I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

I ўзыходзіць сонца

(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
55.26 МБ
Брэт выйшла разам з Білам і далучылася да нас. За імі ззаду паказаўся Кон. Мы стаялі ў натоўпе і глядзелі, як дон Мануэль Аркіта, кароль феерверкаў, стоячы на маленькім памосце над людскімі галовамі, адпіхваў шары палкай і пускаў іх за ветрам. Аднак вецер гнаў іх уніз, і твар дона Мануэля Аркіты блішчаў ад поту ў святле яго адмысловага феерверку, які абрушваўся на людзей, з трэскам лопаўся і
скакаў пад нагамі, асыпаючы ўсіх іскрамі. I ўсякі раз, калі светлы папяровы пузыр пачынаў хіліцца, загараўся і падаў, людзі падымалі крык.
— He шанцуе дону Мануэлю,— сказаў Біл.
— Адкуль вы ведаеце, што яго завуць Мануэль? — запытала Брэт.
— У афішы сказана: «Дон Мануэль Аркіта, піратэхнік нашага горада».
— «Ілюмінаваныя шары»,— дадаў Майкл. «Ілюмінаваныя шары розных гатункаў». Так сказана ў афішы.
Вецер адносіў прэч гукі аркестра.
— I хоць бы адзін падняўся,— прамовіла Брэт.— Гэты дон Мануэль шалее ад злосці.
— He менш як тыдняў чатыры рыхтаваўся, каб яны ўзляцелі і спявалі ў небе «Слава святому Ферміну»,— прамовіў Біл.
— «Ілюмінаваныя шары»,— перадражніў Майкл.— Смурод, паскудства!
— Няма чаго тут стаяць. Хадзем адсюль,— сказала Брэт.
— Мілэдзі жадае выпіць,— далажыў Майкл.
— I як гэта ты здагадаўся,— кіўнула Брэт.
У кафэ было людна і шумна. На нас ніхто не звяртаў увагі. Свабодных столікаў не было. Шум такі, што звінела ў вушах.
— Давайце выйдзем адгэтуль,— прапанаваў Біл.
Пад аркадай не спынялася гулянне. Дзе-нідзе ў спартыўных касцюмах сядзелі за столікамі англічане і амерыканцы з Біярыца. Некалькі жанчын разглядвалі публіку ў ларнет. Мы сустрэлі дзяўчыну з Біярыца, з якою нядаўна нас пазнаёміў Біл. Яна жыла са сваёй
сяброўкай у «Гранд-атэлі». У сяброўкі разбалелася галава, і тая пайшла спаць.
— Тут ёсць бар,— паведаміў Майкл.
Мы пайшлі туды. Гэта быў «Міланскі бар»—цесны, другарадны шынок, дзе можна было перакусіць і ў заднім пакоі танцавалі. Мы ўсе селі за стол і заказалі бутэльку фундадору. У шынку людзей было мала. Ніякага ажыўлення не адчувалася.
— Ну і чортава мясціна,— сказаў Біл.
— Ранавата яшчэ.
— Прыхопім фундадор і вернемся пазней. He хачу я марнаваць вечар у гэтай яме,— расстроіўся Біл.
— Пойдзем паглядзім на англічан,— параіў Майкл.— Люблю глядзець на англічан.
— Жудасныя людзі,— прамовіў Біл.— I адкуль іх сюды прынесла?
— 3 Біярыца,— адказаў Майкл.— Яны прыехалі сюды паглядзець на невялічкі вясёленькі іспанскі фэст.
— Я ім пакажу фэст,— прамовіў Біл.
— А вы на рэдкасць прыгожая дзяўчына!— звярнуўся Майкл да знаёмай Біла.— Адкуль вы з’явіліся?
— Майкл, стоп! He туды!
— Вы толькі гляньце, яна ж красуня! Дзе я быў? Дзе былі мае вочы? Вы такая красуня! Мы з вамі знаёмыя, праўда? Хадзем са мной, Біл гэтак жа. Зробім англічанам фэст.
— Я ім пакажу фэст. Якога чорта ім трэба тут?
— Хадзем. Нас трое, і больш нікога. Зробім англійскай дрэні вясёлы фэст. Вы ж, мабыць, не англічанка? Я шатландзец. Ненавіджу англічан. Будзе ім зараз фэст. Пайшлі, Біл.
Праз акно нам было відаць, як усе трое,
узяўшыся пад рукі, падаліся ў кафэ. Над плошчай уздымаліся ракеты.
— Я яшчэ пасяджу тут,— сказала Брэт.
— I я з вамі застануся,— прамовіў Кон.
— I не думайце! — ускіпела Брэт.— Калі ласка, ідзіце адсюль куды-небудзь. Вы ж бачыце, нам з Джэкам пагаварыць трэба.
— Я гэтага не ведаў,— збянтэжыўся Кон.— Я толькі хацеў тут трошкі адпачыць, бо крыху выпіў.
— А іншай прычыны ў вас няма? Калі вы п’яны, ідзіце спаць. Спаць ідзіце, кажу.
Кон выйшаў.
— Што? Я з ім груба абышлася? — спыталася ў мяне Брэт.— Божа мой, як ён мне астачарцеў!
— Гэта праўда. Радасці з яго ніякай.
— Проста дыхнуць не дае.
— Дрэнна сябе паводзіць, дрэнна.
— Агідна паводзіць. А была ж магчымасць праявіць рыцарства.
— Напэўна і зараз стаіць за дзвярыма і чакае.
— А што? Ён можа. Ведаеш, мне цяпер ясна, што ў яго за настрой. Ён не можа паверыць, што гэта нічога не значыла.
— Ведаю.
— Ніхто іншы так бы сябе не трымаў. Ах, як мне абрыдла ўся гэта гісторыя! А Майкл? Таксама добрая штучка.
— Майклу вельмі цяжка.
— Ну так, ну цяжка. Але ж гэта не дае права быць свіннёй.
— Усе трымаюцца дрэнна,— сказаў я.— Абы адпаведны выпадак.
— Ты б іначай трымаўся,— Брэт глянула на мяне.
— Я быў бы такім жа аслом, як Кон.
— Ах, мой любы, не будзем выдумляць глупствы.
— Добра. Гавары аб чым хочаш.
— He сярдуй. У мяне няма нікога, апроч цябе, а мне так сумна сягоння.
— У цябе ёсць Майкл.
— Ёсць Майкл. Яшчэ адзін скарб на маю горкую долю.
— Вось што. Майклу чартоўскі балюча глядзець, як тут каля цябе ўвесь час аціраецца Кон.
— Ведаю, любы. Калі ласка, не ўспамінай пра гэта, мне і без таго дрэнна.
Брэт была ўзрушана як ніколі. Яна адварочвалася ад мяне і пазірала ўдалячынь у нейкім здранцвенні.
— Можа, пройдземся? — запытаў я.
— Так, так. Можна.
Я заткнуў бутэльку фундадору і аддаў буфетчыку.
— Вып’ем яшчэ	трошкі,— прамовіла
Брэт.— Можа, нервы супакояцца.
Мы выпілі яшчэ па чарцы духмянага, мяккага фундадору.
— Хадзем,— сказала Брэт.
Калі мы выйшлі, я ўбачыў Кона, які пільнаваў нас пад аркадай.
— Ну вось, ён тут,— прашаптала Брэт.
— Ён не можа ад цябе адарвацца.
— Няшчасная істота.
— А мне яго ніколькі не шкада. Ненавіджу яго.
— Я таксама ненавіджу,— прамовіла яна, задрыжаўшы,— за тое, што ён так мучыцца.
Я ўзяў яе пад руку, і мы пайшлі бакавою вуліцай далей ад людскога зборышча і агнёў
на плошчы. На вуліцы было цёмна і мокра, і мы накіраваліся да крапасных муроў на ўскраіне горада. Мы міналі шынкі і піўніцы, адкуль праз расчыненыя дзверы падала святло на мокрую, чорную дарогу і часамі даносіліся выбухі музыкі.
— Хочаш зайсці?
— He.
Мы ішлі па мокрай траве, потым падняліся на крапасную сцяну. Я паслаў на камень газету, і Брэт села. Над раўнінай вісеў змрок, і можна было бачыць горы. Высока над намі дзьмуў моцны вецер, гнаў хмары, і яны набягалі на месяц. Унізе пад намі чорныя крапасныя равы, а за імі купы дрэў і цень ад кафедральнага сабора і контуры горада ў месячным ззянні.
— He сумуй,— сказаў я.
— Мне так нядобра. Давай памаўчым.
Мы глядзелі на раўніну. Доўгія шэрагі прысадаў цямнелі пад месяцам. Па дарозе, што цягнулася ўверх, імчаліся аўтамабілі, пабліскваючы фарамі. На вяршыні гары свяціліся агні крэпасці. Унізе, налева, цякла паўнаводная рака, чорная і гладкая. На берагах яе цямнелі дрэвы. Усё як бы выплывала з начнога змроку. Брэт сядзела нерухома і ўглядалася ў прастор. Раптам яна здрыганулася.
— Холадна.
— Хочаш вярнуцца?
— Цераз парк.
Мы спусціліся ўніз. На небе зноў згушчаліся хмары. У парку пад дрэвамі было цёмна.
— Ты яшчэ любіш мяне, Джэк?
— Люблю,— адказаў я.
— Джэк, я прапала.
— Ты што?
— Я прапала. Я трачу розум, перада мной толькі ён — хлопчык Рамера. Мабыць, я ў яго закахалася.
— Я б гэтага не рабіў, будучы табой.
— He магу з сабой справіцца. Я прапала. Усё рвецца ўнутры.
— He рабі гэтага.
— He магу з сабой справіцца. Я ніколі не магла з сабой справіцца.
— Гэта трэба спыніць.
— Як? Якім чынам? Я нічога не магу спыніць. Вось. Ты адчуваеш?— Яна падала мне руку.— Усё ва мне калоціцца, сэрца калоціцца.
— He трэба гэтага рабіць.
— He магу з сабой справіцца. Я ўсё роўна прапала. Няўжо ты не разумееш?
— He.
— Я павінна нешта зрабіць. Я павінна абавязкова зрабіць тое, што мне хочацца. Я страціла павагу да сябе.
— He рабі гэтага.
— Любы, не прымушай мяне. Думаеш, лёгка мне цярпець гэтага няшчаснага Кона і дзікія ўчынкі Майкла?
— Нялёгка, вядома.
— He магу ж я ўвесь час напівацца.
— He.
— Любы мой, не пакідай мяне, калі ласка. Ты не пакінеш мяне, паможаш мне?
— Вядома.
— Я не кажу, што гэта добра. Хоць для мяне яно, можа, і добра. Бог сведка, ніколі я не адчувала сябе такой жывёлінай.
— I што ты хочаш, каб я зрабіў?
— Хадзем, знойдзем яго. Я хачу яго бачыць.
Мы ішлі цераз парк па гравійнай дарожцы ў змроку пад дрэвамі, выйшлі праз вароты на вуліцу і апынуліся ў горадзе.
Педра Рамера быў у кафэ. Ён сядзеў за сталом разам з іншымі тарэадорамі сярод газетных крытыкаў. Усе курылі цыгары. Калі мы ўвайшлі, яны зірнулі на нас. Рамера, усміхаючыся, пакланіўся. Мы занялі столік непадалёку.
— Папрасі яго перайсці да нас і выпіць з намі.
— Пачакай. Ён сам прыйдзе.
— He магу глядзець на яго.
— Чаму ж так? Ён жа табе сімпатьічны,— заўважыў я.
— Я заўсёды рабіла тое, што хачу.
— Ведаю.
— Якая я ўсё ж такі жывёліна!
— He перабольшвай.
— Мой божа, і чаго толькі жанчына не церпіць!
— Ты так думаеш?
— Дрэнь я, і больш нічога.
Я зірнуў цераз стол. Рамера ўсміхнуўся, сказаў нешта сваім суседзям і ўстаў. Ён падышоў да нас, я падняўся, і мы паціснулі рукі.
— Мо выпіць жадаеце? — запытаў я.
— Дазвольце, я вас пачастую,— сказаў Рамера, адсунуў крэсла і сеў, моўчкі папрасіўшы дазволу ў Брэт.
Трымаўся ён выдатна. Аднак не кідаў курыць. Цыгара была яму вельмі да твару.
— Вы любіце цыгары? — запытаў я.
— О так. Я ахвотна куру цыгары.
Гэта надавала яму сталасці. Ён здаваўся старэйшым. Я прыгледзеўся да яго скуры. Чыстая, гладкая і вельмі смуглая. На скроні відзён быў трохкутны шрам. Я заўважыў, што ён сочыць за Брэт. Ён здагадваўся, што між імі нешта ёсць. Мабыць, ён адчуў гэта, калі Брэт падала яму руку. Трымаў ён сябе вельмі асцярожна. Думаю, што ён быў упэўнены, але не хацеў рызыкаваць.
— Вы заўтра выступаеце? — запытаў я.
— 0 так. Альгабена быў сёння паранены ў Мадрыдзе. Вы чулі?
— He. I цяжка?
Рамера паківаў галавой.
— Дробязь. Вось сюды.— Ён паказаў далонь.
Брэт узяла яго руку і расправіла на ёй пальцы.
— О! Вы ўмееце гадаць? — прамовіў ён паанглійску.
— Часам гадаю. Жадаеце?
— О! Я вельмі люблю.— Ён паклаў руку на стол далонню ўверх.— Скажыце, што я жыць буду вечна і стану мільянерам.
Ён быў па-ранейшаму вельмі далікатны, але трымаўся больш рашуча.
— Гляньце, калі ласка, ці многа быкоў на маёй руцэ? — Ён засмяяўся. Рука ў яго была малая і вельмі зграбная.
— Тут тысячы быкоў,— адазвалася Брэт. Яна перастала хвалявацца і яшчэ болып пахарашэла.
— Багаты буду,— засмяяўся Рамера.— Па пяць тысяч песет за штуку,— сказаў ён мне паіспанску.— Чым яшчэ парадуеце?
— Добрая рука,— прамовіла Брэт.— Ён пражыве вельмі доўга.
— Гаварыце мне, а не вашаму другу.
— Я ж кажу, вы будзеце жыць вельмі доўга.