I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

I ўзыходзіць сонца

(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
55.26 МБ
— Бліскуча танцуюць.
Перад намі на чыстым баку вуліцы танцаваў гурт падлеткаў. Яны выраблялі складаныя выкрутасы акуратна і з усёй сур’ёзнасцю. Кожны глядзеў сабе пад ногі. Іхнія чаравікі на вераўчанай падэшве тупалі і ляпалі па бруку. Наскі разам, пяткі ўбок. Пяткі разам, наскі
ўбок. Потым музыка рэзка абарвалася, тупатня скончылася, і танцоры, падскакваючы, рушылі па вуліцы.
— Вунь ідзе наша панства,— паказаў Біл.
Трое пераходзілі цераз вуліцу.
— Прывітанне, сябры,— сказаў я.
— Прывет, джэнтльмены, — сказала Брэт.— О, вы паклапаціліся захаваць нам месцы! Галантна з вашага боку.
— А я сцвярджаю,— сказаў Майкл,— гэты, як яго, Рамера, у ім нешта ёсць. Няпраўда, скажаце?
— Гэта проста цуд прыроды,— загаварыла Брэт.— А зялёныя штаны? Хараство!
— Брэт вачэй не магла адарваць.
— Заўтра абавязкова адбяру ў вас бінокль.
— Ну як? Добра?
— Цудоўна! Выдатна! Дасканала! Вось гэта відовішча!
— Ну, а коні?
— Я глядзела, як зачараваная.
— Вачэй не магла адарваць,— яшчэ раз пацвердзіў Майкл.— Ніякіх нерваў. Жалеза, сталь.
— Вядома, гэта жахліва, што з імі робяць,— прамовіла Брэт.— Але я не магла не глядзець.
— I вам не пашкодзіла?
— He.
— А Роберта Кона разабрала, — дадаў Майкл.— Аж пазелянеў увесь.
— Мяне засмуціў першы конь,— прамовіў Роберт.
— Што? Нуда агарнула? — запытаў Біл.
Кон засмяяўся.
— He. Ніякай нуды. Забудзьце пра гэта, калі ласка.
— Забудзем, калі вам не было нудна.
— Наконт нуды не ведаю, — прамовіў Майкл.— А толькі, я думаў, з яго кішкі выверне.
— Ды не. Мінута, і ўсё прайшло.
— Бач ты, а я думаў рвота пачнецца. Нават адсунуўся. He было нудна, дьік было моташна.
— Перастаньце, Майкл, не папракайце, што тады я сказаў неўпапад.
— Ну, і зялёны ж быў! Жывы нябожчык.
— Хопіць, Майкл! — умяшалася Брэт.
— Ніколі не кажыце, Роберт, упершыню папаўшы на бой быкоў, што вам будзе нудна,— павучаў Майкл.— Неасцярожныя словы бокам вылезуць.
— Хопіць, Майкл! — паўтарыла Брэт.
— Ён гаворыць, што Брэт садыстка,— чапляўся Майкл.— Хлусня! Яна мілая жанчына, храбрая жанчына, здаровая жанчына.
— Вы не садыстка, Брэт? — запытаў я.
— Здаецца, не.
— Ён назваў яе садысткай, бо ў яе моцны, здаровы страўнік.
— Хай за сваім здароўем сочыць,— пакрыўдзілася Брэт.
Білу ўдалося спыніць рызыкоўную размову, пераключыць гаворку на іншае. Афіцыянт прынёс на блюдзе чаркі з абсентам.
— Вам сапраўды спадабалася? — запытаў Біл у Роберта Кона.
— He магу сцвярджаць, што спадабалася, але відовішча незвычайнае.
— Страшэнна цікава! Цуд і яшчэ раз цуд! — сказала Брэт.
— Каб толькі коней не было,— прамовіў Кон.
— А што коні? Праз хвіліну на агіднае не звяртаеш увагі,— тлумачыў Біл.
— Спачатку ўсё ж неяк страшнавата,— прызналася Брэт.— Самае жудаснае, гэта калі бык кідаецца на каня.
— Быкі былі магутныя,— сказаў Кон.
— Добрыя быкі,— пацвердзіў Майкл.
— У наступны раз я хачу сядзець унізе,— прамовіла Брэт, глынуўшы з чаркі абсенту.
— Яна хоча зблізку пазіраць на матадораў,— дадаў Майкл.
— А яны гэтага варты,— з захапленнем прамовіла Брэт.— Гэты малады Рамера яшчэ зусім дзіця.
— На рэдкасць зграбны хлопец,— сказаў я.— Мы заходзілі да яго ў пакой. Як жыву, не бачыў прыгажэйшага.
— Колькі яму год, па-вашаму?
— Гадоў дзевятнаццаць — дваццаць.
— Падумаць толькі!
На другі дзень бой быкоў прайшоў яшчэ лепш. Брэт сядзела паміж Майклам і мной каля бар’ера, Біл і Кон у амфітэатры над намі. Героем дня стаў Рамера. Я ўпэўнены, што Брэт глядзела толькі на яго. Наогул да іншых удзельнікаў бою асабліва не прыглядаліся, калі не лічыць цвердалобых спецыялістаў. Педра Рамера — у цэнтры ўвагі. Былі яшчэ два матадоры, але яны не ў лік. Я сядзеў побач з Брэт і тлумачыў ёй ход падзей. Казаў ёй, што трэба сачыць за быком, а не глядзець на каня, калі бык кідаецца на пікадораў, вучыў прыглядацца, як пікадор утыкае вастрыё кап’я, каб яна ўявіла сабе самую сутнасць, дзеля чаго ўсё гэта робіцца, што ва ўсім ёсць свая паслядоўнасць, якая няўхільна прыводзіць да пэўнай развязкі, што бой быкоў — гэта свядо-
мы працэс, а не калекцыя нікчэмных жахаў. Я паказаў ёй, як Рамера сваім плашчом адводзіць быка ад паваленага каня, як ён яго спыняе плашчом, паварочвае спакойна і плаўна, стараючыся ані не знясіліць. Яна бачыла, як Рамера пазбягаў рэзкіх рухаў і аберагаў сваіх быкоў да канца, да фінальнага ўдару, не ганяў лішне, не ўводзіў у злосць, стамляў іх патрошку і паступова. Яна бачыла, як блізка да быка працуе Рамера, і я паказаў ёй спосабы, якімі карыстаюцца іншыя матадоры, каб ашукаць гледачоў, робячы выгляд, што і яны працуюць гэтак жа блізка. Яна зразумела, чаму ёй падабаецца, як арудуе плашчом Рамера, і не падабаюцца хітрасці іншых.
Рамера не мітусіўся, ніводнага лішняга руху, працаваў упэўнена, чыста і натуральна. Два другія круціліся штопарам, ускідвалі локці і аж туліліся да быка, пасля таго як рогі міналі іх, каб стварыць фальшывае адчуванне небяспекі. У выніку падобны падман псаваў работу і пакідаў непрыемнае ўражанне.
Рамера прымушаў па-сапраўднаму хвалявацца, бо кожны рух яго быў абсалютна правільны, і, стоячы амаль упрытык, адводзіў ад сябе рогі з матэматычнай дакладнасцю. Рамера не біў на эфект, не падкрэсліваў рызыкоўнасці. Брэт зразумела, чаму рухі матадора пакараюць сваім хараством у непасрэднай блізкасці ад быка і здаюцца смешнымі нават на невялічкай адлегласці. Я расказаў ёй, што, пасля смерці Хаселіта, матадоры распрацавалі такую тэхніку бою, што стварала выгляд небяспекі, выклікала страх, палохала, тады як па сутнасці ніякай пагрозы не было. Рамера паказваў майстэрства ранейшай школы — уменне падпарадкаваць быка сваёй волі, падрыхта-
ваць яго да фінальнага ўдару, прычым зрабіць гэта так, каб той адчуў, што чалавека адолець нельга.
— Ніводнага няспрытнага руху, нязграбнага жэста,— прамовіла Брэт.
— He было і не будзе, пакуль не спужаецца,— сказаў я.
— Такога і чорт не спужае,— дадаў Майкл.— Занадта многа ведае.
— Ведае ўсё з першых крокаў. Другі век не асвоіць таго, што яму дадзена з нараджэнпя.
— А які прыгажуп, божа мой! — прапіаптала Брэт.
— Вось дык фунт, закахалася ў гэтага тарэадора, няйначай,— заўважыў Майкл.
— Нічога дзіўкага.
— Джэк, будзьце другам. He расхвальвайце яго. Раскажыце ёй лепш, як яны б’юць сваіх старэнькіх мам.
— Раскажыце мне, як яны п’янствуюць.
— Жахліва. Ад рання да вечара, п’юць і п’юць і ўвесь час лупцуюць сваіх няшчасных мам,— пачаў выдумляць Майкл.
— Ён падобен на такога,— сказала Брэт.
— Усё можа быць,— згадзіўся я.
Да мёртвага быка падвялі і прыпрэглі мулаў. Служкі ляснулі пугамі, пабеглі, мулы рванулі, пусціліся ў галоп, і бык, з адкінутай галавой і задраным угору рогам, пасунуўся па арэне, пакідаючы шырокі след на пяску, і знік у чырвоных варотах.
— Зараз яшчэ адзін бык — і канец.
— Так хутка? — Брэт аблакацілася на бар’ер.
Рамера махнуў пікадорам, каб занялі пазіцыі, і стаяў адзін, прыклаўшы плашч да
грудзей, пазіраючы праз усю арэну туды, адкуль павінен быў з’явіцца бык.
Калі бой скончыўся, мы выйшлі, прабіваючыся праз густы натоўп.
— Гэты бой быкоў страшэнна стамляе. Я размякла і раскісла,— паскардзілася Брэт.
— Нічога, зараз вып’ем,— супакоіў яе Майкл.
На другі дзень Педра Рамера не выступаў. Быкі былі міюрскія і бой быў нецікавы. Наступны дзень — вольны паводле раскладу. Але фэст не спыняўся ні ўдзень, ні ўночы.
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
3 самай раніцы ішоў дождж. Горы завалакло туманам, які падымаўся з мора. Горных вяршынь не відаць. Плато імглістае, шэрае. Абрысы будынкаў і дрэў страцілі ранейшую выразнасць. Я выйшаў за горад зірнуць на прыроду. Цёмныя хмары паўзлі, падымаліся з мора.
Мокрыя флагі на плошчы звісалі з белых шастоў, палотнішчы сцягаў, вільготныя, цяжкія, прыліпалі да мокрых фасадаў, а дождж то церусіўся імжакай, то ліў як з вядра, заганяючы ўсіх пад аркаду. Плошча была пакрыта лужынамі, на вуліцах мокра, змрочна і пуста. Аднак фэст не спыняўся ні на хвіліну, ён толькі схаваўся пад дах.
Крытыя мясціны ў цырку былі перапоўнены аматарамі — ішло спаборніцтва танцораў і спевакоў, біскайскіх і наварскіх. Потым танцоры з Валь-Карласа ў нацыянальных вопратках паказвалі свой спрыт на вуліцы пад дажджом пад глухі грукат мокрых барабанаў, a
спераду на прысадзістых таўстаногіх конях, накрытых мокрымі посцілкамі, ехалі прамоклыя да ніткі кіраўнікі аркестра. Кафэ пад аркадай былі скрозь забіты людзьмі, туды ж прыйшлі і танцоры і нейк размясціліся, працягнуўшы пад стол ногі ў белых абмотках. Свае чырвоныя і бардовыя жакеткі яны павесілі супіыцца на крэслы і стрэсвалі ваду з адмысловых шапак са званочкамі. Дождж не пераставаў.
Я пакінуў мнагалюднае кафэ і пайшоў у атэль пабрыцца к абеду. I сама, калі я брыўся ў сваім пакоі, у дзверы асцярожна пастукалі.
— Уваходзьце!
Увайшоў Мантоя.
— Як сябе адчуваеце? — запытаў ён.
— Найлепшым чынам.
— Сягоння бою няма.
— Няма. Затое ёсць дождж.
— А дзе вашы сябры?
— У кафэ «Ірунья».
Мантоя далікатна ўсміхнуўся.
— Прабачце, што турбую,— звярнуўся ён да мяне.— Вы ведаеце амерыканскага пасла.
— Ведаю. Амерыканскага пасла ўсе ведаюць.
— Зараз ён тут, у Памплоне.
— Ну так. Яго ўжо ўсе бачылі.
— I я таксама.— Мантоя змоўк, а я зноў узяўся за брытву.
— Сядайце,— сказаў я.— Можа, вып’ем. Я папрашу, каб прынеслі віна.
— He, не. Мне трэба ісці.
Я скончыў брыцца, нагнуўся над тазам і апаласкаў твар халоднай вадой. Мантоя стаяў, хацеў нешта сказаць і саромеўся.
— Прабачце,— адважыўся ён нарэшце.—
У мяне толькі што быў нарачны з «Гранд-атэля» ад пасольскіх чыпоўнікаў, яны запрашаюць Педра Рамера і Марсіяла Лаланда да іх на кофе сягоння ўвечары.
— А што ж, Марсіялу гэта не пашкодзіць.
— Марсіял увесь дзень у Сан-Себасцьяне. Паехаў сягоння на машыне з Маркесам. Наўрад ці ўвечары вернуцца.
Мантоя засаромеўся яшчэ больш, чакаў, што я на гэта скажу.
— He перадавайце Рамера запрашэння,— параіў я.
— Вы так думаеце?
— Безумоўна.
Мантоя ўраз прасвятлеў.
— Я патурбаваў вас, паколькі вы амерыканец.
— На вашым месцы я б зрабіў так.
— Прабачце, бяруць такога хлопчыка. He ведаюць, чаго ён вартьі. He ведаюць, кім ён можа стаць. Чужаземцы могуць захваліць яго. Пачнецца са шклянкі кофе ў «Гранд-атэлі», a праз год прапашчы чалавек.