Кат; Карлік
Пер Лагерквіст
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
Каханне смяротнае. I калі яно памірае, дык пачынае распадацца і гнісці і можа стаць глебай новаму каханню. Мёртвае каханне жыве тады сваім невідочным жыццём у жывым, і, па сутнасці, у кахання няма смерці.
Да такога менавіта пераканання прыйшла, як я разумею, на падставе ўласнага вопыту герцагіня, на гэтым яна і будуе сваё шчасце. Бо няма сумнення, што яна шчаслівая. Яна і іншых робіць шчаслівымі, на свой манер. Цяпер такі вось шчасліўчык дон Рыкарда.
Герцаг, магчыма, таксама шчаслівы. Шчаслівы ад таго, што пачуццё, якое ён абудзіў у ёй калісьці, яшчэ жыве — у ягоным уяўленні. Ён прыкідваецца, быццам яе каханне жывое. Абое яны прыкідваюцца, што іхняе каханне жывое. Абое гуляюць у каханне.
Калісьці ў герцагіні быў каханак, якога яна асудзіла на катаванні за тое, што ён ёй здрадзіў. Яна зрабіла так, што герцаг, які ні аб чым не здагадваўся, асудзіў яго за злачынства, якога ён і не думаў учыняць. Я тады адзін ведаў усю праўду. I я прысутнічаў пры катаваннях, каб расказаць ёй пасля, як ён сябе паводзіў. Ён паводзіў сябе зусім не па-геройску, а прыкладна гэтаксама, як і ўсе яны.
Можа, ён і ёсць бацька дзяўчынкі. Хто ведае!
He выключана, аднак, што і герцаг. Герцагіня ж тады ўсяляк старалася яго ўлагодзіць, і каханне іхняе перажывала той парою новую вясну. Яна абдымала яго кожную ноч і прапаноўвала яму сваё падманлівае лона, згаладалае па страчаным каханку. Яна
лашчыла свайго мужа, быццам асуджанага на катаванні каханка. I герцаг дарыў ёй у адказ сваю пяшчоту, як і ў іхнія першыя палкія любоўныя ночы. Мёртвае каханне жыве сваім таямнічым жыццём у жывым.
Духоўнік герцагіні прыходзіць кожную суботу ранічкаю ў прызначаны яму час. Да яго прыходу яна даўно ўжо на нагах, апранутая і прычасаная і гадзіны дзве ўжо адстаяла на каленях перад распяццем. Яна гатовая да споведзі.
Ёй няма ў чым спавядацца. I яна не падманвае і не крывіць душою. Наадварот, яна гаворыць з усёй шчырасцю, ад усяго сэрца. Яна не ведае граху. Яна не ведае за сабой ніякіх кепскіх учынкаў. Вось хіба толькі зазлавала на сваю камерыстку, калі тая няўмела ўкладвала ёй валасы. Яна — чыстая, няспісаная старонка, і духоўнік з усмешкаю схіляецца над ёй, нібы над нечапанай нявінніцай.
Пасля малітвы, пасля гаворкі з Распятым, позірк у яе светлы і пранікнёны. Замучаны чалавечак, што вісіць на сваім цацачным крыжы, пацярпеў за яе, і душа яе ачышчана ад усяго грэшнага, сцёрта нават сама памяць пра грэх. Яна адчувае сябе паздаравелай і памаладзелай, але ў той жа час на твары ў яе пачцівасць і засяроджанасць, што вельмі пасуе ёй пры гэтым чорным туалеце і ненарумяненасці. Яна сядае і піша каханку пра сваё цяперашняе душэўнае самаадчуванне, піша спакойнае сястрынскае пісьмо, у якім няма ні слова пра каханне і сустрэчы. У такім настроі яна не выносіць нават і намёку на легкадумнасць. Я заношу пісьмо каханку.
He даводзіцца сумнявацца, што яна шчыра верыць у бога. Вера для яе — нешта істотнае, нешта
жыццёва неабходнае. Яна мае ў ёй патрэбу, і яна ёю карыстаецца. Вера — частка яе сэрца, яе душы.
Ці веруючы чалавек герцаг? Цяжка сказаць. У пэўным сэнсе, вядома, веруючы, таму што ён спалучае ў сабе ўсё, абдымае ЎСЁ,— але ці можна назваць гэта вераю? Яму падабаецца, што на свеце існуе такая рэч, як вера, яму даспадобы паслухаць пра яе, паслухаць цікавыя тэалагічныя спрэчкі — хіба можа што-небудзь чалавечае не датычыцца яго? Яму падабаюцца храмавыя абразы, і мадонны славутых майстроў, і прыгожыя, велічныя саборы, асабліва тыя, якія ён сам пабудаваў. He ведаю, ці можна гэта назваць верай. Вельмі можа быць. Калі гаварыць аб ім як аб ПРАВІЦЕЛІ, дык ён, бясспрэчна, прыхільнік рэлігіі. He менш шчыры, чым яна. Ён разумее патрэбу народа ў веры, разумее, што яе трэба задавальняць, і яго дзверы заўсёды адчыненыя тым, хто займаецца задавальненнем гэтай патрэбы. Прэлаты і розныя іншыя духоўныя асобы так і шныраць праз гэтыя дзверы сюды-туды. Але ці веруючы ён чалавек, АСАБІСТА ён? Гэта зусім іншае пытанне — тут я памаўчу.
Затое наконт ЯЕ сумнявацца, паўтараю, не даводзіцца, яна, бясспрэчна, сапраўды веруючая.
Магчыма, яны абое веруючыя, кожны па-свойму?
Што такое вера наогул? Я шмат над гэтым думаў, але марна.
Асабліва шмат думаў я пра гэта адзін раз, калі на карнавальным свяце, ужо некалькі гадоў таму назад, мяне прымусілі служыць за епіскапа, у поўным убранстве, і прычашчаць да святых тайнаў карлікаў Мантуанскага двара, узятых іхнім герцагам з сабой на карнавал. Мы сабраліся ля маленькага алтара, змайстраванага ў адной з залаў замка, а навокал з ухмылачкамі паселі госці, усе гэтыя рыцары, і сень-
ёры, і маладыя франты ў сваіх блазенскіх уборах. Я падняў вышэй распяцце, а ўсе карлікі адразу ўкленчылі, «Гэта ваш Збавіцель! — абвясціў я грамавым голасам, працінаючы іх палымяным позіркам.— Гэта Збавіцель усіх карлікаў і сам карлік, закатаваны пры вялікім герцагу Понціі Пілаце і прыбіты цвікамі да свайго цацачнага крыжа на радасць і палёгку ўсім людзям на зямлі». Я ўзяў чашу і патрымаў яе ў іх перад вачамі: «Гэта яго, карлікава, кроў, у якой адмыюцца ўсе вялікія грахі і ўсе чорныя душы зробяцца белымі, як снег». I я ўзяў просвіру, і таксама паказаў ім, і адкусіў у іх на вачах кавалачак, і адпіў глыток, як вымагае таго звычай, тлумачачы ім адначасова сэнс святога таінства: «Я ем яго цела, што было звыродлівае, як ваша. На смак яно гарчэйшае за жоўць, бо насычана нянавісцю. Прыміце ж і ешце! Я п’ю яго кроў, і яна пячэ агнём, якога нікому не патушыць. Быццам я пакаштаваў сваёй уласнай крыві.
Збавіцель усіх карлікаў, хай спапяліць твой агонь увесь свет!»
I я выплюхнуў віно на тых, што сядзелі наўкол і вытрэшчваліся на нас, узрушаныя і збялелыя.
Я не блюзнер. Гэта яны зневажалі бога, не я. Тым не менш герцаг загадаў закаваць мяне на некалькі дзён у кайданы: яны, маўляў, хацелі бяскрыўдна пазабаўляцца, а я ім усё сапсаваў і толькі засмуціў і напалохаў гасцей. Кайданоў, як па мне, не было, і давялося іх спецыяльна выкаваць, каваль бурчэў, маўляў, занадта шмат важданіны дзеля такога нікчэмнага тэрміну пакарання, але герцаг сказаў, што, можа, яны яшчэ калі-небудзь спатрэбяцца. Выпусціў ён мяне вельмі хутка, раней, чым было прызначана, і мне здаецца, ён пакараў мяне галоўным чынам дзе-
ля гасцей: як толькі яны паехалі, мяне выпусцілі. Але на першым часе ён пазіраў на мяне з нейкай нават нясмеласцю і пазбягаў заставацца са мной самнасам, мне здавалася, ён мяне трошачкі пабойваецца.
Карлікі, вядома, нічога не зразумелі. Яны мітусіліся, як перапалоханыя куры, папіскваючы сваімі агіднымі кастрацкімі галасамі. He ведаю, адкуль у іх гэтыя пацешныя галасочкі. У мяне дык голас нізкі і моцны. Але ж яны рабы і кастраты не толькі целам, але і душой, і большасць з іх блазны, што ганьбяць свой род бязглуздымі здзекамі з уласнага цела.
Нікчэмнае племя! Каб толькі не бачыць іх перад вачамі, я так падстроіў, што герцаг аднаго за адным усіх іх прадаў, пакуль я не застаўся нарэшце адзін. Я рады, што іх няма і што ў пакоях карлікаў цяпер гола і пуста і я магу начамі спакойна аддавацца думкам. Я рады, што Іясафата таксама няма і што я пазбаўлены неабходнасці бачыць яго варты жалю, як у старэнькай бабулькі, тварык і чуць яго пісклявы галасок. Я рады, што я застаўся АДЗІН.
Так ужо здарылася, што даводзіцца ненавідзець нават свой уласны народ. Я ненавіджу сваіх суродзічаў.
Але я і сябе ненавіджу. Я ем сваё ўласнае, прыпраўленае жоўцю цела. Я п’ю ўласную атручаную кроў. Штодзённа здзяйсняю я — злавесны вярхоўны свяшчэннаслужыцель майго народа — свой адзінокі абрад прычашчэння да святых тайнаў.
Пасля гэтага «скандальнага выпадку» герцагіня пачала паводзіць сябе досыць дзіўна. Той жа раніцаю, як мяне выпусцілі, яна паклікала мяне да сябе і, калі я зайшоў у яе спальню, моўчкі паглядзела на мяне задуменным позіркам — як усё роўна вывучаючы. Я чакаў папрокаў і, магчыма, новага пакарання, але калі яна нарэшце загаварыла, дык прызна-
лася, што мая літургія зрабіла на яе глыбокае ўражанне: у ёй было нешта злавеснае і жахлівае, яна закранула штосьці ў яе душы. Як мне ўдалося пранікнуць ёй у душу і закрануць штосьці патаемнае?
Я нічога не разумеў. Я не прамінуў ухмыльнуцца, скарыстаўшы хвіліну, калі яна, лежачы моўчкі ў пасцелі, глядзела міма мяне адсутным позіркам.
Яна спыталася, ці лёгка гэта, па-мойму,— вісець распятым на крыжы? Каб цябе лупцавалі бізунамі, мучылі і замучылі да смерці? I яна сказала, ёй зусім зразумела, што Хрыстос павінен яе ненавідзець. Люта павінен ненавідзець, зведаўшы дзеля яе такія пакуты.
Я не збіраўся адказваць, а яна таксама не стала працягваць гаворку і доўга яшчэ ляжала моўчкі, гледзячы ў прастору адсутным позіркам.
Потым яна зрабіла лёгкі рух сваёй прыгожай рукой, які азначаў, што, маўляў, на сёння ўсё, і крыкнула камерыстцы, каб прынесла цёмна-чырвоную сукенку: ёй час падымацца.
Я і па сёння не разумею, што раптам на яе найшло.
Я заўважыў, што часам я наводжу страх. Ды толькі палохаюцца людзі, па сутнасці, саміх жа сябе. Яны думаюць, гэта я наводжу на іх страх, а на самай справе — той карлік, што сядзіць у іх жа саміх, звыродлівая, чалавекападобная істота з малпінай мордай, гэта яна высоўвае сваю галаву з глыбінь іхняй душы. Яны палохаюцца, таму што самі не ведаюць, што ў іх сядзіць іншая істота. Яны заўсёды наогул палохаюцца, калі знячэўку штосьці вынырвае на паверхню з іх саміх, з якой-небудзь бруднай ямы іх душы, што-небудзь такое, пра што яны нават і не здагадваюцца і што не мае ніякага дачынення да жыцця, якім яны жывуць. Калі на паверхні нічога
не відаць, ім усё хоць бьі што, ніякая небяспека ім не пагражае. Яны ходзяць сабе, рослыя і спакойныя, і на іх гладкіх тварах не заўважаецца анічога. Але ўнутры ў іх заўсёды існуе і нешта іншае, чаго яны самі не прыкмячаюць, яны жывуць, самі аб тым не здагадваючыся, некалькімі жыццямі адначасова. Яны дзіўна замаскаваныя, невытлумачальныя і шматаблічныя.
I яны звыродлівыя, хоць па іх гэтага і но відаць.
Я заўсёды жыву толькі сваім жыццём, жыццём карліка. Я ніколі не бываю рослым і гладкатварым. Я заўсёды толькі я сам, заўсёды адзін і той жа, я жыву толькі АДНЫМ жыццём. Ува мне няма ніякай іншай істоты. I мне вядома ўсё, што ў мяне ўнутры, нічога ніколі не вынырвае знячэўку з глыбінь маёй душы, нічога не хаваецца там у поцемках. Таму я не ведаю страху перад чымсьці невядомым, што палохае іх, перад чымсьці невытлумачальным і таемным. Для мяне нічога такога проста ні існуе. Ува мне няма нічога «іншага».