• Часопісы
  • Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

    Кат; Карлік

    Пер Лагерквіст

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 240с.
    Мінск 1986
    53.96 МБ
    быў асветлены, а я стаяў у глыбокім ценю. Ды ён і не заўважаў нічога, натхнёны, адухоўлены, быццам прарок, што гутарыць з богам. Мне зрабілася невыказна агідна.
    Раўня герцагам! Высакародны пан, што разглядае вантробы злачынца! Той, што корпаецца ў падле!
    Гэтай ноччу яны заседзеліся ледзь не да світання і ўсё гаварылі і гаварылі, як ні разу раней. Яны распалілі сябе да самага сапраўднага экстазу. Яны гаварылі аб прыродзе і колькі ў ёй, маўляў, велічы і шчодрасці. Адзінае вялікае цэлае, адзіны цуд! Артэрыі, якія праводзяць па целе кроў накшталт таго, як рэкі праводзяць па зямлі ваду, лёгкія, што дыхаюць, як дыхае акіян са сваімі прылівамі і адлівамі, шкілет, што служыць апірышчам целу, як каменныя пласты служаць апірышчам зямлі, а цела — як сама зямля. Агонь у асяродку зямлі — накшталт жару душы і пазычаны, як і ён, у сонца, свяшчэннага, абагаўлянага яшчэ старажытнымі сонца, родапачынальпіка ўсіх жывых душ, першакрыніцы і першапрычыны ўсялякага жыцця, што даруе сваё святло ўсім нябесным целам у сусвеце. Бо наш свет — усяго толькі адна з тысяч зорак у сусвеце.
    Яны былі як апантаныя. I я мусіў гэта ўсё выслухоўваць, не могучы нават запярэчыць. Я ўсё больш пераконваюся, што ён сапраўды прыдуркаваты, чаго добрага, ён і герцага такім зробіць. Дзіўна, які мяккі і падатлівы ў яго руках герцаг.
    Як можна ўсур’ёз верыць у такія фантазіі! Як можна верыць у гэтае адзінства, гэтую боскую, як ён яшчэ сказаў, гармонію?! Як не сорамна ўжываць TaKia напышлівыя, гучныя, бязглуздыя словы?! Цуд прыроды! Я ўспомніў пра вантробы Франчэска, і мяне ледзьве не вырвала.
    Якое шчасце, усклікалі яны ў захапленні, зазір-
    нуць у таемнае лона прыроды! Як многа прапануе яна дапытліваму воку даследчыка! I як жа ўзвысіцца чалавек у магутнасці сваёй і багацці, спасцігнуўшы ўсё гэта, усе гэтыя тайныя сілы і прымусіўшы іх служыць сабе! Стыхіі пакорліва схіляцца перад яго воляй, агонь будзе паслухмяна служыць яму, уціхаміраны ў сваёй раз’юшанасці, зямля будзе пладаносіць яму ў сто разоў шчадрэй, бо ён адкрые законы росту, рэкі стануць яму паслухмянымі, як закаваныя ў кайданы рабы, а акіяны панясуць на сабе яго караблі вакол усёй нашай неабдымнай планеты, што імчыцца цудоўнай зоркай у сусветнай прасторы. I нават паветра падначаліць ён сабе, бо навучыцца аднойчы пераймаць палёт птушак і, вызвалены ад цяжару, сам узляціць, як яны, і памчыцца ў міжзорную прастору, да мэты, якую чалавечая думка не можа пакуль што ні спасцігнуць, ні прадбачыць.
    Ах! Як цудоўна і хораша жыць на зямлі! Колькі недасяжнай велічы ў чалавечым жыцці!
    Іхняй радасці не было межаў. Яны нагадвалі дзяцей, якія захапіліся марамі пра цацкі, пра цэлую гару цацак, з якой і самі не ведаюць, што сталі б рабіць. Я глядзеў на іх сваім мудрым паглядам карліка, і ніводзін мускул не здрыгануўся на маім старажыттным, спярэшчаным маршчынамі твары. Карлікі не падобныя на дзяцей. I яны ніколі не гуляюць у цацкі. Я раз-пораз падымаўся на дыбачкі, напаўняючы іхнія бакалы, якія яны выпівалі ў часе гэтай сваёй балбатні.
    Што ведаюць яны пра веліч жыцця? Адкуль ім ведаць, ці ёсць у ім веліч? Гэта ўсяго толькі фраза, якую людзі любяць паўтараць. 3 тым жа поспехам можна сцвярджаць, што жьіццё нязначнае. Што яно нікчэмнае, мізэрнае — казюлька, якую можна раздушыць пазногцем. А яна і тут не запрацівіцца. Уласная пагібель хвалюе яе не больш, чым усё астат-
    няе. Яна да ўсяго абыякавая. А чаму б і не? Чаму, каб хто спытаў, яна павінна аберагаць сябе, імкнуцца да самазахавання? Ды і наогул да чаго б там ні было? Чаму, і праўда, яе павінна штосьці хваляваць?
    Зазірнуць у лона прыроды! Што ў гэтым добрага? Ды калі б яны змаглі гэта зрабіць, яны самі б спалохаліся, іх бы ахапіў жах. Яны ўяўляюць, што яно спецыяльна для іх існуе, яны ж думаюць, што ўсё існуе спецыяльна для іх, ім на карысць і на радасць, каб зрабіць іхняе жыццё сапраўды цудоўным і велічным. Што ведаюць яны пра яго? Адкуль яны ўзялі, што яно задумана толькі для іх, каб спраўдзіць іх неразумныя дзіцячыя жаданні?
    Яны думаюць, быццам умеюць чытаць у Кнізе Прыроды, думаюць, што быццам яна разгорнута перад імі. Яны думаюць нават, быццам могуць зазірнуць наперад, могуць прачытаць там, дзе нічога яшчэ не напісана, дзе старонкі белыя і чыстыя. Бяздумныя, саманадзейныя дурні! Няма мяжы іх нахабнай самаўпэўненасці!
    Хто можа ведаць, чым вагітная прырода, які плод выношвае яна ў сваім лоне?! Хто можа што-небудзь прадбачыць?! Хіба ведае маці, што носіць яна ў сябе пад сэрцам? Адкуль ёй пра гэта ведаць! Яна чакае свайго часу, і толькі тады ўсе ўбачаць, чым яна абрадзілася. Спыталіся б у карліка, ён бы ім растлумачыў.
    Дык вось які ён сціплы! Як я памыляўся! Ён, наадварот, самы ганарысты з усіх, каго я ведаю. Самая яго сутнасць, яго дух — ганарлівасць, фанабэрыстасць. I яго думка настолькі саманадзейная, што імкнецца па-каралеўску кіраваць светам, які ёй зусім не падуладны.
    Ён можа ЗДАЦЦА сціплым, бо вечна пра ўсё выпытвае і да ўсяго дапытваецца, бо гаворыць, што,
    маўляў, не ведае ТАГО ці ІНШАГА, а толькі стараецца ўведаць па меры сіл сваіх. Аднак ЦЭЛАЕ, як ён лічыць, яму вядома. Ён думае, што спасцігнуў сэнс быцця. Ён сціплы ў малым, але не ў вялікім. Дзіўная сціпласць.
    Усё на свеце мае свой сэнс, усё, што адбываецца, і ўсё, чым занятыя людзі. Але само жыццё не мае ніякага сэнсу, ды і не можа мець. Інакш яно не магло б існаваць.
    Такая МАЯ вера.
    Якая ганьба! Якая знявага! Hi разу ў жыцці мяне не абражалі так, як у той жахлівы дзень. Я паспрабую апісаць, што са мной адбылося, хоць лепш было б пра гэта не ўспамінаць.
    Герцаг загадаў мне ісці да маэстра Бернарда, які працаваў у трапезнай Санта-Крочэ, бо я на нешта яму спатрэбіўся. Я пайшоў, хоць і злаваў за тое, што мяне робяць служкам гэтага чужога мне фанабэрыстага чалавека. Ён прыняў мяне з самай высокай далікатнасцю і паведаміў, што карлікі заўсёды выклікалі ў яго вялікую цікавасць. Я падумаў: «А што ў цябе, каб хто спытаў, не выклікала цікавасці, калі ты нават кішкамі Франчэска і зоркамі цікавішся. Але пра мяне, карліка, ты і паняцця не маеш». Сказаўшы яшчэ некалькі ласкавых і без ніякага значэння фраз, ён заявіў, што хацеў бы зрабіць маю выяву. Я падумаў, што гаворка ідзе пра мой партрэт, які, напэўна, заказаў яму герцаг, і не мог не адчуць сябе ўсцешаным, аднак адказаў, што не хачу, каб мяне малявалі. «Чаму ж?»—спытаўся ён. Я адказаў так, як натуральна было адказаць: «Я хачу, каб мой твар належаў мне аднаму». Ён сказаў, што гэта арыгінальная думка, усміхнуўся, але пасля згадзіўся, што ў гэтым, бясспрэчна, штосьці ёсць. Хоць увогуле, маўляў, кожны твар, а не толькі намаляваны на партрэце —
    уласнасць многіх, належыць, па сутнасці, кожнаму, хто на яго глядзіць. Зрэшты, ён жа меў на ўвазе проста зрысаваць мяне, каб вывучыць, як я складзены, і хай я таму распрануся, каб ён мог зрабіць алоўкам накід маёй постаці. Я адчуў, што палатнею. I ад лютай злосці, і ад страху, не ведаю, ад чаго болей: і тое, і другое захліснула мяне, і я ўвесь закалаціўся.
    Ён заўважыў, як абурыла мяне яго бессаромнасць. I пачаў гаварыць, што няма ніякай ганьбы ў тым, што ты карлік і пакажаш сябе другому такім, які ты ёсць. Перад прыродай ён, маўляў, аднолькава заўсёды схіляецца ў пашане, гэтаксама і ў тых выпадках, калі яна стварае што-небудзь з дзіўнага капрызу, што-небудзь па-за рамкамі звычайнага. Няма, маўляў, нічога ганебнага ў тым, каб паказаць сябе другому чалавеку такім, які ты ёсць, і ніхто, маўляў, па сутнасці, сабе не належыць. «А я належу! — крыкнуў я ў шаленстве.— Гэта вы ўсе сабе не належыце! А я належу!»
    Ён прыняў мой гнеў зусім спакойна, мала таго, ён назіраў за мной з цікаўнасцю і дапытлівасцю, што яшчэ болып мяне абурыла. Потым ён сказаў, што пара пачынаць, і зрабіў крок да мяне. «Я не дапушчу, каб квапіліся на маё цела!» — крыкнуў я, не помнячы сябе. Ён не звярнуў на гэта аніякай увагі, але, калі зразумеў, што па добрай волі я нізавошта не распрануся, падрыхтаваўся раздзець мяне сам. Мне ўдалося выхапіць з ножнаў кінжал, і ён, па-мойму, вельмі здзівіўся, убачыўшы, як бліснула сталь. Але ён спакойна адабраў у мяне кінжал і паклаў асцярожна зводдаль. «А ты, відаць, небяспечная асоба»,— сказаў ён, здзіўлена гледзячы на мяне. Я з’едліва ўсміхнуўся на гэтыя яго словы. Пасля ён зусім спакойна пачаў здымаць з мяне вопратку, бессаромна агаляючы маё цела. Я ў адчаі супраціўляўся і змагаўся з ім, як змагаўся б за сваё жыццё, але ўсё
    марна, ён жа быў дужэйшы за мяне. Зрабіўшы сваю ганебную справу, ён падняў мяне і паставіў на памост, збудаваны пасярод трапезнай.
    Я стаяў там, безабаронны, голы, бяссільны штонебудзь зрабіць, хоць лютасць так і клекатала ўва мне. А за некалькі крокаў ад памоста стаяў ён і спакойна мяне разглядаў, спакойна і бязлітасна сузіраў маю ганьбу. Я быў цалкам аддадзены ва ўладу яго пагляду, які распараджаўся мною, нібы сваёй уласнасцю. Быць такім чынам выстаўленым на агляд другому чалавеку — знявага такая глыбокая, што мне дагэтуль незразумела, як я наогул яе выцерпеў. Я да гэтага часу памятаю, з якім гукам чарціў па паперы яго сярэбраны алавец — магчыма, той самы, якім ён зрысоўваў высахлыя галовы ля замкавых варот і ўсялякую іншую брыдоту. Позірк яго вачэй змяніўся, стаў востры, як кончык ляза, мне здавалася, быццам ён прасвідроўвае мяне наскрозь.
    Ніколі яшчэ не ведаў я такой нянавісці да людскога роду, як у тыя страшныя хвіліны. Пачуццё нянавісці было фізічна адчувальнае, і я ледзь быў не страціў прытомнасць, у вачах у мяне раз-пораз цямнела. ЦІ ёсць на свеце стварэнні больш гнюсныя, больш ненавісныя?!
    Проста насупраць на сцяне я бачыў яго велізарную карціну, тую самую, з якой павінен, як кажуць, атрымацца сапраўдны шэдэўр. Яна яшчэ толькі пачата і павінна, відаць, паказаць Тайную вячэру, Хрыста з вучнямі за іх братняй трапезай. Я ў шаленстве глядзеў на цнатлівыя, урачыстыя твары гэтых вучняў, упэўненых, што яны вышэйшыя за ўсіх і ўсё з гэтым сваім нябесным валадаром, у якога такое незямное ззянне над галавой. Я зларадна падумаў, што неўзабаве яго схопяць, што Юда, які сцішыўся ў куточку, хутка яго прадасць. Пакуль яго яшчэ ша-
    нуюць і паважаюць, думаў я, ён яшчэ сядзіць за братняй трапезай — у той час як я тут выстаўлены на пасмешышча! Але прыйдзе час і яго ганьбы! Неўзабаве ён ужо не будзе сядзець у акружэнні сваіх, a адзін будзе вісець распяты на крыжы, прададзены імі. Такі ж голы будзе вісець, як я тут стаю, гэтаксама ганебна абражаны. Выстаўлены на ўсеагульны агляд, на здзекі і ганьбаванне. А чаму і не! Чаму б і яму не папакутаваць, як я цяпер пакутую! Ён заўсёды быў акружаны любоўю, узгадаваны любоўю — між тым як я ўзгадаваны нянавісцю. Я ўсмактаў нянавісць з малаком маці, пакаштаваўшы яе горкага соку. Я ляжаў ля мацерыных грудзей, што набухлі жоўцю, ён жа смактаў добрую і ласкавую Мадонну, самую пяшчотную і лепшую з жанчын, і піў самае салодкае на свеце мацярынскае малако, якое не даводзілася піць ніводнаму смяротнаму. Сядзіць сабе там, бесклапотна бавіць час у акружэнні сваіх, наіўны дабрак, не падазраючы, што здольны выклікаць нейчую нянавісць, што хтосьці можа зрабіць яму зло. А чаму і не! Што ён за выключэнне! Ён думае, што, вядома ж, яго павінны любіць усе простыя смяротныя, калі зачаты ад самога Бога-Бацькі. Якая наіўнасць! Якое дзіцячае няведанне людзей! Гэта ж якраз таму яны і затаілі на яго ў сэрцы злосць, праз гэты самы цуд. Дзеці чалавечыя не любяць, каб іх гвалтаваў Бог.