I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

I ўзыходзіць сонца

(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
55.26 МБ
— He тое. Проста няшчасны выпадак.
— Ніколі не гавары пра гэта,— спахмурнеў Біл. — He прызнавайся. Тайна. Сакрэт. Як першы веласіпед Генры Форда.
Ён кідаўся словамі як жанглёр, а тут раптам змоўк. Ці не падумаў, што абразіў мяне намёкам на імпатэнтнасць? Мне хацелася завесці яго зноў — няхай трэплецца.
— He было ў яго веласіпеда. Ён ездзіў на кані.
— Казалі, быў веласіпед, на трох колах.
— Ну і што? Самалёт таксама на трох колах. Кіраванне такое ж.
— Але ж на педалі не трэба націскаць.
— Твая праўда,— згадзіўся я. — На педалі не трэба націскаць.
— Адставіць. Нецікава.
— А мне што. Веласіпед — таксама вынаходка.
— Форд і пісьменнік добры,— заўважыў Біл. — I ты таксама хлопец добры, цудоўны хлопец, малайчына. Ці хваліў цябе хто калінебудзь?
— Знайшоў добрага хлопца! Зусім я не малайчына.
— He прыкідвайся. Ты чартоўскі добры хлопец, і нікога я так не люблю, як цябе. У Нью-Йорку, вядома, я б гэтага не сказаў. Там бы ўраз вырашылі, што я мужалюб. Гэта было прычынай Грамадзянскай вайны. Аўраам Лінкальн быў мужалюб. Ён быў закаханы ў генерала Гранта. Гэтак жа як і прэзідэнт Джэферсан Дэвіс. Лінкальн вызваліў рабоў, пабіўшыся аб заклад. Судовая справа Дрэда Скота была сфабрыкавана Лігай сухога закону.
Джудзі О’Грэдзі і Палкоўнікава дама былі ў душы лесбіянкі. Секс растлумачвае ўсё. — Біл памаўчаў. — Ну як, гаварыць?
— Гавары.
— Больш нічога не ведаю. Астатняе даскажу ў абед.
— Стары пацук!
— Ад пацука чую.
Мы ўсунулі ежу і дзве бутэлькі віна ў рукзак, і Біл начапіў яго. Вудзінкі і сачкі я ўскінуў на плячо. Мы пайшлі дарогаю, перайшлі цераз паляну і выйшлі на лугавую сцежку, што вяла ў лес на схіле гары. Лугі былі няроўныя, трава густая, але нізкая, пагрызеная авечкамі. Каровы пасвіліся вышэй, у гарах. 3 лесу чуваць былі іх званкі.
Сцежка прывяла нас да бервяна, перакінутага цераз ручай. Бервяно было абстругана, сагнутае маладое дрэўца замяняла поручні. Каля ручая на пясчаным дне плыткай затокі чарнелі апалонікі. Мы падняліся на стромкі бераг і пайшлі зноў праз лугі і сенажаці. Азірнуўшыся, мы бачылі белыя домікі і чырвоныя дахі Бургетэ і белую дарогу, па якой імчаўся грузавік, падымаючы воблака пылу.
За лугамі нам папаўся яшчэ адзін ручай, быстрэйшы. Пясчаная дарога спускалася к броду і адтуль падымалася ў лес. Мы перабраліся цераз ручай па бервяне ніжэй броду, выбраліся на дарогу і ўвайшлі ў лес.
Лес быў букавы, дрэвы вельмі старыя. Карэнне вылазіла з зямлі, галіны перапляліся. Мы ішлі па дарозе міма тоўстых ствалоў, і сонечныя зайчыкі, прабіваючыся праз гушчу лісця, скакалі ў траве каля нашых ног. Навокал волаты дрэвы, лісцяная страха, але ў лесе не было змрочна. Hi падлеску, ні кустоў
не было, толькі мяккая, свежая трава, зялёная-зялёная, і прасторна расстаўленыя, магутныя шэрыя дрэвы, і ўражанне было такое, нібы гуляеш у парку.
— Вось гэта прырода,— сказаў Біл.
Мы ўзбіраліся на гару, увайшлі ў густалессе, а дарога ўздымалася ўсё вышэй і вышэй. Часам яна раптоўна нырала, потым ізноў крута ўзлятала ўверх, а мы ўсё ішлі ды ішлі, слухаючы лясны шум і званкі мірнай жывёлы. Нарэшце дарога вывела нас на вяршыню. Мы стаялі на грэбені самай высокай грады лясістых гор, якімі мы любаваліся з Бургетэ. На прагаліне паміж дрэвамі, на сонечным баку, раслі суніцы.
Потым дарога выбралася з лесу і пайшла нізам паўз грэбень. Перад намі былі рэдкія бязлесныя ўзгоркі і зараснікі жаўтазелю на шырокіх палянах. Паводдаль збоку цёмныя дрэвы і шэрыя валуны адзначалі стромкі бераг ракі Іраці.
— Нам трэба ісці дарогай паўз грэбень, абмінуць гэтыя ўзгоркі, дайсці да таго лесу на беразе і спусціцца ў даліну Іраці,— паказаў я.
— Вось дык прагулачка, тфу! — вылаяўся Біл.
— Далекавата. Дайсці туды, налавіць рыбы і спакойненька вярнуцца дадому.
— Спакойненька. Ткнуў у неба пальцам. Давалачэшся без ног туды і назад будзеш тупаць язык высалапіўшы, вось і ўсё рыбалоўства.
Падарожжа было доўгае, мясцовасць прыгожая. Стамлёныя, змораныя, мы абмінулі горы і з абрывістага берага сышлі ў нізіну Рыо-дэ-ла-Фабрыка.
Дарога вырвалася з лясной цяністасці ў
Ілюстрацыі
УЛАДЗІМІРА ЯШКЕ
сонечную спякоту. Наперадзе была рака. За ракой узвышаўся ўзгорак, на схілах якога расла грэчка і белы домік туліўся пад купаю дрэў. Было вельмі горача, і мы спыніліся пад дрэвамі каля плаціны.
Біл паклаў мяшок пад дрэвам, мы сашрубавалі вудзільны, начапілі шпулькі, прыладзілі ўсё іншае і падрыхтаваліся рыбачыць.
— А ты ўпэўнены, што ў гэтай лужыне ёсць фарэль? — запытаў Біл.
— А як жа. Аж кішыць.
— Я буду лавіць на муху. Ёсць у цябе мухі Макгінці?
— Ёсць. На, вазьмі.
— А ты як? На чарвяка?
— Вядома. Я буду тут, на плаціне.
— Тады я вазьму мух з сабою. — Ён насадзіў адну на кручок. — Куды лепш ісці?
— Уніз лепш. Але і наверсе рыбы поўна.
Біл пайшоў берагам па цячэнню.
— Чарвей вазьмі, чарвей,— параіў я.
— Пакінь сабе. Калі не будуць брацца на муху, пахаджу, пагуляю і вярнуся.
Біл спыніўся, углядаючыся ў раку.
— Слухай,— крыкнуў ён праз шум плаціны,— а ці не схаваць нам віно ў крыніцу, што каля дарогі?
— He турбуйся, схаваю,— адказаў я.
Біл памахаў мне рукой і пайшоў. Я выцягнуў з мяшка абедзве бутэлькі і панёс іх на дарогу, дзе з жалезнай трубы выцякала крынічка. Ніжэй трубы над раўчуком ляжала дошка. Я шчыльна загнаў коркі і, падняўшы дошку, апусціў бутэлькі ў ваду. Вада была такая халодная, што пальцы і кісць адразу анямелі. Я паклаў дошку на месца, спадзеючыся, што чужыя аматары не дабяруцца.
Спінінг напагатове стаяў каля дрэва. Я забраў яго, прыхапіў сачок, бляшанку з чарвямі і пайшоў на плаціну. Яе збудавалі, каб зрабіць раку прыгоднай для лесасплаву. Застаўка была паднята, і я, сеўшы на брус, назіраў, як плынь ракі, спакойная перад запрудай, бурна накіроўваецца ў вадаскат. За плацінай, там, дзе шумела і пенілася вада, было глыбока. I толькі я сабраўся чапляць прынаду, як з белай пены выскачыла на вадаскат фарэль і яе панесла ўніз. I адразу ж, не паспеў я начапіць чарвяка, другая выскачыла на вадаскат і знікла ў пырсках і грукатанні патока. Я прывязаў грузіла і закінуў лёску ў пеністую ваду каля самай плаціны.
Я не адчуў, як узяла першая фарэль; зразумеў, што торгае, толькі выбіраючы лёску, ірвануў і выцягнуў рыбу з белапеннага віру на драўляны насціл. Фарэль білася і тузалася, згінаючы вудзільна ледзь не папалам. Гэта была добрая фарэль. Я стукнуў яе галавой аб бервяно, яна затрапятала, выцягнулася і заснула. Я паклаў рыбіну ў мяшок.
А пакуль я з ёю займаўся, фарэлі выскаквалі з ракі чарадою і плюхаліся ў вадаскат. Я паспешна начапіў прынаду, закінуў вуду і такім жа чынам злавіў яшчэ адну. Неўзабаве я набраў шэсць штук. Усе яны былі прыблізна аднолькавага памеру. Я паклаў іх радочкам, галава да галавы, і доўга глядзеў. Яны былі прыгожага колеру, цвёрдыя і дужыя ад халоднай вады. Дзень быў спякотны, і я тут жа разрэзаў іх, выпатрашыў, выдраў жабры і выкінуў усё гэта на бераг. Потым спусціўся сам, вьімыў фарэлі ў чыстай, сцюдзёнай вадзе вышэй плаціны, нарваў папараці і пачаў укладваць іх у мяшок: слой папараці — тры фа-
рэлі, слой папараці — і яшчэ тры фарэлі, зверху таксама слой папараці.
Фарэль у зеляніне — вельмі прыгожа. Мяшок патаўсцеў, і я паклаў яго пад дрэва ў цень.
На плаціне было вельмі горача, і я паставіў бляшанку з чарвямі ў цень каля мяшка, дастаў кнігу і сеў пад дрэвам пачытаць, пакуль не з’явіцца Біл перакусіць.
Было крыху за поўдзень, ценю малавата, але я сядзеў, прыхіліўшыся да камля двух дрэў, што зрасліся ў адно, і чытаў. Гэта быў зборнік апавяданняў А. Э. Мэзана, і чытаў я дзівоснае апавяданне пра тое, як адзін чалавек замёрз у Альпах, праваліўся ў ледавік і прапаў. I яго нявеста дала слова чакаць свайго жаніха дваццаць чатыры гады, пакуль ледавік не вынесе яго цела ў марэну. Верны жаніх яе таксама чакаў, можа, яны і цяпер чакаюць, але раптам з’явіўся Біл. Ён трымаў у руцэ спінінг, сачок і торбу з фарэлямі і ўвесь спацеў. За шумам плаціны я не чуў яго крокаў.
— Ну, колькі налавіў? — запытаў Біл.
— Шэсць штук. А ты?
Біл сеў, разгарнуў торбу, паклаў вялікую рыбіну на траву. Потым дастаў яшчэ тры — адна большая за другую, і акуратна, радочкам размясціў іх у цяньку. Твар яго быў потны і шчаслівы.
— А як у цябе?
— Драбнейшыя.
— Пакажы.
— Я схаваў.
— Раскажы хоць якія?
— 3 тваю самую маленькую.
— Брэшаш!
— Каб жа брахаў, a то праўда.
— На чарвяка браў, няйначай!
— Ага.
— Гультай, цюхцель, ёлапень!
Біл паклаў фарэлі ў торбу і, размахваючы сваім трафеем, рушыў да ракі. Ён быў па пояс мокры, і я здагадаўся, што лавіў ён рыбу, ходзячы па вадзе.
Я падняўся на дарогу і забраў бутэлькі з віном. Яны былі халодныя, і, пакуль я вяртаўся, на шкле кропелькамі выступіла раса. Я расклаў наш полудзень на газеце, адну бутэльку адаткнуў, а другую паставіў пад дрэвам. Падышоў Біл, напхаўшы папараці ў торбу, выціраючы рукі.
— Праверым, што за віно.— Біл выцягнуў корак, падняў бутэльку і глынуў як мае быць. — У-у-у! Аж у вочы стукнула.
— Дай пакаштаваць.
Віно было, як лёд, і гаркаватае на смак.
— He так ужо і дрэнна,— пахваліў Біл.
— Добра, што халоднае,— сказаў я.
Мы разгарнулі скруткі з ежай.
— Курыца.
— Крутыя яйкі.
— Дай трошкі солі.
— Спачатку яйцо, а потым курыца,— распарадзіўся Біл. — Нават Браян у гэтым разбіраўся.
— Ён памёр. Учора прачытаў у газеце.
— Што ты кажаш? He можа быць.
— Праўда. Браян памёр.
Біл адклаў напалову аблупленае яйцо.
— Джэнтльмены,— прамовіў ён, выцягваючы з газеты курыную ножку,— я перайначваю парадак. У імя Браяна. У гонар Вялікага Грамадзяніна. — Спачатку курыца, а потым яйцо.
— Цікава, а ў які дзень бог стварыў курыцу?
— Вось яшчэ, адкуль нам гэта ведаць! — сказаў Біл, абсмоктваючы ножку.— He задавай пытанняў. Кароткае жыццё наша на зямлі. Дык будзем жа чэрпаць асалоду, верыць і дзякаваць.
— З’еш яйцо.
Біл размахваў курынай ножкай у адной руцэ і бутэлькай у другой.
— Узрадуемся дарам благаславёным. Выкарыстаем плоць птушак нябесных, акропім яе сокам вінаградных лоз. Карыстайся, пакуль жывы, брат мой.
— Глытай першы, а я потым, брат мой.
Біл такі добра глынуў.
— Ёсць і на тваю долю, брат мой. — Ён перадаў мне бутэльку. — Прэч сумненні, далоў хістанні! He будзем калупацца рукамі малпы ў спрадвечных тайнах курынага хлява. Прымем гэты цуд на веру і скажам проста — далучы свой голас да майго, брат мой... А што я павінен сказаць, а? — Ён ткнуў у мяне курынай ножкай і гучна прамовіў: — Я скажу табе. Мы скажам — і я асабіста ганаруся гэтым — мы скажам, укленчыўшы разам з табою, брат мой: не саромейцеся, людзі добрыя, схіляць калені тут, на ўлонні вялікай прыроды! Памятайце, што лясы былі першымі божымі храмамі. Укленчым і ўсклікнем: не ешце курынага мяса, бо такая ж плоць і ў Менкена.