Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі
Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі Лондан, 27-29 сакавіка 2014 г.
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 180с.
Мінск 2015
ТЭМА КАЛІНОЎСКАГА
Ў МАЛАДОЙ БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ*
Арнольд Макмілін, докт. філасофіі (Лёндан)
Постаць Кастуся Каліноўскага і яго страта на шыбеніцы прыцягваюць увагу беларускіх паэтаў, пачынаючы ад Францішка Багушэвіча (таксама ўдзельніка паўстаньня) ды такога ж бунтоўніка Адама Гурыновіча і да сёньняшняга дня. У XX ст. шмат паэтаў натхняліся вобразам гэтага нацыянальнага героя, а ў постсавецкі час усё часьцей гучыць тэма шыбеніцы, з празрыстым намёкам на Каліноўскага.
Адна з вехаў мінулага стагоддзя гэта драматычная паэма Аркадзя Куляшова «Хамуціус», напісаная ў 1970-х гг., другая вершы, п’есы і раманы Уладзіміра Караткевіча, жарснага выкладніка беларускай гісторыі праз мастацкае слова. Куляшоў і Караткевіч, хоць і выпадаюць з галоўнага фокусу майго дасьледаваньня, але менавіта яны значна паўплывалі на цяперашніх маладых паэтаў. Таксама ў гэтай сувязі трэба назваць нямы фільм Уладзіміра Гардзіна пра Каліноўскага, зьняты ў 1928 г. Наколькі мне вядома, ён недаступны на Захадзе. Але яго фрагменты можна знайсьці ў інтэрнэце.
Пераходзячы да галоўнага, хачу адзначыць, што многія сучасныя паэты зьвяртаюцца да тэмы паўстаньня наўпрост, некато-
* Паўнейшая версія гэтага артыкула надрукаваная па-ангельску ў альманаху М. Sajewicz, S. Kawalou, М. Korzeniowski (red.), «Studia Bialorutenistyczne» 8/2014.
рыя прыхавана, некаторыя праз гульнёвы/жартоўны верш, іншыя ускосна, закранаючы творы згаданых папярэднікаў, а найчасьцей праз тэму шыбеніцы, якая выклікае вобразы не толькі Каліноўскага, але таксама шматлікіх пакутнікаў нашых дзён.
«Дзе ты, Кастусь Каліноўскі?» верш маладой аўтаркі Тацяны Сівец. Вось яго першыя дзьве страфы:
Хутка Радзіма голасам боскім
Зноўку пакліча: «Кастусь Каліноўскі!» Шмат «абаронцаў», ды сэрцы іх з воску Дзе палымяны Кастусь Каліноўскі?
Невінаватых за кратамі мноства Ты не баішся, Кастусь Каліноўскі? 3 праўдай ідзем на ілжывыя войскі Сцяг утрымай наш, Кастусь Каліноўскі!
Тацяна Сівец не належыць да самых ярых змаганцаў між паэтаў свайго пакаленьня, тым ня менш яе занепакоенасьць станам роднай краіны відавочная. У якасьці прыкладу прывяду яскравыя ўступныя радкі трыялета: «Крыжы над плошчай гэта наш канец / Або працяг атрутнага шаленства», а таксама спашлюся на верш «У палоне», дзе рыфмуюцца словы краты і каты. (Зрэшты, ня першы дый не апошні раз у беларускай паэзіі пра няволю: «Хаваныя ценямі кратаў, / Вечнаў цемрадзі згубаў і лютасьці катаў»),
«Дзе ты, Кастусь Каліноўскі?» найноўшы твор, зьмешчаны ў анталёгіі Язэпа Янушкевіча, паказвае героя-пакутніка як магутнага і палымянага носьбіта беларускіх ідэалаў, надзвычай актуальных сёньня.
Малады паэт Анатоль Івашчанка ў 2013 г. напісаў верш «Каліноўскі», які зьяўляецца вольным перакладам песьні «Дубровскнй» вядомага расійскага барда і рок-сьпевака Барыса Грабеншчыкова. У вершы расійскія тапонімы замяняюцца на беларускія, а Дуброўскі ператвараецца ў Каліноўскага. Ва ўсім астатнім зьмест верша адпавядае арыгіналу.
Іншы малады аўтар Зьмітрок Кузьменка піша пра беларускую патрэбу роўнасьці і волі, бачыць у Каліноўскім сімбаль Радзімы
і перадае гэтую думку праз рыфму ў трэцім слупку свайго верша «Белая Русь»;
Роўнасьць і воля -
Мёртвы Кастусь.
Чорная доля Белая Русь.
Далучэньне Каліноўскага маладою паэткай і крытыкам Марыяй Мартысевіч да сьпісу «лузераў» у эсэі «Мужчыны, якіх мы выбіраем» выглядае ня столькі абразьлівым як дурасьлівым. Тым болей, што сярод ягоных таварышаў па «недалужнасьці» апынуліся такія славутыя асобы як Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі ды іншыя.
Аднак знойдзецца таксама некалькі ўзораў даволі ўдалай гульні нават з такою тэмаю як Кастусь Каліноўскі. Напрыклад, у сюррэалістычным вершы Зьмітра Пляна «...Мяне злавілі...» лірычны герой праходзіць праз шэраг такіх балючых зьнявагаў як адразаньне вушэй і заторкваньне рота кавалкам каўбасы. У выніку ён становіцца муміяй, загорнутай у туалетную паперу, і гэтак знаёміцца з Каліноўскім. Ды той не надта праймаецца ягоным лёсам: пазнаёмілі з
кастусём каліноўскім ён сьпеў мне песьню і сышоў
Як паэт-гумарыст і перакладчык найбольш вядомы Андрэй Хадановіч, які нарадзіўся ў 1973 г. і недзе на дзесяць гадоў старэйшы за раней названых паэтаў. Ягоныя звароты да Каліноўскага і зьвязанай з ім тэмы шыбеніцы часта, хоць і не заўсёды, маюць гумарыстычны характар. У 2002 г. у інтэрв’ю ён заўважыў, што калі сёньня возьмешся пісаць вершы «пад Каліноўскага», то ўжо назаўтра будзеш схоплены. Ён прызнаў, што ўважае за лепшае выяўляць свае палітычныя погляды ў іншай форме. Мусіць, самым яскравым сьведчаньнем гэтага зьяўляецца назва ягонага зборніка «Лісты з-пад коўдры» (2004), празрысты намёк на «Лісты з-пад шыбеніцы» Каліноўскага. У іншым інтэрв’ю Хадановіч
падкрэсьліў, што, як паэту новай генерацыі, яму імпануе пісаць пра Каліноўскага ад імя прыватнай асобы, а не «калектыву», як гэта рабілася раней.
Да твораў Хадановіча мы яшчэ вернемся пры разглядзе вобразу шыбеніцы, на якой загінуў Каліноўскі, вобразу, ня менш пашыранага ў найноўшай беларускай паэзіі ад вобразу самога героя.
Тэма «Лістоў з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскага ў сучаснай беларускай літаратуры грунтоўна разглядалася дасьледчыкамі Яраславай Ананкай і Генрыхам Кіршбаўмам (Heinrich Kirschbaum). За кропку адліку ў сваіх працах яны бяруць выбітны твор Веры Бурлак (якая часта падпісваецца псеўданімам Джэці) «Верш пра шыбеніцу». Прывяду цалкам гэты зьмястоўны твор, багаты на алюзіі, імгненна падхопленыя іншымі паэтамі:
Верш пра шыбеніцу
У двары на вуліцы Каліноўскага Для дзяцей паставілі шыбеніцу. Якую сьпісалі з турмы, Бо яна састарэла маральна.
I адразу прыбеглі дзеці, Каб гайдацца на ёй і падцягвацца, Каб поўзаць на ёй і караскацца I займацца карыснай гімнастыкай. А бацькі былі ўжо ня радыя, Бо забылі дзеці пра мульцікі, Пра ўрокі і пра кампутары Прыляпіліся сэрцам да шыбеніцы. Мамкі-нянькі грукаюць шыбінамі I крычаць ім: «Хутчэй дахаты!» I хвалююцца: што зь іх вырасьце? Баючыся вымавіць «шыбенікі».
Ды, здаецца мне, лепей шыбенікі, Так, я думаю лепей шыбенікі, Лепей, лепей дакладна шыбенікі, Лепей шыбенікі,
чым каты.
Што да Хадановіча, дык сярод напісанага ім напачатку стагоддзя ёсьць два вершы, якія не наўпрост, але беспамылкова вядуць да Кастуся Каліноўскага, «Сьпеў аб маім суіцыдзе» і «данс макабр». У больш вядомым з гэтых вершаў «Сьпеве аб маім суіцыдзе» аўтар сьцьвярджае, што сапраўдныя героі (змагары) самі сябе не забіваюць. У якасьці прыкладу ён згадвае ахвяраў гільяціны і спаленую на вогнішчы ангельцамі Жанну Д’Арк, а потым разважае пра павешаньне, быццам перагукваючыся з Верай Бурлак:
Самы цымус ня зіркаць углыб: кожны вечар фіранкі зашморгвай, бойся, шыбенік, позірку шыб!
Асацыяцыя шыбеніцы шыбы магла быць падказаная сугуччам гэтых словаў, а магла быць пэўнай спасылкай на Бурлак, адну з найбольш таленавітых пратэжэ Хадановіча. Некалькімі радкамі вышэй аўтар у сваёй характэрнай іранічнай манеры дзівіцца з колькасьці зданяў вайны і міру, захаваных у літаратуры, і гэтым ускосна падкрэсьлівае трываласьць памяці Каліноўскага:
Колькі прывідаў войнаў ды міру
Паўстае з рукапісных папер!..
Што тэатрам было за Шэкспірам, Мыльнай опэрай стала цяпер!
Чамусьці ў кніжным варыянце гэтага верша адсутнічае страфа, прысутная ў арыгінальным часопісным варыянце. Яе варта прывесьці, бо тут наўпрост называецца «вяроўка» (пятля), а таксама цытуецца, хоць і не зусім дакладна, апошні радок «Пагоні» Багдановіча, аднаго з найбольш патрыятычных твораў беларускай паэзіі:
Палка прагнуў далёкай вандроўкі і знайшоў пуцяводную ніць.
А чароўнасьці мыльнай вяроўкі
не разьбіць, не стрымаць, не спыніць!..
Намёкаў на Каліноўскага багата ў вершы «данс макабр». Тут і «пятля», і «павешаны», і гульня слоў «вісельня» «вясельля». Тут і вышуканая повязь паміж складаньнем (зацягваньнем) песень і пасыланьнем і-мэйлаў з-пад шыбеніц:
мы з табой цудоўныя песьні ў паражні парахні і плесьні зацягнулі б нібы пятлю як павешаны на перадвесьні раз памёршы ўжо не ўваскрэсьне ды па пальцы камень ня трэсьне: спадзяюся помню люблю вам з-пад шыбеніц шлем і-мэйлы
У «Пасланьні да беларускага пошт-мадэрніста» Хадановіч спасылаецца на Каліноўскага, дакараючы невядомага адрасанта, што драматызуе свае ўласныя праблемы:
Твой «ех infernis» амаль што «зь вёскі ад пэўнага дзеда»: Хочаш адказ атрымаць адрас зваротны пакінь!
А рэпартажы зь пятлёй на шыі, з-пад шыбеніц пісьмы Твой папярэднік табе ў горшых варунках пісаў.
Пераклады Хадановіча з французскай паэзіі таксама трапляюць у тэму шыбеніц і катаў. Тэксты нібыта адмыслова выбіраліся. Назвы гэтых перакладаў гавораць самі за сябе: «Эпітафія Віёна» з падзагалоўкам «Балада шыбенікаў» Франсуа Віёна, «Танец сьмерці» Шарля Бадлера, «Баль шыбенікаў» Арцюра Рэмбо.
Перш чым зьвярнуцца да надзвычай уплывовай постаці Уладзіміра Караткевіча, трэба заўважыць, што аніводны з паўстанцаў не выклікае ў сучаснай беларускай літаратуры гэткай цікавасьці, як Каліноўскі, хаця ў выдатным апавяданьні Уладзіміра Арлова «Пяць мужчын у лесьнічоўцы» малююцца рэальныя гістарычныя постаці ягоных паплечнікаў. Караткевіч сваім раманам «Каласы пад сярпом тваім», п’есай «Кастусь Каліноўскі: сьмерць і неўміручасьць», палкімі вершамі пра паўстаньне (напрыклад, «Павешаным 1863 года», «Нявесьце Каліноўскага») прычыніўся да таго, што Станіслаў Станкевіч з падказкі Адама Мальдзіса назваў «культам Кастуся Каліноўскага».
Апроч пералічанага, у драматызаванай паэме «Слова пра чалавечнасьць» пісьменьнік стварыў вобраз нязломнага Рыгора Чаховіча, нашчадка паўстанцаў па духу.
Нядзіўна, што Караткевіч служыць натхняльнікам і правадніком да герояў мінулага для маладзейшых творцаў. Напрыклад, Сяргей Коўган у сваім вершы «У Караткевічу» удзячны пісьменніку за навуку любові і разуменьня роднай зямлі і яе герояў, за тое, што дапамог узгадаваць
Павагу да нашых славутых продкаў, Што край баранілі ад ворагаў лютых I сьмерць напаткалі на гэтых узгорках, Крывёю і потам народа палітых.
Коўгану таксама належыць горача патрыятычны верш «Гімн паўстанцаў», дзе аўтар натхняецца не Каліноўскім, а іншым героем, з глыбейшай на тры стагодзьдзі даўніны, персанажам аповесьці Караткевіча «Сівая легенда» Раманам Ракутовічам: