• Газеты, часопісы і г.д.
  • I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

    I ўзыходзіць сонца

    (Фэст)
    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1976
    55.26 МБ
    I я выразна пачуў голас Брэт. Спрасонку я быў упэўнены, што прыйшла Жаржэт. Адкуль узялася такая думка? Яна ж не ведала майго адраса.
    — Папрасіце яе, калі ласка, наверх.
    Брэт паднялася па лесвіцы. Я заўважыў, што яна зусім п’яная.
    — Якая недарэчнасць! — з абурэннем прамовіла Брэт.— Яна тут падымае скандал! Ты ж не спаў, ты ж, мабыць, не спаў?
    — А што я рабіў, па-твойму?
    — He ведаю. Колькі часу?
    Я зірнуў на гадзіннік. Была палова пятай.
    — I думаць не думала, што так позна,— сказала Брэт.—■ Дазволь чалавеку сесці. He злуйся, любы. Толькі што развіталася з графам. Ен прывёз мяне сюды.
    — Ну, як ён? — я дастаў бутэльку каньяку, содавую і бакалы.
    — Адну каплю, не болып,— прамовіла Брэт.— He старайся, a то буду п’яная. Граф? Нічога. Ен наш.
    — Ён сапраўды граф?
    — А што? Думаю, што так. Ва ўсякім разе можа быць графам. Пра людзей ведае столькі — ты б ахнуў. I дзе ён гэтага набраўся! Трымае шэраг цукерняў у Амерыцы.
    Яна адпіла з бакала.
    — Помню, ён так і сказаў «шэраг». Альбо нешта падобнае. Размяшчае іх вельмі ўдала. Трошкі мне расказаў пра гэта. Страшэнна цікава. Але ён напі. Цалкам наш. He сумнявайся. Гэта адразу відаць.
    Яна адпіла яшчэ глыток.
    — А наогул, на якога чорта ён мне здаўся. Ты не думай чаго. He прымай да сэрца. Ведаеш, ён так падтрымлівае Зізі.
    — А Зізі што, сапраўдны герцаг?
    — Зусім магчыма. Грэк, разумееш? Мастак ён няважны. Граф мне болып падабаецца.
    — Дзе ты была з ім?
    — Усюды. А зараз прывёз мяне сюды. Прапанаваў дзесяць тысяч долараў, каб я паехала з ім у Біярыц. Колькі гэта на фунты?
    — Каля дзвюх тысяч.
    — Куча грошай. Я сказала, што не магу. Ен прыняў гэта вельмі галантна. Я сказала, што ў мяне шмат знаёмых у Біярыцы.
    Брэт засмяялася.
    — Слаба ты п’еш. Бяры з мяне прыклад.—
    Я толькі прыгубіў свой бакал. Цяпер быў вымушаны глынуць як след.
    — Вось гэта ўжо лепш,— пахваліла Брэт.— Смеху варта. Ён хацеў, каб я паехала з ім у Канны. Я гавару, што ў мяне шмат знаёмых у Каннах. Тады Монтэ-Карла. Я гавару, што ў мяне шмат знаёмых у Монтэ-Карла. I наогул усюды шмат знаёмых. I гэта праўда, між іншым. Тады я папрасіла прывезці мяне сюды.
    Яна глядзела на мяне, упёршыся локцем у стол, падняўшы бакал.
    — Што ты на мяне так пазіраеш? Я сказала яму, што закахалася ў цябе. I гэта таксама праўда. Ен успрыняў гэта вельмі галантна. Хоча заўтра павезці нас вячэраць. Паедзеш?
    — А чаму не?
    — Ведаеш, пара мне ісці.
    — Чаму так?
    — Я толькі хацела пабачыцца з табой. Вялікае глупства, праўда? Можа, ты адзенешся і спусцішся ўніз. Ён чакае з машынай тут, вельмі блізка.
    — Граф?
    — А то хто ж. I шафёр у ліўрэі. Збіраецца пакатаць мяне. Паснедаем у Булонскім лесе. Віно і закуска карзінамі. Браў у Зэлі. Тузін бутэлек мума. Чаго табе болып. Згаджайся, і паедзем.
    Мне трэба раніцай працаваць,— адмовіўся я.— Апроч таго, я вельмі адстаў ад вас, і вам будзе нудна са мной.
    — He будзь ідыётам.
    — He магу.
    — Як хочаш. Перадаць яму прывет?
    — Абавязкова. Самы пяшчотны.
    — Спакойнай ночы, мой дарагі.
    — Без слязлівасці.
    — Ты мяне крыўдзіш.
    Мы пацалаваліся на развітанне, і Брэт, уздрыгнуўшы, сказала:
    — Лепш я пайду. Да пабачэння, любы.
    — Ты ж не хочаш ісці.
    — А як іначай?
    Мы яшчэ раз пацалаваліся на лесвіцы, і, калі я папрасіў адамкнуць дзверы, кансьержка зноў нешта прабурчала.
    Я вярнуўся ў свой пакой і праз акно бачыў, як Брэт падышла да вялікага лімузіна, што чакаў на абочыне пад дугавым ліхтаром. Яна села ў машыну і паехала. Я адвярнуўся. На стале стаяў парожні бакал і бакал недапіты з разбаўленым каньяком. Я забраў бакалы на кухню і выліў у ракавіну недапітае. Выключыў газ у сталовай. Седзячы на пасцелі, скінуў туфлі і лёг. Вось яна якая, Брэт, і па ёй я плакаў, ліў слёзы. Я ўявіў, як яна ішла па вуліцы, як села ў машыну, і мне зноў зрабілася дрэнна. Як лёгка стрымліваць пачуцці днём, а вось уночы — зусім іншая справа.
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
    Раніцай я спусціўся па бульвары Сэн-Мішэль да вуліцы Суфло і выпіў кофе з брыёшамі. Раніца была цудоўная. Цвілі конскія каштаны ў Люксембургскім садзе. Адчувалася прыемная свежасць перад спякотным днём. П’ючы кофе, я прачытаў газеты і выкурыў цыгарэту. Гандляркі кветкамі вярталіся з рынку і раскладвалі свой тавар. Студэнты праходвілі міма, хто ў юрыдычны інстытут, хто ў
    Сарбону. На бульвары павялічваўся pyx: звінелі трамваі, людзі спяшаліся на работу.
    Я падняўся ў аўтобус і даехаў да царквы Мадлен, стоячы на задняй пляцоўцы. Ад царквы Мадлен прайшоў па бульвары Капуцынаў да Оперы і адтуль у рэдакцыю. Я абмінуў чалавека, які прадаваў завадных жаб з падскокам, другі гандляваў лялечнымі баксёрамі. Я адхінуўся ўбок, каб не зачапіцца за ніткі, з дапамогай якіх яго маладзенькая памочніца кіравала баксёрамі. Яна стаяла абыякавая, трымаючы ніткі ў стуленых руках. Гандляр прыставаў да двух турыстаў, каб тыя купілі ў яго цацкі. Яшчэ тры турысты спыніліся і назіралі. Я ішоў услед за чалавекам, які пхаў перад сабой па тратуары каток, што выдрукоўваў мокрымі літарамі рэкламнае прозвішча cinzano. Іншыя ўсе спяшаліся на работу. Прыемна, калі можаш спяшацца на работу. Я перайшоў цераз авеню Оперы і накіраваўся ў рэдакцыю.
    У сябе ў рэдакцыі я прачытаў французскія свежыя газеты, пакурыў, потым сеў за машынку і старанна працаваў усю раніцу. Аб адзінаццатай гадзіне я ўзяў таксі і паехаў на Кэд’Арсэ, зайшоў у міністэрства замежных спраў і праседзеў там нядоўга з дзесяткам карэспандэнтаў, слухаючы, як прадстаўнік міністэрства, малады дыпламат у рагавых акулярах, гаворыць і адказвае на пытанні. Старшыня кабінета міністраў быў у Ліёне і выступаў з прамовай, а хутчэй за ўсё ўжо вяртаўся адтуль. Некаторыя прысутныя задавалі пытанні, каб паслухаць свой уласны голас, а некаторыя з журналістаў цярпліва чакалі адказаў. Навін не было. 3 міністэрства я паехаў у адным таксі разам з Уолсі і Крамам.
    — Што вы робіце ўвечары, Джэк? — запытаў Крам.— Вас нідзе не відаць.
    — Наведваю Лацінскі квартал.
    — Як-небудзь і я збяруся туды. Кафэ «Дзінга». Раскошная мясціна, праўда?
    — Вядома. A то яшчэ ёсць новае кафэ «Селект». Любата!
    — Колькі разоў туды збіраўся. Але ж, вы ведаеце, жонка, дзеці,— тлумачыў Крам.
    — У тэніс гуляеце? — запытаў Уолсі.
    — Ды не,— прамовіў Крам.— У гэтым годзе не магу сказаць, каб гуляў. Хацелася, ведаеце, вырвацца, але ў нядзелю заўсёды дождж, дый на кортах народу — не прабіцца.
    — Англічане не працуюць у суботу,— заўважыў Уолсі.
    — Шанцуе, гадам,— сказаў Крам.— Ну, ведаеце. He век жа мне працаваць карэспандэнтам. Будзе і ў мяне вольны час, памчуся ў машыне за горад.
    — Гэта самае лепшае: жыць на ўлонні прыроды і мець сваю машыну.
    — Маю цвёрды намер у наступным годзе купіць сабе невялічкую.
    Я пастукаў у шкло. Шафёр затармазіў.
    — Ну, я дабраўся. Заходзьце, вып’ем па чарцы,— запрасіў я.
    — Дзякуй, дружа,— сказаў Крам.
    Уолсі адмоўна заківаў галавой:
    — Мне трэба апрацаваць тое, што ён тут сёння нагаварыў.
    Я сунуў Краму ў руку два франкі.
    — Вы звар’яцелі, Джэк. Плаціць буду я.
    — Дык гэта ж за кошт рэдакцыі.
    — Дудкі. Я заплачу.
    Я памахаў ім на развітанне. Крам высунуў галаву:
    — У сераду пабачымся, разам паснедаем.
    — Абавязкова.
    Я падняўся на ліфце ў рэдакцыю. Мяне чакаў Роберт Кон.
    — Прывет, Джэк, снедаць пойдзем?
    — Пойдзем. Толькі зірну, ці няма тут чаго новага.
    — Дзе будзем карміцца?
    — Абы-дзе.— Я аглядаў свой пісьмовы стол.— А вы куды б хацелі падацца?
    — Можа, да Ветцэля? У яго добрая закусь. Вялікі выбар.
    У рэстаране мы заказалі піва і закускі. Афіцыянт прынёс нам піва ў высокіх гліняных куфлях, халоднае, з кроплямі расы на сценках. Падалі з дзесятак розных закусак.
    — Ну як, весела было вам учора ўвечары? — запытаў я.
    — He сказаў бы.
    — Як пішацца?
    — Няважна. Ніяк не магу зрушыць другую кнігу.
    — Гэта ў кожнага бывае.
    — Вядома, але ж для мяне пакута.
    — А ў Паўднёвую Амерыку як? Яшчэ не раздумалі ехаць?
    — О не.
    — Дык у чым жа справа?
    — Фрэнсіс.
    — А вы вазьміце яе з сабой.
    — Яна не захоча. Гэта не ў яе гусце. Ёй патрэбны людзі, асяроддзе.
    — Тады пашліце яе к чорту.
    — Нельга. Я ёй усё ж абавязаны.
    Ен адсунуў талерку з гуркамі і ўзяў марынаванага селядца.
    — Скажыце, Джэк, што вам вядома пра лэдзі Брэт Эшлі?
    — Лэдзі Эшлі — гэта яе прозвішча, Брэт —• імя. Вельмі мілая жанчына,— адказаў я.— Падала на развод і збіраецца замуж за Майкла Кэмбела. Ён зараз у ПІатландыі. А што?
    — Яна вельмі цікавая жанчына.
    — Дзіва што.
    — Ёсць у ёй нешта вельмі прывабнае, нейкая асаблівая тонкасць. Мне здаецца, яна вельмі шчырая і чулая.
    — Мілая, мілая жанчына.
    — He ведаю, чым гэта растлумачыць,— сказаў Кон.— Мне здаецца, гэта ад пароды.
    — Бачу, яна вам вельмі падабаецца.
    — Вельмі. Мне нават здаецца, што я закахаўся.
    — Яна — п’яніца,— прамовіў я.— Яна любіць Майкла Кэмбела і збіраецца за яго замуж. 3 цягам часу ён награбе грошай і будзе чартоўскі багаты.
    — He веру, што яна за яго пойдзе.
    — Чаму?
    — He ведаю. He веру, і ўсё. Вы даўно з ёю знаёмы?
    — Даўно. Яна была міласэрнай сястрой у шпіталі, дзе я ляжаў у вайну.
    — Яна ж тады яшчэ дзяўчынка была.
    — А цяпер ёй трыццаць чатыры.
    — Калі ж яна выйшла замуж за Эшлі?
    — У вайну. Яе сапраўдны каханак якраз дуба даў. Крывавы панос.
    — Што вы так груба гаворыце?
    — Даруйце. Сарвалася. Я проста хацеў вам выкласці факты.
    — He веру, не магла яна выйсці замуж без любві.
    — Два разы выходзіла, і ніякай любві.
    — He веру.
    — Тады не задавайце недарэчных пытанняў, калі вам адказы не падабаюцца.
    — Я не пра гэта пытаўся.
    — Вы прасілі расказаць вам, што я ведаю пра Брэт Эшлі.
    — Я вас не прасіў зневажаць яе.
    — А ну вас к чорту! — не ўцерпеў я.
    Ён змяніўся з твару, ускочыў з-за стала і стаяў, бледны і злосны, перад кучай пададзеных закусак.
    — Сядайце, не стройце дурня.
    — Вазьміце свае словы назад.
    — Перастаньце, не будзьце капрызуляй.
    — Вазьміце свае словы назад.
    — Бяру. Усё, што хочаце. Я ніколі нічога не чуў пра Брэт Эшлі. Вы задаволены?
    — He. He гэта. Вы паслалі мяне к чорту.
    — А вы не хадзіце к чорту, заставайцеся тут. Давайце лепш пажуём сяго-таго.
    Кон усміхнуўся і сеў. Відаць, яму гэтага і хацелася. А што яму яшчэ заставалася рабіць, як не сесці?
    — Вы такія абразлівыя рэчы гаворыце, Джэк.
    — He зважайце. Паганы ў мяне язык. Калі я кажу гадасць, я зусім не думаю пра гэта.