• Газеты, часопісы і г.д.
  • I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

    I ўзыходзіць сонца

    (Фэст)
    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1976
    55.26 МБ
    Рамера ўзяў вуха з рук свайго брата і падняў яго да ложы прэзідэнта. Прэзідэнт нахіліў галаву, і Рамера, апярэдзіўшы натоўп, які кінуўся за ім, падбег да нас. Ён перагнуўся цераз бар’ер і перадаў вуха Брэт. Потым радасна кіўнуў і ўсміхнуўся. Яго ўжо абступіў натоўп. Брэт аддала яму плашч.
    — Вам спадабалася? — запытаў ён.
    Брэт нічога не адказала, а толькі зірнула з падзякай. Ён глядзеў на яе, і абое ўсміхаліся. Брэт трымала вуха ў руцэ.
    — Асцярожна. Вуха ў крыві,— са смехам заўважыў Рамера.
    Гледачы адусюль кінуліся да яго. Некалькі падлеткаў крыкамі віталі Брэт. У натоўпе, апроч хлапчукоў, былі танцоры і п’яныя. Pa-
    мера павярнуўся і паспрабаваў прайсці праз натоўп. Але яго абкружылі, затрымалі, хацелі падняць і вынесці на руках. Ён выкручваўся, адбіваўся, вырваўся і пабег, каб выйсці. Ён не хацеў, каб яго выносілі. Аднак яго тут жа злавілі, абступілі вакол і паднялі ўгору. Яму было нязручна, ногі рассунуліся, і ўсё цела заныла. Яго неслі подбегам да варот. Ён успёрся на чыёсь плячо і паглядзеў вінавата ў наш бок. Яго вынеслі праз вароты з трыумфам, і следам рушыў натоўп.
    Мы ўсе трое вярнуліся ў атэль. Брэт паднялася наверх. Біл і я зайшлі ў сталовую на першым паверсе, елі крутыя яйкі і пілі піва. З’явіўся Бельмонтэ, ужо ў звычайным адзенні, з ім яго ўпаўнаважаны і двое іншых. Яны селі за суседні стол і заказалі абед. Бельмонтэ еў вельмі мала. Яны павінны былі а сёмай гадзіне ехаць цягніком у Барселону. На Бельмонтэ была сарочка ў блакітную палоску і цёмны пінжак, ён узяў яйкі ўсмятку, астатнія елі ўсё. Бельмонтэ нічога не гаварыў, а толькі адказваў на пытанні.
    Біла стаміў бой быкоў. Стаміўся і я. Мы абодва былі вельмі ўзрушаны, моўчкі елі яйкі, і я прыглядаўся да Бельмонтэ і яго людзей. Людзі за яго сталом былі грубыя і, відаць, прабіўныя.
    — Хадзем у кафэ,— сказаў Біл.— Хочацца выпіць мацнейшага.
    Гэта быў апошні дзень фэсту. Неба зноў зацягвала хмарамі. Народу — поўная плошча, і піратэхнікі рыхтавалі на вечар феерверк і накрывалі яго букавым голлем. Каля іх таўкліся хлапчукі. Мы прайшлі міма стойкі з ракетамі на доўгіх бамбукавых палках. Перад кафэ стаяў натоўп. Зайграла музыка. Пачаліся
    танцы. Праносілі на шастах волатаў і карлікаў.
    — Дзе Эдна? — запытаў я,
    — He ведаю,— адказаў Біл.
    Мы глядзелі, як набліжаецца апошні вечар фэсту. Пасля выпітага абсенту ўсё здавалася лепшым. Я піў яго без цукру, і ў роце прыемна гарчыла.
    — Шкада мне Кона,— прамовіў Біл.— Яму было вельмі цяжка.
    — А ну яго к чорту,— абазваўся я.
    — Як па-твойму, куды ён паехаў?
    — У Парыж.
    — А што ён там будзе рабіць?
    — Чорт яго не возьме.
    — He, сапраўды, што ён там будзе рабіць?
    — Прылепіцца зноў да сваёй былой каханкі.
    — А што ў яго за каханка была?
    — Знайшлася нейкая Фрэнсіс.
    Мы выпілі яшчэ абсенту.
    — Калі ты думаеш выехаць? — запытаў я.
    — Заўтра.
    Крыху памаўчаўшы, Біл сказаў:
    — Як бы там ні было, а фэст прайшоў цудоўна.
    — Праўда,— згадзіўся я.— Хоць чым-небудзь, а займаліся.
    — Нават не верыцца. Нейкі кашмар.
    — Якое тут дзіва! Я цяпер паверу ў што хочаш, нават у недарэчны кашмар.
    — Што з табой? Табе дрэнна? — запытаў Біл.
    — Горш не прыдумаеш.
    — Выпі яшчэ абсенту. Гэй, там, падыдзіце сюды. Прынясіце яшчэ гэтаму сеньёру.
    — Мне вельмі нядобра.
    — Пі. Пі, не спяшайся.
    Пачынала цямнець. Фэст разгуляўся ваўсю. Я адчуў, што п’янею, але ад гэтага мне не палепшала.
    — Ну як? — пацікавіўся Біл.
    — Пагана.
    — Выпі яшчэ.
    — He паможа.
    — А ты паспрабуй. Тут не ўгадаеш. Можа, гэтая чарка якраз і паможа. Гэй, вы! Яшчэ бакал гэтаму сеньёру.
    Я адразу наліў вады ў абсент і размяшаў, не даўшы ёй разысціся кроплямі. Біл кінуў у шклянку кавалачак лёду. Я пакруціў лёд лыжачкай у бураватай, мутнай вадкасці.
    — Смачна?
    — Вельмі.
    — He адразу, не адразу, a то вырве.
    Я паставіў шклянку. Я зусім не збіраўся ўсё выпіць адразу.
    — Я п’яны.
    — Ну і што?
    — Ты хацеў гэтага, хацеў?
    — Вядома. Выпі як след. Разгані нуду.
    — Ну добра, я п’яны. Ты гэтага хацеў?
    — Сядзь.
    — He хачу, не сяду. Я пайду ў атэль.
    Я быў вельмі п’яны. Я яшчэ ніколі не быў такі п’яны. Дабраўшыся да атэля, я падняўся наверх. Дзверы ў пакой Брэт былі адчынены. Я прасунуў галаву. Майкл сядзеў на ложку. Ён памахаў мне бутэлькай.
    — Джэк,— закрычаў ён.—Ідзі сюды.
    Я ўвайшоў у пакой і сеў. Перада мной усё хісталася, круцілася, і, каб перамагчы млосць, я пачаў углядацца ў нейкі прадмет.
    — А вы ведаеце,— прамовіў Майкл,— Брэт паехала з гэтым матадорам.
    — Быць не можа!
    — Праўда. Яна шукала вас, хацела развітацца. Паехалі ў сем гадзін. Цягніком.
    — Вось як?
    — I нашто яна гэта зрабіла?..
    — He трэба было.
    — Хочаце выпіць?
    — Я п’яны. Пайду лепш і лягу.
    — Што? Адурэнне найшло? I са мной было гэтак жа.
    — Лячу як у прорву.
    — Ого! Тады трэба спаць.
    Я выйшаў, дабраўся да свайго нумара і лёг. Ложак загайдаўся, як лодка ў моры, я сеў і ўтаропіўся ў сценку, каб гэтага не адчуваць. За акном на плошчы шумеў фэст. Цешацца, ну і няхай. Мне было ўсё роўна. Потым прыходзілі Біл і Майкл, звалі вячэраць. Я прыкінуўся, што сплю.
    — He будзіце, ён спіць.
    — П’яны ў дошку,— сказаў Майкл. Яны зніклі.
    Я ўстаў, выйшаў на балкон і пачаў глядзець, як танцуюць на плошчы. Свет перастаў круціцца. Ён стаў ясным і выразным, з лёгкай смугой па краях. Я памыўся, прычасаўся. Мой твар у люстэрку быў нейкі дзіўны. Я ціха спусціўся і ўвайшоў у сталовую.
    — Вось ён! — падаў голас Біл.— Малайчына, Джэк! Я ведаў, што ты не здрэйфіш.
    — Прывет цвярозаму! — абазваўся Майкл.
    — Есці захацелася, ну і прачнуўся.
    — Сёрбай суп. Цёпленькі,— прамовіў Біл.
    Нас было трое за сталом. Кампанія распадалася.
    ЧАСТКА
    ТРЭЦЯЯ
    РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
    Назаўтра ўсё скончылася. Фэст адгулялі. Я прачнуўся гадзіне а дзевятай, памыўся ў ванне, адзеўся і сышоў уніз. Плошча была пустая, і вуліцы бязлюдныя. На плошчы дзеці збіралі палкі ад ракет. Кафэ яшчэ толькі адчыняліся, і афіцыянты выносілі зручныя плеценыя крэслы і расстаўлялі іх у цяньку пад аркадай. Усюды падмяталі вуліцы і палівалі вадой са шланга.
    Я сеў у плеценае крэсла і адкінуўся на спінку. Афіцыянт падысці не спяшаўся. Аб’явы аб выгрузцы быкоў і дадатковых цягніках усё яшчэ бялелі на калонах аркады. Служыцель у сінім фартуху выйшаў з вядром вады і анучкай і пачаў здымаць аб’явы, драў паперу палосамі, шараваў і мыў там, дзе застаўся клей. Усё скончылася. Фэст адгулялі.
    Я выпіў шклянку кофе, і неўзабаве з’явіўся Біл. Ён перайшоў цераз плошчу, сеў за мой столік і таксама заказаў кофе.
    — Ну вось, ні шуму, ні грому,— сказаў Біл.
    — Гулянка скончылася. Калі паедзеш?
    — Сам не ведаю. Давай возьмем машыну. Ты ж, мабыць, у Парыж?
    — He. Маю ў запасе яшчэ цэлы тыдзень. Думаю махнуць у Сан-Себасцьян.
    — А мне ўжо хочацца дадому.
    — А што мяркуе Майкл? — запытаў я.
    — Паедзе ў Сэн-Жан-дэ-Люс.
    — Ну тады возьмем машыну і паедзем
    усе разам да Баёны. Там ты можаш сесці на вячэрні цягнік.
    — Добра. Паснедаем і паедзем.
    —■ Згода. Я бяру машыну.
    Мы паснедалі і разлічыліся. Мантоя не падыходзіў да нас. Рахунак прынесла служанка. Аўтамабіль чакаў каля пад’езда. Нашы рэчы шафёр пагрузіў на дах і прывязаў, а частку паклаў спераду каля сябе, і мы селі. Машына перасекла плошчу, павярнула на бакавую вуліцу, праехала пад дрэвамі, потым спусцілася з гары і памчалася прэч ад Памплоны. Падарожжа не здалося нам доўгім. У Майкла была бутэлька фундадору. Я глынуў разы два, не болып. Мы перавалілі цераз горы, пакінулі Іспанію, праехалі па белых дарогах праз густалістую, вільготную, зялёную Біскаю і апынуліся ў Баёне. Рэчы Біла мы здалі ў камеру хавання, і ён узяў білет да Парыжа. Яго цягнік адыходзіў у сем дзесяць. Мы выйшлі з вакзала. Машына чакала нас.
    — Машыну як, адправім? — запытаў Біл.
    — Падумаеш, клопат! — сказаў Майкл.— Давайце яшчэ пакатаемся.
    — Няхай так,— згадзіўся Біл.— Куды ж мы паедзем?
    — Паедзем у Біярыц і вып’ем.
    — Ну-ну, Майкл Шпурляй Грошы.
    Мы паехалі ў Біярыц і пакінулі машыну каля раскошнага рэстарана. Зайшлі ў бар, селі на высокія табурэты, выпілі віскі з содавай.
    — За гэта плачу я,— сказаў Майкл.
    — Разыграем.
    Мы высыпалі покерныя косці са скураной скрыначкі. Спачатку выйграў Біл. Майкл прайграў мне і перадаў буфетчыку стофранкавы білет. Порцыя віскі каштавала дванаццаць
    франкаў. Мы яшчэ выпілі, і Майкл ізноў прайграў. Усякі раз ён даваў буфетчыку на чай. У суседнім пакоі іграў добры джаз. Гэта быў утульны бар. Мы выпілі яшчэ раз, і я адразу ж выйграў, выкінуўшы чатыры каралі. Біл і Майкл не спынялі гульні. Майкл выкінуў чатыры валеты і выйграў. Потым выйграў Біл. Пад канец у Майкла засталіся тры каралі без прыкупу. Ён перадаў скрыначку Білу. Той страсянуў яе і выкінуў косці — тры каралі, туз і дама.
    — Вам плаціць,— сказаў Біл.— Майкл Шпурляй Грошы.
    — На вялікі жаль, не магу.
    — Чаму так?
    — Грошай няма. Каса парожняя. Вось тут у кішэні завалялася дваццаць франкаў. Вазьміце.
    Біл крыху змяніўся з твару.
    — У мяне толькі-толькі хапіла расплаціцца з Мантояй. I то яшчэ за шчасце лічу,— прызнаўся Майкл.
    — Выпісвайце чэк, я вам аплачу,— сказаў Біл.
    — Вельмі вам удзячны, але ж я не маю права выпісваць чэкі.
    — А дзе вы думаеце дастаць грошай?
    — Крыху буду мець. Мне павінны выслаць за паўмесяца на пражытак. А ў Сэн-Жан-дэЛюс ёсць гасцініца, дзе я магу спыніцца ў крэдыт.
    — А што рабіць з машынай? Адпусцім?— звярнуўся да мяне Біл.
    — I так можна, і гэтак. Адзін чорт. Няхай пачакае.
    — Вып’ем яшчэ па адной,— сказаў Майкл.
    — Ну што ж, піць дык піць. Цяпер за мой
    кошт,— сказаў Біл.— А ў Брэт ёсць грошы?— зірнуў ён на Майкла.
    — Наўрад. Амаль усе выдаткі ў Мантоі я аплаціў яе грашыма.
    — А пры сабе ў яе засталося што-небудзь? — запытаў я.
    — Наўрад. У яе ніколі не бывае грошай. Атрымлівае яна пяцьсот фунтаў у год, з іх трыста пяцьдзесят — працэнты яўрэям.
    — Нішто сабе абдзіралаўка,— заўважыў Біл.
    — Нажываюцца. Між іншым, яны не яўрэі. Гэта я так. Яны, здаецца, шатландцы.
    — Значыць, у яе зусім няма грошай — занепакоіўся я.
    — Напэўна. Што мела, усё мне аддала, ад’язджаючы.
    — А раз так, давайце, хлопчыкі, яшчэ па адной,— сказаў Біл.
    — Цудоўна! Ідэя! — павесялеў Майкл.— Абмяркоўваць фінансы — пустая справа.
    — Што праўда, то праўда,— згадзіўся Біл.
    Біл і я разыгралі, каму плаціць за выпіўку. Біл прайграў і заплаціў. Мы выйшлі з бара. Нас чакала машына.