I ўзыходзіць сонца
(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
Цяпер ён ужо не саромеўся, яму прыемна было размаўляць са мной пасля таго, як ён даў зразумець, што між ім і Брэт нешта ёсць.
— Добра. А мы з Білам паснедаем і паедзем.
— Шкада, што я не магу. А так хочацца палавіць рыбу, цэлую зіму марыў пра гэта.— Ён расчуліўся.— Мне трэба застацца. Мой абавязак застацца. Як толькі яны прыедуць, я зараз жа прывязу іх.
— Пайду шукаць Біла.
— А я ў цырульню. Ведаеце, барада хутка расце.
— У кафэ пабачымся.
Я знайшоў Біла ў яго пакоі, брыўся перад люстэркам.
— Так, так. Ён мне ўчора ўсё расказаў,— загаварыў Біл,— прызнаўся як на споведзі, сентыментальны аболтус, што дамовіўся сустрэцца з Брэт у Сан-Себасцьяне.
— Хлусіць, гад.
— Ну, ну, не прымай да сэрца. Рана яшчэ злавацца, падарожжа толькі пачынаецца. I дзе гэта ты падчапіў сабе такога друга?
— He распытвай, не дражні.
Біл павярнуўся да мяне, напалову пабрыты, потым зноў пачаў гаварыць у люстэрка, намыльваючы шчокі.
— Мінулай зімой ты, здаецца, прысылаў яго да мяне ў Ныо-Йорк з пісьмом? Бо такі ўжо мой лёс — не сяджу на месцы. Што ён адзін, прыхапіў бы ты яшчэ з паўдзесятка сяброў-яўрэяў. — Ён пацёр бараду пальцам, глянуў у люстэрка і пачаў скрэбці зноў.
— Твае сябры гэтак жа не ўсе першага гатунку.
— Правільна. Ёсць і паскуды. Але ім далёка да Роберта Кона. I смешна тое, што ён хлопец нішто. Мне падабаецца. Але гнюсота такая, страх!
— Часамі ну проста — анёл.
— Ведаю. I ў гэтым самая жудасць.
Я засмяяўся.
— Смейся, смейся, табе што,— прамовіў Біл. — Пасядзеў бы ты з ім да другой гадзіны ночы.
— А што? Стала моташна?
— I не кажы. Што там за гісторыя ў яго з Брэт? Няўжо між імі нешта было?
Біл ухапіўся за бараду і пачаў яе варочаць.
— Напэўна. Яна ездзіла з ім у Сан-Себасцьян.
— Вось яшчэ дурасць апанавала! Навошта ён ёй?
— Ёй хацелася пакінуць Парыж, адна ж яна нікуды не ездзіць. Гаворыць, яна думала, што гэта яму на карысць.
— Ну і людзі! Робяць чорт ведае што! Паехала б з кім-небудзь іншым, са свайго асяроддзя. Альбо з табой,— ён папярхнуўся на гэтым слове,— альбо са мной. Чаму, напрыклад, не са мной? — Ён уважна агледзеў сябе ў люстэрка і шлёпнуў на шчокі густой мыльнай пенай. — Вось сумленны твар. Вось твар, якому можа даверыцца кожная жанчына.
— Яна ж яго ніколі не бачыла.
— Дарэмна. Усе жанчыны павінны яго бачыць. Твар гэты трэба дэманстраваць на ўсіх экранах краіны. Яго здымак трэба дарыць кожнай жанчыне пасля вянчання. Мацеры павінны гаварыць дочкам пра гэты твар. Сын мой,— ён паказаў на мяне брытвай,— ідзі з гэтым тварам на Захад, і ты праславіш нашу айчыну.
Ён нагнуўся над тазам, абмыў свой твар халоднай вадой, працёр адэкалонам і доўга глядзеўся ў люстэрка, адтапырыўшы верхнюю губу.
— Божа мой, які агідны твар! — прамовіў ён, любуючыся, і змоўк. — А што тычыцца твайго гэтага Роберта Кона, дык ён як струп на шыі, к чорту яго, і я вельмі рад, што ён
застаецца тут і мы паедзем лавіць рыбу без гэтага шэльмы.
— Што праўда, то праўда.
— Будзем лавіць фарэль. Будзем лавіць фарэль на рацэ Іраці, а цяпер хадзем снедаць і напампуемся віном на ўсю дарогу. А потым на аўтобусе з вецярком.
— Давай у «Іруныо», паядзім і на старт,— павесялеў я.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
Было нясцерпна горача на плошчы, калі мы, паснедаўшы, з мяшкамі і спінінгамі ў чахлах, рушылі да аўтобуса, каб ехаць у Бургетэ. На даху аўтобуса ўжо сядзелі людзі, па драбінах карабкаліся яшчэ пасажыры. Біл узлез наверх, Роберт Кон сеў побач — заняў мне месца, а я пайшоў назад у атэль і прыхапіў на дарогу некалькі бутэлек віна. Калі я вярнуўся, аўтобус быў бітком набіты. На чамаданах і скрынках, наваленых на даху, ціснуўся народ, і жанчыны дружна абмахваліся веерамі. Сонца прыпякала. Роберт злез, вызваліў маё месца, і я прымасціўся на адзінай лаве, прымацаванай удоўж.
Роберт Кон стаяў у цяню аркады, чакаючы, калі нас адправяць. Селянін-баск з бурдзюком віна на каленях сядзеў супраць нас, упёршыся спіною ў нашы ногі. Ён падаў бурдзюк Білу і мне, і толькі я сабраўся пакаштаваць яго выраб, баск раптам загудзеў, імітуючы сігнал да адпраўкі, і гэта было так нечакана, што я праліў віно, і ўсе засмяяліся. Ён папрасіў прабачэння і прапанаваў мне яшчэ раз глынуць. Выбраўшы момант, ён ізноў даў
гудок, і я ў другі раз папаўся. Жартаўнік, артыст, што ні кажы. Баскі былі задаволены. Сусед загаварыў з Білам па-іспанску, але Біл нічога не зразумеў і, каб захаваць годнасць, працягнуў яму бутэльку віна з нашых запасаў. Той адмовіўся. Вельмі горача, апроч таго, ён ужо выпіў нямала. Біл не адступаў. Сусед адпіў ніштаваты глыток, і бутэлька пайшла па руках у нашым канцы. Кожны далікатна браў бутэльку і прыкладаўся. Потым папрасілі заткнуць яе і схаваць. I ў знак падзякі ўсе наперабой пачалі нам падсоўваць свае бурдзюкі. Сяляне-баскі ехалі ў горы.
Нарэшце, пасля таго як імітатар гудка яшчэ разы два падмануў нас, аўтобус рушыў. Роберт Кон памахаў нам на развітанне, і ўсе баскі дружна памахалі яму ў адказ. Калі мы апынуліся за горадам, стала халадней. Прыемна было сядзець высока і праязджаць пад самымі дрэвамі. Дарога вяла ўніз, аўтобус імчаўся, падымаючы коламі пыл, і пыл апускаўся на дрэвы, і праз лісцё відзён быў за намі горад на крутым абрыве над ракой. Баск, які туліўся да маіх каленяў, паказаў на горад рыльцам бурдзюка і падміргнуў нам. Потым кіўнуў галавой.
— Ну як? Любата, а?
— Слаўны народ гэтыя баскі,— абазваўся Біл.
Баск, што быў каля нас унізе, вельмі загарэў, твар цёмны, як скура на сядле. У чорнай блузе, як і ўсе астатнія. Шыя маршчыністая. Ён павярнуўся і свой бурдзюк падсунуў Білу. Біл перадаў яму пачатую бутэльку. Баск адмоўна памахаў пальцам і вярнуў бутэльку назад, уціснуўшы корак далонню. Потым падняў угору бурдзюк.
— Трымайце. Вышэй, вышэй! — загадаў ён Білу.
Узяўшы бурдзюк, Біл адкінуў галаву і падставіў рот пад струменьчык віна. Каўтаў, смактаў, апусціў мех, і з барады пачало капаць.
— He так, не так! — крыкнулі баскі.
Гаспадар ужо сабраўся паказаць, як трэба піць, але тут нехта з моладзі выхапіў бурдзюк, падняў высока на выцягнутых руках і так моцна ціскануў, што віно з шыпеннем хлынула яму ў рот. Ён трымаў мех на адлегласці, і струмень віна, перш чым папасці ў рот, рабіў плаўную траекторыю. Хлопец каўтаў і каўтаў, спакойна і рытмічна.
— Гэй, ты, ласунчык! Чыё віно жлукціш? — не выцерпеў гаспадар.
Хлопец гарэзліва памахаў яму пальцам, a нам усміхнуўся вачамі, потым рэзка спыніў струмень, падняўшы рыльца, паклаў бурдзюк на ўлонне гаспадару, весела падміргнуў і адышоў. Гаспадар са смуткам абмацаў схуднелы бурдзюк.
Мы ўехалі ў нейкае мястэчка і спыніліся каля карчмы. Шафёр узяў там некалькі пасылак і павёў машыну далей. За мястэчкам дарога пайшла ўгору. Засеяныя нівы межавалі са скалістымі ўзгоркамі і падымаліся ўверх па спадзістых адхонах. Цяпер, калі мы ўзабраліся высока, вецер дзьмуў мацней, гайдаючы каласы. Дарога была белая і пыльная. Падняты аўтобусам пыл вісеў ззаду як заслона. Дарога выкручвалася ўсё вышэй і вышэй, і дагледжаныя залацістыя нівы засталіся ўнізе. Зрэдку яшчэ трапляліся лапіны палёў на голых схілах гор альбо каля быстрых ручаін. Мы крута павярнулі на абочыну, каб
прапусціць чараду ў шэсць мулаў, якія, адзін за адным, цягнулі вялізны фургон з таварам. I фургон і мулы былі пакрыты пылам. Зараз жа, следам, паказаўся другі фургон, з такой жа запрэжкай. Гэты быў гружаны лесам, і, калі мы аб’язджалі, паганяты мулаў падклаў пад колы тоўстыя тармазныя калодкі. Тут мясцовасць была зусім голая, узгоркі — адзін камень, а ў шчылінах ад дажджоў — цвёрдая спечаная гліна.
Мы абагнулі гару, і перад намі раптам адкрылася зялёная даліна, па якой працякаў ручай. Паабапал раскінулася мястэчка, усё ў вінаградніках, якія даходзілі да самых дамоў.
Мы спыніліся каля крамы. Шмат пасажыраў сышло з аўтобуса, і частку багажу на даху выцягнулі з-пад брызенту і спусцілі ўніз. Мы з Білам таксама злезлі і ўвайшлі ў краму — нізкае, цёмнае памяшканне, у якім віселі пад столлю сёдлы і вупраж, драўляныя вілы, вязкі парусінавых чаравікаў на вераўчанай падэшве, вяндліна і сала, белыя вяслы часнаку і гірлянды кілбас. Тут было халаднавата і змрочна, і мы стаялі перад доўгім драўляным прылаўкам, за якім дзве жанчыны прадавалі віно. На паліцах за імі — закускі і розны іншы тавар.
Мы выпілі па чарцы мясцовай гарэлкі і за ўсё заплацілі сорак сентыма. Я даў жанчыне пяцьдзесят, каб яна пакінула сабе на чай, але тая, думаючы, што я не пачуў цаны, барзджэй сунула мне здачу.
Увайшлі два баскі, з якімі мы ехалі, і абавязкова захацелі з намі выпіць. Спачатку яны пачаставалі нас, а потым мы пачаставалі іх, тады яны паляпалі нас па плячы і пачаставалі
яшчэ раз. Тады мы зноў паднеслі ім па чарцы, і ўсе разам выйшлі на сонца і палезлі на верх аўтобуса. Цяпер ужо месца хапала ўсім, і баск, які пёкся каля мяне на жалезным flaxy, сеў паміж Білам і мной. Жанчына, што прадавала напіткі, выйшла з крамы, выціраючы рукі аб фартух, і загаварыла з нейкім дзядзькам у аўтобусе. З’явіўся шафёр з дзвюма пустымі паштовымі кайстрамі, сеў за руль, навокал замахалі, і аўтобус рушыў.
Зялёная даліна хутка засталася ззаду, і мы зноў апынуліся ў гарах. Сусед з бурдзюком і Біл пачалі размову.
Нехта перагнуўся да нас цераз спінку лавы і запытаў па-англійску:
— Вы амерыканцы?
— Вядома.
— Я жыў там,— сказаў ён.— Гадоў сорак назад.
Гэта быў стары чалавек, смуглы, як і ўсе, з сівай шчаціністай барадой.
— Ну, і як?
— Вы аб чым?
— Спадабалася ў Амерыцы?
— 0, я ў Каліфорніі быў. Вельмі спадабалася.
— Чаму ж не засталіся там?
— Вы аб чым?
— Чаму вярнуліся адтуль?
— 0! Я вярнуўся жаніцца. I збіраўся туды зноў, але мая жонка не любіць вандраваць. А вы адкуль самі?
— 3 Канзас-Сіці.
— Я там быў,— сказаў стары.— Я быў у Чыкага, у Сэнт-Луісе, у Канзас-Сіці, у Дэнверы, у Лос-Анджэлесе, у Солт-Лейк-Сіці.
Ён старанна пералічыў усе гарады.
— А доўга вы былі ў Амерыцы?
— Пятнаццаць гадоў. Потым я прыехаў назад і ажаніўся.
— Вып’ем?
— Чаму ж не,— ажывіўся стары.— Гэтага ў Амерыцы не дастанеш.
— Колькі хочаш, абы былі грошы.
— А вы сюды прыехалі чаго?
— На фэст у Памплону.
— Вам падабаецца бой быкоў?
— Вельмі. А вам?
— Дзіва што. Як гэта, каб не падабаўся.— Крыху памаўчаўшы, стары запытаў: — А зараз куды едзеце?