I ўзыходзіць сонца
(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
Пачуўшы пра анісаўку, нехта з кампапіі дастаў з-за пазухі маленькі бурдзючок і падаў мне.
— He, не. Hi ў якім разе. Дзякую.
— Піць, піць. Трэба піць. Каўтайце.
Я адпіў глыток. Гарэлка пахла лакрыцай, і ад яе адразу разлілося па целе цяпло.
— Дзе ж Кон, чорт бы яго, дзе ён?
— He ведаю,— адказаў Майкл.— Зараз запытаю.— А дзе наш п’яны сябрук? — звярнуўся ён па-іспанску.
— Вы жадаеце яго бачыць?
— Так,— сказаў я.
— Я не жадаю, гэта ён жадае,— ткнуў у мяне пальцам Майкл. Уладальнік бурдзючка з анісаўкай выцер губы і ўстаў.
— Калі ласка, за мной.
У самым заднім пакоі Роберт Кон спакойна спаў на парожніх бочках. У змроку яго твар быў ледзь відзён. Яго накрылі чужым пінжаком, а другі пінжак падсунулі пад галаву. На шыі і на грудзях красаваўся вянок з часнаку.
— He будзіце,— шапнуў мой спадарожнік.— Праспіцца і ўстане як міленькі.
Гадзіны праз дзве Кон з’явіўся. Так і прыйшоў да нас у часночным вянку. Іспанцы сустрэлі яго радаснымі крыкамі. Кон працёр вочы і вышчарыў зубы:
— Я, здаецца, уздрымнуў.
— Ды не. Што вы? I не думалі,— прамовіла Брэт.
— Нябожчык з труны вылез. I вянок целяпаецца,— пажартаваў Біл.
— А ці не пайсці нам вячэраць? — запытаў Кон.
— Што? Кішкі марш іграюць? Естачкі захацелася?
— А? Што? Ну так, я прагаладаўся.
— Жуйце часнок, Роберт,— параіў Майкл.— Жуйце часнок.
Кон прамаўчаў. Ён быў зусім цвярозы.
— Пайшлі павячэраем,— сказала Брэт.— Я яшчэ перад сном павінна выкупацца.
— Хадзем,— падтрымаў Біл.— Пара нашу даму даставіць у атэль.
Мы развіталіся з людзьмі, тутэйшымі і прыезджымі, паціснулі дзесяткі рук і выйшлі. На дварэ было цёмна.
— Колькі цяпер часу, як вы думаеце? —• запытаў Кон.
— Ужо заўтра,— адказаў Майкл.— Вы праспалі два дні.
— Ды не, я пытаю, каторая гадзіна?
— Дзесяць.
— Ну, і выпілі ж мы!
— Хто гэта мы? Вы спалі. Мы без вас выпілі.
Мы ішлі цёмнымі завулкамі, а паводдаль над плошчай узвіваліся ракеты. А калі дабраліся да атэля, плошча кішэла народам, і ў самай гушчы танцоры.
Вячэра ў атэлі была раскошная. У сувязі з фэстам падвоілі цэны і дабавілі некалькі новых страў. Павячэраўшы, мы падаліся ў горад. Помню, што я вырашыў не спаць усю ноч,
каб раніцай а шостай гадзіне паглядзець, як будуць гнаць быкоў, але сон мяне ўсё ж адолеў, і гадзіне а чацвёртай я заснуў. Астатнія не лажыліся.
Мой нумар быў замкнёны, ключа я не знайшоў, і я заваліўся на адзін з ложкаў у пакоі Роберта Кона, паверхам вышэй. Усю ноч знадворку шумеў фэст, але я не расплюшчваў вачэй, спаў не прыслухоўваючыся. Пабудзіў мяне трэск ракеты — сігнал, што там у канцы горада быкоў выпусцілі з загона. Зараз яны памчацца па вуліцах па дарозе ў цырк. Сон мой быў цяжкі, і я адчуваў, што спазніўся. Я апрануў паліто Кона і выйшаў на балкон. На вузенькай вулачцы ні душы. Балконы перапоўнены гледачамі. Раптам на вуліцы паказаўся натоўп. Людзі беглі, збіўшыся ў кучу. Яны пракаціліся валам праз усю вуліцу і рушылі далей у кірунку цырка, за імі следам новы вал, крыху меншы, пракаціўся яшчэ шпарчэй, нарэшце некалькі адсталых мільганулі як на крылах. Пасля чаго на вуліцы зноў стала пуста. I ў вольнае гала, матляючы рагамі, галопам рынуліся быкі. Хвіліна — і дзікі статак знік за паваротам. Нейкі чалавек зваліўся ў роў і ляжаў нерухома. Быкі прамчаліся міма, яго не заўважыўшы. Яны беглі прама, адзін пры адным.
А як відовішча скончылася, здалёк, з боку цырка, пачуўся радасны лямант. Людзі раўлі ад захаплення. Потым данёсся гучны выбух ракеты — гэта азначала, што бьікі прабеглі праз натоўп на арэну і адтуль у загон. Я вярнуўся ў пакой і лёг. Я шмат прастаяў босы на каменным балконе. Уся наша кампанія, напэўна, ужо ў цырку. У пасцель, у пасцель! Сагрэўшыся, я заснуў.
Разбудзіў мяне Кон. Ён пачаў раздзявацца і зачыніў акно, бо з суседняга балкона, насупраць цераз вуліцу, на нас паглядалі цікаўныя.
— Ну як, бачылі? — запытаў я.
— Бачылі. Усе былі там.
— Абышлося без ахвяр?
— Адзін бык на арэне кінуўся на людзей і паваліў чалавек сем.
— Брэт не спужалася?
— Гэта было так хутка, што не паспелі і ахнуць.
— Шкада, што я праспаў.
— Мы не ведалі, дзе вы. Мы падыходзілі да вашага пакоя, але ж ён быў замкнёны.
— А дзе вы былі ўсю ноч?
— Танцавалі ў нейкім будынку.
— Мяне змарыў сон.
— Спаць хачу страшэнна,— паскардзіўся Кон.— I калі гэты спектакль скончыцца?
— Толькі праз тыдзень.
Біл адчыніў дзверы і прасунуў галаву.
— Дзе ты хаваўся, Джэк?
— 3 балкона назіраў. А табе спадабалася?
— Цудоўна.
— А куды цяпер?
— Спаць.
Ніхто не падняўся раней дванаццаці. Снедалі мы пад аркадай. Туды вынеслі сталы. Народу ўсюды — рой. Давялося чакаць, пакуль вызваліцца мясціна. Паснедаўшы, пайшлі ў кафэ «Ірунья». I там людзей не прабіцца. I чым бліжэй быў пачатак бою быкоў, тым болып таўкатні каля столікаў. Усюды чуваць было нізкае, шматгалосае гудзенне, безупыннае і надакучлівае, як заўсёды перад боем быкоў. У іншыя дні, колькі б ні сабралася лю-
дзей, а такога шуму не было. Гудзенне нарастала, і мы танулі ў ім, рабіліся часткай яго.
Я раздабыў шэсць білетаў на ўсе баі. Тры месцы былі каля бар’ера, у першым радзе перад арэнай, а тры вышэй, у сярэдніх радах амфітэатра, на лавах з драўлянымі спінкамі. Майкл лічыў, што на першы раз Брэт не варта сядзець вельмі блізка, і Кон ахвотна далучыўся да іх. Мы з Білам пакінулі сабе месцы каля бар’ера, а лішні білет я папрасіў афіцыянта прадаць. Біл пачаў вучыць Кона, што рабіць і куды глядзець, каб не заўважаць коней. Білу ўжо даводзілася бачыць бой быкоў.
— Гэта мяне ані не турбуе. Я толькі баюся, што мне будзе нудна,— сказаў Кон.
— Вы так думаеце?
— He глядзіце на каня, калі бык яго прапора рагамі,— параіў я Брэт.— Сачыце за пікадорам, як той не падпускае быка, ганяе быка, а калі конь упаў паранены, не глядзіце, як ён канчаецца.
— Я трошкі хвалююся,— прамовіла Брэт.— Тут патрэбна вялікая вытрымка.
— У вас яна ёсць. Яно ўсё нічога, непрыемна толькі, калі конь... Але гэта нядоўга, хвіліны дзве. Вы адвярніцеся, калі вам нядобра стане.
— Будзе ўсё як найлепш,— супакоіў Майкл.— Я бяру яе пад нагляд.
— Сумаваць не будзеце, ручаюся,— сказаў Біл.
Я ўстаў.
— Схаджу ў атэль, вазьму бінокль, віно і вярнуся. I, калі ласка, без выпівак, каб ні ў аднмм воку.
— I я з табой,— далучыўся Біл.
Брэт усміхнулася.
Мы ішлі пад аркадай, хаваючыся ад спёкі. На плошчы было вельмі горача.
— Гэты Кон у мяне тут сядзіць,— гаварыў Біл,— лічыць сябе разумнейшым за ўсіх, а фанабэрыі колькі, бачыце, яму будзе нудна, бой быкоў — гэта нецікава, чуеце, нецікава.
— А мы ў бінокль праверым. Пабачым, як яго чэрці прышпораць.
— А ну яго ў пекла!
— А ён там даўно ўжо смажыцца.
— Так яму і трэба.
У атэлі на лесвіцы мы сустрэлі Мантою.
— Заходзьце,— запрасіў Мантоя.— Хочаце пазнаёміцца з Педра Рамера?
— Дзіва што хочам! — узрадаваўся Біл.— Хадзем да яго.
Мы падняліся на другі паверх і пайшлі за гаспадаром па калідоры.
— Ен займае восьмы нумар. Зараз яго адзяюць для выступлення,— паведаміў Мантоя.
Гаспадар пастукаў у дзверы і адчыніў іх. Пакой быў змрочны, акно, што выходзіла на вузкую вулачку, давала мала святла. Там былі два ложкі, строга падзеленыя перагародкай. Гарэла электрычнасць. Стройны юнак з суровым тварам стаяў у касцюме матадора. Вышываная жакетка яго вісела на спінцы крэсла. Яму толькі што накруцілі на паясніцу шаль. Чорныя валасы яго блішчалі ў электрычным святле. На ім была белая палатняная сарочка, і слуга-падручны, укленчыўшы, замацоўваў шаль, пасля падняўся і адышоў. Педра Рамера кіўнуў нам і з пачуццём уласнай годнасці паціснуў рукі. Мантоя сказаў, што мы самыя шчырыя балельшчыкі і прыйшлі пажадаць яму поспеху. Рамера слухаў вельмі сур’ёзна,
потым павярнуўся да мяне. Ніколі ў жыцці я не бачыў такога прыгожага хлопца.
— Вы пойдзеце на бой быкоў? — запытаў ён па-англійску.
— Вы гаворыце па-англійску? — аслупянеў я, адчуваючы сябе ідыётам.
— He,— усміхнуўся Рамера.
Адзін з трох мужчын, што сядзелі на ложках, наблізіўся да нас і запытаў, ці ўмее з нас хто па-французску.
— Калі жадаеце, то я буду перакладаць. Можа, вы жадаеце што-небудзь запытаць у пана Рамера?
Мы падзякавалі. Аб чым пытацца. Хлопцу дзевятнаццаць гадоў, адзін, калі не лічыць слугі-падручнага і трох прыхвасняў. Праз дваццаць мінут пачнецца бой. Мы пажадалі яму ўдачы і развіталіся. Ён стаяў пасярод пакоя стройны, прыгожы, са сваім слугой і світай, самотны і ўсім чужы.
— Цудоўны хлопец, праўда? — запытаў Мантоя.
— Прыгожы юнак,— пахваліў я.
— Тарэадор сапраўдны, тыповы,— сказаў Мантоя.
— Цудоўны хлопец.
— Пабачыце, які ён на арэне,— прамовіў Мантоя.
Бурдзюкі з віном былі ў маім пакоі, мы ўзялі большы, прыхапілі бінокль, замкнулі дзверы і спусціліся ўніз.
Бой быкоў прайшоў вельмі ўдала. Біл і я былі ў захапленні ад Педра Рамера. Мантоя сядзеў недалёка. Калі Рамера забіў першага быка, Мантоя злавіў мой позірк і кіўнуў галавой. Вось гэта матадор! Такіх даўно не было. 3 двух іншых матадораў адзін працаваў выдат-
на, другі так сабе. Але ніякага параўнання з Рамера, хоць быкі папаліся яму і няважныя.
Некалькі разоў у час бою я паварочваўся і глядзеў у бінокль на Майкла, Брэт і Кона. Відаць, яны адчувалі сябе добра. Брэт была епакойная. Усе трое сядзелі, падаўшыся наперад, апіраючыся па бетонныя поручні.
— Дай мне бінокль,— папрасіў Біл.
— Ну, як там нудзіцца Кон?
— Сядзіць, як жарэбчык. Трапло!
Калі пасля бою быкоў мы выйшлі, народу было — не праціснуцца. Мы не маглі ісці самі, а, папаўшы ў натоўп, як у глетчар, павольна плылі з ім да самага горада. Бой быкоў узрупівае кожнага, так і павінна быць, але наша ўзрушанасць была радасная і настрой прыўзняты, таму што бой на рэдкасць удаўся. Барабаны грукаталі, прарэзліва высвіствалі дудкі, у людскую плынь укліньваліся астраўкі танцораў. Танцоры плавалі ў жывым патоку, і не відаць было, што яны вырабляюць нагамі. Падскаквалі толькі галовы і плечы: уверх-уніз, уверх-уніз. Нарэшце мы вылузаліся з натоўпу і дабраліся да кафэ. Афіцыянт па нашай просьбе пакінуў тры вольныя крэслы, мы пілі абсент і пазіралі на танцораў.
— Што гэта за танец? — запытаў Біл.
— Па-мойму, хота альбо нешта падобнае.
— Ён мае некалькі пераходаў,— заўважыў Біл,— мяняецца мелодыя, мяняецца і танец.