Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі Лондан, 27-29 сакавіка 2014 г.

Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі

Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі Лондан, 27-29 сакавіка 2014 г.
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 180с.
Мінск 2015
46.25 МБ
25 Тамсама. С. 73.
26 Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы /
Уклад. Г. Кісялёў. Мінск: Беларускі кнігазбор, 1999. С. 46
на перамогу. Дарэчы, Генадзь Кісялёў у 1995 г. наступным чынам тлумачыў адносіны Каліноўскага з Варшавай: «Падтрымліваць і спрачацца, ісці, наколькі магчыма, разам, але адстойваць сваё.,.»27 Тэксты Яські-гаспадара з-пад Вільні 1862-1864 гг. сведчаць не столькі пра беларускі нацыяналізм, колькі пра пэўную эвалюцыю феномена ліцвінства і рэчпаспалітаўскага патрыятызму менавіта ў накірунку беларушчыны. Каліноўскі пачынаў як прадстаўнік ліцвінства, да якога належалі славутыя філаматы і філарэты, Адам Міцкевіч, Адам Кіркор, Юзаф Крашэўскі ды інш. Ліцвінства грунтавалася на ўсведамленні сваёй Радзімай гістарычнай Літвы, якая яшчэ не зведала нацыянальных канфліктаў і трактавалася як культурная і гістарычная цэласнасць. Але напрыканцы паўстання і жыцця Каліноўскага ў ягоных тэкстах усё больш выразна праяўляецца ўласна беларускі кампанент ліцвінства.
Дарэчы, Генадзь Кісялёў бачыў прысутнасць беларушчыны ўжо ў вядомым паролі віленскай арганізацыі: «Каго любіш? Люблю Беларусь. Так узаемна»28.
Беларушчына прысутная ў мове «Мужыцкай праўды» і «Пісьмаўз-пад шыбеніцы». Нельга трактаваць «Мужыцкую праўду» выключна як сродак прапаганды. Узровень беларускай мовы ў гэтых тэкстах даволі высокі, што сведчыць пра тое, што аўтар актыўна карыстаўся ёю. Безумоўна, важным індыкатарам яго беларушчыны быў лірычны верш, скіраваны да каханай Марыі Ямант (Марыські чарнабрэвай, галубкі маёй...), які напрыканцы ператварыўся ў паэтычны заклік да Народу працягваць змаганне...29 У першай частцы «Пісьмаў з-пад шыбеніцы», якая пісалася яшчэ да арышту і прызначалася для газеты «Glos z Litwy», Каліноўскі выказваўся пра неабходнасць адукацыі на беларускай мове30.
Таксама трэба адзначыць, што Яська-гаспадар з-пад Вільні ў «Пісьмах з-пад шыбеніцы», а таксама ў № 7 «Мужыцкай праўды»
27 Кісялёў Г. Смак беларушчыны. С. 388-389.
28 Кісялёў Г. Смак беларушчыны. С. 380.
29 Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. С 45.
30 Тамсама. С. 43.
атаясамляў сябе з мужыком-беларусам, выразна адмяжоўваючыся ад «маскалёў» і ад палякаў (ці ад «паўстання польскага»). Заклікаючы працягваць змаганне за волю, ён выказаўся за ўтварэнне самастойнага ўраду для Літвы-Беларусі: «Нам адно сільно з шчырай верай за сваё стаяці трэба, а ронд (урад) наш павінен быць на ўсе чуткі, каб для дабра народнага з усяго карыстаць»31.
Беларушчына таксама ў абароне уніяцкай царквы. Зліквідаваная ў 1839 г., яна заставалася балючай ранай у душах беларусаў. Адам Станкевіч бачыў у праўніяцкай прапагандзе Каліноўскага «падсьвядомае імкненьне беларускай яго душы да шуканьня сінтэзы, да шуканьня моцнага і найбольш адпаведнага грунту дзеля закапаньня рэлігійнага рову, які раздзёр беларускі народ на дзве варожыя часткі»32.
Каліноўскі быў выдатным канспіратарам. У XIX ст. гэта нараджала вялікія праблемы для паліцыі і генерала Мураўёва, сёння гэта праблема для даследчыкаў. Пэўная загадка Каліноўскага гэта загадка станаўлення беларускай ідэі...
Kastus Kalinohski and the Belarusian National Idea:
Research Problems
Alies Smalianchuk
HarodniaWarsaw
The Belarusian National Idea is usually taken to mean the idea of the sover­eignty of the Belarusian people and the uniqueness of their culture and mental­ity. The image of Kalinofiski as the bearer of this idea acquired its final shape in the Belarusian history writing of the 1990s. It was based mainly on the evi­dence offered by the official historian of the 1863 Uprising, Vasilii Ratch, and
31 Да беларускага люду. Лісты з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага II Маладосць. 1988. № 1. С. 139-142.
32 Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі, «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасьці Беларусі. Вільня, 1933. С. 30.
on the memoirs of two of the leaders of the Uprising, Jakob Gieysztor and Jozef Janowski.
However, one question has still been left unanswered: why do we find no clear expression of the Belarusian National Idea in Kalinoftski’s own writings? Moreover, there has as yet been no wide-ranging study of the texts produced by «Jaska, a yeoman farmer from near Vilnia»; this means that we cannot say with certainty which of those texts were actually produced by Kalinotiski himself, and which by others using the same pseudonym.
The problem of «Kalinotiski and the Belarusian National Idea» is not merely a question of his world view and his own sense of national identity. It must in­clude a study of how that National Idea arose and evolved. Clearly the idea of «belarusianness» could not have been understood in Kalinoftski’s time in the same way as it was understood at the time of the national renaissance at the beginning of the 20th century. It is surely more a question of observing a process of evolution away from an awareness of being a «Litvin» in the national sense and a citizen of the Polish-Lithuanian Commonwealth towards «being Bela­rusian». This is apparent, for instance, in the use of the Belarusian language in the publications of the Uprising, in the way in which the author of the «Letters from beneath the Gallows» identifies with the Belarusian peasantry, in the idea of an autonomous government for «Lithuania-Belarus», and also in his defence of the Uniate Church.
ПРАБЛЕМНАЕ ПОЛЕ ВЫВУЧЭННЯ СТУДЗЕНЬСКАГА ПАЎСТАННЯ 1863 г. У КАНТЭКСЦЕ РЭВАЛЮЦЫЙНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ К. КАЛІНОЎСКАГА
Аляксандр Радзюк, канд. гіст. навук (Гародня)
150-гадовы юбілей паўстання 1863 г., які адзначаўся ў 2013 г., выявіў надзвычай вялікую цікавасць да гэтай падзеі ў асяроддзі беларускага грамадства. Гэты інтарэс, які суправаджаўся разнастайнымі навуковымі і калянавуковымі дыскурсамі ў медыйнай прасторы Беларусі, пасадзейнічаў актуалізацыі некаторых спрэчных пытанняў па азначанай тэме. Сёння можна з пэўнасцю сцвярджаць, што юбілейны год стымуляваў выкрыццё многіх праблемных кропак, якія да гэтага часу не знайшлі свайго рашэння ў беларускай гістарычнай навуцы. Калі абстрагавацца ад ідэалагічна-ацэначнага складніка дыскусій, а разглядаць тыя падзеі выключна з навуковага пункту гледзішча, можна вылучыць некалькі асноўных блокаў дадзенай праблемы.
На мой погляд, праблемнае поле вывучэння паўстання 1863 г. знаходзіцца ў некалькіх плоскасцях канцэптуальнай, гістарыяграфічнай і метадалагічнай, Усе вышэй пералічаныя аспекты цесна паміж сабой пераплеценыя і ўзаемаабумоўленыя.
Зыходзячы з наяўнай базы крыніцаў, ступені вывучэння праблемы і стану развіцця беларускай гістарычнай навукі, можна ўказаць найбольш перспектыўныя накірункі вывучэння паўстання 1863 г. у кантэксце дзейнасці Каліноўскага.
Так, у беларускай гістарычнай навуцы яшчэ не было спробы асэнсавання і ўпісання ў кантэкст паўстання падзеяў, звязаных
з г. зв. «маніфестацыйным рухам» 1861 г. Міжтым ён адыграўролю сапраўднага каталізатара ў справе падрыхтоўкі збройнага чыну. Гэтая сувязь выяўляецца нават падчас самага павярхоўнага азнаямлення з спісамі асобаў, што найбольш актыўна прымалі ўдзел у падзеях 1861 г. Многія з іх пазней сталі актыўнымі ўдзельнікамі і нават кіраўнікамі мясцовых рэвалюцыйных арганізацый, што ажыццяўлялі непасрэдную падрыхтоўку ўзброенага паўстання і яго далейшае кіраўніцтва.
У айчыннай гістарыяграфіі трывала замацавалася трактоўка Кастуся Каліноўскага як сацыяліста-народніка. Дамінуе вобраз рэвалюцыянера-дэмакрата скрайніх левых поглядаў, які рабіў стаўку пераважна на сялянскі элемент у паўстанні. Разам з тым, факты сведчаць, што ў сваёй дзейнасці ён праводзіў досыць гнуткую палітыку ў адносінах да розных слаёў тагачаснага грамадства. I там, дзе мясцовыя абставіны не давалі магчымасці абапірацца на «рэвалюцыйна-дэмакратычную» частку грамадства, ён актыўна прыцягваў да супрацоўніцтва найбольш уплывовых у гэтым рэгіёне землеўладальнікаў.
Для пацвярджэння гэтага пастулату дастаткова правесці аналіз асабістага складу Паўднёвай арганізацыі Гарадзенскага ваяводства, у якой маёмасны клас памешчыкаў быў прадстаўлены досыць шырока. Таксама вядома, што Кастусь Каліноўскі супрацоўнічаў і з ксяндзамі (I. Казлоўскі, Я. Зарыжскі, I. Гінтаўт), выкарыстоўваючы іх аўтарытэт у змаганні за незалежнасць.
Наспела неабходнасць стварэння біяхронікі жыцця Каліноўскага (ці апошніх яго гадоў, звязаных з дзейнасцю па падрыхтоўцы паўстання і ўдзелу ў ім). Перадумовы для вырашэння гэтай задачы ёсць. У архівах знаходзяцца сотні розных сведчанняў сяброўтайных арганізацый, у якіх тыя дакладна ўказваюць даты і месцы сустрэчаў з Кастусём Каліноўскім. Таксама захаваліся іншыя тыпы дакументаў царскай адміністрацыі, што так ці інакш адлюстроўваюць дынаміку яго перамяшчэнняў. Пэўная факталагічная база ўжо назапашаная ў разнастайных працах гісторыкаў па дадзенай праблематыцы, а таксама ў выдадзеных зборніках дакументаў і крыніц.
Выкананне падобнай працы дазволіць вырашыць некаторыя спрэчныя да гэтага часу пытанні, якія тычацца асобы Каліноўскага і яго рэвалюцыйнай дзейнасці. Магчыма, яна пасадзейнічае вызначэнню месца выдання «Мужыцкай праўды» і г. д.
Адной з найбольш дыскусійных тэмаў «каліноўсказнаўства» з’яўляецца праблема дакладнага вызначэння твораў ягонай ідэйна-літаратурнай спадчыны. Бурлівыя спрэчкі вядуцца вакол пытанняў аб яго датычнасці ці недатычнасці да аўтарства такіх твораў як «Пісьмо да мужыкоў зямлі польскай», сёмага нумару «Мужыцкай праўды» ды інш.
Вырашэнне гэтага пытання падаецца вельмі важным у кантэксце вызначэння геапалітычнай і культурнай арыентацыі Кастуся Каліноўскага, асэнсавання яго поглядаў і перакананняў. Як адзін з варыянтаў адолення гэтай праблемы можа быць прапанавана прыцягненне новых метадаў даследаванняў, напрыклад, графічнай экспертызы почырку.
Таксама крыміналістычны падыход можа быць выкарыстаны для аналізу, супастаўлення шрыфтоў «Мужыцкай праўды» (а таксама і іншых адозваў, падпісаных «Яськам-гаспадаром з-пад Вільні») з нелегальнымі выданнямі таго часу, месца друку якіх устаноўлена. Выкарыстанне падобных нехарактэрных для гістарычнай навукі метадаў можа дапамагчы акрэсліць месца выдання публікацыяў К. Каліноўскага і, магчыма, паспрыяе дакладнаму вызначэнню яго ідэйна-літаратурнай спадчыны.