• Газеты, часопісы і г.д.
  • I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

    I ўзыходзіць сонца

    (Фэст)
    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1976
    55.26 МБ
    — Вось куды мы будзем хадзіць, калі звядуцца грошы,— прамовіла Брэт.
    Жанчына, стоячы ў дзвярах крамы, пазірала на нас. Яна паклікала кагосьці ў доме, і тры дзяўчыны, падбегшы да акна, вытрашчылі вочы. Яны разглядвалі Брэт.
    Ля варот загона два кантралёры адбіралі білеты ў наведвальнікаў. Мы ўвайшлі. За агароджай раслі дрэвы і стаяў нізкі мураваны будынак. У канцы двара — мураваныя сцены двух аддзяленняў загона з адтулінамі, што як байніцы цягнуліся ўздоўж фасада кожнага аддзялення. Да сцяны былі прыстаўлены драбіны, і людзі залазілі наверх і размяшчаліся хто як умеў. Мы ішлі па траве між дрэў, каб
    хутчэй заняць месца, і бачылі вялізныя клеткі шэрага колеру, і ў кожнай знаходзіўся бык. Быкоў прывезлі цягніком з кастыльскага гадавальніка, згрузілі на станцыі з платформаў і даставілі сюды, каб выпусціць з клетак у загон. На кожнай клетцы дошчачка з кляймом гадавальніка і прозвішчам гаспадара.
    Мы ўскарабкаліся наверх і размясціліся на сцяне, адкуль відзён быў увесь загон. Мураваныя сцены былі пабелены, а ўнізе насыпана салома, і каля кожнай сцяны драўляныя кармушкі і жалабы для вады.
    — Паглядзіце туды,— сказаў я.
    За ракой на плато ўзвышаўся горад. На старадаўніх крапасных сценах і валах народу было процьма. Тры лініі ўмацаванняў чарнелі людзьмі, як тры чорныя стужкі. Вышэй, у вокнах дамоў, скрозь тырчалі людскія галовы. Паводдаль на краі плато на дрэвы паўзлазілі хлапчукі.
    — Яны чакаюць нечага, няйначай,— заўважыла Брэт.
    — Кожнаму хочацца быкоў пабачыць,— сказаў я.
    Майкл і Біл стаялі на процілеглай сцяне загона. Яны памахалі нам. Тыя, хто спазніўся, стаялі за намі і націскалі на нас, калі іх штурхалі ззаду.
    — Чаму яны не пачынаюць? — запытаў Роберт Кон.
    Да адной з клетак прывязалі мула, і той павалок яе да варот у сцяне загона. Загоншчыкі прыпадымалі і штурхалі яе ламамі, каб устанавіць якраз супраць варот. На сцяне стаялі напагатове другія служкі, каб адчыніць вароты загона і дзверцы клеткі. Адчыніліся вароты ў задняй сцяне, і ў загон убеглі два
    валы, круцячы галовамі і ўздрыгваючы худымі бакамі. Яны сталі разам каля сцяны, павярнуўшы галовы к варотам, адкуль павінен быў вьіскачыць бык.
    — Бедныя жывёліны,— сказала Брэт.
    Служкі на сцяне нагнуліся і адчынілі вароты загона, потым паднялі дзверцы клеткі.
    Я нахіліўся, прабуючы зірнуць у клетку. Там было цёмна. Нехта пастукаў па клетцы жалезным прутам. Усярэдзіне штосьці нібы ўзарвалася. Бык бушаваў, б’ючы рагамі направа і налева ў драўляныя дошкі. Потым я ўбачыў цёмную морду і цень ад рагоў, і, стукаючы капытамі па гулкіх дошках, бык рынуўся наперад, паслізнуўся пярэднімі нагамі на рассыпанай саломе і стаў, ускінуўшы высока галаву. Ён увесь дрыжаў, мускулы на шыі набраклі. Перад ім былі мураваныя сцены і людскі натоўп. Абодва валы падаліся бліжэй да сцяны, унурыўіпы галовы і не спускаючы вачэй з быка.
    Бык убачыў валоў і кінуўся на іх. Загоншчык, што пільнаваў каля кармушкі, гучна крыкнуў і моцна ляснуў капелюшом па дошках, і бык, не дабегшы да валоў, павярнуўся, сціснуўся, скочыў да кармушкі, дзе быў чалавек, шпарка-шпарка бадаючы рогам, каб выпараць яго адтуль.
    — Божа мой, якое хараство! — прамовіла Брэт.
    — Заўважце, як ён спрытна карыстаецца рагамі. Ён б’е злева і справа, як баксёр,— сказаў я.
    — Што вы гаворыце?
    — Паглядзіце.
    — Надта хутка. He магу адрозніць.
    — Чакайце. Зараз выпусцяць яшчэ аднаго.
    Каля варот стаяла ўжо другая клетка. У дальнім кутку загоншчык, хаваючыся за дашчаную загарадку, адцягваў увагу быка, і, пакуль бык сачыў за ім, клетку адчынілі і другі бык уварваўся ў загон.
    Ён адразу кінуўся на валоў, і два загоншчыкі, выбегшы са сваіх сховішчаў, паднялі лямант, каб спыніць яго. Яны крычалі: «А-а! А-а! То-ро!» — і махалі рукамі, але бык імчаўся прама. Валы павярнуліся бокам, каб прыняць удар, і бык усадзіў рогі ў аднаго з іх.
    — He глядзіце,— сказаў я Брэт.
    Але яна не адвяла вачэй і глядзела, як зачараваная.
    — Маладзец, калі вы такое можаце вытрымаць.
    — Бачыла. Сама бачыла. Ударыў спачатку левым рогам, а потым правым.
    — Вы проста герой!
    Вол як упаў, так і застаўся ляжаць, выцягнуўшы шыю, падвярнуўшы галаву. Раптам бык пакінуў яго і памчаўся да другога вала, што ўвесь час стаяў у дальнім кутку і, матляючы галавой, сачыў за ім. Вол нязграбна пабег, бык дагнаў яго, штурхануў лёгенька ў бок, адвярнуўся і злосна, натапырыўшы хіб, зірнуў на людское зборышча на сценах. Вол падышоў да яго і зрабіў выгляд, што хоча абнюхаць, і бык яшчэ разы два нядбайна баднуў вала. Потым ён абнюхаў вала, і абодва трушком пабеглі да першага быка.
    Калі наступны бык выйшаў з клеткі, усе тры — вол і абодва быкі — стаялі разам, зблізіўшы галовы і выставіўшы рогі супраць но-
    вага. За некалькі хвілін вол пасябраваў з быком, супакоіў яго і далучыў да чарады. Калі выгрузілі апошніх двух быкоў, статак быў у поўным зборы.
    Вол, якога пабароў бык, падняўся на ногі і стаяў, прыхінуўшыся да мураванай сцяны. Быкі не падыходзілі да яго, і ён не прабаваў далучыцца да чарады.
    Мы спусціліся па драбінах разам з натоўпйм і яшчэ раз зірнулі на быкоў праз адтуліны ў сцяне загона. Цяпер усе яны стаялі спакойна, апусціўшы галовы. Выйшаўшы, мы ўзялі экіпаж і паехалі ў кафэ. Майкл і Біл з’явіліся на паўгадзіны пазней. Па дарозе яны не раз спыняліся, каб выпіць.
    Мы сядзелі ў кафэ.
    — Выключнае	відовішча,— прамовіла
    Брэт.
    — А тыя два апошнія быкі такія ж задзірыстыя, як і першыя? — запытаў Роберт Кон.— Нешта яны вельмі хутка супакоіліся.
    — Яны адзін аднаго ведаюць,— растлумачыў я.— Бык небяспечны, калі ён адзін альбо калі іх два, тры.
    — Што значыць небяспечны? Усе яны звяругі, забойцы,— сказаў Біл.
    — Бык прагне забойства толькі, калі ён адзін. Вядома, каб ты зайшоў да іх, то, напэўна, адлучыў бы якога-небудзь ад чарады, і тады табе наўрад ці паздаровілася б,— сказаў я.
    — Ускладняеш занадта,— прамовіў Біл.— Чуеце, Майкл, ніколі не адлучайце мяне ад чарады.
    — Ну і быкі, д’яблы, а не быкі. Вы бачылі, якія ў іх рогі? — абазваўся Майкл.
    — Магутныя,— згадзілася Брэт.— Такіх яшчэ ніколі не бачыла.
    — А вы заўважылі, як бык пабароў вала? — пытаўся Майкл.— Бляск! Карціна!
    — Сумная карціна быць валом,— сказаў Роберт Кон.
    — Вы так думаеце? — ажывіўся Майкл.— А па-мойму, быць валом — гэта ў вашым гусце.
    — На што вы намякаеце, Майкл?
    — Валам спакойна жывецца. Яны заўсёды маўчаць і аціраюцца каля быкоў.
    Усім стала няёмка. Біл засмяяўся. Роберт Кон пакрыўдзіўся. Майкл даў сабе волю:
    — Вам бы спадабалася такое жыццё. Маўчаць, не гаварыць ні слова. А ну, Роберт, скажыце што-небудзь. А то сядзіць, маўчыць.
    — Я ж гаварыў, Майкл. Вы што, забылі? Пра валоў.
    — Калі ласка, яшчэ што-небудзь. Што-небудзь смешнае. Вы ж бачыце, што нам тут весела.
    — Перастань, Майкл. Ты п’яны,— заўважыла Брэт.
    — Я не п’яны. Я кажу сур’ёзна. Я хацеў бы ведаць, ці доўга яшчэ Роберт Кон будзе, як вол, круціцца каля Брэт?
    — Змоўкні, Майкл! Пакажы, што ты чалавек выхаваны.
    — Плюю на выхаванне! Хто тут добра выхаваны? Адны быкі тут добра выхаваны. А праўда, быкі цудоўныя? Спадабаліся яны вам, Біл? Што ж вы нічога не гаворыце, Роберт? Сядзіць, і выгляд як у нябожчыка. Дапусцім, Брэт начавала з вамі. Ну і што? Мужчын у яе было хоць адбаўляй, і не раўня вам.
    — Змоўкніце, Майкл,— крыкнуў Кон і ўстаў з-за стала.— Хопіць!
    — Ну-ну, заняў пазіцыю, нібы стукнуць намерыўся. He баюся! He напужаеце. Скажыце, Роберт, па-шчырасці, чаго вы тупаеце каля Брэт, як вол няшчасны? Хіба вы не бачыце, што вы лішні? Я, напрыклад, ведаю, калі я лішні. Няўжо вы не ведаеце, што вы лішні? Прыперліся ў Сан-Себасцьян, дзе вас ніхто не чакаў, і давай увіхацца каля Брэт, як вол няшчасны. Думаеце, гэта добра?
    — Змоўкніце! Вы п’яны.
    — Можа, і п’яны. А вы, вы чаму не п’яны? Чаму вы ніколі не напіваецеся, Роберт? Вы ж бачылі, што вам не свеціць у Сан-Себасцьяне, што вас ніхто з нашых знаёмых не запрашае? Вы ж не будзеце іх бэсціць! Што? Будзеце бэсціць? Я нават заступаўся за вас. Але ж яны ўсе адвярнуліся. Чаму, пытаю? Хіба яны нягоднікі? Вы ж не скажаце, што яны нягоднікі? Вы ж не будзеце іх бэсціць? Што? Будзеце бэсціць?
    — Адчапіцеся, Майкл.
    — Я ім ганьбы не даю. А вам што, на мазоль наступілі? Ходзіце каля Брэт, як цень. I што ў вас за манеры? Думаеце, мне гэта прыемна бачыць?
    — Філосаф знайшоўся, пра манеры разважаць,— умяшалася Брэт.— На сябе глянь, якія ў самога манеры.
    — Пайшлі, Роберт,— сказаў Біл.
    — Чаго вы прыляпіліся да яе, пытаю?
    Біл устаў і пацягнуў Кона за сабой.
    — Пабудзьце, пачакайце,— усхапіўся Майкл.— Зараз Кон будзе ўсіх віном частаваць.
    Біл і Кон выйшлі. Твар Кона быў бледна-
    жоўты. Майкл гаварыў як заведзены. Я сядзеў і слухаў. Брэт у абурэнні спыніла Майкла:
    — Змоўкні. He строй з сябе разумнага асла.— I адразу ж звярнулася да мяне: — Думайце, што хочаце, а ён казаў праўду.
    Майкл у момант астыў і загаварыў спакойна. Мы былі сябрамі і не любілі сварыцца.
    — He такі я п’яны, як прыкідваўся.
    — Ведаю, што ты не п’яны,— сказала Брэт.
    — Усе мы трошкі выпіўшы,— прамовіў я лагодна.
    — Я гаварыў толькі тое, што ведаю.
    — Але так, што брыдка было слухаць,— засмяялася Брэт.
    — Мазгоў у яго малавата, вось што. Прыехаў у Сан-Себасцьян, дзе ён нікому не патрэбен. Прывязаўся да Брэт і гатоў быў грызці вачамі. Глядзець было моташна. Паскуда!
    — Надта назойлівы, гэта праўда,— сказала Брэт.
    — Заўважце, у Брэт і раней былі каханкі. Яна мне ўсё расказвае. Яна мне давала чытаць лісты гэтага кавалера-самазванца, але я іх і ў рукі не ўзяў.
    — Ах, які высакародны ўчынак!
    — Ды не, вы ж ведаеце, Джэк. У Брэт былі мужчыны, былі, але ж не яўрэі, ніхто з іх пасля да яе не прыставаў.
    — Слаўныя хлопцы,— усміхнулася Брэт.— Але ўсё гэта глупства, не вартае размовы. Майкл мяне разумее, а я яго.
    — Яна мне давала лісты Роберта Кона. Я іх не чытаў, у рукі не ўзяў.
    — Дарагі мой, ты ніякіх лістоў не чытаеш. I маіх не чытаў бы.
    — Я не чытаю лістоў? Што за дзіўная думка?
    — Ты наогул нічога не чытаеш.
    — Няпраўда. Я шмат чытаю. Калі сяджу дома, абавязкова чытаю.
    — Скора і пісаць пачнеш,— пажартавала Брэт.— Так што, Майкл, абмяжуй свой запал. Мужна прайдзі праз гэта выпрабаванне. Ён тут, яго не прагоніш. He псуй, калі ласка, фэсту.
    — Добра, але ж і ён павінен трымацца як след.