• Газеты, часопісы і г.д.
  • I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

    I ўзыходзіць сонца

    (Фэст)
    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1976
    — Ведаю,— сказаў Кон.— Вы ж мой самы лепшы друг, Джэк. Ці ж не так?
    «Дай божа чутае бачыць»,— падумаў я, a ўголас сказаў:
    — Забудзьце, і ніякай крыўды.
    — Вось і добра. Цудоўна. Запальчывы я, але гэта на хвіліну.
    — Вядома. Давайце закажам яшчэ чагонебудзь смачненькага.
    Паснедаўшы, мы пайшлі ў кафэ «Мір» піць кофе. Я адчуваў, што Кону хочацца яшчэ раз паслухаць пра Брэт, але ад размовы ўхіліўся. Пагаварылі аб тым аб сім, і, развітаўшыся, я пайшоў у рэдакцыю.
    РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
    А пятай гадзіне я быў у атэлі «Крыён» і чакаў Брэт. Яе там не было, я сеў і напісаў некалькі пісем. Пісьмы атрымаліся не надта складныя, але я спадзяваўся, што штамп атэля «Крыён» надасць ім вагі. Брэт усё яшчэ не прыходзіла, і ў без чвэрці шэсць я спусціўся ў бар і выпіў кактэйль «Джэк Роз» з буфетчыкам Жоржам. Брэт не заходзіла і ў бар. Я падняўся наверх і праверыў яшчэ раз, потым узяў таксі і паехаў у кафэ «Селект». Пераязджаючы цераз Сену, я заўважыў чараду парожніх барж на буксіры, яны высока ўздымаліся над вадой і плылі ўніз па цячэнню, і лодачнікі адпіхваліся шастамі, трапіўшы пад мост. Рака была цудоўная. Заўсёды прыемна ў Парыжы праязджаць па мосце.
    Таксі, абмінуўшы помнік тварцу семафора, фігура якога замяняла семафор, павярнула на бульвар Распай, і я адкінуўся назад, каб не глядзець на гэты кавалак дарогі. Ездзіць па бульвары Распай заўсёды было нудна. Гэта ўсё роўна як на шляху Парыж — Ліён — Марсэль ёсць перагон паміж Фантэнбло і Мантэро, які мне аж нутро выварочвае, калі праязджаю. Мабыць, такія мёртвыя мясціны ў дарозе ўзнікаюць дзякуючы пэўным асацыяцыям. У Парыжы ёсць вуліцы не менш брыдкія, чым бульвар Распай. Ідучы пехатой,
    я нейк не звяртаю на яго ўвагі, але ехаць па ім — жудасць, пакута. Можа, я вычытаў аб ім нешта такое. Гэта ж факт, што Роберт Кон, начытаўшыся ўсякай усячыны, плюе на Парыж. Дзіву даешся, як мог ён да рэшты страціць здольнасць чэрпаць у Парыжы радасць. Ці не ад Менкена? Менкен, па-мойму, ненавідзіць Парыж. Хапае на свеце маладых людзей, якія выхоўваюць свой густ па Менкену.
    Таксі спынілася перад «Ратондай». He важна, куды, у якое кафэ на Манпарнасе вы едзеце. Раз вы селі на правым беразе Сены, шафёр абавязкова завязе вас у «Ратонду». Гадоў праз дзесяць, відаць, кафэ «Купал» абгоніць «Ратонду». Ну, але мне было блізка. Я прайшоў міма бляклых столікаў «Ратонды» і накіраваўся ў «Селект». Там каля буфета таўклося некалькі чалавек. Знадворку сядзеў за столікам Харві Стоўн. Ён быў адзін, нябрыты, і перад ім стаяў стос парожніх талерачак.
    — Сядайце,— запрасіў Харві,— я вас чакаў.
    — А якая справа?
    — Ніякай справы. Проста чакаў вас.
    — На скачках былі?
    — He. Ад самай нядзелі.
    — Што пішуць з Амерыкі?
    — Нічога. Абсалютна нічога, Джэк.
    — Што ж такое?
    — He ведаю. Я парваў з імі. Канчаткова парваў.— Ён нахіліўся ўперад і зірнуў мне ў вочы.— Хочаце пачуць нешта цікавае?
    — Хачу.
    — Дык вось. Я ўжо дзён пяць нічога не еў.
    Я хутка прыкінуў у галаве. Тры дні назад
    Харві выйграў у мяне ў покер дзвесце франкаў у «Нью-йорскім бары».
    — Як гэта так?
    — Няма грошай. Грошы не прыйшлі.— Ен памаўчаў.— Дзіўная рэч, скажу вам, Джэк. У падобным становішчы я люблю быць адзін. Зашыцца ў свой пакой. Схавацца, як кот.
    Я пашукаў у кішэні.
    — Сто франкаў задаволіць вас, Харві?
    — Ну так.
    — Тады ўставайце. Хадзем паабедаем.
    — А куды спяшацца. Вып’ем спачатку.
    — Лепш бы вам з’есці чаго.
    — He. У падобным становішчы мне ўсё роўна — есці ці не есці.
    Мы выпілі. I Харві маю талерачку далучыў да сваёй кучы.
    — Вы знаёмы з Менкенам, Харві?
    — Ведаю. А што?
    — Які ён?
    — Ды так, нічога. Расказвае вясёленькія штучкі. Нядаўна я абедаў з ім. Гутарка зайшла пра Гафэнгеймера. «Бяда ў тым,— кажа Менкен,— што ён ханжа і трапло». Здорава сказана.
    — Здорава.
    — А наогул ён дайшоў да ручкі. Пра ўсё, што ведае, напісаў, а цяпер бярэцца за тое, чаго не ведае.
    — Можа, ён і нішто сабе,— заўважыў я.— А толькі чытаць яго, даруйце, не магу.
    — А хто яго цяпер чытае? Хіба што аматары навуковай балбатні Інстытута Аляксандра Гамільтона.
    — А што ж, і гэта дасягненне.
    — I яшчэ якое! — пацвердзіў Харві.
    Мы сядзелі, унурыўшыся, і доўга маўчалі.
    — Яшчэ партвейну? — запытаў я.
    — Давайце.
    — Кон ідзе. Глядзіце, Кон ідзе,— ажывіўся я.
    Роберт Кон пераходзіў цераз вуліцу.
    — Недапечаны,— буркнуў Харві.
    Кон падышоў да нашага стала.
    — Прывет, гультаі,— прывітаўся Кон.
    — Здароў, Роберт,— адазваўся Харві.— Я толькі што казаў Джэку, што вы недапечаны.
    — Як гэта разумець?
    — Гаварыце адразу, не думаючы. Што б вы зрабілі, каб маглі рабіць усё, што вам хочацца?
    Ашарашаны Кон наморшчыў лоб.
    — He ламайце галавы. Адказвайце не думаючы.
    — He ведаю,— збянтэжыўся Кон.— А нашто гэта вам усё ж такі?
    — Проста цікава, што б вы зрабілі. Першае, што прыйдзе ў галаву. Хоць бы гэта было найвялікшае глупства.
    — He ведаю,— паўтарыў Кон.— Думаю, піто, хутчэй за ўсё, ізноў пачаў бы гуляць у футбол, тым больш што цяпер я налаўчыўся.
    — Прызнаю сваю памылку,— прамовіў Харві.— Недапечаным называць вас нельга. Тут проста тыповы прыклад замаруджанага развіцця.
    — Ваша дасціпнасць вылазіць з рамак, Харві,— агрызнуўся Кон.— Сцеражыцеся! Сунуць вам калі-небудзь кулаком у морду.
    Харві Стоўн засмяяўся:
    — Вы так думаеце? He ваш клопат, не сунуць. Важна тое, што на ўсё гэта мне напляваць. Я не баксёр.
    — He наплявалі б, каб прыйшлося.
    — Толькі так: тфу, і ўсё. Тут у вас не вяжуцца канцы. Пэўны правал у галаве.
    — Хопіць пра мяне. Абрыдла слухаць.
    — Правільна: абрыдла. Плюю на ўсё. Вы для мяне нуль.
    — Даволі, Харві,— умяшаўся я.— Выпіце лепш чарку.
    — He, не буду. Перайду ў суседні рэстаран і там наемся ўволю. Яшчэ пабачымся, Джэк.
    Ён устаў з-за стала і пайшоў. Я глядзеў, як ён, не спяшаючыся, пераходзіць вуліцу сярод машын і агульнай мітусні, маленькі, каржакаваты, упэўнены ў сабе.
    — Кожны раз ён уводзіць у злосць,— сказаў Кон.— Цярпець яго не магу.
    — А мне ён падабаецца,— сказаў я.—• Люблю яго нават. He трэба на яго злавацца.
    — Ведаю. Але ж нервы не вытрымліваюць.
    — Ну, як пісалася? Зрабілі што-небудзь сёння?
    — He. Нічога не зрабіў. He клеіцца. Цяпер куды цяжэй, чым калі пісаў першую кнігу. Тапчуся на адным месцы.
    Тае дзелавітай упэўненасці, з якой ён вярнуўся ранняй вясною з Амерыкі, ужо не было. Тады ён не сумняваўся ў сваіх літаратурных здольнасцях, адно, што яго страшэнна вабілі розныя прыгоды. Цяпер гэта ўпэўненасць знікла.
    Я ўсё ж адчуваю, што не паказаў Роберта Кона з належнай выразнасцю. Справа ў тым, што, пакуль ён не закахаўся ў Брэт, я не чуў ад яго ні слова, якое б выдзяляла яго з агульнай масы. Ён хораша гуляў у тэніс, быў зграбны, спрытны і заўсёды ў форме, гуляў
    нядрэнна ў брыдж і нечым нагадваў рэзвага, свавольнага студэнта. У натоўпе ён губляўся, нічым асабліва сябе не выяўляў. Насіў сарочкі фасону «пола» — так іх называлі ў школе, дый цяпер, мабыць, назва тая ж, але штучнай маладосці на сябе не напускаў, франта з сябе не строіў. Вонкавы выгляд ён набыў у Прынстане, а ўнутрана аформіўся пад уплывам дзвюх жанчын, з якімі быў звязаны. Была ў ім мілая хлапечая шчырасць, якой, ні тая, ні другая, не змаглі яго пазбавіць. Гэтай рысы я яшчэ не падкрэсліваў. Напрыклад, ён страшэнна любіў выйграваць у тэніс. Хацеў быць не горшым за славутую Ленглен. Але, і прайграўшы, не скрыгатаў зубамі, не вешаў носа. 3 Ta­ro часу, як закахаўся ў Брэт, яго спартыўнае майстэрства пайшло прахам. Білі і абыгрывалі яго каму толькі ахвота. I ўспрымаў ён гэта вельмі спакойна.
    Дык вось, сядзелі мы на тэрасе кафэ «Селект», і Харві Стоўн толькі што перайшоў цераз вуліцу.
    — Махнём у «Клазэры-дэ-Ліла»,— вырашыў я.
    — У мяне спатканне.
    — У колькі гадзін?
    — Фрэнсіс будзе тут у сем пятнаццаць.
    — А вунь яна.
    Фрэнсіс Клайн ішла па той бок вуліцы і павярнула да нас. Росту высокага, крок размашысты. Яна памахала нам з усмешкай. Мы глядзелі, як яна пераходзіць цераз вуліцу.
    — Прывет, Джэк. Вельмі рада, што вы якраз тут. Ёсць у мяне да вас размова.
    — Добры дзень, Фрэнсіс,— падаў голас Кон. Ён усміхаўся.
    — Добры дзень, Роберт. I ты тут? — шпарка загаварыла яна.— У мяне сёння выдаўся такі пракляты дзень. Ён,— кіўнула яна на Кона,— не прыходзіў дадому абедаць.
    — А мяне і не чакалі.
    — Ведаю, ведаю. Але ж ты не папярэдзіў кухарку. Потым я дамовілася з Павулай, але яе не было ў рэдакцыі. Я паехала ў «Рытц» і чакала яе там, а яна не з’явілася. А ў мяне, вядома, не было столькі грошай, каб абедаць у «Рытцы»...
    — Ну, і што ж ты зрабіла?
    — Сышла, вядома,— яна гаварыла знарок вясёлым тонам.— Я заўсёды трымаюся свайго слова. Чаго ніхто іншы цяпер не робіць. Я ў гэтым пераканалася. Ну, як вы, Джэк? Што ў вас?
    — Усё ў парадку.
    — Прывёў у танцзал дзяўчынку-красуню, а ўцёк з гэтай Брэт.
    — Яна табе не падабаецца? — запытаў Кон.
    — Жывое ўвасабленне жаночых чар. А як на твой густ?
    Кон прамаўчаў.
    — Слухайце, Джэк. Мне трэба пагаварыць з вамі. Давайце пройдзем насупраць у кафэ «Купал». А ты, Роберт, пасядзі тут, добра? Хадзем, Джэк.
    Мы перайшлі бульвар Манпарнас і селі за столік. Падбег хлопчык-газетчык, і я купіў парыжскі выпуск «Таймса».
    — Што здарылася, Фрэнсіс?
    — Ды нічога, адно, што ён хоча кінуць мяне.
    — Як гэта кінуць?
    — Ды так, усім гаварыў, што мы пажэ-
    німся, і я папярэдзіла сваю маці і сказала многім, а зараз не хоча, і ўсё.
    — Што здарылася?
    — Убіў у галаву, што яшчэ не пажыў як след. Я прадчувала, што так яно і будзе, калі яго пацягнула ў Нью-Йорк.
    Яна глянула на мяне бліскучымі вачамі і загаварыла з падкрэсленай нядбайнасцю:
    — He хоча — не набіваюся. He выйду за яго замуж, ні за што не выйду. He хоча — не трэба. Толькі, мне здаецца, цяпер трошкі позна. Тры гады мы чакалі, і я нарэшце атрымала развод.
    Я маўчаў.
    — Мы збіраліся ўрачыста адсвяткаваць, a замест гэтага — сямейная драма. Як дзеці ўсё роўна. Жудасныя сцэны. Ён плача, кажа «будзь разумнай» і тут жа сцвярджае, што нічога перайначыць не можа.
    — Дрэнная справа.
    — Дзіва, што дрэнная. Два з паловай гады я на яго патраціла. I зараз проста не ведаю, ці ажэніцца са мной хто. Два гады назад я магла выйсці замуж за любога, там, у Каннах. Усе пажылыя кавалеры, хто хацеў мець гняздо і шукаў элегантную жонку, проста млелі па мне. А цяпер не думаю нават, што знайду каго.