I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

I ўзыходзіць сонца

(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
55.26 МБ
— Калі яны прыехалі?
— Учора. Я вам пакінуў вашы ранейшыя нумары.
— Цудоўна. А містэру Кэмбелу вы далі пакой вокнамі на плошчу?
— О так. Усё, як мы з вамі выбралі.
— А дзе яны зараз?
— Здаецца, пайшлі глядзець гульню ў пелоту.
— Ну, а калі ж быкі?
Мантоя ўсміхнуўся.
— Сёння ўвечары. А сёмай гадзіне прывязуць вільярскіх, а заўтра міюрскіх. Вы ўсе пойдзеце глядзець?
— Абавязкова. Яны ж ніколі не бачылі, як іх выгружаюць.
Мантоя паклаў руку мне на плячо:
— Там і сустрэнемся,— і яшчэ раз сарамліва ўсміхнуўся.
Гэта была яго прывычная ўсмешка, нібы
бой быкоў быў нашым з ім асабістьім сакрэтам, крыху ганебнай, але глыбока схаванай таямніцай, вядомай толькі нам двум. Ён так усміхаўся заўсёды, нібы ў гэтай таямніцы, якую толькі мы з ім разумелі, было нешта непрыстойнае для іншых. Людзям, якія не могуць зразумець, адкрываць яе нельга.
— Ваш друг таксама «апантаны»? — Мантоя ўсміхнуўся Білу.
— Спецыяльна прыехаў з Нью-Йорка на фэст у гонар святога Ферміна.
— Вось як? — прыветліва здзівіўся Мантоя.— Але ж ён не такі апантаны, як вы.
Ён ізноў далікатна паклаў мне руку на плячо.
— Такі самы. Апантаны не меней.
— А ўсё ж не так, як вы.
Апантанасць — гэта захапленне, страсць. Апантаны — гэта той, хто страшэнна захапляецца боем быкоў. Усе лепшыя матадоры спыняюцца ў атэлі Мантоі. Самыя заядлыя, самыя заўзятыя. Матадоры, што выступаюць выключна за грошы, таксама спыняліся часам, але ў другі раз ніколі не паказваліся.
Здольныя матадоры прыязджалі кожны год. У пакоі гаспадара атэля віселі іх фатаграфіі з уласнаручнымі надпісамі. Гэта былі падарункі самому Хуаніта Мантоі альбо яго сястры. Фатаграфіі матадораў, якіх Мантоя прызнаваў, віселі на сцяне ў рамках. Фатаграфіі матадораў, не надзеленых апантанасцю, Мантоя трымаў у шуфлядзе стала. На іх часта былі самыя хвалебныя надпісы. Але гэта не мела значэння. Аднойчы Мантоя выцягнуў іх усе з шуфляды і высыпаў у карзіну. He лічыў патрэбным захоўваць драбязу.
Мы з ім часта гутарылі пра быкоў і матадораў. Я спыняўся ў яго атэлі ўжо некалькі гадоў. Размова наша ніколі не цягнулася доўга. Проста было прыемна выяўляць пачуцці. Людзі з розных краёў, перш чым пакінуць Памплону, заходзілі на некалькі хвілін да Мантоі, каб выказаць свае думкі пра быкоў. Усё гэта, вядома, былі шчырыя балельшчыкі, з катэгорыі апантаных. Апантаным Мантоя заўсёды знаходзіў пакой, нават калі атэль быў перапоўнены. 3 некаторымі ён мяне часам знаёміў. Спачатку яны ставіліся да мяне фанабэрыста, падсмейваліся, што я амерыканец. Чамусьці лічылася, што амерыканцу не ўласціва сапраўдная апантанасць. Ён можа прыкідвацца, можа расчульвацца, але згараць ад страсці не можа. Калі ж яны пераконваліся ў шчырасці майго захаплення, а на гэта не патрэбен ні пароль, ні абавязковы допыт, хутчэй рабілася свайго роду вусная духоўная праверка, калі пытанні задаюцца намёкам, вельмі асцярожна,— тады яны гэтак жа з сарамлівай далікатнасцю клалі мне руку на плячо альбо гаварылі: «Харошы чалавек». Але часцей за ўсё яны імкнуліся крануць мяне фізічна. Нібы толькі фізічны дотык мог выявіць прысутнасць апантанасці.
Матадору, які да шаленства любіў быкоў, Мантоя мог дараваць усё. Ён мог дараваць нервовыя прыпадкі, паніку, брыдкія недарэчныя ўчынкі, любыя грахі. Апантанаму ён усё мог прабачыць. I ён адразу прабачыў мне ўсіх маіх сяброў. Ён нічым не падкрэсліваў гэтага, але нам абодвум было нейк няёмка гаварыць пра іх, як няёмка ўспамінаць коней, калі бушуе на арэне бык.
Біл не затрымліваўся і адразу падняўся наверх. Ён мыўся і пераадзяваўся ў сваім пакоі.
— Ну што, сагнаў ахвоту, нагаварыўся па-іспанску? — запытаў ён, убачыўшы мяне.
— Быкоў прывязуць увечары, сёння.
— Тады хутчэй знойдзем нашых, і ўсе туды.
— Добра. Яны, мабыць, сядзяць у кафэ.
— Білеты ўзяў?
— Узяў. На ўсе выгрузкі.
— А гэта цікава? — Ён нацягваў і цёр на шчоках скуру, правяраючы перад люстэркам, ці чыста выбрыўся.
— Вельмі цікава. Быкоў па адным выпускаюць з клетак у мураваны загон, а там іх чакаюць тутэйшыя валы, не даюць ім біцца. Быкі кідаюцца на валоў, а валы бегаюць наўкола, як дзеўкі-векавухі, утаймоўваюць іх.
— Яны ж, мабыць, боруць валоў?
— Напэўна. Часам як наляціць на вала, дык з таго і дух вон.
— I валы нічога не могуць зрабіць?
— Нічога. Адно што стараюцца пасябраваць з быкамі.
— У такім разе навошта яны?
— А каб супакойваць быкоў, не даваць ім бароцца, ламаць рогі аб сценку.
— Будучы валом, форсу не пакажаш.
Мы сышлі ўніз і цераз плошчу накіраваліся ў кафэ «Ірунья». На плошчы самотна стаялі дзве будкі для продажу білетаў. Акенцы з надпісамі «Сонца. Сонца і цень. Цень» былі зачынены. Іх адчыняць толькі напярэдадні фэсту.
Белыя столікі і плеценыя крэслы кафэ «Ірунья» мясціліся і пад аркадай і на тратуа-
ры, усюды, дзе іх можна было прыткнуць. Я пашукаў Брэт і Майкла. Яны былі тут. Брэт, Майкл і Роберт Кон. Брэт была ў берэце, якія носяць баскі. Майкл таксама. Роберт Кон — без капелюша, у акулярах. Брэт, убачыўшы мяне з Білам, замахала рукой і, пакуль мы да іх праціскаліся, прыжмурыўшыся, глядзела на нас.
— Прывет, сябры,— радасна абазвалася яна.
Брэт свяцілася шчасцем. Майкл паціснуў нам рукі з падкрэсленай добразычлівасцю. Роберт Кон таксама паціснуў, а што было яму рабіць, раз мы з’явіліся.
— Дзе вас нячыстая насіла? —запытаў я.
— Я прывёз іх сюды,— паведаміў Кон.
— Хлусня! — спыніла яго Брэт.— Мы б даўно прыехалі сюды, каб не ваша старанне.
— Ніколі б вы не прыехалі.
— Хлусня! А вы загарэлі, хлопчьікі. Біл зусім чорны.
— Ну, а рыба як? Лавілася? — запытаў Майкл.— Вельмі нам хацелася пабыць разам з вамі.
— Добра лавілася. Шкадавалі, што вас не было.
— Я збіраўся,— паведаміў Кон,— але вырашыў, што трэба спачатку іх прывезці.
— Каго? Нас прывезці? Хлусня!
— Значыць, удачна. I многа налавілі? — запытаў Майкл.
— Як калі. Іншы дзень штук па дзесяць, a то і болей на кожнага. 3 намі лавіў яшчэ англічанін.
— Па прозвішчу Гарыс,— дадаў Біл.— He ведалі такога? Ён таксама быў на вайне.
— Шчаслівы чалавек! — сказаў Майкл.—
Вясёлы быў час. Вярнуць бы ізноў тыя светлыя дзянёчкі!
— He етрой блазна.
— Вы былі на вайне, Майкл? — здзівіўся Кон.
— Давялося.
— Ён быў выдатны салдат,— прамовіла Брэт.— Раскажы ім, як твой конь імчаў цябе па Пікадзілі.
— He буду. Я ўжо чатыры разы расказваў.
— А мне дык ні разу,— падаў голас Кон.
— He буду. Гэта кладзе пляму на маю рэпутацыю.
— Раскажы ім пра свае медалі.
— He буду. Гэты выпадак ганьбіць маё добрае імя.
— А што за выпадак?
— Брэт вам раскажа. Яна расказвае ўсё, што ганьбіць маё добрае імя.
— Брэт, раскажыце.
— Расказаць?
— Лепш я сам раскажу.
— Якія медалі вы атрымалі, Майкл?
— Ніякіх медалёў я не атрымліваў.
— Але ж нейкія вам павінны былі даць.
— Абавязкова. Мабыць, мяне ўзнагародзілі, як і належыць. Але я не дамагаўся іх атрымаць. Аднаго разу спраўлялі ўрачысты банкет, на якім павінен быў прысутнічаць прынц Уэльскі, і ў білеце было напісана: з’явіцца з усімі ганаровымі адзнакамі. А ў мяне, натуральна, ніводнага медаля, і заехаў я да свайго краўца, і мой запрашальны білет зрабіў на яго моцнае ўражанне. Я падумаў, з ім можна мець справу, і гавару яму: «Дастаньце мне на грудзі медалі». Ён пытае: «Якія медалі, сэр?»
Я гавару: «Абы-якія. Дастаньце некалькі штук». Ён пытае: «А якімі медалямі вас узнагародзілі, сэр?» А я яму гавару: «I не ведаю нават. He магу ж я траціць час на чытанне ўсіх армейскіх бюлетэняў. Дастаньце любыя, і як мага больш. Выбірайце самі». I ён прынёс мне поўную скрыначку медалёў, ведаеце, невялічкіх такіх. Сунуў я тую скрыначку ў кішэню і забыў пра яе. I вось з’явіўся я на банкет, але ў той вечар забілі Генры Уілсана, сына амерыканскага прэзідэнта, і прынц Уэльскі на банкет не прыехаў, і кароль не прыехаў, і ў сувязі з жалобай усе гэтыя знакі на грудзях былі недарэчы, і госці пачалі іх адшпільваць, а мае ляжалі ў кішэні.
Ён змоўк і чакаў, калі мы будзем смяяцца. — I гэта ўсё?
— Усё. А што, хіба я дрэнна расказаў?
— А хіба ты добра ўмееш? — укалола Брэт.— Але з цябе як з гуся вада.
I мы ўсе засмяяліся.
— I вось яшчэ што,— пачаў Майкл.— Успомніў. Нуда на банкеце была страшэнная, я не выцерпеў і пайшоў адтуль у начны клуб. Праз некаторы час сунуў руку ў кішэню, a там скрыначка. I што б там такое, думаю. Ага, медалі. Праклятыя воінскія бляшкі. Я іх адрэзаў,— ведаеце, на стужках такіх вісяць,— і раздаў. Кожнай дзяўчыне па аднаму медалю. У якасці сувеніра. Яны былі ашарашаны. Вось гэта герой, ваяка! Падпіўшы, раздае медалі. Смяльчак!
— Раскажыце да	канца,— папрасіла
Брэт.
— А што, хіба не смешна?
Мы ўсе засмяяліся.
— Мы там з рогату клаліся, каб я так жыў. Праз некаторы час кравец шле мне запіску, патрабуе вярнуць медалі. Знарок чалавека прысылае. Паўгода мне лісты піша. Аказваецца, нехта прынёс яму медалі ў чыстку. Службіст нейкі ваенны. I так ён сваім дабром даражыў, што ледзь не ашалеў.— Майкл памаўчаў.— Туга прыйшлося беднаму краўцу.
— Што вы кажаце?— прамовіў Біл.— А я падумаў, што вы яго ашчаслівілі.
— Надзвычай сумленны кравец. Цяжка паверыць, цяпер на мяне глянуўшы. Я плаціў яму сто фунтаў у год, каб не чапляўся. I ён ніколі не прысылаў рахункаў. Маё банкруцтва — жахлівы ўдар для яго. I трэба ж, якраз пасля медалёў. Вось чаму ў яго лістах было столькі гневу.
— А як вы збанкруціліся? — запытаў Біл.
— Двума спосабамі. Спачатку паступова, а потым адразу.
— А што вас давяло?
— Сябры,— адказаў Майкл.— Надта многа меў сяброў. I ўсе адступіліся. А яшчэ крэдыторы. Мабыць, ні ў кога ў Англіі не было іх столькі, як у мяне.
— Раскажы, як цябе судзілі,— папрасіла Брэт.
— Нешта я не помню. Відаць, трошкі пад мухай быў тады.
— Трошкі! — аж крыкнула Брэт.— Налізаўся так, што ледзь прыпоўз.
— Дзівосны выпадак. Нядаўна сустрэў свайго былога кампаньёна. I ведаеце, цягнуў мяне выпіць, пачаставаць хацеў.
— Раскажы ім пра свайго вучонага абаронцу.
— He хачу. Вучоны абаронца быў таксама п’яны. He варта аб ім гаварыць. Пытаю, пойдзем мы глядзець, як выгружаюць быкоў, ці не?
— Пойдзем.
Мы паклікалі афіцыянта, расплаціліся і пайшлі праз увесь горад на другі канец. Я ішоў разам з Брэт, але Роберт Кон адразу нагнаў нас і прысуседзіўся. Наша тройца мінула гарадскую ўправу з вывешанымі на балконе флагамі, прайшла паўз рынак і спусцілася па крутой вулачцы да моста цераз Аргу. Народу глядзець быкоў валіла безліч. Экіпажы каціліся з узгорка, з грукатам пераязджалі мост, і над натоўпам пешых узвышаліся галовы коней, фурманоў і ляскалі бізуны. Прайшоўшы цераз мост, мы павярнулі туды, дзе быў загон. Па дарозе ўбачылі вінную краму з аб’явай на акне: «Добрае віно, 30 сентыма літр».