Кат; Карлік
Пер Лагерквіст
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
сама не абышлося! Ансельма, ва ўсякім разе, цвёрда паверыў у цуд. Ён сцвярджаў, што начамі вакол яе труны паяўляецца ззянне. Ну што ж. 3 тае прычыны, што сабор у гэтую пару сутак на замку, ніхто не можа тут з поўным правам сказаць ні «праўда», ні «мана». А калі веруючаму чалавеку даводзіцца выбіраць паміж праўдай і няпраўдай, ён заўсёды выбера другое. Мана заўсёды больш гаворыць пачуццю і куды больш нязвычная, чым праўда, і таму ён заўсёды аддае перавагу ёй.
Слухаючы гэтыя яго расказы, я не магу не сказаць сабе, што гэта ж я сам, сваімі рукамі стварыў для яе незнарок німб святой ці, ва ўсякім разе, нямала спрыяў яркасці яго ззяння. I за тое, што гэта я зрабіў, сяджу цяпер прыкаваны ланцугамі да сцяны. Яны, зразумела, нічога пра гэта не ведаюць, а калі б і ўведалі, да майго пакутніцтва наўрад ці праявіў бы хто-небудзь цікавасць. Ды я зусім і не імкнуся да славы пакутніка. Але мяне, вядома, нямала здзіўляе, што такі далёкі ад святасці чалавек, як я, быў абраны зброяй у такой справе.
У свой час — не памятаю ўжо, калі менавіта,— Ансельма пачаў расказваць мне аб тым, як Бернарда піша Мадонну, надаючы ёй падабенства з герцагіняй. Герцаг і ўвесь двор з захапленнем сачылі за яго работай, і ўсе былі проста шчаслівыя. Стары маэстра заявіў, што ён хоча паспрабаваць перадаць яе ўнутраную сутнасць і ўсё тое, што ён толькі цьмяна ўгадваў, пакуль не ўбачыў яе на смяротным ложы. He ведаю, наколькі гэта яму ўдалося, таму што не бачыў, але, калі верыць Ансельма, усе ў адзін голас сцвярджаюць, што атрымаўся шэдэўр — зрэшты, што б ні зрабіў ён, усё называюць шэдэўрам. Працаваў ён вельмі доўга, але ўсётакі скончыў. Яго «Тайная вячэра» з Хрыстом, што ламае хлеб, усё яшчэ не дапісана і так, напэўна, і застанецца, але гэтую сваю рэч ён скончыў. Мусіць, яно
і лягчэй. Яе павесілі ў саборы, у бакавым алтары, і Ансельма, пасля таго як убачыў яе, радаваўся, што дзіця. Ён апісаў мне яе ў вельмі наіўных выразах і сказаў, усе, маўляў, лічаць, што ніхто яшчэ ніколі не ствараў такой Мадонны, такой міласэрнай і цудоўнай маткі Боскай. Асабліва ўсе захапляліся яе таемнай, загадкавай усмешкай. Усіх яна вельмі кранула, усе гаварылі, якая яна дзівосна адухоўленая, і невытлумачальная, і незямная. Я зразумеў, што гэтую ўсмешку жывапісец скапіраваў з яе ранейшага партрэта, Taro самага, дзе яна падобна на распусніцу.
Нялёгка было скласці ўяўленне аб карціне па апісанні такога цёмнага хлопца, як Ансельма, але, наколькі я зразумеў, маэстра сапраўды ўдалося крануць сэрцы набожных людзей. Хоць сам ён наўрад ці верыць у матку Боскую, яму, відаць, удалося ўдыхнуць у створаны ім вобраз сапраўды рэлігійнае пачуццё, напоўніць яго сапраўдным рэлігійным зместам і прымусіць гледача замерці перад ім ва ўзрушэнні. Народ хлынуў да новаяўленай Багародзіцы, і неўзабаве да яе ўжо сталі прыходзіць са свечкамі і ўкленчваць перад ёй. Укленчаных там стала больш, чым ля любога іншага алтара, а свечак перад партрэтам нябожчыцы герцагіні гарыць столькі, што яны адразу кідаюцца ў вочы, варта толькі зайсці ў сабор. Асабліва шмат там збіраецца бедных — памаліцца і знайсці суцяшэнне ў сваім горы. Усе тыя няшчасныя і прыгнечаныя, якіх столькі развялося цяперашняй цяжкой часінай. Яна стала іх улюбёнай Мадоннай-заступніцай, якая цярпліва выслухоўвае іхнія скаргі і даруе ім грахі, суцешаным і падбадзёраным, хоць, наколькі мне вядома, пры жыцці яна ніколі не цікавілася беднымі. Выходзіць, мы з Бернарда садзейнічалі абуджэнню ў народзе глыбокіх і шчырых рэлігійных пачуццяў.
Я дагэтуль усё думаю над гэтай гісторыяй. Хто б мог падумаць, што гэтая жанчына будзе красавацца
ў саборы добрай Мадоннай-суцяшальніцай і стане прадметам любві і пашаны чэрні. Што яна, цнатлівая і незямная, будзе пазіраць на ўсіх з вышыні, у ззянні безлічы свечак, ахвяраваных ёй за яе цнатлівасць і дабрыню. А ў замку між тым вісіць другі яе партрэт, які герцаг загадаў уставіць у раму і павесіць на сцяну, хоць маэстра Бернарда ім і не задаволены, той самы, на якім яна выглядае самай што ні ёсць распусніцай. I абедзве выявы, нягледзячы на сваю непадобнасць, магчыма, праўдзівыя кожная па-свойму, на абодвух партрэтах у яе зусім аднолькавая няўлоўная ўсмешка — тыя, што ўкленчваюць перад ёй у саборы, называюць яе незямной.
Людзі любяць глядзецца ў цьмянае люстэрка.
Цяпер, калі я апісаў усё гэта, гэта значыць, усё тое, што адбылося пасля майго зняволення, я мяркую, што пісаць мне, увогуле, больш няма пра што. Ансельма, праўда, па-ранейшаму расказваў мне розныя вьшадкі ў горадзе і пры двары, але нічога асаблівага там не здаралася. Чума аціхла, забраўшы немалую частку жыхароў, аціхла сама па сабе, як і пачалася, людзі захворвалі ўсё радзей — і ўсё скончылася. Жыццё паступова ўвайшло ў звычнае, пракладзенае рэчышча, і горад, нягледзячы на ўсё перажытае, набыў пакрысе ранейшы выгляд. Сяляне вярнуліся да сваіх згарэлых двароў і адбудавалі іх нанова, і краіна паступова акрыяла і сабралася з сіламі, хоць яшчэ вельмі бедная. Даўгі ад вайны засталіся велізарныя, і дзяржаўная казна пустая, і таму насельніцтва, як падрабязна мне растлумачыў Ансельма, абкладзена вялікімі падаткамі. Але што ні кажы, а мір ёсць мір, як ён сказаў, і ўжо як-небудзь, маўляў, выкараскаемся, усё перамелецца, неяк будзе. Народ не сумуе, сказаў ён, і ўся яго прасцяцкая фізіяномія заззяла ад задавальнення.
Ён забаўляе мяне сваёй бясконцай балбатнёй, і я
яго слухаю, таму што гаварыць больш няма з кім, хоць балбатня яго часам вельмі стамляе. He так даўно ён прыйшоў і аб’явіў мне, што вялікі доўг Венецыі нарэшце выплачаны і краіна пазбавілася ад цяжкога ярма. Відаць ужо нейкі прасвет, і час пасля цяжкіх вьіпрабаванняў мяняецца на лепшы, па ўсім прыкметна, сказаў ён. Пачалі нават зноў будаваць кампанілу, якая столькі гадоў прастаяла занядбанай, і спадзяюцца неўзабаве дабудаваць. Я згадваю гэта, хоць і не ведаю, ці варта такое запісваць.
Нічога асабліва цікавага цяпер ужо не адбываецца.
Я сяджу ў сваім падзямеллі і чакаю не дачакаюся сонечнага промня, а калі ён нарэшце паявіцца, мне няма чаго даверыць паперы, якую ён асвятляе. Пяро маё бяздзейнічае, і мне лянота нават паварушыць рукой.
Мне абрыдлі мае запісы, таму што маё турэмнае існаванне пазбаўлена якіх там ні было падзей.
Заўтра павінна адбыцца ўрачыстае асвячэнне кампанілы, і першы раз на ёй зазвоняць званы. Яны адліты часткова са срэбра, якое набылі за кошт народных ахвяраванняў. Агульная думка, што гук ад гэтага будзе прыгажэйшы. Герцаг і ўвесь двор будуць прысутнічаць пры асвячэнні.
Асвячэнне адбылося, і Ансельма нарасказваў мне пра яго ўсялякага глупства, пачутага ім ад відавочцаў. Гэта была, сцвярджаў ён, дзівосная і незабыўная падзея, і народу сабралася процьма, ледзь не ўвесь горад. Герцаг прайшоў пешкі па вуліцах на чале ўсяго свайго двара, а за імі валілі цэлыя натоўпы, таму іпто ўсім хацелася паглядзець на ўладара і асабіста папрысутнічаць пры такой урачыстай падзеі. Ён быў вельмі сур’ёзны, але зноў такі ж стройны і гнуткі, зусім як і раней, і, відаць, вельмі радаваўся вялікаму дню. I ён,
і ўся яго світа былі апрануты ў раскошнае адзенне. Калі ён падышоў да сабора, дык перш-наперш зайшоў усярэдзіну і ўкленчыў перад труной герцагіні, а пасля ля алтара, дзе вісіць яе выява, і ўсе астатнія таксама апусціліся на калені. Памаліўшыся, яны зноў выйшлі на саборную плошчу, і тут зазванілі званы на кампаніле. Гэта было так цудоўна, што ўсе замерлі на месцы і моўчкі слухалі цудоўны звон, які ліўся, здавалася, з самога паднябесся. Ён разліваўся па ўсім горадзе, і ўсе адчувалі сябе шчаслівымі, слухаючы яго. Увесь просты люд сабраўся на плошчы вакол герцага, і ўсе гаварылі, што гэта самая шчаслівая хвіліна ў іхнім жыцці. Так расказваў Ансельма.
Сам ён, на вялікае сваё засмучэнне, не змог прысутнічаць, таму што якраз у гэты час яму трэба было карміць вязняў, і ён задаволіўся тым, што слухаў звон, які далятаў з плошчы. Калі пачуўся першы ўдар, ён уварваўся да мяне і паведаміў, што пачалося. Ён быў так усхваляваны, што нават адчыніў дзверы, каб і я паслухаў. Мне здаецца, у гэтага дабрака нават слёзы на вачах выступілі, і ён аб’явіў, што звон сапраўды нябесны. Па-мойму, звон як звон, нічога асаблівага. Я быў рады, калі ён нарэшце пакінуў мяне ў спакоі.
Я сяджу тут у сваіх кайданах, і дні ідуць, і ніколі нічога не здараецца. Жыццё ў мяне пустое і бязрадаснае, але я не скарджуся. Я чакаю іншых часін, і яны, вядома, надыдуць, не маглі ж, на самай справе, засадзіць мяне сюды навечна. У мяне яшчэ будзе магчымасць прадоўжыць маю хроніку пры святле дня, як калісьці, і я яшчэ спатрэблюся. Калі я правільна разумею майго ўладара, ён не зможа доўга абыходзіцца без свайго карліка. He, я не бядую. Я думаю аб тым дні, калі да мяне прыйдуць і здымуць кайданы, таму што герцаг пакліча мяне.
3 М Е С Т
Прамень надзеі. Г е н а д з ь Шупенька . . 3
КАТ 11
Пераклаў Генадзь Шупенька
КАРЛІК 67
Пераклаў Мікола Гіль
БНБЛНОТЕКА ЗАРУБЕЖНОЙ ПРОЗЫ
Пер Лагерквнст
ПАЛАЧ
Повесть
КАРЛМК
Роман
Мннск, пздательство «Мастацкая літаратура»
На белорусском языке
Рэдактар Л. I. Каўрус. Мастак Ю. А. Модлінскі. Мастацкі рэдактар Л. Я. Прагін. Тэхнічны рэдактар Г. П. Тарасевіч. Карэктар I. М. Паланейчык.
ІБ № 2215
Здадзена ў набор 10.03.86. Падп. да друку 03.10.86. Фармат 70Х100’/з2. Папера друк. № 1. Гарнітура школьная. Высокі друк. Ум. друк. арк. 9,684 0,08 укл. Ум. фарб.-адб. 10,08. Ул.-выд. арк. 10,92. Тыраж 6000 экз. Зак. 2272. Цана 1 р. 20 к. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» Дзяржаўнага камітэта БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю. 220600, Мінск, праспект Машэрава, 11. Мінскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга паліграфкамбінат МВПА імя Я. Коласа. 220005, Мінск, Чырвоная, 23.
1 ря 20 к.