Кат; Карлік
Пер Лагерквіст
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
I нібы ў пацвярджэнне сваёй д’ябальскай сутнасці і ў напамінак аб царстве мёртвых, што чакае ўсіх жывых, яны перавярнулі пад канец факелы ўніз, хутка
патушылі іх аб падлогу і зніклі, быццам скрозь зямлю праваліліся.
Да таго, як зноў запалілі свечкі, я паспеў угледзець сваімі вачамі карліка, якія бачаць у цемры лепш, чым чалавечыя, што некаторыя з гасцей сутаргава сціскалі ручкі кінжалаў, быццам гатовыя да любых нечаканасцей.
3 якой прычыны? Гэта ж былі ўсяго толькі танцоўшчыцы, якіх герцаг наняў у Венецыі забаўляць гасцей.
Як толькі зала зноў была асветлена, у дзвярах зноў паявіўся гофмаршал на сваёй белай кабыле і зычна абвясціў аб «падзеі» вечара, дзівоснай, далікатнай страве, і ў тое ж імгненне з усіх бакоў да сталоў пачалі сцякацца слугі — іх было, напэўна, больш за пяцьдзесят,— яны неслі над галовамі велізарныя, аздобленыя каштоўнымі камянямі срэбныя блюды, на якіх узвышаліся, як на тронах, паўліны, пазалочаныя, з распушчанымі хвастамі, што пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Іх паяўленне выклікала сапраўднае ідыёцкае захапленне. I нядаўні страх, і перавернутыя факелы, якія нагадалі аб смерці,— усё знікла, як і не было. Людзі, што дзеці: адну забаву тут жа забываюць дзеля другой. Толькі той гульні, у якую я з імі згуляю, ім не ўдасца забыць.
Павытрэшчваўшыся на нябачаны пачастунак, яны накінуліся на яго з той жа прагавітасцю, з якой накідваліся на любую страву. I ўсё пачалося нанова з ласкі гэтых ганарлівых птушак, якімі я заўсёды пагарджаў і якія нагадваюць мне людзей,— відаць, таму людзі іх так і любяць, лічачы ласункам. Калі з паўлінамі было скончана, на стале зноў паявіліся фазаны, каплуны, перапёлкі, качкі, асятры, карпы і сакавітая, з крывёю, смажаная дзічына — зноў цэлыя горы ежы, якую яны глыталі з такой прагнасцю, што мяне ледзь не вырвала ад агіды. А затым паявіліся горы пячэння, цукерак і рознага іншага салодкага, з вострым пахам мускусу
печыва, якое з’ядалася з такой жа хуткасцю, быццам госці ўвесь вечар прасядзелі галодныя. А пад канец яны накінуліся на адмыслова спечаныя і цудоўныя, як яны самі гаварылі, фігуры багоў з грэчаскай міфалогіі, рэзалі іх на кавалкі і запіхвалі ў рот да таго часу, пакуль не засталіся адны крошкі. Сталы выглядалі быццам пасля набегу варвараў. Я глядзеў на гэтае спусташэнне і на гэтых разгарачаных, потных людзей з найвялікшай агідай.
Тут выступіў уперад гофмайстар і папрасіў цішыні. Ён аб’явіў, што цяпер будзе паказана выдатнейшая сцэна-алегорыя, напісаная па найвышэйшым загадзе герцага яго прыдворнымі паэтамі на забаву і асалоду высокашаноўным гасцям. Худыя, змарнелыя паэты, якія сядзелі ў самым далёкім кутку за бедным сталом, навастрылі вушы — гэтыя прымітыўныя, самазадаволеныя стварэнні з нецярпеннем чакалі выканання свайго хітрамудрага твора, які з прычыны глыбакадумнага і іншасказальнага зместу павінен быў стаць аздобаю свята.
На збудаваных ля сцяны падмостках паявіўся, ззяючы даспехамі, бог вайны Марс і заявіў, што ён парашыў звесці двух маладых дужых воінаў, Цаляфона і Калікста, у бойцы, якая праславіцца на ўвесь свет і ўвекавечыць іх імёны, а галоўнае — пераканае людзей у ЯГО, бога вайны, усемагутнасці і велічы: хай усе бачаць, як два высакародныя мужы, пакорлівыя ягонай волі, уступілі ў гераічную схватку, праліўшы ў яго гонар сваю кроў. Пакуль адвага і рыцарства будуць жыць на зямлі, гэтыя неацэнныя дабрачыннасці стануць служыць ЯМУ і нікому іншаму, сказаў ён і з гэтымі словамі знік.
Тут на падмосткі выйшлі абодва воіны, ледзьве ўгледзеўшы адзін аднаго, рынуліся ў бойку і паказалі ў гэтай досыць працяглай сцэне такое майстэрства валодання мячом, што тыя з гасцей, што ведалі ў гэтым
толк і маглі па вартасці ацаніць паядынак, прыйшлі ў захапленне. Я таксама павінен прызнаць, што змагаліся яны слаўна і што я атрымаў вялікую асалоду ад гэтай сцэны. Яны рабілі выгляд, быццам наносяць адзін аднаму страшныя раны, пакуль нарэшце, абяссіленыя ад страты крыві і калецтваў, не грымнуліся абодва, мёртвыя, долу.
Тут зноў выступіў уперад бог вайны і стаў гаварыць, надзвычай прыгожа, пра іх слаўную бітву, якая ўгатавала ім смерць герояў, пра сваю неадольную ўладу над людскімі душамі і пра самога сябе, што пераўзыходзіць сваёй магутнасцю на зямлі ўсіх багоў Алімпа.
Пасля ён сышоў з падмосткаў. Пачулася задушэўная, ціхая музыка, і праз нейкі час на падмосткі выплыла багіня Венера ў суправаджэнні траіх сваіх сябровак па імені «грацыі» і ўбачыла двух забітых воінаў, якія ляжалі, страшна знявечаныя, і купаліся, як яна сказала, ва ўласнай крыві. Тры грацыі схіліліся над імі і пачалі галасіць, маўляў, як гэта жахліва, што два такія прыгожыя, цудоўныя мужчыны ні за што ні пра што пазбавіліся сваёй мужчынскай сілы і аддалі духі, а іх валадарка, пакуль яны аплаквалі горкі лёс воінаў, абвясціла, што, без сумнення, гэта жорсткі Марс звёў іх і вымусіў кінуцца ў недарэчную бітву. Грацыі з гэтым пагадзіліся, але не прамінулі разам з тым напомніць ёй, што Марс яе каханак, якога яна, нягледзячы на ўсю сваю нябесную цнатлівасць, абдымае і мілуе. Але яна заявіла, што гэта подлая хлусня. Хіба магла б багіня любві пакахаць гэтага крыважэрнага, варварскага бога, якога ўсе ненавідзяць і які ўсім агідны, нават яго роднаму бацьку, вялікаму Юпітэру? 3 гэтымі словамі яна падышла і дакранулася да забітых сваім чароўным жазлом, і яны тут жа падняліся, жывыя і здаровыя, і падалі адзін аднаму рукі ў знак вечнага міру і дружбы, абяцаючы ніколі болып не паддавацца
спакусам жорсткага Марса, які ўцягнуў іх у гэтую крывавую, смяротную бітву.
Пасля багіня сказала доўгую і кранальную прамову аб любві, у якой услаўляла яе як самую магутную і самую лагодную з усіх сіл, што пануюць над намі, як крыніцу жыцця і пачатак усіх пачаткаў. Яна доўга гаварыла аб дабратворнай уладзе любві, якая, маўляў, самой сіле даруе пяшчоту і якая дыктуе зямным істотам нябесныя законы і здольная прымусіць схіліцца пакорліва перад сабою ўсё жывое, здольная выпраўляць і рабіць высакародным грубае і подлае ў людзях, кіраваць паводзінамі правіцеляў і звычаямі народаў, і што, маўляў, чалавечая любоў і чалавечая міласэрнасць пачалі ўжо сваё трыумфальнае шэсце па разрабаваным, апаганеным крывёю свеце, маючы ў сябе на паслугах высакародства і рыцарства і адорваючы род людскі дабрачыннасцямі іншымі, чым воінскі гонар і баявая слава. I, падняўшы ўгору сваё чароўнае жазло, яна абвясціла, што менавіта яна, усемагутная багіня любві, заваюе, запалоніць грэшную зямлю і ператворыць яе ў прыстанак любві і вечнага міру.
Калі б у мяне быў твар, які мог усміхацца, я абавязкова ўсміхнуўся б, пачуўшы гэтае наіўнае заключэнне. Чуллівыя выказванні багіні знайшлі, аднак, жывы водгук у гледачоў і многіх усхвалявалі і расчулілі, заключныя прыгожыя словы ўсе слухалі, можна сказаць, стаіўшы дыханне. Пісакі, што спарадзілі на свет гэты твор, прыпісалі, мяркуючы па іх задаволеных фізіяноміях, увесь поспех прадстаўлення сабе, хоць пра іх і думаць забыліся. Яны, я ўпэўнены, разглядалі гэтую сваю поўную намёкаў і прыгожых слоў алегорыю як самае значнае з усяго, што адбывалася на ўрачыстасцях у гонар заключэння дагавора аб вечным міры паміж нашым герцагскім домам і домам Мантанца. Я ж адважваюся думаць, што самым значным было тое, што адбылося потым.
Маё месца было, як звычайна, за спіной майго высокага ўладара, таму што, цудоўна вывучыўшы яго, я магу ўгадваць яго жаданні раней, чым ён скажа ці нават падумае, і выконваць яго загады так, быццам я частка яго самога. Ён зрабіў мне знак, нікім, акрамя мяне, не заўважаны, каб я наліў Ладавіка, яго сыну і яго прыбліжаным таго самага каштоўнага віна, якім я распараджаюся і рэцэпт якога вядомы толькі мне. Я ўзяў свой залаты збан і наліў з яго спачатку Быку. Ён даўно ўжо скінуў аблямаваную футрам накідку, разагрэўшыся ад усяго выпітага, і сядзеў у сваім яркачырвоным камзоле, каржакаваты, мясісты і зусім барвовы ад празмернага прыліву крыві да галавы. Залатыя ланцужкі, якія абвівалі яго бычыную шыю, настолькі пераблыталіся, што ён выглядаў у іх як закаваны. Паветра вакол гэтай напхнутай ежаю тушы было атручана газамі, потам і віннай парай, і стаяць побач з гэтай зверападобнай істотай было агідна да моташнасці. Ці ёсць на свеце болып гнюснае за чалавека стварэнне, падумаў я, адыходзячыся, і пачаў наліваць па чарзе самым знатным яго прыбліжаным, тым, хто сядзеў за герцагскім сталом. Потым я напоўніў залаты кубак Джаванні, заўважыўшы пры гэтым, што Анджэліка ўтаропілася ў мяне сваімі круглымі блакітнымі вачамі з такім самым выразам наіўнага здзіўлення, як і тады, калі, будучы яшчэ дзіцем, зразумела па маім акамянелым старажытным твары, што я не хачу з ёй гуляць. Калі я падыходзіў, яна, я заўважыў, выпусціла яго руку і раптам пабялела, спалохаўшыся, відаць, ці не пранік я ў іхнюю ганебную тайну. I яна не памылілася. Мне брыдка было глядзець на іх збліжэнне, тым больш злачыннае, што яны належаць да двух варожых дамоў і што яны зусім яшчэ дзеці, а ўжо гразнуць у бруднай дрыгве кахання. Я бачыў чырвань на іх тварах, чырвань, якая выступае тады, калі кроў узбударажана юрлівымі жаданнямі, што, вырываючы-
ся напаверх, уяўляюць сабой такое моташнае відовішча. Брыдка было бачыць гэтую сумесь цнатлівасці і пошасці, асабліва паскудную таму, што яна ператварае каханне паміж людзьмі ў гэтым узросце ў штосьці зусім ужо гнюснае. Я з задавальненнем падліў яму ў кубак, які быў пусты толькі напалову — яно і няважна, майго пітва досыць толькі капнуць.
Потым я падышоў да дона Рыкарда і наліў яму па беражок. Гэта не ўваходзіла ў маю задачу. Але ў мяне ёсць свае ўласныя задачы. Я і сам магу даваць сабе заданні. I, убачыўшы, што герцаг на мяне глядзіць, я спакойна вытрымаў яго позірк. Дзіўны позірк. У людзей бывае такі позірк. У карлікаў ніколі. Быццам Hernia патаемнае, што жыве на дне яго душы, усплыло раптам на паверхню і з жахам і радасцю назірала за мной. Нейкае патаемнае жаданне вынырнула на хвілінку з цёмных глыбінь, нібы нейкая вадзяная, з гнуткай слізкай спіной пачвара, піто баіцца святла. У старажытнай, накшталт мяне, істоты ніколі не бывае такога позірку. Я цвёрда глядзеў яму ў вочы, і, спадзяюся, ён заўважыў, што рука мая не затрымцела.