• Часопісы
  • Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

    Кат; Карлік

    Пер Лагерквіст

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 240с.
    Мінск 1986
    53.96 МБ
    Я дык ніколі не размаўляю з зоркамі, а вось людзі надта ж любяць гэты занятак.
    Маэстра Бернарда зноў мяне здзівіў. Учора ўвечары яны з герцагам зноў шчыра гутарылі і, як было шмат разоў раней, заседзеліся за сваімі гаворкамі далёка за поўнач. Мне стала ясна, што вучоны старац зусім не страціў, як я думаў, свайго значэння пры двары і яго хітрамудрыя прыдумкі не такія ўжо і чужыя нашаму неспакойнаму свету. Зусім не. Я вельмі памыліўся.
    Мяне раздражняе, што я так памыляюся, хоць і бачу людзей наскрозь.
    Калі мяне паклікалі прыслугоўваць ім і падаваць, як звычайна, кубкі з віном, я застаў іх абодвух схіленымі над нейкімі дзівоснымі малюнкамі і не мог спачатку зразумець, што гэта такое. Потым мне ўдалося разгледзець іх бліжэй, а з гаворкі ўсё стала зразумелае. Там былі намаляваны нябачаныя дагэтуль ваенныя машыны, якія павінны былі сеяць смерць і жах сярод ворага,— баявыя калясніцы, што косяць людзей даўжэзнымі косамі і пакідаюць на сваім шляху адны чалавечыя абрубкі, і яшчэ нейкія д’ябальскія штуковіны, таксама на колах, якія імчацца, разагнаныя хуткімі коньмі, і ўразаюцца ў шэрагі ворага і супраць якіх бяссільная любая храбрасць, і крытыя калясніцы са схаванымі ўсярэдзіне недаступнымі стральцамі, якія могуць, як ён сказаў, скрышыць любы баявы парадак і прыкрыць сабой пяхоту, што ўрываецца пасля ў прабіты прагал і дакончвае пачатае.
    Тут былі прылады забойства такія страшныя, што проста незразумела, як можна да такога дадумацца,— я, на жаль, не меў магчымасці прысвяціць сваё жыццё ваеннай справе і не мог нават толкам разабрацца, што да чаго. Яшчэ там былі ўсялякія марціры, бамбарды і фальканеты, што выплёўвалі агонь, каменне і жалезныя ядры, якія адрывалі салдатам рукі і галовы, і ўсё гэта было намалявана так праўдападобна і выразна, нібы выкананне малюнка займала маэстра не менш, чым яго змест. I ён падрабязна тлумачыў, як дзейнічаюць тыя ці іншыя прылады знішчэння і якое спусташэнне яны могуць учыніць, і гаварыў пра гэта так спакойна і дзелавіта, як і пра ўсё астатняе, што займае яго розум і фантазію. I па ім было відаць, што ён з асалодаю паглядзеў бы, як спрацуюць яго машыны, што, зрэшты, зусім зразумела, гэта ж яго тварэнне, і каму не хочацца палюбавацца на справу рук сваіх.
    Маэстра Бернарда паспяваў, выходзіць, і гэтым займацца, адначасова захоплены тысячай іншых спраў — даследуючы прыроду, усялякія яе таямніцы, вывучаючы свае кветкі і камяні, і корпаючыся ў целе Франчэска, пра якога, памятаю, ён расказваў герцагу як пра вялікае, недаступнае розуму стварэнне прыроды, і малюючы ў Санта-Крочэ «Тайную вячэру» з такім незямным, узнесеным на нябачны п’едэстал Хрыстом, акружаным любімымі вучнямі — і Юдам, будучым здраднікам, што скурчыўся ў сваім куточку.
    I тым, і другім ён займаўся, я перакананы, з аднолькавым захапленнем. А чаму б яму і не захапляцца сваімі дзівоснымі машынамі гэтак жа палымяна, як усім іншым! Дапусцім, чалавечае цела і сапраўды вельмі складаная штука, хоць асабіста я гэтага не думаю, але ж і машына не прасцейшая, ды, акрамя таго, паўтараю, ён сам яе стваральнік.
    Герцага як ні дзіўна, зацікавілі не так самыя дзівосныя і страшныя на выгляд машыны, хоць менавіта
    яны, па-мойму, якраз найбольш дзейсныя, ад аднаго іх выгляду магло б кінуцца наўцёкі цэлае войска, як, наадварот, вонкава досыць простыя і не такія ўжо і страшныя,— ён сказаў, што яны яму здаюцца больш надзейнымі. Першыя, на яго думку,— хутчэй, справа будучыні. А цяпер трэба выкарыстаць тое, што можна ажыццявіць практычна. Асадныя прылады, цікавы спосаб міннага падкопу пад крапасныя вежы, хітрыя ўдасканаленні кідальных машын, якія пакуль што сакрэт для непрыяцеля,— адным словам, усё тое, што яны, відаць, і раней не раз абмяркоўвалі, а часткова пусцілі ўжо ў работу.
    А ўвогуле дык герцаг быў у захапленні. Дзівоснае багацце ідэй, багацце знаходак, буйны палёт фантазіі, сапраўды бязмежнай,— усё гэта прывяло яго ў захапленне, і ён у самых хвалебных выразах праслаўляў геній вучонага старца. Ніколі, маўляў, яшчэ не даказваў маэстра з такой відавочнасцю сілы сваёй думкі і свайго ўяўлення! Абодва яны з галавой акунуліся ў гэты прывабны свет фантазіі і горача абменьваліся думкамі — зусім гэтак жа, як у той нядаўні, самы плённы з праведзеных імі разам вечароў. I я слухаў іх з радасцю, таму што на гэты раз і мая душа перапоўнена была захапленнем і пашанаю.
    Цяпер я вельмі добра разумею, чаму герцаг запрасіў у двор месіра Бернарда і чаму так трымаўся з ім, быў з ім як з раўнёю, усяляк выказваў сваю павагу, акружаў самай вялікай увагай. Цяпер я разумею і ягоную гарачую цікавасць да вучоных прац Бернарда, да яго даследаванняў прыроды, яго ўсеахопных ведаў, як карысных, так і бескарысных, разумею яго пранікнёныя і захопленыя развагі аб жывапісе маэстра, аб яго «Тайнай вячэры» ў Санта-Крочэ і аб усім астатнім, што рабіў гэты рознабакова таленавіты чалавек, Я ўсё цяпер разумею!
    Ён сапраўды вялікі правіцель!
    Сёння мне прысніўся страшны сон. Мне прыснілася, быццам маэстра Бернарда стаіць высока-высока на гары, рослы і велічны, у арэоле сівых валасоў над высакародным ілбом мысліцеля, а вакол носяцца наўзгалоў пачвары, тыя самыя жахлівыя вырадкі, якіх я бачыў на яго малюнках у Санта-Крочэ. Яны насіліся вакол яго, нібы злыя дэманы, а ён як бы цараваў над імі. Твары ў гэтых кашмарных стварэнняў нагадвалі морды яшчарак і жаб, між тым ягоны твар быў, як звычайна, сур’ёзны, строгі і высакародны. Але паступова ён паменшаў ростам, цела яго згорбілася, ссохлася, зрабілася вартым жалю і выродлівым, і на ім выраслі два крылы, яны склалі адно цэлае з валасатымі нагамі, зусім як у кажаноў. Захоўваючы на твары ранейшы ўрачысты выраз, ён пачаў махаць імі і раптам адарваўся ад зямлі і, акружаны кашмарнымі стварэннямі, панёсся ў начную цемру.
    Я не веру ў сны. Яны нічога не азначаюць і ні з чым не звязаны. Рэальнасць — адзінае, што мае нейкае значэнне.
    Што ён вырадак — я даўно зразумеў.
    Кандацьер Бакароса з чатырма тысячамі салдат перайшоў граніцу! Ён пранік ужо на дзве мілі ў глыб краіны, застаўшы знянацку Ладавіка Мантанцу па мянушцы Бык, які не чакаў нападу і не паспеў нічога зрабіць.
    Неверагодная навіна, што абрынулася на горад, як удар грому! Неверагодная падзея, што ўсхвалявала ўсіх!
    У найвялікшай тайне сабраў кандацьер у непрыступных гарах на паўднёвым усходзе сваіх наёмнікаў і па-д’ябальску хітра падрыхтаваў напад, які скончыўся цяпер такім поспехам.
    Ніхто нічога не ведаў — нават мы самі. Ніхто, акрамя герцага — сапраўднага ініцыятара і натхняльніка
    геніяльнага плана нападу. Проста неверагодна! Нават не верыцца!
    Цяпер дні роду Мантанца злічаныя, і ненавіснаму Ладавіка — якога, кажуць, гэтак жа ненавідзяць і суайчыннікі, як і мы,— скруцяць нарэшце яго бычыны карак, на чым і скончыцца ўлада яго гнюснага роду.
    Яго абвялі вакол пальца — гэта яго, пры ўсёй ягонай хітрасці! Без сумнення, ён падазраваў, што герцаг выношвае планы нападу на яго, але яму было вядома, што ніякіх войск тут у горадзе няма, і ён надта не турбаваўся. I менш за ўсё ён чакаў нападу менавіта з Ta­ro боку, дзе мясцовасць такая цяжкапраходная і дзе ў яго няма нават ніякіх памежных крэпасцей. 3 Быком скончана! Надышоў час расплаты!
    Цяжка апісаць настрой, які пануе цяпер у горадзе. Людзі тоўпяцца на вуліцах, махаюць рукамі, голасна гавораць, узбударажаныя, разгарачаныя, альбо стаяць і моўчкі глядзяць на атрады воінаў, што маршыруюць міма,— на войска самога герцага. Невядома, адкуль яно тут узялося, нібы з-пад зямлі вырасла. Па ўсім відаць, што напад быў вельмі старанна падрыхтаваны. Звоняць ва ўсе званы, і цэрквы поўныя народу, ля ўваходаў таўкатня. Святыя айцы ўзносяць палкія малітвы за поспех вайны, няма сумнення, што ўсё гэта робіцца з поўнага блаславення царквы. А як жа інакш? Вайна ўсіх нас увянчае славай!
    Увесь народ святкуе. Пры двары асаблівая ўрачыстасць — ажыўленне небывалае, і герцагам захапляюцца бясконца.
    Нашы войскі будуць пушчаны ў ход у іншым месцы: яны пяройдуць граніцу на ўсходзе, па шырокай рачной даліне — старажытны, класічны шлях наступлення. Адзін дзённы пераход — і на раўніне ля падножжа гор, дзе мясцовасць зручная для бітвы і дзе зямля паліта крывёю герояў, яны злучацца з атрадамі кандацьера. Такі план кампаніі! Я яго выведаў!
    He ў тым сэнсе, што мне ўдалося штосьці дакладна даведацца, але я і без таго ўсё разнюхаў, схопліваючы на ляту па драбніцах, слоўка тут, слоўка там, і прыйшоў да зусім пэўнай высновы. Я толькі тым і заняты, каб як усё выведаць, нічога не ўпусціць: падслухоўваю ля дзвярэй, хаваюся за шафамі і занавескамі, стараючыся як мага больш дазнацца пра цяперашнія грандыёзныя падзеі.
    Які план! I ён напэўна будзе здзейснены. На гэтым участку граніцы ёсць, праўда, памежныя крэпасці. Але яны будуць узяты. He выключана, што і самі здадуцца, бо ўсялякае супраціўленне марнае. А магчыма, іх возьмуць штурмам. Ва ўсякім разе, перашкодзіць нам яны не змогуць. Нічога не зможа нам перашкодзіць, бо напад быў такі нечаканы, такі неверагодна ашаламляльны.
    Які ж ён геніяльны палкаводзец, наш герцаг! Якая вопытная ліса! Якая хітрасць, які тонкі разлік! I колькі велічы ў самой задуме кампаніі!
    Я ганаруся, што я карлік такога герцага!
    Усе мае думкі скіраваны на адно: як мне трапіць на вайну? Я ПАВІНЕН трапіць. Што б там ні было. Але як, якім чынам ажыццявіць мару? У мяне няма ніякіх ваенньіх ведаў у звычайным сэнсе гэтага слова. Тых, якія павінен мець военачальнік ці хоць бы салдат.
    Але ж я валодаю зброяй! I фехтаваць магу, як належыць мужчыне! Мая шпага не горшая за любую іншую! Хіба што толькі карацейшая. Але кароткія клінкі часам больш небяспечныя, чым доўгія! Вораг на ўласнай скуры адчуе!
    Я захворваю ад гэтых неадчэпных думак, ад страху, што застануся, чаго добрага, дома, з жанчынамі і дзецьмі, застануся збоку ў той самы момант, калі на-
    рэшце штосьці адбываецца. I самая ж крывавая разня будзе, напэўна, менавіта цяпер, у самым пачатку.
    Я прагну крыві!
    Мянс БЯРУЦЬ! БЯРУЦЬ!
    Сёння раніцай я нарэшце адкрыўся ва ўсім герцагу, выказаў яму сваё палымянае жаданне ўдзельнічаць у паходзе. Я падаў яму сваю просьбу з такім запалам, што ён, я заўважыў, не застаўся абыякавы. Мне да Ta­ro ж пашанцавала: я трапіў, як кажуць, у добрую хвіліну. Ён прыгладзіў свае кароткія, зачасаныя на лоб валасы — пэўны знак, што ён у добрым настроі,— і чорныя вочы яго бліснулі, калі ён зірнуў на мяне.