• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

    Кат; Карлік

    Пер Лагерквіст

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 240с.
    Мінск 1986
    53.96 МБ
    рэдкасць. У нас, карлікаў, няма ні роднага дому, ні бацькі з маткаю, мы прыходзім у гэты свет таемна, нараджаючыся ад чужых, усё роўна дзе, усё роўна ад каго, хоць ад самых гаротных беднякоў, адно каб толькі род наш не вымер. I калі гэтыя выпадковыя нашы бацькі выяўляюць, што пусцілі на свет істоту з роду карлікаў, яны прадаюць нас уладарным гасударам, каб мы пацяшалі іх сваёй выродлівасцю і былі іхнімі блазнамі. Так было і са мной, я быў прададзены сваёй маткай, якая адвярнулася ад мяне з агідаю, угледзеўшы, каго яна спарадзіла на свет: ёй і няўцям было, што я нашчадак найстаражытнейшага роду. Яна атрымала за мяне дваццаць эскуда і купіла на іх тры локці матэрыі сабе на сукенку і вартаўнічага сабаку, каб сцерагчы сваіх авечак.
    Я сяджу ля карлікавага акенца і гляджу ў ноч, дапытліва, як і тыя звездары. Мне не патрэбны падзорныя трубы, я і без іх досыць праніклівы. Я таксама чытаю ў Кнізе Начы.
    Існуе вельмі простае тлумачэнне, чаму герцаг так цікавіцца ўсімі гэтымі вучонымі, жывапісцамі, філосафамі і звездарамі. Яму хочацца, каб яго двор праславіўся на ўвесь свет, а сам ён заслужыў пашану і ўсеагульнае прызнанне. Жаданне лёгка вытлумачыць: наколькі мне вядома, усе людзі па магчымасці імкнуцца да гэтага.
    Я цудоўна яго разумею і цалкам з ім згодны.
    Кандацьер Бакароса прыбыў у горад і размясціўея са сваёй шматлікай світай у палацы Джэральдзі, які пустуе ад часу выгнання гэтай сям’і. Ён зрабіў герцагу візіт, які доўжыўся некалькі гадзін. Нікому не было дазволена прысутнічаць.
    Гэта вялікі і праслаўлены кандацьер.
    Работа на будаўніцтве кампанілы пачалася, і мы былі там і глядзелі, як рушыла ўперад у іх справа. Кампаніла будзе нашмат вышэйшая за саборны купал, і, як удараць у званы, гук пальецца нібы з паднябесся. Цудоўная ідэя, сапраўды вартая называцца ідэяй. Гэтыя званы будуць вісець вышэй, чым усе іншыя званы Італіі.
    Герцаг вельмі захоплены новым збудаваннем, і яго можна зразумець. Ён яшчэ раз паглядзеў на месцы эскізы і прыйшоў у захапленне ад барэльефаў, якія паказваюць сцэны з жыцця Распятага,— імі аздабляюць цяпер падмурак ягонай кампанілы. Далей работа пакуль не пайшла.
    Можа быць, яе так ніколі і не скончаць. Многія з задуманых маім герцагам пабудоў застаюцца няскончанымі. Прыгожыя руіны вялікіх задум. Ды, урэшце, і руіны — помнік творцу задумы, і я ніколі не адмаўляў, што ён вялікі правіцель. Калі ён ідзе па вуліцах, я з задавальненнем іду побач, Усе глядзяць вышэй, на яго, ніхто не заўважае мяне. Але гэта нічога не значыць. Яны вітаюць яго пачціва, быццам нейкую вышэйшую істоту, але толькі таму, што ўсе яны — баязлівая, рабалепная чэрнь, а зусім не таму, што сапраўды яго любяць ці паважаюць, як ён думае. Варта мне паявіцца ў горадзе аднаму, яны нябось тут жа мяне заўважаюць і крычаць мне ўслед усялякія гадасці: «Гэта герцагскі карлік! Дасі выспятка яму — дасі выспятка ягонаму гаспадару!» Зрабіць гэта яны не асмельваюцца, затое кідаюць мне ўслед здохлых пацукоў і ўсялякую поскудзь з куч смецця. Калі ж я, раззлаваўшыся, выхопліваю шпагу, яны рагочуць з мяне. «Ох, і магутны ў нас уладар!» — гарлапаняць яны. Я не магу бараніцца, бо змагаемся мы рознай зброяй. Я мушу ратавацца ўцёкамі, з ног да галавы аблеплены ўсялякімі адкідамі.
    Карліку аб усім заўсёды вядома больш, чым ягонаму гаспадару.
    Прызнацца, я зусім не супраць пацярпець за майго герцага. Лішні, урэшце, доказ таго, што я частка яго самога і ў пэўных выпадках прадстаўляю яго высокую персону. Цёмная чэрнь і тая разумее, што карлік правіцеля — гэта, па сутнасці, ён сам, гэтаксама як замак з яго вежамі і шпілямі — ён сам, і двор з яго багаццем і хараством — ён сам, і кат, што адсякае галовы на плошчы, і казна з яе незлічонымі скарбамі, і галоўны дварэцкі, што надзяляе ў галодны час хлебам беднякоў,— усё гэта ЁН CAM. Яны адчуваюць, якую ўладу я, па сутнасці, прадстаўляю. I я заўсёды адчуваю асалоду, заўважаючы, што мяне ненавідзяць.
    Апранацца я стараюся па магчымасці гэтаксама, як і герцаг: тая ж тканіна і той жа крой. Тыя абрэзкі, што застаюцца, калі яму шыецца касцюм, ідуць пасля на мяне. Ля сцягна я заўсёды нашу шпагу, як і ён, толькі карацейшую. I пастава ў мяне, калі прыгледзецца, такая ж гордая, як і ў яго.
    Карацей кажучы, я выходжу вельмі падобным на герцага, адно што ростам нашмат меншы. Калі паглядзець на мяне праз шкло, якое тыя блазны ў заходняй вежы наводзяць на зоркі, можна, напэўна, падумаць, што я — гэта ён.
    Паміж карлікамі і дзецьмі вялікая розніца. 3 той прычыны, што яны аднолькавага росту, людзі думаюць, што яны адны адным падыходзяць, а яны зусім не падыходзяць. Карлікаў часта прымушаюць гуляць з дзецьмі, не разумеючы, што карлік — супрацьлегласць дзіцяці, што ён ужо нараджаецца стары. У дзяцінстве карлікі ніколі, наколькі мне вядома,
    не гуляюць з цацкамі, навошта ім гуляць, ды гэта і Еыглядала б дзіўна пры іх маршчыністых старэчых тварах. Самы што ні ёсць здзек — прымушаць нас рабіць гэта. Але ж людзі нічога пра нас не ведаюць.
    Mae гаспадары ніколі не прымушалі мяне гуляць з Анджэлікай. Затое сама яна прымушала. Я не хачу сказаць, што яна рабіла гэта са злосці, але, калі я ўспамінаю той час, асабліва першыя гады яе дзяцінства, мне пачынае здавацца, што мучылі мяне знарок, з вытанчанай злосцю. Гэтае дзіця з круглымі блакітнымі вачамі і капрызным роцікам, якое некаторым надта падабалася, мучыла мяне, як ніхто з дваровай чэлядзі. Дня не было, каб яна з самай раніцы не прывалаклася да мяне наверх (у той час яна ледзьве ўмела хадзіць!), і абавязкова з кацянём пад пахай. «Пікаліна, хочаш з намі пагуляць?» Я адказваю: «Я ніяк не магу, у мяне ёсць справы куды важнейшыя, мне сёння не да гуляў».— «А што ты будзеш рабіць?» — пытаецца яна бесцырымонна. «Маленькія гэтага не разумеюць»,— адказваю я. «Але ж ты ўсё роўна пойдзеш на двор, няможна ж спаць увесь дзень! Я ўстала ўжо даўно-даўно». I мне даводзіцца ісці з ёй, не асмельваюся адмовіцца з-за гаспадароў, хоць усярэдзіне ў мяне ўсё кіпіць ад злосці. Яна бярэ мяне за руку, нібы я ёй прыяцель,— што за недарэчная прывычка, цярпець не магу ліпкіх дзіцячых рук! Я ад злосці сціскаю пальцы ў кулак, але яна ўсё роўна чэпіцца, і цягае мяне ўсюды за сабою, і ляпеча без перадыху. Да сваіх лялек, якіх трэба карміць і апранаць, да сляпых шчанят, што кешкаюцца ў карзіне ля сабачай будкі, у ружоўнік, дзе нам, ці бачыце, абавязкова трэба падурэць з кацянём. У яе была прыкрая цяга да ўсялякіх жывёлін, і не да дарослых жывёлін, а да іх дзіцянят, да ўсяго маленькага. I яна магла бясконца забаўляцца са сваім кацянём і лічыла, што я таксама павінен. Яна думала,
    што я таксама дзіця і, як дзіця, з усяго радуюся. Гэта я — радуюся! Я нічому не радуюся.
    Здаралася, праўда, што ў яе ў галаве і абудзіцца разумная думка, калі яна раптам заўважыць, які я змучаны і злосны,— яна нечакана здзіўлена зірне на мяне, на мой маршчыністы старажытны твар: «Чаму табе не падабаецца гуляць? »
    I, не атрымаўшы ніякага адказу ні ад маіх сціснутых вуснаў, ні ад маіх халодных вачэй, умудроных вопытам тысячагоддзяў, яна паглядзіць на мяне з нейкім новым, палахлівым выразам у наіўным дзіцячым позірку і на нейкі час замоўкне.
    Што такое гульня? Бяздумная важданіна... ні з чым. Дзіўнае прытворства ў абыходжанні з рэчамі і з’явамі. Іх прымаюць не за тое, што яны ёсць на самай справе, не ўсур’ёз. Звездары гуляюць у свае зоркі, герцаг гуляе ў свае пабудовы, у свае саборы, барэльефы і кампанілы, Анджэліка гуляе ў свае лялькі — усе гуляюць, усе прыкідваюцца. Адзін я пагарджаю прытворствам. Адзін я жыву ЎСУР’ЁЗ.
    Аднойчы я крадком зайшоў да яе, калі яна спала, паклаўшы кацянятка побач з сабою, і адсек яму кінжалам галаву. I шпурнуў яго праз акно ў кучу смецця. Я быў такі злосны, што наўрад ці ўсведамляў, што раблю. Увогуле ўсведамляць то я ўсведамляў цудоўна, я прыводзіў у выкананне план, які даўно выспеў у мяне ў час нашых моташных гульняў у ружоўніку. Яна была няўцешная, убачыўшы, што кацянё знікла, а калі ўсе пачалі гаварыць, што яго напэўна ўжо няма жывога, яна злягла ў нейкай дзіўнай гарачцы і доўга хварэла, так што я пазбавіўся неабходнасці яе бачыць. Калі ж яна ўрэшце ачуняла, мне давялося, вядома, безліч разоў выслухваць журботны расказ пра лёс яе любімца, пра незразумелае яго знікненне. Ніхто, вядома, не стаў ламаць сабе галавы, куды прапала кацянё, затое ўвесь
    двор быў да смерці напалоханы плямкамі крыві на шыі дзяўчынкі, якія невядома адкуль узяліся і, як усе лічылі, маглі быць кепскай прыкметай. Людзі надта ж любяць вышукваць розныя прыкметы.
    Мне не было ад яе спакою ўсе гады яе дзяцінства, хіба што гульні з цягам часу мяняліся. Заўсёды яна мне дакучала і прыставала са сваімі сакрэтамі і са сваёй дружбай, хоць мне яе дружба была зусім непатрэбная. Часам я думаю, ці не тлумачылася яе назойлівая прывязанасць да мяне тым самым, чым тлумачылася яе цяга да кацянят, шчанят, качанят і наогул да ўсяго маленькага. Магчыма, яна была не ў ладах са светам дарослых, магчыма, баялася яго, была чымсьці напалоханая. Толькі што мне да таго! Калі яна і адчувала сябе адзінокай, дык што я мог зрабіць! Але яна як прыліпла да мяне, так і не адліпала. Нават пасля, як выйшла з дзіцячага ўзросту. Маці тады перастала ёю цікавіцца, бо дачка перастала замяняць ёй ляльку — яна таксама вечна гуляе ў розныя гульні, усе людзі гуляюць,— у бацькі ж, зразумела, хапала свайго клопату. А магчыма, ён і па другой прычыне не надта ёю цікавіўся. Ды тут я памаўчу.
    Толькі гадоў з дзесяці-дванаццаці яна зрабілася маўклівай, пачала замыкацца ў сабе, і я нарэшце збавіўся ад яе. 3 таго часу, дзякаваць богу, яна пакінула мяне ў спакоі і жыве сама па сабе. Але бывае, мяне яшчэ і цяпер душыць злосць, як падумаю, колькі я праз яе выцерпеў.
    Цяпер яна зусім ужо дарослая, сталая дзяўчына, ёй споўнілася пятнаццаць, і хутка, бадай, на яе будуць глядзець як на даму. Але яна дасюль вельмі дзяцінлівая і паводзіць сябе зусім не як знатная дама. Хто яе бацька, дарэчы, невядома, магчыма, канечне, што і герцаг, але не выключана, што яна проста байстручка, і тады з ёй зусім дарэмна абыходзяц-
    ца як з герцагскай дачкой. Сёй-той гаворыць, што яна прыгожая. Я не магу адшукаць нічога прыгожага ў гэтым дзіцячым тварыку з паўадкрытым ротам і вялікімі круглымі вачамі, у якіх няма ні пробліску думкі.