• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

    Кат; Карлік

    Пер Лагерквіст

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 240с.
    Мінск 1986
    53.96 МБ
    I нават y другой частцы аповесці, у рэстаранных эпізодах з жыцця 30-х гадоў нашага стагоддзя, дзе шмат груба-натуралістычных сцэн, мы адчуваем выразна, што аўтар не зняверыўся ў жыватворнай сіле чалавечага розуму, у перамозе светлага, добрага ў жыцці над самымі страшнымі сіламі нялюдскасці і зверства. У фінале зноў загучала трагічная і адначасна простая, зямная, чалавечная мелодыя — вера ў каханне як сімвал надзеі на лепшае ў жыцці чалавека.
    Але пакуль што спраўджваліся самыя найгоршыя прадчуванні пісьменніка. Фашызм прынёс нечуванае гора ўсяму чалавецтву. Ішоў 1944 год. Ужо адчувалася яго блізкая агонія. I ўсё ж пісьменніка мучыла балючае пытанне: што ж усё-такі ў самім чалавеку ёсць такое, што памагло ідэалогіі і маралі фашызму так глыбока пранікнуць у душу столькіх людзей? Спробу даць адказ Пер Лагерквіст робіць у аповесці «Карлік» — яшчэ болып змрочнай сваім сюжэтам, яшчэ больш трагічнай сваімі чалавечымі характарамі.
    Сюжэтнае дзеянне ў аповесці адбываецца пры двары італьянскага герцага эпохі Адраджэння, але сам сюжэт, усе рэаліі — гэта своеасаблівыя дэкарацыі, даволі ўмоўныя. Самае важнае ў ёй — плынь думак Карліка, прыдворнага блазна.
    Карлік упэўнены, што тыя ісціны, якія ён выказвае,— гэта, як кажуць, ісціны ў апошняй інстанцыі, і што толькі ён жыве «ўсур’ёз», а ўсе астатнія толькі гуляюць — хто ў вайну, хто ў каханне і г. д. Яму не адмовіш ні ў назіральнасці, ні нават у здольнасці да філасофскіх разваг. Але ж колькі ў яго сентэнцыях і павучаннях плоскага, пошлага пры ўсёй іх часам страшнай праўдзе. Нават яго перакананне (якое так узвышае яго ў сваіх вачах) у тым, што яго ўсе баяцца, не што іншае, як ілюзія. Людзі, аказваецца, самі сябе баяцца, бо ў кожным з іх, на жаль, сядзіць глыбока ўнутры свой «карлік».
    Нельга, відаць, не пагадзіцца з думкай многіх заходніх пісьменнікаў-гуманістаў, згодна якой прычына псіхалагічна-ўнутраных вытокаў фашызму — у пачуцці сваёй непаўнацэннасці ў многіх людзей таго часу, хоць мы
    і ведаем, што ідэалогію і мараль фашызму парадзілі зусім канкрэтныя сацыяльна-гістарычныя прычыны.
    Але ў Лагерквіста мы бачым свой, вельмі арыгінальны паварот гэтай думкі.
    Карлік пры ўсёй сваёй абяздоленасці і абязвечанасці непаўнацэнным якраз сябе не адчувае: «Гэтак я створаны, і што мне да таго, калі другія створаны інакш. Мой твар паказвае, які я ёсць, не прыхарошваючы і не скажаючы... Я рады, што я зусім іншай пароды і што па мне гэта відаць».
    Карлік у аповесці ўвасабляе той «сімвал веры» многіх і многіх так званых прадстаўнікоў «цвярозага розуму», паводле якога ўсё, што не прыносіць менавіта мне карысці,— усё гэта альбо глупства, альбо нешта незразумелае, ва ўсякім выпадку, непатрэбнае, а то і проста ненавіснае. Такім людзям-карлікам сумна і моташна ў тым асяроддзі, у якім ёсць нешта бескарыслівае, нейкія там '«хімеры» і—дружба, вернасць, каханне, хараство, прага ведаў і інтэлектуальнага самавыяўлення. I герцаг, і яго прыдворныя і ваенныя — гэта тыя ж карлікі, як бы яны ні хавалі сваё духоўнае ўбоства і душэўную пустату. Адзіны іх паратунак, адзінае выйсце іхнім патаемным «парыванням» — вайна. А ўсё гэтае іх самае патаемнае выказваецца вуснамі Карліка, у якіх вайна — зноў жа, міма яго волі — набыцае характар саркастычна-сарданічны, страшны і антычалавечны.
    I ў гэтым страшным свеце, аднак, мігціць зіхоткі праменьчык надзеі, носьбітам якога з’яўляецца Бернарда, за якім угадваецца грандыёзны прататып — Леанарда да Вінчы. Яму, гэтаму светламу промню, не пад сілу асвятліць змрочныя закуткі душы незлічоных карлікаў. Трагізм жыцця падкрэсліваецца гібеллю — у самым зародку! — найвышэйшага ў жыцці чалавечым пачуцця — кахання.
    I ўсё ж і гэтая аповесць — твор гуманістычнага пафасу. Яна заклікае нас, цяперашніх чытачоў, быць пільнымі. Карлік — у кайданах. Але ён перакананы, што яго час яшчэ прыйдзе, што яго яшчэ паклічуць. I забываць пра гэта нельга.
    Чытаць прозу Пера Лагерквіста, паўтараю, нялёгка — патрэбны і адпаведны настрой душы, і інтэлекту-
    альпае напружанне. Пісьменнік бясспрэчна вялікага маіптабу, ён у сваіх светапоглядных пазіцыях вельмі складаны, а да таго ж — супярэчлівы. He прымаючы свету рэакцыі, разгулу шавінізму і мілітарызму, ён, аднак, часам увогуле песімістычна і’лядзіць на свет і чалавека. Вельмі слушна піша пра гэта В. Неустроеў: «Востры ў сваёй, «экспрэсіянісцкай» крытыцы разгулу рэакцыі, імперыялістычнай вайны, расізму, ён часам паўстае «неабаронепым», песімістычна ацэньвае блізкую перспектыву грамадскага развіцця, барацьбы супраць паўсюднага «хаосу», мяшчанскага раўнадушша; аб’ектыўны і праўдзівы ў мастацкай карціне свету і трагедыі чалавека, верачы глыбока ў канчатковую перамогу дабра над злом, ён нярэдка не пазбаўляецца скептыцызму ў адносінах да любых палітычных тэорый, да магчымасцей сацыяльных пераўтварэнняў».
    I тым не менш Пер Лагерквіст — у першых шэрагах тых пісьменнікаў свету, якім свяціў і свеціць прамень надзеі на лепшую долю чалавека, на жыццё, вартае яго высокай місіі на зямлі.
    «Мы за ўсё адказваем, і ад гэтага нам нікуды не дзецца. Пачуццё адказнасці не дае нам спакою...
    Маральнае разлажэнне можа аказацца згубным для той ці іншай эпохі, але апошняе слова не за ім, бо яно супярэчыць самой сутнасці жыцця, яго волі да абнаўлення...
    Адчайвацца? He нам адчайвацца!..
    Чалавек — гэта вечная воля да перамогі!»
    Генадзь Шупенька
    KAT
    Кат сядзеў і піў у цемнаватым шынку. У чадным мігценні адзінай лоевай свечкі, запаленай гаспадаром, грузна навісла над сталом яго магутная фігура ў крывава-чырвоным убранні, яго шырокая рука абхапіла лоб з выпаленым на ім кляймом. Некалькі рамеснікаў і п’янаватых мясцовых чаляднікаў бязладна і гучна гаманілі за хмельным пітвом на другім канцы стала — на яго палавіне не сядзеў ніхто. Бясшумна хадзіла сюды-туды па каменнай падлозе служанка, рука яе дрыжала, калі яна налівала яго кубак. Хлапчук-вучань, у цемры нікім не заўважаны, прытаіўся ў куточку і проста праглынаў ката прагнымі вачыма.
    — Праўда, добрае піўцо, заплечны майстар? — раўнуў адзін чаляднік.— Гаспадыня ж, матухна наша, чуеш ты, збегала да вісельні, украла ў цябе зладзюгаў палец ды ў бочку на нітцы і падвесіла. Яна-то ўжо ўмее пастарацца, каб яе піва было найлепшае, каб гасцям дагадзіць. А піву, чуеш ты, нішто так смаку не дае, як палец ад вісельніка!
    — I праўда ж дзіва,— прамовіў крывароты старэча-шавец, выціраючы ў задуменні піва са сваёй злінялай барады.— Што толькі ні звязана з гэтым — ва ўсім тоіцца сіла дзіўная.
    — Ого, ды яшчэ якая! Помню, у нашым баку мужыка адпаго вешалі за недазволенае паляванне, хоць ён і гаварыў, што ні ў чым не вінаваты. Як толькі заплечных спраў майстар выбіў калодку ў яго з-пад ног
    і пятля на ім зашмаргнулася, ён такі дух выпусціў, што ўвесь пагорак зачадзеў, кветкі наўкола паніклі, а луг на ўсход ад вісельні нібы выгараў увесь і звяў — дзьмула ж з захаду, забыўся я вам сказаць — і ў нашай акрузе тым летам неўраджай быў.
    Усе рагаталі, наваліўшыся на стол.
    — А мой бацька дык расказваў, што як ён яшчэ малады быў, у іх адзін гарбар са сваёй швагеркай распуснічаў, ну дык з ім якраз такая самая гісторыя здарылася, калі прыйшоў яго час — яно-то і не дзіва, калі ў гэткім спеху зямную плоць скідаць даводзіцца. Народ адступіўся назад ад такога духу, глядзіць — а ў неба воблака падымаецца, ды такое чорнае, што аж страх глядзець, а ззаду сам чорт сядзіць і з качаргою ўвіхаецца, грэшную душу падпіхае і ржэ-рагоча з радасці, што так смярдзіць.
    — Хопіць ужо вам лухту плесці,— зноў улез стары, цішком косячыся на ката.— Гэта не жарты, я вам шчыра кажу, тут сіла сядзіць асаблівая. Ды вазьміце вы хоць Крыстана, Ганнінага хлопца, што з пенай каля рота куляўся на зямлю — чорт жа ўнутры пасяліўся! Я сам колькі разоў хадзіў, памагаў трымаць яго ды рот яму разяўляць — страх, як яго трэсла, страшней за ўсіх, каго мне бачыць даводзілася. А ўзяла яго маці з сабою, як Еркер-каваль сваё жыццё загубіў, ды прымусіла ягонай крыві выпіць — усё як рукой зняло. 3 таго часу ніводнага разу не паваліўся.
    — Але-е...
    — Я ж іхні сусед, ды і вы не горш за мяне ведасце пра гэта.
    — Ніхто ж не супраць...
    — Як не ведаць, гэта ўсе ведаюць...
    — Толькі трэба, каб кроў была ад самагубцы і каб была яшчэ цёплая, a то толку не будзе.
    — Гэта само сабой зразумела.
    — Праўда. Зло — штука хітрая, што тут і казаць...
    — Зноў жа... Возьмем дзяцей, што занядужалі, у якіх косці ломіць — усё ў іх пройдзе, толькі дай крыві з катавага мяча, гэта яшчэ змалку помню,— гнуў сваё шавец.— У нашым баку пра гэта стары і малы ведалі, баба-павітуха цягала гэтую кроў ад ката з дому. Ці, можа, я што не так кажу, заплечны майстар, га?
    Кат на яго нават не зірнуў. He зварухнуўся. Яго сурова-таямнічы твар, прыкрыты рукою, быў ледзь відаць у хісткім, хліпкім святле.
    — Так. Зло ў сабе гаючую сілу хавае,— зрабіў вывад стары.— Таму, відаць, людзі страх якія прагныя да ўсяго падобнага. Уночы ідзеш дахаты каля вісельні, і там такая валтузня, што аж сэрца з перапуду заходзіцца. Вось дзе аптэкары, шаптуны і розныя бязбожныя чараўнікі набіраюць сабе зелля, за якое беднякам-пакутнікам вялікія грошы, дабытыя крывавым потам, даводзіцца плаціць. Кажуць, іншы труп да касцей абдзіраюць, ужо і не разбярэш, што гэта чалавек некалі быў. Я не горш за вас ведаю, што ва ўсім гэтым сіла сядзіць і, калі прыпрэ, ніяк без гэтага не абысціся, сам, калі ўжо на гэта пайшло, на сабе паспытаў ды на бабе сваёй, а ўсё-такі скажу: тфу! Тфу, брыдота! He адны свінні ды пачвары нябесныя мярцвячынай жывуць, але і мы з вамі!
    — Фу! Сціхні ты, далібог! У дрыжыкі кідае ад тваіх прамоў. А ты штосьці такое глытаў, кажаш?
    — He казаў я, што глытаў, і казаць не буду. Я адно кажу — тфу, д’ябальская сіла! Усё гэта ад яго, ад чорта, ідзе, верце майму слову!
    — А-а, глупства. Цэлы вечар глупства мелеце. He хачу болып слухаць вашай лухты.
    — Ты чаму піва не п’еш?
    — Ды п’ю я. Сам жлукці, п’янюга.
    — А дзіўна, аднак жа, што яно памагае і такую ўладу мае.
    — То-та ж, што мае.
    — Улада гэтая, яна і адным і другім бокам павярнуцца можа. Жарты з ёй кепскія.
    Яны замоўклі, засоўгалі куфлямі, адсоўваючыся ад іх. Некаторыя адвярнуліся і, мабыць, перахрысціліся.