I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

I ўзыходзіць сонца

(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
55.26 МБ
Публіка была супраць Бельмонтэ і таму падтрымлівала Рамера. Яго сустрэлі воплескамі адразу ж, як толькі ён пакінуў бар’ер і пайшоў на быка. Бельмонтэ таксама сачыў за Рамера, увесь час сачыў, не паказваючы віду. На Марсіяла ён не звяртаў увагі. Марсіяла і ўсе яго спосабы ён ведаў наскрозь. Ён вярнуўся на арэну, каб спаборнічаць з Марсіялам, зараней упэўнены, што выйграе бой. Ён разлічваў спаборнічаць з Марсіялам і другімі зоркамі дэкадэнцкай школы тарэадораў і быў
перакананы, што яго шчыры, натуральны спрыт возьме верх над фальшывай эстэтыкай сучасных дэкадэнтаў і адно яго з’яўленне на арэне ўжо азначае перамогу. Рамера сапсаваў яму першы выхад пасля доўгага перапынку. Рамера заўсёды выступаў роўна, спакойна, прыгожа, што яму Бельмонтэ, удавалася толькі часамі. Публіка адчувала гэта, нават турысты з Біярыца, нават амерыканскі пасол і той нарэшце зразумеў. На такое спаборніцтва Бельмонтэ не адважыўся б, таму што ў выніку магла быць альбо цяжкая рана альбо смерць. Бельмонтэ ўжо не меў тае сілы, не адчуваў на арэне салодкіх хвілін найвялікшага ўздыму, нават не верыў, што такія хвіліны наогул магчымы. Усё перайначылася, і ранейшы запал загараўся ў ім толькі бледнымі пробліскамі. Сляды былое велічы і цяпер заставаліся ў яго рабоце, але не мелі цаны, бо ўсё было прадугледжана загадзя, яшчэ тады, калі ён, вылезшы з аўтамабіля і аблакаціўшыся на плот, выбіраў у гадавальніку свайго прыяцеля быкоў найменш рызыкоўных. Яму дасталіся два дробныя, падатлівыя быкі з кароткімі рагамі, і калі ён раптам адчуў у сабе прыліў сіл і былое велічы, гэта была толькі малая часцінка таго, што прабілася праз пякучы, неадступны боль,— яго спрыт быў разлічаны, вывераны, прададзены і радасці яму не даваў. Тэхніка яшчэ заставалася, але бой быкоў перастаў быць яго шчасцем.
У Педра Рамера веліч была. Ён любіў бой і, відаць, любіў быкоў і, я думаю, любіў Брэт. Увесь дзень, калі гэта залежала ад яго, ён выступаў перад намі на самаіі блізкай адлегласці. Ён ні разу не зірнуў на Брэт. I ўсё атрымлівалася ў яго як найлепш, бо выступаў ён і для
яе, і для самога сябе. I таму што ён не глядзеў на яе, шукаючы пахвалы, а быў засяроджаны ў сабе, усе сілы зліваліся ў ім, і яна, напэўна, была адной з прычын. Стараючыся для яе, ён быў свабодны, нічым сабе не пашкодзіў, і ўдача не пакідала яго ўвесь гэты дзень.
Яго першы «квіт» быў якраз насупраць, недалёка ад нас. Тры матадоры па чарзе перахопліваюць быка пасля таго, як ён кінецца на пікадора. Бельмонтэ быў першы, Марсіял — другі, Рамера выступаў трэці. Усе тры стаялі з левага боку ад каня. Пікадор, насунуўшы капялюш на лоб, накіраваў піку на быка і, сціснуўшы повад у левай руцэ, глыбока ўсадзіўшы шпоры, прымусіў каня рушыць наперад. Бык пільна сачыў. Здавалася, што ён глядзіць на белага каня, сапраўды ж ён не зводзіў вачэй з трыкутнага наканечніка пікі. Рамера заўважыў, што бык паварочвае галаву. Ён не хацеў нападаць на каня. Рамера махнуў плашчом так, каб чырвоны колер прывабіў быка. Бык ірвануўся, кінуўся, але замест яркага плашча перад ім з’явіўся белы конь, і пікадор, перагнуўпіыся што меў сілы цераз галаву каня, усадзіў востры канец доўгай арэхавай палкі ў вузел мускулаў паміж лапаткамі быка і, апёршыся на яе, павольна павярнуў каня, паглыбляючы рану сталёвым лязом так, што пырснула кроў і струменьчыкам пацякла па шыі быка, прызначанага для Бельмонтэ.
Паранены бык не супраціўляўся. Яму не хацелася бароць каня. Ён павярнуўся, адступіў ад пікадора, і Рамера павёў яго сваім плашчом. Ён павёў быка лёгка і плаўна, потым спыніўся і, стоячы прама перад ім, выставіў плашч. Бык задраў хвост, кінуўся, і
Рамера, шчыльна стуліўшы ногі, перакруціўся, трымаючы наперадзе плашч. Вільготны, цяжкі ад пяску плашч растапырыўся, як надзьмуты ветразь, і Рамера зрабіў ім поўны абарот перад мордай быка. Цяпер яны стаялі напагатове адзін перад адным. Рамера ўсміхнуўся. Бык кінуўся зноў, плашч Рамера зноў надзьмуўся як ветразь і замільгаў на гэты раз з другога боку. I кожны раз Рамера так блізка падпускаў да сябе быка, што чалавек, бык і плашч, які неадступна тырчаў перад мордай быка, складалі адно скульптурнае цэлае. I ўсё гэта адбывалася так павольна, так рытмічна, што здавалася — Рамера ўкалыхвае быка. Ён зрабіў чатыры поўныя абароты і скончыў паўабаротам, стаўшы да быка спіной, перакінуў плашч цераз левую руку, правую прыклаў да паясніцы і пайшоў насустрач бурным воплескам, пакінуўшы быка глядзець яму ў спіну. Са сваімі быкамі ён выступаў дасканала. Яго першы бык дрэнна бачыў. Пасля першых двух абаротаў з плашчом Рамера дакладна ведаў, наколькі сапсаваны зрок у быка, і прыстасаваўся. Гэта работа не здзіўляла бляскам, але вялася бездакорна. Публіка патрабавала замены быка. Падняўся крык, шум. Нічога выдатнага нельга было паказаць з быком, які не паддаецца на прынаду, але прэзідэнт не даў згоды на замену.
— Чаму яго не заменьваюць? — запытала Брэт.
— За яго заплацілі. Ніхто не хоча выкідаць свае грошы.
— Несправядліва. Рамера пакрыўдзілі.
— Глядзіце, як ён спраўляецца з быком, які не адрознівае колераў.
— He люблю глядзець на такія рэчы.
Сапраўды, назіраць такое — пакута, калі чалавек, на якога глядзіш, табе не абы-хто. Паколькі бык не адрозніваў ні колераў плашча, ні чырвані мулеты, Рамера быў вымушаны дражніць яго сваім целам. Ён набліжаўся амаль упрытык, каб той мог яго бачыць, a калі бык кідаўся на яго, спыняў рух мулетай, трымаючыся класічных правіл. Гасцям з Біярыца гэта не спадабалася. Яны думалі, што Рамера баіцца, бо кожны раз, калі бык нападаў, замест свайго цела падстаўляў мулету і адступаў на паўкрока ўбок. Яны аддавалі перавагу Бельмонтэ, калі той імітаваў самога сябе, альбо Марсіялу, які імітаваў Бельмонтэ. Тры такія знаўцы сядзелі за намі ў другім радзе.
— I што тут небяспечнага? Нейкі дурны бык, лезе толькі на мулету.
— Відаць, матадор — з новенькіх. Яшчэ не навучыўся.
— Але раней з плашчом ён выступаў нядрэнна.
— Хвалюецца, не іначай.
Пасярод арэны, зусім адзін, Рамера паўтараў усё той жа прыём, дражніў сабою быка і падыходзіў так блізка, што той яго добра бачыў, падыходзіў яшчэ бліжэй, і бык тупа глядзеў на яго, нарэшце падыходзіў упрытык, і бык, вырашыўшы, што пара дзейнічаць, нахіляў галаву і кідаўся, каб падняць чалавека на рогі, але ў апошні момант няўлоўным, лёгкім рухам Рамера падстаўляў чырвоную мулету, што асабліва абурала біярыцкіх спецыялістаў у галіне спорту.
— Зараз ён заб’е яго,— сказаў я Брэт. — Бык яшчэ дужы. Ён не даў сябе выматаць.
Стоячы сярод арэны перад быком, Рамера
выцягнуў шпагу са складак мулеты, падняўся на наскі і накіраваў клінок. Бык кінуўся, і Рамера кінуўся. Левай рукой ён начапіў мулету на морду быка, каб таго асляпіць, яго левае плячо апынулася між рагамі; шпага апусцілася, і на нейкі момант бык і Рамера зліліся ў адно. Рамера ўзвышаўся над быком, трымаючы шпагу ў высока паднятай правай руцэ, і востры клінок імгненна ўвайшоў між лапаткамі быка. Потым скульптурная група распалася. Рамера адштурхнуўся, адхіліўся і стаяў, падняўшы руку, тварам да быка, і яго белая сарочка, парваная пад пахай, развявалася на ветры, а бык, між лапатак якога тырчаў чырвоны эфес, апусціў галаву і хістаўся, падгінаючы ногі.
— Зараз упадзе,— сказаў Біл.
Рамера стаяў блізка ад быка, і той бачыў яго. He апускаючы рукі, ён загаварыў з быком. Бык згорбіўся, галава яго падалася наперад, і ён пачаў павольна падаць і раптам паваліўся, задраўшы ўгору ўсе чатыры нагі.
Рамера падалі шпагу, і, апусціўшы яе клінком уніз, з мулетай у левай руцэ, ён накіраваўся да ложы прэзідэнта, пакланіўся, выпрастаўся, падышоў да бар’ера і перадаў мулету і шпагу свайму падручнаму.
— Няважны бык,— заўважыў той.
— У пот увагнаў,— прамовіў Рамера. Ён абцёр твар. Падручны падаў яму збан з вадой. Рамера памачыў губы. Піць не мог — балела. На нас ён і не глянуў.
Марсіял меў вялікі поспех. Яму ўсё яшчэ апладзіравалі, калі на арэну выпусцілі апошняга быка для Рамера. Гэта быў той самы бык, што раніцай бушаваў у прагоне і забіў чалавека з натоўпу.
Калі Рамера працаваў з першым быком, яго нездароўе кідалася ў вочы. Кожны рух агаляў памятыя рысы твару. Цяжкая, марудная работа з быком, які недабачваў, падкрэслівала яго фізічны стан. Сутычка з Конам ані не пазбавіла яго сілы духу, але твар быў пакалечаны і цела пабіта. Цяпер ён вызваляўся ад хворасці. Вызваляўся хутка, з кожным заходам, з кожным манеўрам. Бык папаўся добры, вялізны, рагаты, нападаў паваротліва і паслухмяна. Такіх быкоў Рамера любіў.
Калі ён скончыў работу з мулетай і рыхтаваўся забіць быка, пачуліся выкрыкі, каб ён працягваў. Гледачы не хацелі, каб ён адразу забіваў быка, ім хацелася мець поўную асалоду ад відовішча. I Рамера пачаў усё спачатку, стараючыся дагадзіць гледачам. Даваўся як бы наглядны ўрок. Ён выканаў усе манеўры, адзін за адным, дасканала, не спяшаючыся, рытмічна і выразна. Без фокусаў і апіуканства. Без мітусні. I кожны раз, калі манеўр дасягаў кульмінацыі, раптам балюча замірала сэрца. Натоўп патрабаваў, каб гэта доўжылася бясконца.
Расставіўшы ногі, бык чакаў апошняга ўдару, і Рамера забіў яго якраз перад намі. Ён забіў яго не так, як, не меўшы выбару, забіваў папярэдняга, а так, як пажадаў сам. Ён стаў насупраць быка, выцягнуў шпагу са складак мулеты і нацэліўся. Бык сачыў за ім. Рамера загаварыў з быком і крануў яго лёгенька па назе. Бык нагнуў галаву, і Рамера чакаў яго, стуліўшы ногі, апусціўшы мулету, нацэліўшыся шпагай. I як толькі ён паварушыў нізка апушчанай мулетай, бык кінуўся на яе, і Рамера, не сыходзячы з месца, шчыльна стуліўшы ногі, усадзіў зверху шпагу між
лапаткамі быка, потым адхіліўся ўлева, закрыўшы сабой мулету,— і ўсё было скончана. Бык паспрабаваў ступіць наперад, ногі яго пачалі падгінацца, ён захістаўся, хвіліну памарудзіў, потым апусціўся на калені, і старэйшы брат Рамера нагнуўся, зайшоўшы ззаду, і кароткім нажом -з усёй сілы даў яму па хрыбту каля самых рагоў. Спачатку ён прамахнуўся, а за другім разам ударыў як след. Бык упаў на пясок, тузануўся і застыў. Брат Рамера, адной рукой ухапіўшыся за рог, а ў другой трымаючы нож, зірнуў на ложу прэзідэнта. Усюды, па ўсім цырку махалі хустачкамі. Прэзідэнт глянуў уніз са сваёй ложы і таксама махнуў хустачкай. Старэйшы брат адрэзаў чорнае мечанае вуха мёртвага быка і пабег з ім да Рамера. Вялізны чорны волат, вываліўшы язык, ляжаў на арэне. 3 усіх канцоў да яго збягаліся хлапчукі. Абкружыўшы мёртвага быка, яны пусціліся ў скокі.