайграла музыка, і Роберт Кон ажывіўся:
    — Дазвольце запрасіць вас, лэдзі Брэт.
    Брэт усміхнулася яму.
    — Я абяцала гэты танец Джэкабу.— Яна засмяялася.— У вас старамоднае імя, Джэк.
    — А наступны? — запытаў Кон.
    — Мы зараз выходзім,— прамовіла Брэт.— Мы дамовіліся быць на Манмартры.
    Танцуючы, я зірнуў цераз яе плячо на Ko­na. Ен стаяў каля буфета і сачыў за Брэт.
    — Яшчэ адна ахвяра,— сказаў я ёй.
    — I не гаварыце. Бедны хлопчык! Я сама толькі цяпер заўважыла.
    — Так я і паверыў. Вы ж любіце лавіць падобных.
    — He выдумляйце глупства!
    — Вам гэта прыемна.
    — А хоць бы й так. Што тады?
    — Нічога.
    Мы танцавалі пад акардэон і банджа, на якім таксама нехта зайграў. Было горача, але я адчуваў сябе добра. Мы прыблізіліся да Жаржэт, якая танцавала з чарговым кавалерам з той жа кампаніі.
    — I чаго вы прывялі яе?
    — He ведаю, проста так.
    — Шукаеце дурной рамантыкі?
    — Нуда заела.
    — I цяпер?
    — Цяпер не.
    — Пойдзем адсюль. Без вас аб ёй паклапоцяцца.
    — Вы сапраўды не супраць?
    — Раз я прапаную, значыць, не супраць.
    Мы пакінулі пляцоўку, я зняў з вешалкі
    паліто і надзеў. Брэт стаяла каля буфета, і Кон ёй нешта тлумачыў. Я падышоў да стойкі і папрасіў канверт, дастаў з кішэні паперку ў пяцьдзесят франкаў, паклаў у канверт, заклеіў і перадаў гаспадыні.
    — Будзьце ласкавы, калі тая дзяўчына, з якой я прыехаў, спытаецца пра мяне, аддайце гэта ёй,— сказаў я.— Калі ж яна пойдзе з кімнебудзь з тых маладых людзей, схавайце гэта для мяне.
    — Усё будзе зроблена, месье,— прамовіла гаспадыня.— Вы нас пакідаеце? Так рана?
    — Прыходзіцца.
    Мы пайшлі да дзвярэй. Кон усё яшчэ нешта тлумачыў Брэт. Яна развіталася з ім і ўзяла мяне пад руку.
    — Спакойнай ночы, Кон,— пажадаў я.
    Апынуўшыся на вуліцы, мы азірнуліся, шукаючы таксі.
    — Прапалі вашы пяцьдзесят франкаў,— сказала Брэт.
    — Напэўна.
    — Hi аднаго таксі.
    — Мы можам прайсці да Пантэона і ўзяць там.
    — Лепш у суседні бар, вып’ем і закажам адтуль.
    — I цераз вуліцу перайсці не хочаце?
    — Навошта, калі можна і без гэтага.
    Мы зайшлі ў бліжэйшы рэстаранчык, і я паслаў афіцыянта па таксі.
    — Ну вось, мы і адвязаліся ад іх,— сказаў я.
    Мы стаялі каля высокай, абабітай цынкам стойкі і моўчкі пазіралі адію на аднаго. Афіцыянт вярнуўся і паведаміў, што таксі чакае.
    Брэт моцна сціснула маю руку. Я даў афіцыянту франк, і мы выйшлі.
    — Куды загадаць, каб ехаў? — запытаў я.
    — Хай едзе, куды хоча.
    Я загадаў шафёру ехаць у парк Мансуры, ускочыў у машьіну і прыстукнуў за сабой дзверцы. Брэт сцішылася ў кутку, заплюшчыўшы вочы. Я сеў побач. Машына рванула і памчалася.
    — Ах, мой любы, я такая няшчасная! — прашаптала Брэт.
    РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
    Машына паднялася на ўзгорак, перасекла асветленую плошчу, потым ізноў угору ў цемру, а тады ўніз у цемру і, выбраўшыся на цёмную вуліцу за царквой Сэнт-Эцьендзю-Мон, мякка пакацілася па асфальце, мінула дрэвы і аўтобусную стаянку на плошчы Контр-Эскарп, потым выехала на брук вуліцы Муфтар. Абапал свяціліся вокны бараў і вітрыны яшчэ не зачыненых крам. Мы сядзелі паасобку, але на старой, запушчанай вуліцы нас пачало трэсці, і мы прытуліліся. Брэт зняла капялюш. Адкінула галаву. У святле вітрын я ўбачыў яе твар, потым насунуўся змрок, потым, калі мы выехалі на вуліцу ДэГабелен, убачыў яе твар выразна. Вуліца была разварочана, і людзі працавалі на трамвайнай лініі ў яркім ацэтыленавым ззянні. Белы твар і тонкая шыя Брэт хораша вырысоўваліся пры ўспышках. Калі зноў насунуўся змрок, я пацалаваў яе. Нашы губы зліліся, і тады яна адвярнулася, заціснулася ў куток як мага далей ад мяне. Галава яе была апушчана.