I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

I ўзыходзіць сонца

(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
55.26 МБ
— He. Ніякіх разлікаў. Ён сапраўды хацеў са мной ажаніцца. Толькі так, казаў ён, каб я не пакідала яго. Хацеў, каб гэта было цвёрда. Каб я ніколі-ніколі яго не пакідала. Але гэта, вядома, пасля таго, як я адпушчу валасы і стану звычайнай жанчынай.
— Цяпер табе будзе лягчэй.
— Ну так. Я ўжо зусім спакойная. Ён прынёс мне свабоду, вызваліў ад непрыемнага Кона.
— Гэта добра.
— Ведаеш, я б жыла з ім, каб не пераканалася, што са мной яму шчасця не будзе. Мы з ім цудоўна ладзілі.
— Аднак твая прычоска яму не спадабалася.
— Глупства. Да гэтага прывык бы.
Яна патушыла папяросу.
— Ведаеш, мне трыццаць чатыры гады. Я не хачу быць адной з тых жывёлін, прагных на свяжынку, што губяць хлопчыкаў.
— Ну вядома.
— Я не хачу гэтага, не хачу. I цяпер я спакойная. Як камень зваліўся.
— Гэта добра.
Яна адвярнулася. Я падумаў, яна шукае папяросу. Потым убачыў, што яна плача. Я адчуваў яе плач. Дрыжыць і плача. Дрыжыць і плача. Я прытуліў і абняў яе.
— He будзем ніколі гаварыць пра гэта. Калі ласка, не будзем гаварыць.
— Брэт, дарагая мая!
— Я вярнуся да Майкла.— Я мацней абняў яе і яшчэ вастрэй адчуў яе боль.— Ён такі мілы, ласкавы, а часам проста жудасны. Мне такі чалавек якраз і патрэбен.
Яна не падымала вачэй. Я гладзіў яе валасы. Я адчуваў, як яна дрыжыць.
— Я не хачу быць жывёлінай,— шаптала яна.— Толькі, Джэк, прашу цябе, ніколі не ўспамінай мне пра гэта.
Мы пакінулі атэль Мантана. Калі я сабраўся аплаціць рахунак, гаспадыня не ўзяла грошай. Рахунак быў аплачаны.
— Нічога не зробіш,— сказала Брэт.— Цяпер гэта ўжо не мае значэння.
Мы ўзялі таксі і паехалі ў «Палац-атэль», свае рэчы пакінулі там, заказалі плацкарты на Паўночны экспрэс на той жа вечар і зайшлі ў бар пры атэлі выпіць кактэйль. Мы сядзелі каля стойкі на высокіх табурэтах і глядзелі, як буфетчык перамешваў «марціні» ў нікеліраванай пасудзіне.
— Якое культурнае, якое далікатнае абыходжанне ў бары вялікага атэля,— пачаў я.
— У наш час толькі афіцыянты і жакеі захоўваюць ветлівасць.
— Якім бы вульгарным ні быў атэль, у бары заўсёды прыемна.
— Нейк дзіўна.
— Афіцыянты такія гасцінныя.
— Праўда, праўда,— прамовіла Брэт.—
Ведаеш, яму толькі дзевятнаццаць гадоў. Ці ж гэта не дзіўна?
Нашы бакалы стаялі разам. Ад холаду на шкле выступілі кропелькі. Мы чокнуліся. За акном з апушчанай шторай угадвалася гарачае дыханне Мадрыда.
— Люблю, каб у кактэйлі была масліна,— заўважыў я.
— Абсалютная праўда, сэр,— згадзіўся буфетчык.— Калі ласка.
— Дзякуй.
— Прабачце, што не адважыўся прапанаваць вам адразу.
Буфетчык адышоў на другі канец стойкі, каб не слухаць нашай размовы. Брэт нахілілася і адпіла, не падымаючы бакала з кактэйлем. Потым падняла бакал. Цяпер яна была ўпэўнена, што не пралье ні кроплі.
— Цудоўны напітак. Вельмі прыемны бар.
— На тое ён і бар.
— Ведаеш, спачатку я не паверыла. Ён нарадзіўся ў тысяча дзевяцьсот пятым годзе. Я тады яшчэ ў школе вучылася, у Парыжы, Уяўляеш?
— Што ты хочаш, каб я ўявіў?
— He прыкідвайся дурнем. Можаш ты пачаставаць сваю даму ці не?
— Калі ласка, яшчэ два «марціні».
— Такія ж самыя, сэр?
— Цудоўны напітак.— Брэт усміхнулася буфетчыку.
— Шчыра дзякую, мадам.
— Ну, будзь здароў! — сказала Брэт.
— Будзь здарова!
— Ведаеш, у яго да мяне былі толькі дзве жанчыны. Ён ніколі нічым не цікавіўся, апрача бою быкоў.
— Яшчэ паспее.
— He ведаю. Ён думае, што галоўнае — гэта я. А не фэст, публіка і ўсё такое.
— Ну і добра, калі ты.
— Я. Іменна я.
— Ты, здаецца, не хацела пра гэта гаварыць.
— Гэта я так. Само вырвалася.
— А ты не гавары, тады ўсё застанецца пры табе.
— Я і не гавару. Проста так, думкі розныя блукаюць. Ведаеш, Джэк, я вельмі добра сябе адчуваю.
— Так і павінна быць.
— Ведаеш, так лёгка на сэрцы, калі цвёрда вырашыш не быць жывёлінай.
— Вядома.
— Сумленне часткова замяняе нам бога.
— У некаторых людзей ёсць бог,— сказаў я.— Такіх нават многа.
— А мне ад яго шчасця не было.
— Вып’ем яшчэ «марціні».
Буфетчык змяшаў дзве порцыі і разліў кактэйль у чьістыя бакалы.
— А дзе мы паабедаем? — запытаў я Брэт.
У бары павяваў халадок, і яшчэ больш адчувалася, што на вуліцы спякота.
— Давай тут,— прапанавала Брэт.
— Тут у атэлі няўтульна. Вы ведаеце рэстаран «Батэн»? — звярнуўся я да буфетчыка.
— А як жа, сэр. Калі жадаеце, я ахвотна напішу адрас.
— Дзякую.
Мы паабедалі ў рэстаране «Батэн», на другім паверсе. Гэта адзін з лепшых рэстаранаў у свеце. Мы елі смажанае парася і пілі «рыёху
вытрыманую». Брэт ела мала. Яна заўсёды так. Я еў многа і выпіў тры бутэлькі «рыёхі вытрыманай».
— Ну, як адчуванне, Джэк? — запытала Брэт.— Божа мой! Увесь абед праглынуў.
— Адчуванне добрае. Чаго на дэсерт? Хочаш чаго-небудзь салодкага?
— Ах, не.
Брэт курыла.
— А ты есці любіш,— заўважыла яна.
— Люблю. Я шмат чаго люблю.
— Напрыклад?
— 0! Я многае люблю. Хочаш чаго-небудзь салодкага?
— Ты ўжо адзін раз пытаўся.
— Няўжо? Ну так, пытаўся. Вып’ем яшчэ бутэльку.
— Цудоўнае віно.
— Ты ж зусім не піла.
— Піла. Ты не заўважыў.
— Закажам дзве бутэлькі.
Віно прынеслі. Я адліў трошкі ў свой бакал, потым наліў Брэт і напоўніў свой. Мы чокнуліся.
— Будзь здароў! — сказала Брэт.
Я выпіў усё да дна і яшчэ раз наліў. Брэт кранула мяне за локаць.
— He напівайся, Джэк. He трэба. Няма прычыны.
— Адкуль ты ведаеш?
— Прашу цябе. He трэба. Усё будзе добра.
— Я не напіваюся, я толькі смакую. Прыемна смакаваць добрае віно.
— He напівайся, Джэк. Зрабі мне ласку.
— Хочаш пакатацца? Паглядзець горад?
— Правільна. Я ж зусім не бачыла Мадрыда. Абавязкова трэба паглядзець.
— Я толькі дап’ю.
Мы спусціліся і праз сталовую на першым паверсе выйшлі на вуліцу. Афіцыянт пайшоў па таксі. Было горача і светла. На маленькім скверы, абсаджаным дрэвамі і засеяным травой, была стаянка таксі. Машына хутка пад’ехала, на падножцы, трымаючыся за акно, стаяў афіцыянт. Я даў яму на чай, сказаў шафёру, куды ехаць, і сеў разам з Брэт. Машына памчалася па вуліцы. Я адкінуўся на спінку сядзення. Брэт падсела бліжэй. Я абняў яе, і яна даверліва прытулілася. Было вельмі горача і светла, скрозь зіхацелі белыя будынкі. Мы павярнулі на Гран-Віа.
— Ах, Джэк! — сказала Брэт.— Як было б добра, каб мы маглі жыць разам.
Наперадзе конны паліцэйскі ў зялёнай форме рэгуляваў рух. Ён падняў жазло. Шафёр рэзка затармазіў, машыну штурханула, і Брэт прыпала да мяне.
— Марыць аб гэтым — таксама ўцеха,— сказаў я.
ЗМЕСТ
ЧАСТКА ПЕРШАЯ 	 7
ЧАСТКА ДРУГАЯ	 76
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ	248
ЭРНЕСТ ХЕМННГУЭЙ II восходнт солнце (Фнеста) На белорусском языке
Рэдактар П. 3. ПІаўцоў. Мастак Ул. Я. Яшке. Мастацкі рэдактар У. У. Даўгань. Тэхнічны рэдактар 3. Г. Сень. Карэктар A. Т. Глушчанка.
Здадзена ў набор 17/III 1976 г. Падп. да друку 24/VI 1976 г.
Тыраж 13 000 экз. Фармат 75Х90*/32. Папера друк. № 1.
Ум. друк. арк. 10,93. Ул.-выд. арк. 10,55. Зак. 3133.
Цана 1 руб. 3 кап.
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю. Мінск, Свярдлова, 4.
Паліграфічны камбінат імя Я. Коласа Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю. Мінск, Чырвоная, 23.