• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

    Кат; Карлік

    Пер Лагерквіст

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 240с.
    Мінск 1986
    53.96 МБ
    Нарэшце астатнія негры былі адціснуты ў кут і акружаны. Іх супраціўленне было зламана, прыйшлося здавацца на літасць пераможцаў.
    — Ну то-та ж! — Белыя перавялі дух.
    — Хутчэй на эстраду!
    Чарнаскурых выштурхнулі на эстраду і прымусілі ўзяць інструменты.
    Магутны мужчына ў смокінгу ўсеўся перад імі верхам на крэсле і навёў на іх дула рэвальвера.
    ■— Хто не будзе іграць — прыкончу! — заявіў ён.
    I негры ігралі. Жудасна, люта, з налітымі крывёй вачыма, з акрываўленымі рукамі і тварамі, ігралі, як шалёныя. Гэта была музыка, датуль нечуваная, раз’юшаная, жахлівая, як паўночнае выццё ў джунглях і грукат барабана смерці пасля захаду сонца, калі першабытныя орды сыходзіліся ў лесе. Гіганцкага росту негр стаяў спераду ўсіх і, сціснуўшы зубы, выбіваў як утрапёны свой шалёны пошчак, з раскрытай раны на галаве па шыі цурчэў крывавы струменьчык, і падраная кашуля ярка чырванелася. Ён біў і біў сваімі скрываўленымі вялізнымі кулакамі, і гукі астатніх інструментаў уліваліся ў гэты грамавы пошчак — гэта быў суцэльны нечленараздзельны роў.
    — Выдатна! Цудоўна!
    Белыя танцавалі, падскоквалі і прыскоквалі ў лад музыцы. Танцавалі ўсюды, па ўсёй велізарнай зале — усё бурліла, як варыва ў ведзьміным катле. Твары гарэлі пасля бойкі і ад гарачыні ў памяшканні, цяжкія выпарэнні разыходзіліся задушлівымі хвалямі, паміраючыя хрыпелі, валяючыся паміж сталоў, іх адкідалі
    нагамі танцоры. Шар пад столлю, амаль не выпускаючы сваіх рознакаляровых промняў, круціўся над смуроднай гушчай. Жанчыны ззялі юрлівай прыгажосцю, кідалі палкія позіркі на велізарнага негра, што сцякаў крывёю, усоўвалі сваю нагу паміж ног кавалераў, мужчыны прутка прыціскалі іх да сябе, распаленыя жаночымі позіркамі і гарачымі рэвальверамі, што матляліся ззаду, быццам раз’ятраны мужчынскі член. Панавала небывалае натхненне.
    Пунсовы ад захаплення пан з парваным у бойцы каўняром ускочыў на стол недалёка ад ката і размахваў у паветры браўнінгам.
    — Перамога за намі, сябры! Дарэмныя ўсе спробы выступаць супроць нас! Парадак! Дысцыпліна! Пад іх знакам мы перамагаем! На іх пабудуем мы сваё ўладаранне!
    Ён жэстыкуляваў і крычаў, вакол, паслухаць яго прамову, сабраўся натоўп.
    — I ў гэты знамянальны дзень, калі мы сцвердзілі перавагу сваёй расы над усімі іншымі, мы маем шчасце і радасць бачыць сярод нас прадстаўніка справы, якую мы цэнім вышэй за ўсё! Кат знаходзіцца сярод нас! Мы ганарымся іым, што ён тут, бо гэта даказвае, калі хто-небудзь не ведаў гэтага раней, што мы жывём у велічную эпоху! Што век ганьбы і слабасці астаўся ззаду і новы світанак займаецца над чалавецтвам! Магутнае катава аблічча дае нам упэўненасць і мужнасць! Хай ён нас вядзе — адзіны, за кім мы згодны ісці!
    Вітаем цябе, наш правадыр, з тваімі свяшчэннымі эмблемамі, сімваламі ўсяго святога і каштоўнага, што ёсць у гэтым жыцці і што адкрывае новую эру ў гісторыі чалавецтва! Кроў — вось колер чалавека! I мы ведаем — мы вартыя цябе! Мы ведаем — ты можаш смела нам верыць, калі мы, трыумфуючы, абвяшчаем табе:
    — Слава! Слава!
    Ён саскочыў са стала і, увесь чырвоны, цяжка дыхаючы, пайшоў да свайго куміра.
    Кат паглядзеў на яго, не ўздымаючы галавы, не зварухнуўся і нічога не сказаў.
    Расчырванелы пан ад гэтага крыху збянтэжыўся, не ведаў, што ж яму рабіць далей.
    — Слава! — крыкнуў ён зноў не вельмі ўпэўнена, выкінуўшы руку ўгору, і ўсе навокал зрабілі тое самае.
    Кат глядзеў на іх без адзінага слова.
    — Аднак... аднак хіба вы не кат? — спыталіся ў яго з пэўным сумненнем.
    Той, да каго яны звярталіся, адняў руку ад лоба, на якім было выпалена катаўскае кляймо,— гул захаплення пранёсся па натоўпе.
    — Так, я кат! — сказаў ён. I падняўся, вялізны і страхалюдны ў сваім крывава-чырвоным адзенні. Позіркі ўсіх скіраваліся на яго, і стала так ціха ў зале, які толькі што роў і грымеў, што чуваць было яго дыханне.
    — Здавён-даўно спраўляю я сваю службу, і канца ёй пакуль што не відаць. Мільгаюць чарадой стагоддзі, узыходзяць народы і зноў знікаюць у ночы, толькі я застаюся пасля ўсіх і, запырсканы крывёю, азіраюся ўслед ім, я — адзін з усіх — не старэю. Адданы людзям, я іду іх дарогай, і не пратаптана імі такой патаемнай сцежкі, дзе не распальваў бы я дымнага кастра і не акрапляў зямлі крывёю. Спакон веку іду я ўслед за вамі і застануся пры вас, пакуль не пройдзе ваш век. Калі, адкрыўшы бога, вы ўпершыню скіравалі позіркі ў неба, я зарэзаў брата і прынёс яго ў ахвяру дзеля вас. Па сённяшні дзень помпю пахіленыя ветрам дрэвы і водбліскі агню, што падняліся над вашымі тварамі, калі я вырваў яго сэрца і кінуў у полымя. 3 той пары многіх прынёс я ў ахвяру багам і д’яблам, небу і апраметнай — вінаватых і бязвінных.
    Народы сціраў я з твару зямлі, імперыі спусташаў і ператвараў у руіны, Усё рабіў, чаго вы ад мяне хацелі. Цэлыя эпохі я праводзіў у магілу і спыняўся на імгненне, абапёршыся на скрываўлены меч, пакуль новыя пакаленні не клікалі мяне маладымі, нецярплівымі галасамі. Хвалі людскога мора я ўзбіваў у крывавую пену, і неспакойны шум іх я прымушаў змоўкнуць навек. Прарокаў і збавіцеляў я спальваў на кастрах за ерась. Чалавечае жыццё кінуў я ў бездань ночы. Усё я рабіў для вас.
    I дасюль мяне заклікаюць, і я іду. Я азіраю прасторы — зямля ляжыць у ліхаманцы, у гарачцы, а з паднябеснай вышыні чуюцца тужлівыя крыкі птушак. Настаў час злу выкінуць семя! Настаў мой час!
    Сонца задыхаецца ў хмарах, адсырэлы шар яго злавесна тлее плямаю запечанай крыві. Наводзячы жах і калатнечу, я іду па палях і збіраю свой ураджай. На чале маім выпалена кляймо злачынства, я сам ліхадзей, асуджаны і пракляты на векі вечныя. Дзеля вас.
    Я асуджаны служыць вам. I нясу сваю службу верна. Кроў тысячагоддзяў на мне. Душа мая поўная вашай крыві! Вочы мае засланы крывавай заслонай і не могуць што-небудзь убачыць, калі выццё з чалавечых нетраў дасягае мяне! 3 лютасцю крышу я ўсё і ўсіх — як вы таго жадаеце, як вы мне крычыце! Я сляпы ад вашае крыві! Сляпы нявольнік, які сядзіць унутры вас! Вы мая турма, і мне з яе не вырвацца!
    Калі я ў сваім доме, доме ката, падыходжу да мутнага акна, за якім у вячэрняй цішыні спяць лугі, і бачу кветкі і дрэвы, агорнутыя глыбокім, дзівосным спакоем — тады мая доля душыць мяне, і ўпаў бы я без сілы, калі б побач са мной не стаяла яна.
    Ён зірнуў на яе, на бедную жанчыну, падобную на жабрачку, сустрэўся з ёю вачыма.
    — Я адварочваюся, бо мне невыносна бачыць, якая
    цудоўная зямля. А яна ўсё стаіць і глядзіць у акно, пакуль не апусціцца змрок.
    Яна, як і я, вязень у нашым агульным жытле, але яна можа глядзець на зямную красу — і жыць.
    Мой дом, дом ката, яна трымае ў чысціні і прыбірае яго так, быццам гэта жыллё чалавека. Стол, за якім я ем, яна засцілае абрусам. Я не ведаю, хто яна, але яна са мною добрая.
    Калі на дварэ цямнее, яна гладзіць рукою мой лоб, кажучы, што на ім няма больш кляйма ката. Яна не такая, як усе, яна мяне можа любіць.
    Я пытаўся ў людзей, хто яна, але яны не ведаюць яе. Можаце вы сказаць, дзеля чаго яна любіць мяне і даглядае наш дом?
    Мой дом — гэта дом ката! Ён не павінен быць нічым іншым! Адчай, які авалодвае мной, без яе быў бы яшчэ больш жахлівы!
    Я чакаю, пакуль яна ціха засне ў мяне ў абдымках, потым устаю, накрываю яе як найцяплей і збіраюся — бясшумна, каб яе не разбудзіць. Нячутна вьіходжу я з дому рабіць сваю справу ўночы — бачу злавеснае неба, што грозна навісла над зямлёю. Добра, што яна не прачнулася. Добра, што я адзін са сваёй непазбыўнай ношаю.
    Але я ведаю, яна будзе чакаць мяне, калі я вярнуся. Яна сустрэне мяне, калі я прыйду, выканаўшы сваю работу, зняможаны і перапэцканы крывёй.
    Чаму я павінен несці на сабе ўвесь гэты цяжар?! Чаму мне на плечы павінна лажыцца гэта ўсё! Увесь страх, уся віна, усё ўчыненае вамі?! Чаму ўся пралітая вамі кроў павінна крычаць унутры мяне, каб мне піколі не ведаць спакою? Праклёны ліхадзеяў і жальбы бязвінных ахвяр — чаму мая злашчасная душа павінна пакугаваць за ўсё?!
    Асуджаныя ўзвальваюць на мяне свой лёс — я стараюся не чуць, што яны кажуць у чаканні гібелі, ад-
    нак словы іх са мной застаюцца. Галасы з далёкіх тысячагоддзяў лямантуюць ува мне, галасы, забытыя ўсімі, пазбаўленыя жыцця, яны жывуць ранейшым жыццём ува мне! Пах вашай крыві ўзбуджае ўва мне млоснасць, душыць мяне неадмольнасць маёй віны.
    Вашы лёсы я павінен цягнуць на сабе, вашай дарогай ісці нястомна і тады, калі вы ўжо даўно знайшлі адпачынак ад учынкаў вашых у магіле.
    Хто выкапае магілу такой глыбіні, каб у ёй пахаваць мяне!\ Каб мне даць збавенне! Хто здыме з плеч маіх цяжар праклёнаў і даруе мне смяротны спакой?!
    Ніхто! Бо нікому не панесці маёй ношы.
    У тыя часы, калі быў яшчэ бог, адправіўся я аднойчы да яго, каб выказаць яму сваё гора. Дык які ж быў яго адказ!..
    Помню, зрабіў я гэта таму, што давялося мне вартаваць чалавека, які казаў, што ён збавіцель. Ён хацеў адпакутаваць і памерці за вас і тым прынесці вам збавенне. Хацеў ён таксама і з мяне зняць мой цяжар.
    Я не знаходзіў у яго словах сэнсу, бо бачыў, які ён слабы, нядужы, абдзелены самай звычайнай мужчынскай сілай, і я смяяўся з яго. Ён зваў сябе Месіяй і прапаведаваў мір на зямлі, за што і быў асуджаны.
    Яшчэ ў дзяцінстве ён зразумеў, што яму суджана папакутаваць і памерці за людзей. Ён шмат расказваў пра дзяцінства — яны заўсёды расказваюць пра дзяцінства — пра краіну, якую ён называў Галілеяй, быццам бы дзівосна прыгожую — яны заўсёды так гавораць. У гарах вясною мноства лілей, стаяў ён неяк сярод іх, глядзеў навокал на светлыя палі і зразумеў тады, што ён — сын божы. Што ён няшчасны вар’ят, я ў гэтым пераканаўся, як толькі пачаў слухаць яго прамовы. I пакуль ён глядзеў на палі, адкрылася яму, якое слова яму прапаведаваць людзям, што яму ім сказаць, каб быў мір на зямлі. Я спытаўся, чаму менавіта яму трэба памерці, каб яны жылі ў міры, а ён мне
    адказаў, што так трэба, што ёсць такі запавет. Так яму сказана бацькам яго, а пад ім ён разумеў самога госпада бога. Ён быў цвёрды ў сваёй веры, як добрае дзіця.
    Але, калі наблізіўся час яго, і ён збаяўся і затрымцеў, як і іншыя, і, мабыць, ужо не быў ва ўсім так упэўнены, як раней. Я нічога не гаварыў, ён быў адзін са сваім страхам, і позірк яго часам адлятаў, здавалася, кудысьці далёка-далёка. Быццам ён зноў хацеў убачыць край свайго маленства і палі, усыпаныя лілеямі.