I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

I ўзыходзіць сонца

(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
55.26 МБ
з доўгіх драўляных лаў. Праз колькі хвілін я адчуў, што Брэт паднялася, і ўбачыў яе нерухомую постаць.
— Выйдзем адсюль,— хрыпла прашаптала яна.— He магу. Страшэнна дзейнічае на нервы.
Знадворку, на асветленай сонцам вуліцы, вецер калыхаў вяршыні дрэў. Брэт са смуткам глянула ўгору. Яе малітва поспеху не мела.
— I чаму я так нервуюся ў касцёле? — прамовіла Брэт. — He памагае мне малітва.
Мы пайшлі далей.
— Мабыць, я непрыдатная для рэлігійнага настрою. Зямная занадта. Твар не таго гатунку.
— Ведаеш, — памаўчаўшы, прамовіла Брэт,— я зусім за яго не хвалююся. Наадварот, мне радасна за яго, так лёгка на сэрцы.
— Гэта добра.
— А ўсё ж лепш, каб ветру не было.
— Да пяці гадзін супакоіцца.
— Дай божа.
— Без малітвы не дасць,— пажартаваў я.
— Хоць бы раз памагла мне малітва. Калі чаго прашу ў бога, ніколі не дае. А табе як?
— Мне часам падкідвае.
— Глупства! Можа, каму ён і спрыяе. Але ў цябе выгляд таксама не набожны.
— О, я вельмі набожны!
— Глупства. Давай сёння без пропаведзі. Хопіць усякага ліха і без дабаўкі.
Hi разу пасля яе паездкі з Конам я не бачыў Брэт такой шчаслівай і бесклапотнай. Мы падышлі да атэля. Столікі ўсе былі вынесены, і большасць занята.
— Прыгледзь за Майклам. Сачы, каб не распускаўся.
— Ваш сябар пашоль наверх,— далажыў немец-метрдатэль. Ён заўсёды падслухоўваў. Брэт рэзка павярнулася:
— Дзякуй за паведамленне. Што вы маеце яшчэ сказаць?
— Нічога, мадам.
— Вось і добра.
— Пакіньце нам столік на траіх,— папрасіў я немца. Яго ліслівы бела-румяны твар расплыўся ў брыдкай усмешцы.
— I мадам тут укушаль?
— He,— сказала Брэт.
— 0, тады даволі дзве асобы накрывайт.
— He звязвайся з ім,— папярэдзіла Брэт. Па дарозе сказала: — Майкл наскандаліў і, мабыць, ляжыць.
На лесвіцы мы сустрэлі Мантою. Ён пакланіўся нам, але без усмешкі.
— Пабачымся ў кафэ. Я табе вельмі ўдзячна, Джэк.
Мы пастаялі каля нашых пакояў. Потым Брэт пайшла па калідоры ў нумар Рамера. Увайшла туды, не пастукаўшы. Проста адчыніла дзверы, увайшла і зачыніла дзверы за сабой.
Я пастукаўся ў пакой Майкла. Адказу не было. Я націснуў ручку, і дзверы адчыніліся. У пакоі ўсё было перавернута. Чамаданы расчынены, адзежа на падлозе. Каля ложка покатам парожнія бутэлькі. Майкл ляжаў на пасцелі, і твар яго быў як маска мерцвяка. Ён расплюшчыў вочы і зірнуў на мяне.
— Прывет, Джэк,— вымавіў ён з натугай. — Спаць хачу-у. Хачу-у спа-аць.
— Дайце я вас накрыю.
— He трэ-эба. Мне цё-опла. Пабудзьце тут. Я яшчэ не сплю-у.
— Зараз будзеце спаць. He адчайвайцеся.
— Брэт завяла сабе матадора. А ў Кона не выйшла, паехаў, паскуда.
Ён паглядзеў на мяне:
—Выдатна! Цудоўна! Тфу!
— Спіце, Майкл. Вам трэба выспацца.
— Я сплю-у. Сплю-у.
Ён заплюшчыў вочы. Я выйшаў з пакоя і прычыніў асцярожна дзверы. У маім пакоі сядзеў Біл і чытаў газету. ;
— Бачыў Майкла? — запытаў я.
— Бачыў.
— Хадзем паснедаем.
— Тут не буду. Гэты грубіян немец абразіў нас, калі я вёў Майкла.
— I з намі трымаўся па-свінску.
— Давай паснедаем у горадзе.
Мы спусціліся ўніз. Па лесвіцы падымалася служанка з падносам, акуратна прыкрытым сурвэткай.
— Брэт снеданне нясуць,— сказаў Біл.
— Ёй і козліку,— удакладніў я.
На тэрасе пад аркадай да нас падышоў немец-метрдатэль. Яго чырвоныя шчокі блішчалі ад тлушчу. Трымаўся ён ветліва.
— Я пакідаль два прыбор для джэнтльмены.
— Сядайце самі і ешце,— адмовіўся Біл. Мы перайшлі на другі бок вуліцы.
Мы паснедалі ў рэстаране недалёка ад плошчы. Там сабраліся адны мужчыны. Клубіўся дым. Шум, спевы, п’янства. Ежа была добрая, а віно яшчэ лепшае. Размоў ніякіх мы не вялі. Потым мы перабраліся ў кафэ і глядзелі, як фэст даходзіў да свайго кіпення.
Брэт з’явілася са спазненнем. Яна сказала, што заходзіла да Майкла — ён спіць.
Калі фэст з гогатам і свістам рушыў да цырка, мы далучыліся да натоўпу.
Брэт сядзела ў першым радзе між мной і Білам. Ніжэй быў праход і чырвоны драўляны бар’ер. Бетонныя лаўкі за намі шпарка напаўняліся. Наперадзе, за чырвоным бар’ерам, жаўцела арэна, пакрытая ўтрамбаваным пяском. Там, дзе цень, ён быў крыху вільготны ад дажджу, а на сонцы — сухі, гладкі і цвёрды. Служкі цырка і падручныя матадораў ішлі цераз праход, несучы на плячах лазовыя карзіны. У карзінах былі ўпакаваны туга скручаныя, забруджаныя кроўю плашчы і мулеты. Падручныя расчынілі цяжкія скураныя футаралы, прыхінуўшы іх да бар’ера, і адтуль відаць былі абкручаныя чырвоным ручкі шпаг. Яны разгортвалі чырвоныя, у цёмных плямах мулеты і ўстаўлялі ў іх палкі, каб тканіна нацягвалася і было за што трымаць. Брэт уважна сачыла за ўсім, што звязана з прафесіяй матадора.
— Яго імем пазначаны ўсе плашчы і мулеты,— заўважыла яна. — Цікава, што гэта за назва — мулета?
— He ведаю.
— Іх калі-небудзь мыюць?
— Наўрад. Яны могуць паліняць.
— Ад крыві яны цвёрдыя,— сказаў Біл.
— Дзіўна,— прамовіла Брэт. — Абсалютна не звяртаеш увагі на кроў.
Унізе, у вузкім праходзе, падручныя канчалі падрыхтоўку. Усе месцы былі занятыя. Наверсе ўсе ложкі запоўнены. Ніводнага вольнага месца, за выключэнпем крэсла прэзідэнта ў цэнтральнай ложы. Калі ён з’явіцца, па-
чнецца бой. У канцы арэны, каля высокіх варот загона, стаялі матадоры. Ускінуўшы на руку плашчы, яны размаўлялі між сабой, чакаючы сігналу на выхад. Брэт разглядвала іх у бінокль.
— Хочаце зірнуць?
Я глянуў у бінокль і ўбачыў трох матадораў. Рамера стаяў пасярэдзіне, налева ад яго Бельмонтэ, направа Марсіял. За імі стаялі іх памочнікі бандэрыльеры, а яшчэ далей, за варотамі ў адкрытай частцы загона,— пікадоры на конях. Рамера быў у чорным касцюме. Капялюш-трывуголку ён насунуў на вочы. Я не мог выразна бачыць яго твару пад капелюшом, але здалося, што ён моцна памяты. Рамера стаяў нерухома і глядзеў уперад. Марсіял асцярожна курыў, хаваючы цыгарэту ў жмені. Бельмонтэ таксама глядзеў уперад, выставіўшы сківіцу, доўгую, як у воўка. Твар яго быў жоўты і бляклы. Ён глядзеў у прастор, у пустату. Здавалася, ні ён, ні Рамера не маюць дачынення да астатніх. Яны былі зусім адны. Раптам над намі пачуліся воплескі — у ложы з’явіўся прэзідэнт. Я перадаў бінокль Брэт. Гледачы заапладзіравалі. Зайграла музыка. Брэт глядзела ў бінокль.
— Вазьміце,— сказала яна.
У бінокль было відаць, як Бельмонтэ гаварыў з Рамера. Марсіял выпрастаўся, шпурнуў цыгарэту,— і тры матадоры, горда ўскінуўшы галовы, размахваючы вольнай рукой, рушылі наперад урачыстым маршам. За імі рушылі астатнія. Тры каманды, хораша выстраіўшыся, з плашчамі на левай руцэ, махаючы правай, мерным крокам выйшлі на арэну, а за імі выехалі пікадоры, падняўшы ўгору доўгія пікі. Шэсце замыкалі дзве запрэжкі мулаў і служкі
цырка. Матадоры пакланіліся, не здымаючы капелюшоў, прэзідэнту ў ложы, потым падышлі да бар’ера перад намі. Педра Рамера зняў з рукі свой багаты, расшыты золатам плашч і перадаў яго цераз бар’ер асабістаму падручнаму. Ён нешта сказаў яму. Цяпер, калі Рамера стаяў блізка, было добра відаць, што губы яго апухлі, вочы выцвілі. Азызлы твар быў скрозь у бардовых плямах. Падручны ўзяў плашч, зірнуў на Брэт, падышоў да нас і перадаў ёй.
— Разгарніце плашч, каб бачылі,— параіў я.
Брэт пачала разгортваць. Плашч быў цяжкі і цвёрды ад золата. Падручны азірнуўся, паківаў галавой і нешта сказаў. Мой сусед нахіліўся і шапнуў Брэт:
— Ён не хоча, каб паказвалі. Складзіце і трымайце на каленях.
Брэт акуратна згарнула матадорскі плашч.
Рамера не глядзеў на нас. Ён размаўляў з Бельмонтэ. Бельмонтэ паслаў свой парадны плашч сябрам. Ён пазіраў на іх, усміхаючыся воўчай усмешкай, аднымі зубамі. Рамера перагнуўся цераз бар’ер і папрасіў вады. Падручны прынёс яму збан, і Рамера наліў вады на падкладку свайго баявога плашча, потым ніжні яго край утаптаў туфляй у пясок.
— Навошта ён гэта? — запытала Брэт.
— Каб цяжэй быў на ветры.
— Твар у яго папсаваны,— заўважыў Біл.
— Ён не зусім здаровы. Яму б цяпер у пасцелі ляжаць,— прамовіла Брэт.
Першага быка забіваў Бельмонтэ. Бельмонтэ выступаў вельмі добра. Але яму плацілі трыццаць тысяч песет за выхад, людзі ўсю ноч прастаялі ў чарзе па білеты, прагнучы зірнуць
на яго, і натоўп дамагаўся, каб ён вьіступаў лепш, чым вельмі добра. Галоўнае абаянне Бельмонтэ ў тым, што ён працуе блізка да быка. У баі быкоў адрозніваюць тэрыторыю быка і тэрыторыю матадора. Пакуль матадор знаходзіцца на сваёй тэрыторыі, ён амаль не рызыкуе. Калі ж ён уваходзіць на тэрыторыю быка, яму пагражае смерць. Бельмонтэ, у пару свайго росквіту, заўсёды працаваў на тэрыторыі быка, распальваючы ў прысутных шчымлівае пачуццё непазбежнасці трагічнага канца. Сюды ішлі глядзець, з якім спрытам Бельмонтэ вядзе барацьбу, ішлі варушыць у сабе адчуванне страшнага і, можа, нават пабачыць, як Бельмонтэ канае на рагах у быка. Гадоў пятнаццаць назад гаварылі, што калі хто хоча пабачыць Бельмонтэ на арэне, дык няхай спяшаецца, пакуль той яшчэ жывы. 3 таго часу ён забіў больш за тысячу быкоў. Пасля ж таго, як перастаў выступаць, аб яго майстэрстве склалі легенду. А калі зноў вярнуўся на арэну, публіка была расчаравана, бо ні адзін матадор не мог працаваць так блізка да быка, як патрабавала легенда, уключаючы, вядома, і самога Бельмонтэ.
Апроч таго, Бельмонтэ ставіў умовы, патрабаваў, каб яго быкі былі не надта вялікія, каб рогі іх былі не надта калючыя, і таму прадчуванне трагічнай развязкі адпадала, і публіка, што чакала ад хворага на свішч Бельмонтэ ўтрая больш, чым ён калі-небудзь даваў, лічыла сябе абкрадзенай і ашуканай, і ад пагарды воўчая сківіца Бельмонтэ яшчэ больш вытыркалася наперад, стомлены твар рабіўся яшчэ жаўцейшым, і рухі трацілі лёгкасць, па меры таго як павялічваўся боль, і нарэшце абурэнне натоўпу пачало выяўляцца актыўна,
але твар Бельмонтэ захоўваў па-ранейшаму абыякавасць і пагарду. Ён спадзяваўся, што сёяня ў яго будзе вялікі дзень, але гэта быў дзень ганьбы, кпін і здзеку, і скончылася тым, што ў яго пачалі шпурляць падушкі, скарынкі хлеба і розную гародніну, на тую самую арэну, дзе некалі ён зіхацеў у арэоле славы. Ён цярпеў, і толькі сківіца яго высоўвалася наперад яшчэ больш. Часам, пры асабліва ганебнай абразе, ён паварочваў галаву і ўсміхаўся сваёй зубастай, воўчай, бязгубай усмеіпкай, а боль, які яго мучыў пры кожным руху, усё нарастаў, і жоўты твар яго нарэшце зрабіўся як збуцвелы пергамент, і пасля таго, як ён забіў другога быка і спынілася шпурлянне хлебам і падушкамі, пасля таго, як ён, адсалютаваўшы прэзідэнту з той жа самай воўчай усмешкай і ганарлівым позіркам, перадаў сваю шпагу за бар’ер, каб выцерлі і схавалі, ён зайшоў у праход, апёрся на бар’ер каля нас, абхапіўшы галаву рукамі, нічога не бачачы, нічога не чуючы, адно перамагаючы боль. А калі праз некаторы час ён падняў галаву, то папрасіў вады. Адпіўшы трошкі, ён прапаласкаў рот, выплюнуў ваду, узяў свой плашч і вярнуўся на арэну.