• Часопісы
  • Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

    Кат; Карлік

    Пер Лагерквіст

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 240с.
    Мінск 1986
    53.96 МБ
    I раптам здарылася нешта жахлівае. Тыя нашьі атрады, што знаходзіліся ля ракі, пахіснуліся. Яны пачалі адступаць пад націскам правага фланга войска Ладавіка, іх адцяснялі ўсё далей і далей, а яны толькі і рабілі, што бездапаможна і няўклюдна адбіваліся. Здавалася, яны зусім страцілі свой баявы дух. Яны ўсё адыходзілі і адыходзілі, настолькі, відаць, забаяўшыся смерці, што гатовы былі купіць сабе жыццё любой цаной. Я не верыў сваім вачам. Я не мог зразумець, што там такое робіцца,— мы нашмат пераўзыходзілі іх колькасцю: нас было амаль удвая больш. Уся кроў, здаецца, стукнула мне ў твар: мне сорамна было за гэтых нікчэмных баязліўцаў! Я вар’яцеў, я крычаў, я тупацеў нагамі, я ў лютасці пагражаў ім кулакамі, асыпаў іх праклёнамі — выліваў свой гнеў і сваю ганьбу. Ды што карысці! Яны мяне, зразумела, не чулі — яны ўсё адступалі і адступалі. Мне здавалася, я звар’яцею. I ніхто не ішоў ім на выручку! Ніхто і ўвагі не звяртаў на цяжкае іх становішча! Ды яны таго і не заслугоўвалі!
    Раптам я ўбачыў, як герцаг, які камандаваў цэнт-
    рам, зрабіў знак некалькім атрадам, што стаялі ззаду. Тыя рушылі ўперад да ракі, пачалі напорыста прабівацца праз шэрагі непрыяцеля. Неадольныя, адваёўвалі яны пядзю за пядзяй на шляху да ракі, пакуль нарэшце не вырваліся з урачыстымі крыкамі на бераг. Адступленне ворагу было адрэзана! Чалавек пяцьсот — семсот, не меней, апынулася ў акружэнні. Яны быццам трапілі ў мех, і ім нічога не заставалася, як чакаць, пакуль іх знішчаць.
    Я аслупянеў ад здзіўлення. Я і паняцця не меў пра такія ваенныя хітрасці. Я думаў, што гэта маладушнасць. Сэрца маё калацілася, я задыхаўся ад радасці. У мяне быццам гара з плячэй звалілася.
    Далей было дзівоснае відовішча. Нашы атрады пачалі з усіх бакоў цясніць акружанага непрыяцеля, адціскаючы яго да вузкай палоскі зямлі між полем бою і ракой. Урэшце вораг быў заціснуты так, што не мог паварухнуцца, і тут мы сталі бязлітасна яго знішчаць. Я ў жыцці не бачыў такой «крывавай лазні». Лазня ж атрымалася яшчэ і сапраўдная, вадзяная: мы пачалі гнаць іх ужо проста ў раку, скідаць туды цэлымі гуртамі, тапіць, як кацянят. Яны адчайна змагаліся з плынню, валтузіліся ў вірах, крычалі, клікалі на дапамогу і наогул паводзілі сябе зусім не па-салдацку. Амаль ніхто з іх не ўмеў плаваць, яны быццам упершыню апынуліся ў вадзе. Тых, каму ўдавалася ўсё ж вынырнуць, адразу заколвалі, тых жа, хто спрабаваў пераправіцца на другі бераг, зносіла бурнай плынню. Амаль нікому не ўдалося выратавацца.
    Ганьба абярнулася бліскучай перамогай!
    3 гэтай хвіліны падзеі разгортваліся з неверагоднай імклівасцю. Цэнтр абрынуўся на непрыяцеля, левы фланг таксама, на правым фланзе атрады Бакаросы секлі ворага з падвоенай лютасцю. А ўніз са схілаў рынулася з дзідамі наперавес свежая конніца і ўрэзалася ў самую гушчыню бітвы, пасеяўшы страшэнную паніку
    ў змучаным войску Ладавіка. He вытрымаўшы, яны вельмі хутка паказалі нам спіну. I з конніцай на чале мы кінуліся наўздагон, каб ужо да канца сабраць плён нашай выдатнай перамогі. Герцаг, натуральна, не меў намеру ўпускаць магчымасцей, што адкрыліся перад ім. Некалькі атрадаў, і пяхота, і конніца, аддзяліліся раптам ад астатняга войска і рушылі да бакавой цясніны — відаць, каб адрэзаць шлях праціўніку. Як далей разгортваліся падзеі, нам ужо не было відаць, таму што горы схавалі ад нас дзеянні абодвух войск. Усё разам знікла з вачэй, схаваўшыся між укрытых вінаграднікамі пагоркаў па другі бок раўніны, якая толькі што была тэатрам ваенных дзеянняў.
    У нашым лагеры на пагорку ўсчалася мітусня, усё заварушылася. Запрагалі ў падводы коней, ліхаманкава грузілі ўсялякую зброю і рыштунак, усе бегалі, усе мітусіліся, абоз рыхтаваўся ў дарогу. Я павінен быў ехаць з падводай, на якую пагрузілі герцагскі шацёр. Прагучаў сігнал да выступлення, і мы спусціліся з пагорка і выехалі на поле бітвы, якое ўяўляла сабой цяпер панылую пустыню, засеяную целамі забітых і параненых. Іх было так шмат, што нам дзе-нідзе даводзілася ехаць проста па чалавечых целах. Найболей гэта былі ўжо нябожчыкі, але некаторыя пачыналі раўці як рэзаныя. Нашы параненыя крычалі нам услед, прасілі падабраць іх, але ў нас не было такой магчымасці, нам трэба было спяшацца, каб дагнаць войска. Войны гартуюць, прывыкаеш, здаецца, да ўсяго. Але нічога падобнага мне не даводзілася яшчэ бачыць. Уперамешку з людзьмі ляжалі коні. Мы пераехалі цераз каня, у якога ўсё бруха было развернутае і вантробы вываліліся на зямлю. Я не мог на гэта глядзець, мяне ледзь не вырвала. Сам не ведаю, чаму гэта на мяне так падзейнічала. Я крыкнуў фурману, каб паганяў, ён свіснуў бізуном, і мы рвануліся ўперад.
    Дзіўная рэч. Я неаднойчы заўважаў, што ў нека-
    торых выпадках я вельмі чуллівы. Ёсць рэчы, якіх я зусім не выношу. Мяне вось гэтак жа пачынае ванітаваць, варта мне толькі ўспомніць пра кішкі Франчэска. Самыя натуральныя, здаецца, рэчы заўсёды чамусьці асабліва агідныя.
    Дзень хіліўся на вечар. Усё на свеце мае, на жаль, свой канец. Сонца, якое яшчэ вызірала з-за гор, асвятляла развітальнымі промнямі поле бітвы, якое стала сведкам небывалай доблесці, небывалай славы і небывалага паражэння. Седзячы ў дрогкіх калёсах, спіною да каня, я глядзеў, як гусцее над раўнінай змрок.
    I вось сцэна патанула ў цемры, і крывавая драма, што разыгралася тут, стала ўжо здабыткам гісторыі.
    Цяпер я магу колькі хачу займацца сваімі запісамі. Справа ў тым, што задажджыла. Неба быццам прарвалася і абрыньвае патокі вады. I ўдзень, і ўначы ўсё ліе і ліе.
    Брыдка, зразумела. У лагеры слата і гразь. Праходы між палаткамі ператварыліся ў рэдкую гліністую мешаніну, у якой грузнеш ледзь не па калені і дзе плаваюць уперамешку чалавечы і конскі кал. Што ні вазьмі, усё ліпкае і бруднае, гідка дакрануцца. Праз палатно палаткі таксама капае, і ўсё ўсярэдзіне сырое. Прыемнага, вядома, мала, многім гэта дзейнічае на нервы. Звечара кожны раз спадзяешся, што заўтра пачнецца добрае надвор’е, але, прачнуўшыся, чуеш усё той жа барабанны пошчак дажджу па палотнішчы палаткі.
    I якая карысць ад яго, ад гэтага бясконцага дажджу! Ён толькі перашкаджае ваенным дзеянням, прыпыніў усю вайну. I якраз тады, калі мы маглі б збіраць плён нашых слаўных перамог. Нашто ён, каб хто спытаў, ліе!
    Салдаты засумавалі. Толькі і робяць, што спяць ды гуляюць у косці. I ніякага, натуральна, баявога духу.
    А Бык тым часам збірае сілы, ужо ў гэтым можна не сумнявацца. Мы ж, само сабой, не становімся мацнейшымі. Непакоіцца, вядома, няма падстаў, але проста злосць бярэ, як падумаеш.
    Няма нічога больш згубнага для баявога духу войска, чым дождж. Відовішча перастае захапляць, узбадзёрваць, натхняць, усё нібы блякне, траціць свой глянец,— усё тое яркае і святочнае, што звязана з вайной. Уся прыгажосць цьмянее. Няварта, аднак, думаць, што вайна — адно свята. Вайна не гульня, гэта рэч сур’ёзная. Гэта смерць, пагібель і вынішчэнне. Гэта не проста прыемнае баўленне часу ў захапляючых сутычках з меншым па сіле праціўнікам. Тут трэба вучыцца вытрымцы, цярплівасці, уменню пераносіць любыя нягоды, цяжкасці, пакуты. Гэта зусім неабходна.
    Калі нуда ахопіць усё войска, справа можа павярнуць на благое. Нам яшчэ нямала трэба зрабіць, перш чым вернемся дадому з перамогай. Вораг яшчэ не дабіты, хоць чакаць, вядома, засталося нядоўга. I нельга не прызнаць, што ён досыць спрытна здолеў адступіць пасля таго страшэннага разгрому ля ракі — часткова яму ўсё ж удалося вырвацца з акружэння. А цяпер ён, паўтараю, напэўна зноў збірае сілу. Нам спатрэбіцца ўвесь наш ранейшы баявы дух, каб разграміць яго канчаткова.
    У герцагу, аднак, нуды не відаць і знаку. Ён з тых, хто па-сапраўднаму любіць вайну — ва ўсіх яе праявах. Ён спакойны, упэўнены і энергічны. Заўсёды ў роўным, выдатным настроі. Hi на хвіліну не траціць мужнасці і ўпэўненасці ў перамозе. Непераўзыдзены воін! Ва ўмовах паходнага жыцця мы з ім дзіўна падобныя.
    Адзінае, што я супраць яго маю і чаго не магу яму дараваць, адзінае, што служыць прычынай самых горкіх з майго боку папрокаў,— яго ўпартае нежаданне адпускаць мяне на поле бою. He разумею, чаму ён мне
    адмаўляе? Чаму пярэчыць? Я ўпрошваю яго перад кожнай сутычкай, адзін раз літаральна на каленях маліў, абхапіўшы яго за ногі і горка плачучы! Але ён ці робіць выгляд, што не чуе, ці адказвае з усмешкай, што я, маўляў, занадта дарагі яму, не дай бог што-небудзь здарыцца са мной. Здарыцца! Ды я пра гэта толькі і мару! Ён ніяк не хоча зразумець, што для мяне гэта жыццёва важна. He разумее, што я ўсёй душою рвуся ў бой — як ніводзін яго салдат, больш палымяна, больш шчыра, чым іншыя. Для мяне вайна не гульня, для мяне гэта САМО ЖЫЦЦЁ. Я прагну змагацца, прагну ЗАБІВАЦЬ! He дзеля таго, каб праславіцца, a дзеля самога бою. Я хачу бачыць, як вакол мяне падаюць забітыя, хачу бачыць смерць і пагібель. Ён і не здагадваецца, што я такое. I я павінен падаваць яму віно, прыслугоўваць яму і ні на крок не адыходзіць ад палаткі, у той час як душа мая рвецца ў пекла бітвы. Я заўсёды толькі глядач, я мушу назіраць, як іншыя робяць тое, чым занятыя ўсе мае думкі,— самому ж мне не дазволена прыняць удзел у бітве. Невыноснае прыніжэнне! Я да гэтага часу не забіў ніводнага чалавека! Ведаў бы ён, колькі пакут ён прычыняе мне, пазбаўляючы мяне такой магчымасці.
    Я таму не зусім шчыры, кажучы, што ПА-САПРАЎДНАМУ шчаслівы.
    Іншыя, вядома, таксама заўважаюць мой баявы парыў. Але ім, у адрозненне ад герцага, невядома, наколькі гэта для мяне сур’ёзна. Яны проста бачаць, што я заўсёды хаджу ў даспехах і пры шпазе, і здзіўляюцца. Ды тое, што яны думаюць пра мяне і пра маю ролю ў гэтым паходзе, мяне зусім не кранае.
    Многіх з цяперашняга акружэння герцага я цудоўна ведаю. Гэта яго прыдворныя і заўсёдныя госці ў ягоным замку, слаўныя воіны са старых, славутых родаў, якія стагоддзямі вызначаліся на вайне, і розныя там высокапастаўленыя асобы, якія дзякуючы ўжо аднаму
    свайму высокаму становішчу апынуліся і на чале войска. Усе цяперашнія военачальнікі даўно і добра вядомыя мне, гэтак жа, як і я ім. Яны ж разам з герцагам і кіруюць ходам кампаніі. Вакол яго, трэба сказаць, сапраўды абранае акружэнне — самыя бліскучыя прадстаўнікі ваеннай арыстакратыі краіны.