Кат; Карлік
Пер Лагерквіст
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
«Вядома, ты трапіш на вайну»,— сказаў ён мне. Сам жа ён ідзе, і мяне, натуральна, возьме. Ці ж можа герцаг абысціся без свайго карліка? Каму ж тады частаваць яго віном? I ён весела падміргнуў мне.
Мяне бяруць! Бяруць!
Я сяджу цяпер у паходным шатры, які пастаўлены на пагорку, парослым пініямі, ворага ля падножжа гары відаць адсюль як на далоні. Палотнішча шатра ў шырокія жоўтую і чырвоную палосы — гэта колеры герцага — ляпае на ветры, узбуджаючы і падганяючы, як гукі фанфар. Я ў поўнай баявой форме, усё гэтак, як у герцага: і латы, і шлем, і шпага на сярэбранай перавязі ля сцягна. Надвячорак, і цяпер тут, акрамя мяне, ні душы. Знадворку полаг адкінуты, і да мяне даходзяць галасы военачальнікаў, якія абмяркоўваюць план заўтрашняй бітвы, а здалёку — мужныя, гучныя спевы салдат. Унізе на раўніне я распазнаю чорна-белы шацёр Быка і вакол мітуслівыя постаці людзей, такія малюпасенькія, што адсюль яны здаюцца зусім бяскрыўднымі, а далёка злева — коннікаў без даспехаў, голых па пояс, якія купаюць у рацэ коней.
У паходзе мы больш за тыдзень — час, багаты на
вялікія падзеі. Наступленне развівалася абсалютна так, як я і прадбачыў. Мы ўзялі памежныя крэпасці ворага, абстраляўшы іх спачатку з непераўзыдзеных бамбардаў месіра Бернарда, якія ўпершыню паказалі, на што яны здатныя,— гарнізон тут жа здаўся, застрашаны іх кананадай. Бык у спешцы кінуў супраць нас не надга шматлікія атрады з таго войска, якім ён спрабаваў спыніць прасоўванне Бакаросы, але з усіх гарачых сутычак з імі мы выйшлі пераможцамі, таму што непрыяцель значна саступаў нам у сіле. Між тым наёмнікі Бакаросы, сустракаючы ўсё меншае супраціўленне, агнём і мячом праклалі сабе шлях на раўніну, не шкадуючы нічога жывога, прасоўваліся ўсё далей на поўнач, каб злучыцца з намі. I вось учора пад вечар гэтая такая доўгачаканая, такая важная для далейшага ходу кампаніі сустрэча адбылася. А цяпер нашы аб’яднаныя атрады стаяць у перадгор’і, між раўнінай і гарамі, складаючы войска больш чым пятнаццаць тысяч чалавек, з іх дзве тысячы конніцы.
Я прысутнічаў пры сустрэчы герцага з кандацьерам. Гэта быў гістарычны момант, сапраўды незабыўны. Герцаг, усім на здзіўленне памаладзелы за гэты час, быў у багатых даспехах: кальчуга і налакотнікі з пазалочанага серабра, а на шлеме дзве перыны, жоўтая і чырвоная,— яны прыгожа калыхаліся, калі ён, акружаны пышнай світай, цырымонна вітаў свайго саюзніка, што карыстаецца змрочнаю славаю. Яго заўсёды бледны, пародзісты твар крыху паружавеў, а на тонкіх вуснах паявілася ўсмешка, шчырая і сардэчная, але разам з тым, як звычайна, крыху стрыманая і быццам насцярожаная. Насупраць яго стаяў Бакароса, магутны і шырачэзны — сапраўдны велікан. У мяне было дзіўнае адчуванне, быццам я бачу яго ўпершыню. Але такога я і праўда бачыў яго ўпершыню — ён жа прыйшоў на сустрэчу проста з поля боя. На ім былі сталёвыя даспехі, якія здаваліся зусім простымі
ў параўнанні з герцагскімі, адзінай іх аздобай была зробленая з бронзы звярыная морда на грудзях — ашчэраная ў лютасці львіная пашча. На шлеме ніякіх пярын, ніякіх упрыгожанняў — проста гладкі шлем. Твар яго здаўся самым страшным з усіх чалавечых твараў. Тлусты, васпаваты, з такой сківіцай, што, зірнуўшы на яе, міжволі здрыганешся, з драпежным, крывава-чырвоным ротам. Тоўстыя губы былі шчыльна сціснутыя, а затоены дзесьці ў самай глыбіні, бы драпежнік у засадзе, позірк прымусіў бьі, я думаю, пусціцца наўцёкі любога ворага, калі б гэты позірк хоць на імгненне паказаўся са свайго сховішча. На яго было страшна глядзець. Але я ніколі не сустракаў чалавека, які выглядаў бы настолькі мужчынам. Для мяне ён быў увасабленнем УЛАДЫ. Як зачараваны глядзеў я на яго сваім старажытным позіркам, які ўсё ўжо на свеце пабачыў, вачамі карліка, што ўвабралі ў сябе вопыт тысячагоддзяў.
Ён быў нешматслоўны, амаль увесь час маўчаў. Гаварылі другія. Адзін раз на нейкія словы герцага ён усміхнуўся. He ведаю, чаму я сказаў, што ён усміхнуўся, але ў іншых людзей гэта называецца ўсмешкай.
Цікава, можа, ён, як і я, HE ЎМЕЕ ЎСМІХАЦЦА?
Ен не гладкатвары, як іншыя. I не ўчора нарадзіўся, а паходжання старадаўняга, хоць і не такога старадаўняга, як я.
Герцаг мне здаўся побач з ім нейкім нават нязначным. I гэта пры ўсім маім пакланенні перад маім валадаром, якое асабліва ўзрасло, пра што я неаднойчы згадваў, апошнім часам!
Спадзяюся, мне ўдасца пабачыць кандацьера ў баі.
Значыць, заўтра на світанні рашучая бітва. Здавалася б, атакаваць трэба было неадкладна, як толькі нашы войскі злучыліся і пакуль Ладавіка не паспеў яшчэ перавесці дух і сабрацца з сіламі — што ён цяпер, дарэчы, і паспяшаўся зрабіць. Я выказаў свае
меркаванні герцагу, але ён сказаў, што трэба даць людзям перадышку. Акрамя таго, трэба, маўляў, быць рыцарам у адносінах да праціўніка і даць яму магчымасць прывесці сябе ў баявую гатоўнасць перад такой адказнай бітвай. Я ўсумніўся ў разумнасці і мэтазгоднасці такога спосабу вядзення вайны. «Разважлівасць разважлівасцю,— адказаў ён,— але я перш за ўсё рыцар. I абавязаны паводзіць сябе, як рыцар. Для цябе нашы законы не пісаны». Я паківаў галавой. Паспрабуй зразумей гэтага дзіўнага чалавека. Хацелася б ведаць, якой думкі пра гэта Бакароса.
А Бык, зразумела, дарма часу не траціў. Нам жа адсюль усё відаць. Ён паспеў нават за гэты дзень падцягнуць падмацаванні.
Але мы ў любым выпадку пераможам, гэта прадвызначана. I магчыма, яно і лепш, што ён прымножыў сваё войска: будзе каму секчы галовы. Чым больш ворагаў, тым больш пераканаўчая перамога, Ён мог бы, здаецца, зразумець, што ўсё роўна будзе разбіты, і чым менш у яго салдатаў, тым яму лепей. Але ён ганарлівец і сапраўды ўпарты, як бык.
Было б, аднак, вялікай памылкай думаць, што ён зусім не небяспечны. Ён хітры, дзёрзкі, выкрутлівы і сапраўды неардынарны военачальнік. Ён быў бы грозным праціўнікам, калі б гэтая вайна не абрынулася на яго так нечакана. 3 кожным днём усё лепш разумееш, як важна было напасці так вось знянацку; мы, напэўна, неаднойчы яшчэ пра гэта ўспомнім за час паходу.
Мне ва ўсіх падрабязнасцях вядомы план заўтрашняй бітвы. Наша, гэта значыць герцагскае, войска ўдарыць у цэнтр, войска Бакаросы — па левым фланзе. Мы пойдзем такім чынам у наступленне не па адным, а адразу па двух напрамках. Ясна, што гэта створыць для яго вельмі вялікія цяжкасці, а нам забяспечыць вялікія перавагі. У зыходзе бітвы сумнявацца не даводзіцца. Хоць і мы, вядома, павінны быць гатовыя да
пэўных страт. I наогул бітва, мне думаецца, будзе крывавая. Без ахвяр, аднак, нічога не дасягнеш. Ды бітва гэтая надзвычай важная, ад яе зыходу залежыць, трэба думаць, зыход усёй вайны. Справа вартая таго, каб панесці сякія-такія ахвяры.
Мяне ўсё больш пачынаюць даймаць сакрэты ваеннага майстэрства, дасюль ад мяне схаваныя. А разнастайнасць і напружанасць паходнага жыцця мне вельмі нават даспадобы. Цудоўнае жыццё! Якое ж гэта аслабаненне для цела і душы — удзельнічаць у вайне! Становішся быццам іншым чалавекам. Ніколі яшчэ я не адчуваў сябе так добра. Мне так лёгка дыхаецца. I так лёгка стала хадзіць. Цела нібы бязважкае.
Ніколі ў жыцці я не быў такі шчаслівы. Ды што там гаварыць! Хіба я ведаў раней, што такое шчасце!
Значыцца, заўтра. Заўтра!
Я, як дзіця, радуюся гэтай бітве.
Я страшэнна спяшаюся. Буду нешматслоўны.
Перамога здабыта, і перамога бліскучая! Вораг адступае ў страшэнным беспарадку, марна стараючыся сабраць расстроеныя часці. Мы гонімся за ім па пятах! Шлях да непрыступнага дагэтуль горада Мантанца адкрыты!
Як толькі будзе час, я падрабязна апішу гэтую слаўную бітву.
Падзеі гавораць самі за сябе — словы пазбавіліся ўсялякага сэнсу. Я памяняў пяро на меч.
Нарэшце ў мяне ёсць крыху вольнага часу, каб сёетое запісаць. Усе гэтыя апошнія дні мы з баямі ўпарта прасоўваліся наперад і нам літаральна не было калі перадыхнуць. Здаралася, не было калі нават паставіць на ноч палаткі, і мы раскідвалі лагер проста ў голым полі, сярод пініяў і аліўкавых дрэў, і спалі, закруціўшыся ў плашчы і паклаўшы пад галаву камень. Цу-
доўнае жыццё! Цяпер, як я ўжо сказаў, вольнага часу паболела. Герцаг кажа, што нам не шкодзіць перадыхнуць,— магчыма, ён і мае рацыю. Безупынныя перамогі таксама ж урэшце стаыляюць.
Мы стаім цяпер усяго толькі за паўмілі ад горада, ён увесь перад намі як на далоні: пасярод на пагорку старажытны замак Мантанца ў акружэнні шпіляў, вежаў, цэркваў і званіц, далей дамы прасцейшыя, і ўсё гэта абнесена высачэзнай крапасной сцяной — сапраўднае разбойніцкае логава. Да нас далятае перазвон званоў — не інакш як яны вымольваюць у бога збавенне. Мы ўжо ж пастараемся, каб іх малітвы не былі пачутыя. Бык пасцягваў сюды рэшткі свайго войска — на раўніну між намі і горадам, Ён сабраў усіх, каго толькі мог. Усё роўна яму не хопіць, беручы пад увагу тое, як мы яго адбрылі. Такі недурны военачальнік, а не разумее, як відаць, усёй безнадзейнасці свайго становішча. Мяркуючы па ўсім, ён збіраецца змагацца да апошняга, кінуць у бой усё, што ў яго засталося, абы толькі ўцячы ад наканаванага яму лёсу. Гэта яго апошняя спроба ўратаваць свой горад.
Зусім бяздумная спроба. Лёс дома Мантанца быў прадвызначаны тым гістарычным ранкам, амаль тыдзень назад, і вось цяпер надышоў іх апошні час.
Ніжэй я паспрабую даць падрабязнае і праўдзівае апісанне вялікай, што не ведае сабе роўных, бітвы.
Пачалося з таго, што абодва нашы войскі адначасова пайшлі ў наступленне, зусім так, як я і прадказваў. 3 вяршыні пагорка гэта было велічнае відовішча — уцеха воку і душы. Грымнула баявая музыка, затрымцеў герцагскі штандар, над маляўнічымі, стройнымі шарэнгамі загайдаліся сцягі. Пад гукі сярэбраных фанфар, што абудзілі азораныя ранішнім сонцам абшары, рынулася ўніз са схілаў пагорка лавіна пяхоты. Непрыяцель чакаў яе, самкнуўшыся ў цесныя, грозныя калоны, і, як толькі ўзброеныя да зубоў пра-
ціўнікі сутыкнуліся, закіпела рукапашная. Кроў там, напэўна, лілася ракою. Людзі падалі як падкошаныя, параненыя спрабавалі адпаўзці, але іх тут жа дабівалі ці проста затоптвалі, чуліся жаласныя енкі, звычайныя ў кожнаіі бітве. Бітва калыхалася, лібы расхваляванае мора, сям-там перавага была, здавалася, на нашым баку, сям-там — на баку непрыяцеля. Бакароса рабіў спачатку выгляд, быццам наступае на адным з намі напрамку, але яго атрады паступова адхіляліся ўбок, апісваючы шырокую дугу, і накінуліся на непрыяцеля з фланга. Той быў заспеты знянацку хітрым манеўрам і не мог аказаць сур’ёзнага супраціўлення. Перамога была не за гарамі, прынамсі, на мой погляд. Мінула ўжо не адна гадзіна, і сонца стаяла высока ў небе.