• Часопісы
  • Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

    Кат; Карлік

    Пер Лагерквіст

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 240с.
    Мінск 1986
    53.96 МБ
    Я ўспамінаю яго дзіўны, пільны позірк той ноччу — ён абяцаў смерць. Але я памятаю таксама, якія летуценныя, вільготныя былі ў яго вочы, калі ён слухаў, як дон Рыкарда чытаў вершы пра каханне, вялікае, неабдымнае каханне, што ахоплівае нас сваім полымем і паглынае, спапяляе ўсю нашу істоту. Можа, каханне — гэта проста прыгожыя вершы, без ніякага пэўнага сэнсу, а проста прыемныя на слых, калі чытаць гучна і пранікнёна? He ведаю. He выключана, аднак, што і так. Людзі — своеасаблівыя фальшываманетчыкі.
    Здзіўляе мяне і тая начная сцэна з распусніцай. Я заўсёды думаў, што ўжо герцаг да такога апусціцца
    не можа. Зрэшты, што мне да гэтага. Апроч таго, я прывык, што ён пастаянна аказваецца зусім іншым, чым я сабе ўяўляў. На другі дзень я асцярожна расказаў пра гэта аднаму са слуг і выказаў сваё здзіўленне. Ён жа зусім не быў здзіўлены. У герцага, сказаў ён мне, заўсёды былі палюбоўніцы з прыдворных дам ці з гараджанак, а часам і славутыя куртызанкі, цяпер у яго ў палюбоўніцах даміджэла1 герцагіні Ф’ямета. Ён мяняе іх як пальчаткі, сказаў ён са смехам, здзіўляючыся з маёй недасведчанасці.
    Дзіўна, што такое магло іірайсці міма майго на рэдкасць праніклівага вока. Вось як асляпіла мяне безагаворачнае пакланенне перад маім валадаром.
    Мяне не хвалюе, што ён здраджвае герцагіні. Я яе ненавіджу і вельмі нават рады, што яе падманваюць. Апроч таго, яна ж кахае дона Рыкарда. He герцагу, a яму піша яна тыя палкія любоўныя словы, якія я вымушаны хаваць у сябе на грудзях. Я ад душы спадзяюся, што яго ўсё ж урэшце заб’юць.
    Дождж, дзякаваць богу, перастаў. Калі мы выйшлі сёння з палатак, сонца зырка ззяла, лініі гор былі чыстыя і выразныя, хоць усё навакол было, зразумела, насычана вільгаццю, паўсюль стаялі лужыны, цурчалі ручаі. Раніца была надзвычай бадзёрая. Неба ачысцілася, вачам адкрываўся разбойніцкі горад Мантанца, што ўзвышаўся на сваім пагорку; мы паспелі ўжо забыць, як ён выглядае, а цяпер добра быў відаць кожны дом за крапасной сцяной, кожная байніца старажытных крапасных вежаў — усё, ажно да пазалочаных крыжоў на цэрквах і званіцах, пасля дажджу бачылася неяк асабліва ярка. Недалёка дзень, калі пракляты горад будзе ўзяты і знікне нарэшце з твару зямлі.
    1 Damigella — прыдворная дама (італ.).
    Усе радьі выйсці і размяцца на свежым паветры, добрае надвор’е падбадзёрвае і падымае баявы дух. Нуду, абыякавасць бы ветрам здзьмула. Усе так і рвуцца ў бой. Я вельмі памыляўся, думаючы, што дождж дзейнічае згубна на баявы дух арміі. Ён, відаць, толькі прытупляе яго да пары да часу.
    У нас у лагеры жыццё віруе. Салдаты, гамонячы і сварачыся, чысцяць зброю, слугі начышчаюць да бляску рыцарскія даспехі, коней гоняць купацца да імклівых патокаў, якіх мноства журчыць цяпер па схілах між алівамі, усе і ўсё рыхтуецца да блізкай бітвы. Лагер набыў свой ранейшы выгляд, а вайна — сваю ранейшую маляўнічасць і святочнасць, што, бясспрэчна, ёй больш да твару. Яркія салдацкія мундзіры, рыцарскія даспехі, багатая сярэбраная конская збруя — усё блішчыць і ззяе на сонцы.
    Я доўга стаяў, разглядаючы горад,— канчатковую мэту нашага паходу. На выгляд ён добра ўмацаваны, яго сцены і крапасныя збудаванні могуць падацца проста такі непрыступнымі. Але мы яго возьмем, і нам нямала ў тым паможа месір Бернарда. Я бачыў яго новыя тараны і кідальныя машыны, хітрамудрыя асадныя прылады і страшныя, аграмадныя бамбарды. Ніякая ў свеце крэпасць не можа супраць іх устаяць. Мы праб’ёмся праз любыя перашкоды, будзем крышыць і ламаць, а то і проста ўзарвём кавалак сцяны, зрабіўшы хітры падземны падкоп, пра які ён гаварыў у той вечар, будзем змагацца ўсімі мажлівымі сродкамі, пусцім у справу ўсё, што вынайшаў для нас яго геній, і ўварвёмся ў горад, уварвёмся на яго вуліцы, сеючы вакол смерць і спусташэнне. Горад будзе спалены, разрабаваны, сцёрты з твару зямлі. Ад яго не застанецца каменя на камені. I яго жыхары, гэтыя разбойнікі і бандыты, атрымаюць нарэшце па заслугах, будуць вынішчаны ці забраны ў палон, і толькі куродымныя руіны будуць нагадваць аб мінулай магутнасці
    дома Мантанца. Я перакананы, што герцаг цвёрдаіі рукой расправіцца са сваім кроўным ворагам. А ўжо што да наёмнікаў Бакаросы — страшна нават уявіць, як яны будуць лютаваць. Гэта будзе наша апошняя і канчатковая перамога.
    Але спачатку нам трэба будзе змесці з дарогі войска, якое паўстала між намі і горадам. Няцяжка заўважыць, што яго стала намнога больш — як я і прадказваў. Сёй-той кажа, што гэта магутнае войска, амаль такое ж велізарнае, як і наша, разам з атрадам Бакаросы. Гэта ўжо занадта. Яно сапраўды займае цяпер куды большую плошчу, чым рапей, але называць яго магутным — значыць, па-мойму, пераацэньваць сілы непрыяцеля. Калі герцаг убачыў яго першы раз, ён спачатку быццам бы спахмурнеў, але тут жа зноў павесялеў, натхніўшыся, як відаць, сузіраннем варожых сіл, радуючыся думцы аб будучай бітве, магчымасці ўступіць нарэшце такі ў захапляючы паядынак. Вось што значыць сапраўдны воін! Ён ні на хвіліну не сумняваецца ў нашай перамозе, ды і ніхто з нашых военачальнікаў не сумняваецца, наколькі мне вядома.
    Весела, напэўна, удзельнічаць у штурме горада. Дагэтуль мне ні разу не даводзілася.
    Я сяджу ў сваіх пакоях, ва ўсходняй вежы нашага замка, на звычайным для маіх пісьмовых заняткаў месцы. За гэтай нізенькай, вельмі зручнай для мяне канторкай я працягваю апісанне тых знамянальных і фатальных падзей, удзельнікам якіх з’яўляюся. Якім чынам я зноў апынуўся дома? Усё тлумачыцца вельмі проста.
    Мы выйгралі бітву. Ды мы і не сумняваліся, што выйграем, хай нават цаною адчувальных страт, I з Ta­ro, і з нашага боку забітых было досыць шмат, але з іхняга боку куды больш. Цяпер ім ужо, вядома, цяжка будзе аказаць нам колькі-небудзь сур’ёзнае супра-
    ціўленне. Аднак і для нас гэтая бітва аказалася, паўтараю, крывавай. Асабліва на другі дзень. Але на тое і салдаты, каб выкарыстоўваць іх у справе. I нічога ўжо такога страшнага не адбылося — дарэмна толькі людзі мелюць языкамі.
    А дома мы цяпер па той простай прычыне, што герцаг вымушаны быў вярнуцца, каб сабрацца з сіламі для перамоганоснага заканчэння вайны. I акрамя таго, як я чуў, трэба папоўніць неабходныя на гэта грашовыя сродкі. Такая справа, як вайна, паглынае, само па сабе, значныя сумы. Герцаг, паўтараю, вядзе цяпер перагаворы з венецыянскай сіньёрыяй. У гэтых гандляроў патрэбнага нам тавару хоць адбаўляй, і справа, кажуць, павінна неўзабаве ўладзіцца. Пасля чаго мы неадкладна выступім у паход.
    Кажуць, што Бакароса і яго наёмнікі запрасілі павышэння платы і, акрамя таго, лічаць, што не ўсё яшчэ атрымалі з таго, што ім належала па першапачатковай дамоўленасці. Праз гэта яны, як гавораць, прыносяць нам шмат турбот. Я, прызнацца, не чакаў, што яны могуць надаваць такое значэнне гэтаму боку вайны, ніхто ж не змагаецца так адважна і бясстрашна, як яны. Я думаў, яны любяць вайну дзеля вайны, як я, напрыклад. Зрэшты, нельга, можа, і патрабаваць такой бескарыслівасці. Зусім, напэўна, верагодна, што яны хочуць, каб ім заплацілі. Ну што ж, яны сваё атрымаюць.
    Гавораць пра нейкія нібы рознагалоссі паміж кандацьерам і герцагам — ды ці мала пра што гавораць. Калі войска нясе страты і не ўсё ідзе гладка, людзі звычайна хутка паддаюцца нудзе. Усе незадаволены зыходам справы, усе адзін аднаго вінавацяць, скардзяцца на стому, пералічваюць страты свае і страты праціўніка — наогул, адно да аднаго. А наёмнікі Бакаросы хоць і выдатна ваююць, проста як ашалелыя, але вельмі можа быць, што зусім не дзеля ажыццяўлення за-
    ваблівых намераў герцага, вельмі можа быць, што ў іх зусім іншае наўме. Але ўсё гэта дробязі. Зусім неістотныя і часовыя.
    Зрэшты, мне ўсё гэта досыць нецікава, і ўжо менш за ўсё вульгарныя грашовыя рахункі ў такой справе, як вайна, і таму я не маю намеру гаварыць на гэтую тэму далей.
    Што за нуда сядзець дома! Чалавеку, які толькі што проста з поля бою, тутэйшае існаванне страшэнна пустое і манатоннае. Час цягнецца бясконца, і не ведаеш, чым сябе заняць, усякая жыццядзейнасць быццам паралізаваная. Зрэшты, днямі ўсё павінна вырашыцца. Хутка зноў у паход.
    На тутэйшых абарыгенаў смешна глядзець, я маю на ўвазе слуг і ўсіх іншых, хто не ўдзельнічаў у вайне. Яны жывуць нібы ў іншым свеце, быццам і не здагадваюцца, што краіна знаходзіцца ў стане вайны. Гледзячы на мае даспехі, яны разяўляюць раты ад здзіўлення, нібы не ведаюць, што так заўсёды апранаюцца на поле бою — а інакш не паспееш азірнуцца, як станеш здабычай ворага, асудзіш сябе на немінучую пагібель. Яны гавораць, што тут, маўляў, небяспекі няма. Але ж вайна ідзе! I я хутка зноў выпраўлюся ў паход. Кожную мінуту можна чакаць загаду герцага аб выступленні, і трэба быць у поўнай баявой гатоўнасці. Вось чаму я і хаджу ў даспехах. Ды хіба ім растлумачыш.
    He пабываўшы самі на вайне, яны, натуральна, зусім не могуць уявіць, што гэта такое. А калі спрабуеш намаляваць ім хоць прыблізную карціну паходнага жыцця з усёй яго небяспекай, яны глядзяць на цябе з ідыёцкім недаверам, разам з тым не маючы сілы прыхаваць тайную заііздрасць. Усім сваім выглядам яны быццам хочуць сказаць, што я, маўляў, тут ні прычым, што сам я нічога такога не зведаў і не прымаў колькіпебудзь дзейснага ўдзелу ў тых бітвах, пра якія рас-
    казваю. Няцяжка зразумець, што ў іх гаворыць самая звычайная зайздрасць. He зведаў! Яны не знаюць, што клінок маёй шпагі яшчэ зберагае крывавы след апошняй жорсткай бітвы. Я яго не паказваю, бо не цярплю салдацкага выхваляння, якое расцвітае на вайне і гэтак уласціва, напрыклад, дону Рыкарда. Я толькі MapHeft сціскаю эфес і паварочваюся да іх спіною.
    А справа была так. У ходзе нашай апошняй двухдзённай бітвы перад намі ўзнікла задача авалодаць вышынёй між нашым правым флангам і горадам, што мы і зрабілі. Абышлося гэта нам не танна. Затое адразу ж вельмі палепшыла наша становішча. Герцаг тут жа выправіўся паглядзець, якія менавіта перавагі дае нам авалоданне гэтай вышынёй. I я, вядома, разам з ім. На самай вяршыні стаяў загарадны замак Ладавіка. Месца, трэба сказаць, бьіло выбрана ўдала, і замак, акружаны кіпарысамі і персікавымі дрэвамі, выглядаў досыць эфектна. Некалькі салдат і я разам з імі пайшлі праверыць, ці не схаваўся там вораг, здольны паднесці нам непрыемны сюрпрыз і паквапіцца на жыццё герцага. Замак быў пусты, калі не лічыць жменькі старых слуг, такіх бездапаможных, што іх, відаць, проста кінулі тут пры адступленні,— герцаг адмовіўся чыніць над імі расправу. А я, пакуль сёе ды тое, спусціўся ў падзямелле, якое ніхто не дадумаўся агледзець, хоць яно магло быць цудоўным сховішчам. Там я нечакана натрапіў на карліка — Ладавіка трымае пры двары шмат карлікаў,— якога, напэўна, таксама кінулі, не ведаю ўжо чаму. Ён страшэнна перапалохаўся і кінуўся ў паўцёмны бакавы ход. Я крыкнуў: «Стой!» Але ён не спыніўся на мой крык, з чаго я вывеў, што сумленне ў яго нячыстае. Узброены ён ці не, я не ведаў, і таму пагоня за ім па вузкіх, заблытаных падземных пераходах была вельмі рызыкоўная. Нарэшце ён шмыгануў у памяшканне, што мела выйсце наверх, праз якое ён, вядома, і хацеў уцячы, але не паспеў ён адчы-