Кат; Карлік
Пер Лагерквіст
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
абодва яны герцагскага роду — ён прынамсі. Яна дык вельмі верагодна, што і байстручка. Яны былі самыя юныя сярод гасцей і выглядалі хутчэй дзецьмі, чым дарослымі, і таму, паўтараю, былі тут быццам самі па сабе. Здавалася, што яны апынуліся тут проста выпадкова. Нябога Анджэліка першы раз выйшла ў вялікі свет, і яе ўбралі ў белую шаўковую сукенку з доўгімі вузкімі рукавамі з залатой парчы, а на галаве, ледзь прыкрываючы светлыя, амаль бясколерныя валасы, у яе была надзета вышытая жэмчугам і золатам шапачка. Выглядала яна, само сабою, жахліва. А кожнаму, хто прывык яе бачыць не інакш як у звычайным, ледзь не бедным адзенні, яна павінна была здавацца ў гэтым убранстве асабліва пацешнай. Рот у яе, як заўсёды, быў паўадкрыты, і дзіцячыя шчокі палалі ад збянтэжанасці. Яе вялікія круглыя блакітныя вочы ззялі ад захаплення, нібы яна немаведама які цуд убачыла. Зрэшты, і Джаванні, здаецца, бянтэжыўся, апынуўшыся сярод усіх гэтых знатных людзей, і час ад часу кідаў на іх нясмелыя позіркі. Але ён, відаць, усё ж больш прывычны да свету, збянтэжанасць у яго хутчэй у натуры. На ім быў блакітны аксамітавы ўбор з залатой вышыўкай на каўняры, а на тонкім ланцужку вісеў авальны залаты медальён, у якім, гавораць, партрэт яго маці, той самай, што, як усе кажуць, раскашуецца цяпер у раі — адкуль ім пра гэта ведаць, яна, можа, спакойненька мэнчыцца ў чыстцы. Гасцям ён, вядома, здаваўся пісаным красунчыкам, я чуў, яны пра гэта шапталіся, аднак, пачуўшы «аб прыгожай парачцы», я зразумеў, што ўяўленне аб прыгажосці ў сяго-таго з іх досыць дзіўнае. Увогуле, ён не ў маім гусце. Па-мойму, мужчына павінен выглядаць мужчынам. Нават не верыцца, што ён герцагскі сын і з роду Мантанцаў. Як ён будзе кіраваць народам і сядзець на троне? Зрэшты, наколькі я разумею, да гэтага справа не дойдзе — на троне яму ўсё роўна не сядзець.
Гэтыя дзеці не ўдзельнічалі ў агульнай гаворцы, і любая ўвага іх, відаць, прыгнятала. Яны, папраўдзе, і адно з адным не надта каб гаварылі, але я заўважыў, што яны ўвесь час неяк дзіўна пазіралі адно на аднаго і, страчаючыся позіркамі, крадком усміхаліся. Мне дзіўна было бачыць, як гэта дзеўка ўсміхаецца — штосьці не прыгадваю, каб яна хоць разок усміхнулася з той самай пары, як выйшла з малалецтва. Праўда, усміхалася яна неяк няўпэўнена, быццам спрабуючы ўсміхнуцца. Магчыма, разумела, што ўсмешка ў яе непрыгожая. Зрэшты, чалавечая ўсмешка заўсёды, памойму, непрыгожая.
Чым даўжэй я за імі назіраў, тым болып здзіўляўся: што гэта такое з імі робіцца? Яны ледзьве дакраналіся да яды, а то і проста сядзелі, утаропіўшыся кожны ў сваю талерку, Пры гэтым я заўважыў, што яны трымаліся пад сталом за рукі. Калі хто ў гэты час, пераміргнуўшыся з суседам, пачынаў іх разглядваць, яны страшэнна бянтэжыліся, чырванелі і пачыналі празмерна ажыўлена размаўляць. Урэшце я зразумеў, што між імі зусім асаблівыя адносіны — каханне. Жахлівае адкрыццё! Я і сам толкам не разумею, чаму мяне гэта так абурыла. Чаму мне зрабілася так невыказна агідна.
Каханне між людзьмі заўсёды паскуднае. Але каханне між гэтымі дзецьмі, такімі вонкава цнатлівымі, выглядала ўдвая гнюсна. Мяне нават гарачынёй абліло, гэтак я раззлаваўся і абурыўся, што даводзіцца быць сведкам такой брыдоты.
Зрэшты, хопіць пакуль што пра іх. Я занадта ўхіліўся праз гэтых малалетак, пры тым не самых важчых асоб на ўрачыстай трапезе. Прадоўжу апісанне.
Пасля таго як госці скончылі з халоднымі стравамі, якіх, як я гаварьіў ужо, мелася на стале ў дастатку, у расчыненых дзвярах паявіўся гофмаршал верхам на белай кабыле пад пурпуровым сядлом і зычным голасам
абвясціў назвы першых дванаццаці гарачых страў, якія тут жа былі ўнесены безліччу слуг і стольнікаў. I два трубачы, што трымалі пад вуздэчку каня, дружна затрубілі. Ад страў, якія дыміліся парай, ішлі пахі мяса, прыпраў і тлушчу, і мяне, пры маёй гідлівасці наогул да пахаў ежы, ледзь не званітавала. Старэйшы стольнік, са звычайным сваім ідыёцкім выглядам, выгнуўшы па-петушынаму шыю, падышоў да герцагскага стала і пачаў разразаць мяса, качак і каплуноў, пры гэтым з пальцаў левай рукі, якой ён прытрымліваў стравы, у яго капаў тлушч, а нажом ён арудаваў нібы славуты фехтавальшчык, што дэманструе сваё смяртэлыіа небяспечнае ўмельства. Госці накінуліся на ежу, і я адчуў, як мне робіцца блага: ува мне расло тое падобнае на гідлівасць пачуццё, якое заўсёды ахоплівае мяне, калі я бачу, як людзі ядуць, асабліва такія вось пражэрлівыя. Каб запхнуць кавалак як мага большы, яны брыдка разяўлялі раты, і сківіцы ў іх працавалі несупынна, а ў глыбіні варушыўся язык. Сярод тых, што сядзелі за герцагскім сталом, сама брыдка было глядзець на Быка: ён еў, як хамула, каўтаючы кавалак за кавалкам са страшнап пражэрлівасцю. I язык у яго быў агідны, ярка-чырвоны, шырокі, самы што ні ёсць бычыны язык. Герцаг, наадварот, еў без прагавітасці. Ён з’еў за гэты вечар нават менш, чым звычайна, а піць амаль не піў. Адзін раз я прыкмеціў, як ён падняў бакал і задумаўся, гледзячы на зеленаватае шкло, нібы разглядваючы праз яго свет. Астатнія пілі вельмі шмат. Слугі нястомна бегалі сюды-туды, падліваючы ў бакалы і кубкі.
На велізарных маёлікавых блюдах унеслі раззалочаных асятроў, карпаў і шчупакоў, якімі ўсе доўга захапляліся, так адмыслова яны былі прыгатаваны, пасля вялізныя блюды заліўнога, настолькі аздобленыя дзівосным васковым арнаментам, што і не разабраць было, што гэта, уласна кажучы, такое, потым
былі пададзены паштэты ў форме аленевых і дзіковых галоў, засмажаныя цалкам парасяты-сысункі, таксама раззалочаныя, куры ў салодкай пахучай прыправе і розныя іншыя пахучыя стравы, прыгатаваныя з перапёлак, фазанаў і чапляў. I нарэшце апранутыя ў егераў пажы ўнеслі спрэс пазалочанага дзіка-вепра, з разяўленай пашчы якога вырываліся языкі полымя, бо туды было закладзена нейкае гаручае рэчыва, да агіднасці смярдзючае. Тут выскачылі пераапранутыя німфамі дзеўкі — хутчэй голыя, чым апранутыя,— і пачалі пасыпаць падлогу араматычнымі парашкамі, ад чаго зрабілася толькі горай: зусім не стала чым дыхаць. Я проста задыхаўся.
Бык прагавіта накінуўся на смажаную дзічыну, нібы нічога перад тым не еў. Астатнія таксама паклалі сабе па велізарным кавалку цёмна-чырвонага недасмажанага мяса дзіка, якое лічыцца ў іх ласункам. Я з агідаю глядзеў, як яны зноў пачалі варушыць сківіцамі, вымазваючы вусны і бароды тлустым мясным сокам, у мяне было такое адчуванне, быццам я прысутнічаю пры нейкай непрыстойнасці,— наогул дык я пазбягаю есці разам з усімі, задавальняючыся толькі самым неабходным,— і мне ўсё брыдчэй рабілася глядзець на гэтых барвова-чырвоных, азызлых ад ежы і пітва, занадта вялізных, грузных людзей, якія складаліся, здавалася, з адных страўнікаў і жыватоў. I невыносна было глядзець, як старэйшы стольнік успорваў дзіка, выразаючы з сярэдзіны крывавыя кавалкі, пакуль нарэшце не застаўся адзін шкілет са шматкамі мяса на ім.
Дон Рыкарда, які еў левай рукой з дапамогай слугі, спецыяльна прыстаўленага наразаць яму мяса, кідаў сабе ў рот кавалак за кавалкам, запіваючы іх велізарнай колькасцю віна. Твар ягоны ўяўляў сабой суцэльную дурнаватую ўсмешку, і здаровай рукой ён бесперапынна падносіў да рота кубак. На ім быў акса-
мітавы камзол цёмна-чырвонага колеру, які павінен быў, напэўна, азначаць страсць — ён заўсёды апранаўся ў гонар сваёй дамы сэрца. Пагляд яго палымнеў, як ніколі, і ён раптам без дай прычыны ўзмахваў рукой і пачынаў чытаць якія-небудзь бязглуздыя вершыкі, звяртаючыся да любога, хто толькі выказваў жаданне яго слухаць,— акрамя герцагіні. Напышлівыя словы аб каханні да жанчыны і аб любві да гэтага жыцця выліваліся з яго такім жа ручаём, якім улівалася ў яго горла віно. Вочы герцагіні ўспыхвалі, калі ён зрэдку пазіраў на яе, і яна адорвала яго сваёй загадкавай усмешкай, хоць увесь астатні час сядзела з напаўадсутным выглядам, як звычайна на святах. Акрамя Taro, яны зрэдку падоўгу глядзелі адно на аднаго, калі думалі, што ніхто іх не бачыць, і тады ў яе ў вачах паяўляўся вільготны, амаль што хваравіты бляск. Я ж усё бачыў. Я ні на хвіліну не выпускаў іх з-пад увагі, хоць яны і не здагадваліся аб гэтым. He здагадваліся яны і аб тым, што таілася ў глыбінях маёй душы. Хто можа пра гэта ведаць? Хто можа ведаць, што за невядомае зелле гатую я, карлік, у тайніках маёй душы, куды нікому ніколі не пранікнуць? Хто ведае што-небудзь пра душу карліка, у патаемных сховах якой вырашаецца іх лёс? Ніхто і не здагадваецца, штб я сабой уяўляю. Іх шчасце, што не здагадваюцца. Калі б уведалі, яны б зжахнуліся. Калі б уведалі, усмешка згасла б у іх на вуснах і вусны завялі б і высахлі на векі вечныя. I ўсё віно ў свеце не змагло б зноў напоўніць іх сокам і ажывіць.
Паглядзім, ці знойдзецца ў свеце віно, здольнае вярнуць ім свежасць і ўсмешку!
Я глядзеў таксама на даміджэлу герцагіні Ф’ямету, якая сядзела хоць і не за герцагскім сталом, але на добрым, увогуле, месцы, на лепшым, чым мела права па сваім становішчы. Пры двары яна паявілася нядаўна, і да гэтага часу я яе неяк не заўважаў. Цяпер мне
гэта цяжка нават зразумець. Яна ж вельмі, кідка прыгожая, рослая і прамая, юная і ў той жа час дарослая, зусім сталая для гэтага свету. У яе смуглявы, вельмі горды і цвёрды твар з правільнымі рысамі і вугальначорныя вочы, у самай глыбіні якіх мігціць адна-адзіная іскарка. Я заўважыў, як герцаг кідаў на яе час ад часу неспакойныя позіркі, нібы хацеў па гэтым скрытным твары прачытаць яе думкі і ўведаць яе настрой. Яна на яго зусім не глядзела.
Але вось у зале патушылі амаль усе свечкі і невядома адкуль загучала хуткая музыка. У цемру імкліва ўварваліся дванаццаць маўрытанскіх танцоўшчыц з запаленымі факеламі ў зубах і пачалі свой шалёны танец.
Усе глядзелі стаіўшы дыханне. Яны то круціліся віхурай у вогненных арэолах, што акружалі іх чорныя галовы, то перакідваліся факеламі, то шпурлялі іх высока ўгору і лавілі потым бліскучымі ў цемры драпежнымі зубамі. Яны гулялі з полымем, быццам з небяспечным ворагам, і ўсе зачаравана і спалохана глядзелі на злавесныя скокі гэтых дзіўных істот. Яны круціліся болей каля таго месца, дзе сядзелі абодва герцагі, і, калі яны шпурлялі факелы, іскры віхурай ляталі над сталом. Калі яны рыхтаваліся злавіць зубамі факел, іх чорныя твары крывіліся ў жахлівых грымасах, быццам гэта былі злыя духі, што вырваліся з апраметнай, прыхапіўшы адтуль пякельнае полымя. А чаму б і не? Хто сказаў, што не ў геене вогненнай запалілі япы свае факелы? Я стаяў, схаваны цемрай, якая рабіла невідочным мой старажытны твар карліка, і глядзеў на гэтых дзіўных духаў і на іх незвычайны, злавесны танец, запазычаны, здавалася, у самога д’ябла.