Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

Кат; Карлік

Пер Лагерквіст

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
53.96 МБ
Наёмнікі Бакаросы ні ў чым не маюць недахопу. У іх распараджэнні ўся краіна, рабуй, колькі хочаш, і яны так і робяць, прасоўваючыся ўсё далей і далей углыб і забяспечваючы сябе ўсім неабходным. Разрабаваныя паселішчы яны паляць; і часта начамі можна бачыць у небе далёкія зарывы пажараў. Усё наваколле яны даўно абрабавалі і спустошылі.
Але, як ні дзіўна, да штурму горада яны пакуль не падступаліся. Мяне гэта здзіўляе, бо ўзяць яго цяпер было б, зразумела, вельмі проста. Можа, яны лічаць, што менш турбот узяць яго зморам, і таму, што могуць рабаваць краіну колькі хочуць, гатовы чакаць.
Анджэліка толькі і ведае, што гультаяваць. Раней яна займалася хоць сваім рукадзеллем. Ледзьве не ўвесь час яна бавіць ля ракі, сядзіць там і корміць лебедзяў ці проста глядзіць на ваду, што бяжыць міма. Часам яна сядзіць вечар навылёт ля свайго акна, гледзячы на вартоўніцкія вогнішчы і палаткі ворага далёка ўнізе і на выпаленую раўніну, што раскінулася за імі. Усё думае, напэўна, пра свайго прынца.
Дзіўна, што за дурны выгляд у людзей, калі яны закаханыя, асабліва ж калі закаханыя безнадзейна. Выраз твару ў іх тады на рэдкасць тупы, і я не разумею, як можна гаварыць, быццам каханне робіць чалавека прыгажэйшым. Вочы ў яе, калі гэта толькі магчыма, сталі яшчэ дурнейшыя і яшчэ больш невыразныя, чым былі раней, а шчокі бледныя, не тое што ў часе таго ўрачыстага балю. Але рот стаў быццам шырэйшы, і вусны як прыпухлі, і відаць, што яна ўжо не дзіця,
Я, здаецца, адзіны, хто ведае яе злачынную тайну.
На маё здзіўленне, герцагіня папыталася ў мяне сёння, ці не думаю я, што Хрыстос яе ненавідзіць. Я, натуральна, адказаў, што мне пра тое невядома. Яна паглядзела на мяне сваім ліхаманкавым гарачлівым позіркам, чымсьці, здавалася, усхваляваная. Ну як жа, канечне, напэўна, ненавідзіць, калі не дае ёй ні хвіліны спакою. Ён і павінен яе ненавідзець за ўсе яе грахі.
Я сказаў, што яго лёгка можна зразумець. Яе нібы ўсцешыла, што я такой жа думкі, як і яна, і, глыбока ўздыхаючы, яна апусцілася на крэсла. Далей мне заставацца тут не было патрэбы, таму што даручэнняў ад мяне ў яе, як звычайна, не аказалася. Калі я спытаўся, ці магу я пайсці, яна адказала, што не яе воля мной распараджацца, але глядзела пры гэтым умольна, быццам чакала ад мяне нейкай дапамогі. Я, аднак, адчуваў сябе страшэнна няёмка і паспяшаўся пайсці, а, азірнуўшыся ля дзвярэй, убачыў, як яна кінулася на калені перад распяццем і ў адчаі пачала мармытаць малітвы, сутаргава перабіраючы худымі пальцамі ружанец.
Усё гэта зрабіла на мяне нейкае вельмі дзіўнае ўражанне.
Што здарылася са старой дурніцай?
Без сумнення, яна зусім сур’ёзна думае, што Хрыстос яе ненавідзіць. Сёння яна зноў да гэтага вярнулася. Усе яе малітвы марныя, сказала яна. Ён ёй усё роўна не даруе. Ён яе проста не чуе і нічым нават не паказвае, што наогул заўважае яе існаванне, хіба толькі тым, што не дае ёй ні хвіліны спакою. Гэта жахліва, яна гэтага не вытрывае. Я сказаў, што, памойму, ёй варта звярнуцца да свайго духоўніка, які заўсёды выказваў самую пільную ўвагу да яе духоўных патрэб. Яна пакруціла галавой — яна ўжо спрабавала, але ён нічым не мог ёй дапамагчы. Ён нават і не зразумеў. Ён лічыць, што яна бязгрэшная. Я з’едліва ўсміхнуўся з гэтых слоў ліслівага манаха. Тады яна спыталася, цікава, а якой я сам думкі пра яе. Я сказаў, што лічу яе грэшнай жанчынай і ўпэўнены, што ёй суджана вечна гарэць у пякельным полымі. Тут яна кінулася перада мною на калені і пачала ламаць сабе пальцы, так што суставы пабялелі, яна лямантавала, і галасіла, і маліла ўратаваць і памілаваць яе, няшчасную. Але я спакойна глядзеў, як яна курчыцца ля маіх ног. Па-першае, я не меў сродкаў памагчы ёй, а па-другое, я лічыў, што пакутуе яна заслужана. Яна схапіла маю руку і змачыла яе слязьмі, паспрабавала нават пацалаваць, але я выхапіў руку і не дазволіў ёй нічога такога. Тут яна пачала яшчэ мацней плакаць, лямантаваць і галасіць і давяла сябе да самай сапраўднай істэрыкі. «Паспавядайся ў сваіх грахах!» —сказаў я і сам адчуў, што твар у мяне зрабіўся вельмі строгі. I яна пачала спавядацца ва ўсіх сваіх злачынствах, у сваім распусным жыцці, у сваіх недазволеных сувязях з мужчынамі, у абдымкі якіх яе штурхаў сам д’ябал, і ў той асалодзе, якую зведвала, канчаткова заблытаўшыся ў яго цянётах. Я прымусіў яе падрабязна апісаць сам грэх, да якога яна скацілася, і тую пачварную асалоду, якую яна пры гэтым зведвала, і назваць імёны тых, з кім была
ў злачыннай сувязі. Яна пакорліва зрабіла ўсё, што я ёй загадаў, і перада мною ўзнікла кашмарная карціна яе ганебнага жыцця. Аднак яна ні словам не ўспомніла дона Рыкарда, пра што я ёй і сказаў. Яна разгублена паглядзела на мяне і, здавалася, ніяк не магла зразумець, чаго я ад яе хачу. Пры чым тут дон Рыкарда? Хіба гэта таксама грэх? Я растлумачыў ёй, што гэта самы цяжкі грэх з усіх яе грахоў. Яна, здавалася, ніяк не магла сабе гэтага ўразумець і глядзела на мяне здзіўлена і нават з сумненнем, але потым усё ж задумалася над тым, што я сказаў, над гэтай думкай, якая, відаць, не прыходзіла ёй у галаву, і, задумаўшыся, відавочна спалохалася. Я спытаўся, хіба яна не любіла яго больш за ўсіх? «Ага»,— адказала яна шэптам, ледзь чутна, і тут жа зноў пачала плакаць, але ўжо не так, як раней, а як звычайна плачуць людзі. Яна ніяк не магла перастаць, і мне ўрэшце абрыдла, і я сказаў, што мне пара ісці. Яна ўмольна і бездапаможна паглядзела на мяне і спыталася, ці не магу я чым-небудзь яе суцешыць. Што ёй зрабіць, каб Гасподзь быў літасцівы да яе? Я адказаў, што нечуваная дзёрзкасць з яе боку прасіць літасці боскай, у яе вельмі шмат грахоў, і таму зусім зразумела, што Збавіцель не чуе яе малітваў. Ён не дзеля таго быў распяты, каб загладжваць грахі такіх грэшніц, як яна. Яна ціха выслухала мяне і сказала, што яна і сама адчувае тое ж самае. Яна не вартая таго, каб яе пачулі. Яна заўсёды гэта адчувала ў глыбіні душы, калі малілася на каленях перад абліччам Распятага. Уздыхаючы, але ўсё ж трошачкі суцешаная, яна села ў крэсла і пачала гаварыць пра сябе як пра найвялікшую ў свеце грэшніцу, самую распусную з людзей, і жалілася, што ніколі не зведаць ёй нябеснай радасці. «Я шмат любіла,— сказала яна.— Але Бога і сына яго я не любіла, і таму вельмі правільна, што я так пакарана».
Потым яна падзякавала мне за тое, што я быў добры з ёю. Ёй стала лягчэй, калі яна паспавядалася, хоць яна і сама цудоўна разумее, што адпушчэння грахоў ёй не атрымаць. I сёння яна першы раз змагла паплакаць.
Я пайшоў, а яна засталася там сядзець — згорбленая старая з пачырванелымі вачамі і з валасамі, што злямчыліся і зблыталіся, як старое сарочына гняздо.
Герцаг і Ф’ямета шмат часу бываюць разам. Яны часта застаюцца пасядзець удваіх пасля вячэрняй трапезы, і я таксама застаюся, каб прыслугоўваць ім. 3 герцагіняй яны таксама часам так сядзелі вечарамі, але вельмі рэдка. Ф’ямета — жанчына зусім іншага тыпу, халодная, стрыманая, непрыступная і самая што ні ёсць красуня. Яе смуглявы твар больш жорсткі, чым любы іншы бачаны мною жаночы твар, і, калі б ён не быў такі прыгожы, мог бы падацца пазбаўленым усялякай прывабнасці. Позірк вугальна-чорных вачэй, з гэтай іх таямнічай іскаркай углыбіні, прываблівае і зачароўвае.
Я мяркую, што яна і ў каханні халодная, і не так аддае, як бярэ, і ад таго, каго робіць ласку пакахаць, патрабуе абсалютнага падпарадкавання. Герцагу гэта, здаецца, падабаецца, падабаецца падпарадкоўвацца. Халоднасць у каханні, магчыма, цэніцца не менш, чым палымянасць, адкуль мне ведаць.
Асабіста я нічога супраць яе не маю. Затое ўсе астатнія маюць. Слугі для яе пустое месца, а яны, з іх слоў, да такога не прывыклі, тым больш што яна ім ніякая не гаспадыня, а ўсяго толькі герцагская наложніца. Але іншых прыдворных дам яна, ці бачыце, ужо не лічыць сабе раўнёю — я дык думаю, што яна і раней не лічыла, ды ці лічыла яна наогул калі-небудзь каго-небудзь раўнёю сабе? Аднак у ёй гэта не
здаецца простай ганарлівасцю, хутчэй гэта прыроджаная гордасць. Яны, канечне, шалеюць. Але выгляду паказаць не асмельваюцца, баючыся, што яна можа заняць месца герцагіні, калі, вядома, пані раптам зноў не верне яго сабе.
Увесь двор гаворыць, што яна дазволіла сябе «спакусіць» з-за аднаго толькі самалюбства, і што кроў у яе рыбіная, і што гэта амаральна. Я не разумею, што яны маюць на ўвазе, бо ў адрозненне ад усіх іншых, хто пускаецца ў такую распусту, яна зусім не робіць уражання амаральнай.
Герцаг, несумненна, вельмі захапіўся ёю і пры ёй стараецца быць асабліва пяшчотным і чароўным. Хоць наогул дык ён, відаць, не ў гуморы, стаў вельмі злосяы і нервовы і можа ні за што ні пра што ўскіпець і накінуцца на прыслугу, чаго раней з ім ніколі не было,— ды і не толькі на прыслугу, але і на асоб вышэйшых. Кажуць, ён вельмі раззлаваны тым, што народ незадаволены ім, што ён ужо, як гаворыцца, непапулярны. Асабліва, канечне, псуюць яму настрой галадаючыя, якія прыходзяць сюды пад вокны і крычаць, каб ім далі хлеба.
Па-мойму, ніжэй годнасці герцага звяртаць увагу на такія рэчы, якая розніца, што там думае ці аб чым крычыць чэрнь вакол яго. Яны заўсёды знойдуць прычыну пакрычаць. Калі браць да галавы ўсё, пра што крычыць народ, дык толькі і рабіць давядзецца, што дагаджаць яму.
Гавораць, што ён тайна ад усіх загадаў даць бізуноў прыдворнаму звездару Нікадэмусу і іншым доўгабародым за іх выключна спрыяльныя прадказанні. Што ж, вельмі можа быць. Гэтак жа зрабіў і яго бацька, хоць прычына тады была іншая: яны прадказалі не тое, што хацелася б уладару.
Нялёгка чытаць па зорках. I чытаць пры гэтым так, каб іншыя засталіся задаволеныя.
Становішча ў горадзе ўсё пагаршаецца і пагаршаецца. Можна, бадай, сказаць, што цяпер там лютуе самы сапраўдны голад. Кожны дзень людзі паміраюць ад голаду, а можа, ад голаду і холаду разам, цяжка сказаць. На вуліцах і плошчах валяецца шмат такіх, хто ўжо не мае сілы падняцца, і здаецца, ім ужо ўсё роўна. Іншыя ж жывымі шкілетамі сноўдаюцца па горадзе, шукаючы чаго-небудзь ядомага ці хоць бы чаго-небудзь такога, што магло б заглушыць пачуццё голаду. На кошак, сабак і пацукоў зацята палююць, яны лічацца цяпер ласункамі. Пацукі, пра якіх раней гаварылі як пра сапраўднае бедства ў лагерах бежанцаў, дзе яны тысячамі шнырылі сярод смецця і адкідаў, лічацца цяпер зайздроснай дзічынай. Але кажуць, яны пачалі знікаць, і ўсё цяжэй іх злавіць. Яны, відаць, захварэлі на нейкую хваробу, таму што паўсюль ляжаць здохлыя, і, выходзіць, падвялі ў той самы момант, калі раптам аказаліся патрэбныя.