• Газеты, часопісы і г.д.
  • I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

    I ўзыходзіць сонца

    (Фэст)
    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1976
    55.26 МБ
    — Выбралі час, чорт вазьмі.
    — Даруйце мне, калі ласка, Джэк.
    Я стаяў у дзвярах і маўчаў.
    — Я быў сам не свой. Вы ж ведаеце прычыну.
    — Ат, усё роўна.
    — Я не мог вытрываць.
    — Вы назвалі мяне зводнікам.
    Hi крыўды, ні злосці я не адчуваў. Жаданне было адно: хутчэй выкупацца ў ванне, у гарачай, чыстай вадзе.
    — Забудзьце пра гэта, калі ласка. Я быў не ў сваім розуме.
    — Ат, усё роўна.
    Ён рыдаў. I голас быў нейкі смешны, дзіцячы. Ён ляжаў у цемры на ложку, у белай сарочцы «пола», такой жа, як насіў калісьці.
    — Заўтра раніцай я выеду.
    Ён ужо не рыдаў, а толькі ціха плакаў.
    — Джэк, я не мог вытрываць. Гэта было пекла. Жудасныя пакуты. 3 таго часу, як мы сюды прыехалі, Брэт абыходзіцца са мной, нібы я ёй чужы, зусім чужы. Я не мог вытрываць. Мы жылі разам у Сан-Себасцьяне. Ду-
    маю, вы гэта ведаеце. Я не магу больш. Цярпення няма.
    Ён не падымаўся з ложка.
    — Вось што,— абазваўся я.— Пайду зраблю сабе ванну.
    — Вы былі маім адзіным другам, і я так любіў Брэт.
    — Ну і што? Бывайце.
    — I ўсё гэта загублена. Усё чорту ў зубы.
    — Што чорту ў зубы?
    — Усё. Даруйце, Джэк. He гневайцеся.
    — Ды не. У жыцці бывае.
    — Я столькі выцерпеў. Такое было мучэнне, Джэк. I ўсё скончана. Усё скончана.
    — Ну-ну, нічога. Бывайце. Пайду.
    Ён павярнуўся, сеў на край ложка, потым устаў.
    — Бывайце, Джэк. Вы можаце падаць мне руку?
    — Mary. Чаму не?
    Мы паціснулі на развітанне рукі. Яго твару ў цемры я не разгледзеў.
    — Усяго добрага,— сказаў я.— Раніцай пабачымся.
    — Раніцай я выязджаю.
    — А! Так, так.
    Я выйшаў. Кон праводзіў мяне да дзвярэй.
    — Як вы сябе адчуваеце, Джэк?
    — Нічога. Здаровы.
    Я доўга шукаў ванную. Ледзь знайшоў. У пакоі пры самай сцяне стаяла глыбокая каменная чаша. Я адкруціў кран, але вада не палілася. Я сеў на край ванны, а калі падняўся і надумаўся ісці, заўважыў, што стаю босы, намацаў на падлозе чаравікі і з чаравікамі ў руках спусціўся ўніз, знайшоў свой нумар, раздзеўся і паваліўся ў пасцель.
    Разбудзіў мяне грукат аркестра на вуліцы. Страшэнна балела галава. Я ўспомніў, што абяцаў Эдне, сяброўцы Біла, пайсці з ёю паглядзець, як быкі праз увесь горад бягуць у цырк. Я адзеўся і, спусціўшыся ўніз, выйшаў на свежае паветра. Было яшчэ рана. Людзі шпарка крочылі па плошчы, спяшаючыся ў цырк. Перад будкамі варушыліся ўсё тыя ж дзве даўжэзныя чаргі — чакалі сямі гадзін, калі адчыняцца касы і пачнуць прадаваць білеты. Я хутка прабраўся цераз плошчу і зайшоў у кафэ.
    Афіцыянт сказаў мне, што сябры мае былі тут і пайшлі.
    — А колькі іх было?
    — Два сеньёры і адна сеньярыта.
    Значыць, клопат адпаў. Эдна была з Білам і Майклам. Учора ўвечары Эдна баялася, што яе кампаньёны не змогуць падняцца, і разлічвала, што вадзіць яе буду я. Я хутчэй выпіў кофе і падаўся з натоўпам да цырка. На нагах я трымаўся цвёрда, але ўсё яшчэ балела галава. Навокал было светла, і горад купаўся ў ранішняй свежасці.
    Кавалак дарогі з канца горада ў цырк быў гразкі. Каля плота, што цягнуўся аж да самага цырка, сабраліся гледачы, усе балконы і дах над цыркам былі ўсыпаны людзьмі. Пачуўся выбух ракеты, і я зразумеў, што не паспею ў цырк да з’яўлення быкоў, а таму праціснуўся праз натоўп бліжэй да плота, і мяне тут жа штурхнулі галавою ў дошкі. У праходзе, агароджаным з двух бакоў, паліцыя гнала людзей наперад, ачышчала дарогу. I яны плылі ў кірунку цырка густым патокам, прыспешваючы крок. Нейкі п’яны паслізнуўся і ўпаў. Два паліцэйскія падхапілі яго і адцягнулі пад плот. Людзі кінуліся ўцякаць. Потым гучна, у адзін
    голас, закрычалі, і, прасунуўшы галаву між дошак, я ўгледзеў, як быкі рынуліся з вуліцы ў доўгі, вузкі праход. Быкі беглі шпарка, даганяючы натоўп. I тут выскачыў яшчэ адзін п’яны і пачаў, як матадор, махаць пінжаком. Яму хацелася паказаць свой спрыт. Паліцэйскія падскочылі да яго, адзін схапіў за карак, другі стукнуў дубінкай, і, прыціснуўшы рызыканта да плота, стаялі, стуліўшыся разам з ім, пакуль не прамчаліся апошнія з натоўпу і следам быкі. Народу наперадзе было так многа, што ў варотах цырка зрабіўся затор, і, калі быкі, грозныя, апырсканыя граззю, збіўшыся ў кучу, дабеглі да людзей, адзін бык вырваўся наперад, усадзіў рог чалавеку ў спіну і падняў небараку ў паветра. Калі рог урэзаўся ў цела, рукі чалавека павіслі, галава адкінулася назад, і бык, падняўшы ўгору ахвяру, шпурнуў яе на зямлю. Бык пагнаўся яшчэ за адным не ў меру цікаўным, але той шмыгнуў у натоўп, і натоўп прарваўся ў вароты, а за ім быкі. Чырвоныя вароты на арэну зачыніліся, і тыя, што сачылі знадворку з балконаў цырка, рынуліся ў сярэдзіну. Пачуўся крык, потым — ізноў крык.
    Чалавек, якога бык праткнуў, ляжаў ніцма ў прытаптанай гразі. Людзі, пералезшы цераз плот, шчыльна яго абступілі, і мне нічога не было відаць. 3 арэны даносіліся крыкі і енкі. Кожны крык азначаў, што бык напаў на людзей. I па гучнасці ляманту можна было здагадацца, наколькі жахліва тое, што там адбываецца. Нарэшце ўзвілася ракета ў знак таго, што валы справадзілі новых быкоў у загоны. Я адышоў ад плота і падаўся назад у горад.
    Вярнуўшыся, я зайшоў у кафэ выпіць кофе з грэнкамі. Афіцыянты падмяталі падлогу і вы-
    ціралі сталы. Адзін з іх падышоў да мяне і прыняў заказ.
    — Ну як прагон? Здарэнняў не было?
    — Я ўсяго не бачыў. Адзін чалавек цяжка паранены.
    — Як?
    — Сюды.— Я паклаў руку на паясніцу, a другую на грудзі, дзе, па-мойму, павінен быў вылезці рог. Афіцыянт кіўнуў і сурвэткай змёў кропікі са стала.
    — Небяспечная рана,— сказаў ён.— Усё дзеля спорту. Усё для забавы.
    Ён адлучыўся і праз хвіліну прынёс кафейнік і такі ж самы посуд з малаком. Афіцыянт пачаў наліваць малако і кофе адначасова. Два струменьчыкі з доўгіх рыльцаў змешваліся ў ёмістым кубку. Наліваючы, ён ківаў галавой.
    — Небяспечная рана, калі ў спіну.— Ён адставіў кафейнік і малочнік і падсеў да стала.— Рогам у спіну! А навошта? Забава. Пацеха. Як вы думаеце?
    — He ведаю.
    — Толькі так. Усё для забавы. Ім, бачыце, пацеха!
    — А вы не з тых, не з апантаных?
    — Хто? Я? Што такое бык? Грубая жывёла. Скаціна.— Ён устаў і паклаў руку на паяспіцу.— Рогам у спіну і наскрозь! Чуеце, наскрозь! Пажартавалі, называецца.
    Ён паківаў галавой, забраў посуд і адышоў. Міма ішлі па вуліцы два мужчыны. Выгляд у іх быў засмучоны. Афіцыянт аклікнуў іх.
    — Памёр,— апусціўшы галаву, паведаміў бліжэйшы.
    Афіцыянт спахмурнеў. Мужчыны прыбавілі кроку. Відаць, некуды спяшаліся. Афіцыянт падышоў да мяне.
    — Вы чулі? Памёр. Сканаў. Няма яго. Рогам у спіну і наскрозь. Усё для забавы. Ранішняя размінка. He, гэта ўжо занадта.
    — Шкада.
    — He люблю такой гульні, душа не прымае,— прамовіў афіцыянт.
    Удзень мы даведаліся, што забітага звалі Вісэнтэ Гіронес і што прыехаў ён з-пад Тафальі. Назаўтра прачыталі ў газетах, што яму было дваццаць восем гадоў, што ў яго была ферма, жонка і двое дзяцей. Як і да жаніцьбы ён кожны год прыязджаў на фэст. Яшчэ праз дзень з Тафальі прыехала яго жонка развітацца з нябожчыкам, а назаўтра ў капліцы святога Ферміна адбылася паніхіда, і труну на вакзал неслі члены тафальскага танцавальна-распівачнага гуртка. Паперадзе маршыравалі барабаншчыкі, заліваліся дудкі і флейты, а за труною ішлі жонка нябожчыка і яго двое дзяцей. Следам за імі ішлі ўсе члены танцавальна-распівачных гурткоў Памплоны, Эстэлы, Тафальі і Сангесы, каторыя маглі прысутнічаць на пахаванні. Труну пагрузілі ў багажны вагон, а ўдава з дзецьмі села ў адкрыты вагон трэцяга класа. Паравоз тузануў вагоны, і цягнік плаўна пакаціўся з узвышша, агібаючы плато, і памчаўся па раўніне ў Тафалью паўз палі, дзе на ветры калыхалася калоссе.
    Быка, які забіў Вісэнтэ Гіронеса, звалі Чарнагубы, быў ён прывезены з гадавальніка Санхеса Таберна пад нумарам 118, і быў ён трэцім быком, забітык: на арэне ў той жа дзень матадорам Педра Рамера. Пад радасны крык гледачоў быку адрэзалі вуха і паднеслі яго Педра Рамера, той, у сваю чаргу, перадаў яго Брэт, a яна загарнула вуха ў маю хустачку і пакінула вуха і хустачку разам з акуркамі цыгарэт «Му-
    раці» ў шуфлядзе начнога століка, каля свайго ложка, у атэлі Мантоі, у Памплоне.
    Калі я вярнуўся ў атэль, начны вартаўнік яшчэ сядзеў на лаўцы каля дзвярэй. Ён праседзеў тут усю ноч, і яму вельмі хацелася спаць. Калі я ўвайшоў, ён устаў. Адначасова са мной з’явіліся і тры служанкі, што былі раніцай у цырку і глядзелі быкоў. Смеючыся, яны патупалі наверх, а за імі падняўся і я ў свой нумар. Я скінуў чаравікі і лёг на ложак. Акно на балкон было адчынена, і сонца ярка асвятляла пакой. Спаць мне не хацелася. Учора я лёг а палове чацвёртай уночы, а ў шэсць мяне разбудзіла музыка. Сківіца балела з абодвух бакоў. Я крануў яе пальцамі, боль адчуваўся. Пракляты Кон! Мог бы раней каго ўдарыць, калі ў першы раз абразілі, і выехаць, не мазоліць вачэй. Як ён быў упэўнены, што Брэт кахае яго! I вырашыў астацца, спадзеючыся, што шчырая любоў пераможа. У дзверы пастукалі.
    — Уваходзьце.
    Увайшлі Біл і Майкл і прыселі на ложак.
    — Ну і прагон! Ну і прагон! — з хваляваннем вымавіў Біл.
    — А вы што? He былі? — запытаў Майкл.— Біл, пазваніце, каб прынеслі піва.
    — Вось дык раніца! — выціраючы пот, сказаў Біл.— А божа! I трэба ж так? Вось дык раніца! А тут яшчэ бедны Джэк! Мішэнь для практыкаванняў вар’ята баксёра.
    — Што там было ў цырку?
    — А божа, што тварылася! Расказвайце, Майкл.
    — Ды беглі, воўчае мяса, быкі гэтыя.
    А спераду натоўп. Адзін спатыкнуўся, другі на яго, і паваліліся кучай.
    — А быкі пруць і наляцелі на іх,— перабіў яго Біл.
    — Я чуў нейкі лямант.
    — Гэта Эдна крычала,— сказаў Біл.
    — Тут выскачылі хлопцы і давай махаць сарочкамі.
    — Адзін бык лётаў па арэне і перакідваў усіх за бар’ер.
    — Чалавек дваццаць забралі ў бальніцу,— паведаміў Майкл.
    — Вось дык раніца! Паліцыя направа і налева арыштоўвала самагубцаў, што лезлі быкам на рогі.
    — Нарэшце валы іх выправадзілі ў загон.
    — Цэлая гадзіна спатрэбілася.
    — Што вы? Чвэрць гадзіны, не больш,— не згадзіўся Майкл.
    — Ідзіце к чорту,— не выцерпеў Біл.— А яшчэ на вайне былі. Дзве з паловай гадзіны доўжылася для мяне.
    — А дзе ж піва? — запытаў Майкл.
    — А куды вы дзелі міленькую Эдну?
    — Толькі што правялі яе дадому. Адпачываць лягла.
    — Спадабалася ёй?
    — Вельмі. Мы сказалі ёй, што такія здарэнні тут кожную раніцу.