Кат; Карлік
Пер Лагерквіст
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
Кругом балбаталі і рагаталі, чалавек у лахманах пралез у залу і хадзіў ад стала да стала, штосьці шэпчучы і працягваючы худую руку, пакуль яго не вытурылі. Вулічная басота сядзела, папіваючы з келіхаў.
— Ну, здорава? Да чаго ён шыкоўны ў сваім чырвоным касцюме.
— Ага, здорава!
— А выгляд які па-звярынаму жорсткі!
— Па-мойму, выгляд у яго як у альфонса.
— Нічога падобнага, ты звар’яцела! Ён самы сапраўдны шыкоўны мужчына,
— А чаго ж гэта ён сядзіць і ўвесь час за лоб рукой трымаецца?
— Я адкуль ведаю.
— Але ён шыкоўны.
— Ага!
— Як ты думаеш, каб з катам, га?..
— О, пальчыкі абліжаш, можаш не сумнявацца.
Зноў загучала музыка, на гэты раз млява, іграў другі аркестр. Пары заслізгалі ў мігатлівым сінім святле, тонкія рукі звісалі цераз плечы партнёраў, вочы сонна прыжмурваліся.
— Хіба заўтра што-небудзь такое чакаецца?
— Я не ведаю, але ўвогуле ж у іх поўна людзей, якіх яны збіраюцца прыкончыць. Па мне, дык, калі ласка.
— Так, гэта зусім не шкодна. Людзей на свеце аж занадта, прычым прыстойных, сапраўдных людзей. Ва ўсякім выпадку, жыць застаюцца, як правіла, лепшыя, за гэтым то ўжо, безумоўна, сочаць.
— Вядома.
Пажылы пан у вайсковай форме, безупынку жуючы губамі, цвёрдым спружыністым крокам прайшоў міма катавага стала.
— Выдатна, што будзе парадак, пан кат! Народ стаў нахабны, пара, чорт вазьмі, яго прыструніць.
— He, ды што ж гэта! Мы заказвалі сухое, а вы нам прынеслі паўсухое. Непарадак!
— О, прабачце, калі ласка...
— Вось іменна, толькі гэта вам і застаецца. Ну і абслугоўванне!
— Ды яшчэ сядзелі чакалі цэлую вечнасць.
— Да таго ж ён паспеў яго адкаркаваць!
— He ўжо, давядзецца вам памяняць. Мы не п’ём нічога, акрамя сухога.
Раскормленая бюргерка, якая валюхаючыся вярта-
лася з дамскай прыбіральні, убачыўшы ката, пляснула рукамі.
— He, вы толькі зірніце! I кат тут! Я абавязкова павінна сказаць пра гэта Герберту!
Яна падышла і канфідэнцыяльна паклала руку кату на плячо.
— Мой сын, без сумнення, будзе страшна рады з вамі пазнаёміцца. Мілы хлопчык, ён так горача любіць кровапраліцці.
I яна з мацярынскай усмешкай агледзелася, шукаючы сваіх.
Музыка гучала млява, лашчыла гнуткія жаночыя целы, мурзаты хлапчук прашмыгнуў у залу праз двухстворкавыя дзверы і, абходзячы сталы адзін за адным, расхінаў свае ўбогія лахманы, паказваючы, што пад імі ён голы, пакуль афіцыянты не схапілі яго і не выкінулі на вуліцу.
— Наадварот, пане мой! Насілле — найвышэйшае праяўленне не толькі духоўных і фізічных сіл чалавецтва! Гэта факт, які дзякуючы нам стаў проста відавочным. А тых, хто думае інакш, мы будзем пераконваць менавіта шляхам ужывання насілля, і тады то ўжо яны безумоўна ў гэта павераць. Ці вы так не думаеце?
— Ну што вы, бясспрэчна, абсалютна.
— Так! Мы таксама на гэта спадзяемся.
— Дык вось. Мы высоўваем катэгарычнае патрабаванне: усе іншадумцы павінны падпадаць пад кастрацыю! Гэта дыктуецца элементарнай неабходнасцю, калі мы хочам замацаваць перамогу нашых ідэй! He будзеце ж вы патрабаваць, каб мы дазволілі гэтай заразе перакінуцца і на будучыя пакаленні. He, пане мой! Мы ўсведамляем сваю адказнасць!
— Але, зразумела.
— Аднак жа, шаноўны васпан, як гэта ні смешна, вы ўсё яшчэ знаходзіцеся ў палоне звычных уяўленняў
мінулага! Зразумейце, ніякага іншага светапогляду, акрамя нашага, ніколі не будзе! 3 гэтым цяпер скончана, разумееце, скончана назаўсёды!
— Аж вось як... так-так! У такім выпадку я вас лепш разумею. Так, безумоўна! Бясспрэчна!
— Ці ж не праўда —варта толькі адмовіцца ад звычнага складу думак, як адразу пачынаеш спасцігаць гэты наш зусім новы погляд на рэчы. Толькі ў самым пачатку крыху цяжкавата. А ў прынцыпе гэта ж вельмі проста.
— Так, вядома.
— Вам не даводзілася прысутнічаць пры грунтоўным вынішчэнні непакорлівых, якім мы карыстаемся ў нашай практыцы? Вось ужо сапраўды самае натхняльнае відовішча, якое толькі можа быць, запэўніваю вас. Адчуванне такое, быццам ты ўдзельнічаеш у выхаванні чалавецтва дзеля новага, больш высокага жыцця, у яго ўдасканаленні.
— О, я сапраўды з задавальненнем на гэта паглядзеў бы!
— Бывалі выпадкі, калі нам удавалася схіляць да нашай веры старых гадоў пад восемдзесят, калі мы толькі не шкадавалі часу.
— Проста неверагодна. Асабліва калі ўспомніць, якая гэта цяжкая задача — пашыраць шчырыя пера кананні сярод людзей.
— Але! Мы сапраўды дабіваемся проста выключных поспехаў, запэўніваю вас. Але мы ўсведамляем сваю адказнасць за ўсе будучыя пакаленні, зразумейце! Мы ведаем, нельга траціць ні хвіліны! Будуць людзі думаць правільна цяпер — значыць, і потым яны ніколі ўжо не будуць думаць няправільна. Мы не павінны забывацца, што жывём у велічны час! Час, які мае вырашальнае значэнне для ўсяго чалавецтва і для далейшага развіцця жыцця на зямлі.
— Так, безумоўна.
— I мы ведаем, што мы за яго адказваем.
— Класы! Няма больш ніякіх класаў! У гэтым якраз веліч і значнасць таго, што адбываецца! Ёсць толькі людзі, якія думаюць так, як і мы, і пэўная колькасць людзей, якіх мы пасадзілі,— менавіта з мэтай навучыць іх думаць так, як мы. I тыя з іх, хто застанецца жыць, безумоўна, гэтаму навучацца.
Вы і самі бачыце: вось тут п’юць шампанскае альбо — іх, бадай, большасць — проста сёрбаюць піва бюргеры, рабочыя і крыху больш заможныя людзі — усе перамяшаныя, усе роўныя. I ўсе думаюць абсалютна аднолькава — як мы! Усе, хто тут сядзіць, думаюць як мы!
— Ыгы!
— Перад вамі ў рэшце рэшт надзвычайная, выключная карціна адзінага, згуртаванага народа! Да якога, дарэчы сказаць, вельмі хутка далучацца і тыя, хто яшчэ блудзіць, у гэтым няма ніякага сумнення! На тых, хто будзе натурыцца, мы ўправу знойдзем! Народ, які дружна сабраўся каля сваіх турмаў і з надзеяй чакае, калі адтуль пачуецца крык каго-небудзь з перавыхаваных.
— Гэта грандыёзна! Які высокі дух!
— Такога яшчэ не бачыў свет. Гэта як усеагульнае набажэнства, і многія стаяць па стойцы смірна, чакаючы стогнаў перавыхаваных, такую яны адчуваюць пашану да недаступных іх вачам таінстваў, што адбываюцца з іх расай. Гэта сапраўды патэтычнае відовішча. Такое магчыма толькі ў нас. Мы не падобныя ні на які іншы народ на свеце! Зусім не падобныя!
Так, нам вельмі неабходна займець свайго бога, прычым неадкладна. Немагчыма патрабаваць, каб наш народ пакланяўся богу, якім карьістаюцца іншыя, непаўнацэнныя расы. Наш народ вельмі набожны, але ён жадае мець свайго бога! Уяўленне пра нейкага ўсе-
агульнага бога не што іншае, як адкрыты здзек з усёй сістэмы нашых поглядаў, і будзе карацца мерамі, якія з гэтага часу распаўсюджваюцца на ўсе віды злачынстваў...
Падазроны суб’ект сноўдаўся ў прыцемку па зале, з нахабнай ухмылкай прасіў міласціну, груба штурхаў сталы, расплёхваючы з бакалаў, калі яму нічога не давалі.
У далёкім кутку сядзела за сталом некалькі чалавек.
— Што за чартаўшчына! Мы заказвалі піва з сасіскамі, а вы нам шампанскае прыносіце. Які беспарадак, чорт вас вазьмі! Вы што, думаеце, мы міліянеры, як гэтыя тлустыя свінні?!
— Прабачце, я думаў, паны — з больш высокай кампаніі...
— Тфу ты! Другі раз лепш глядзі, a то табе так засвецяць — не будзеш спаць на хаду!
Хістаючыся, уваліўся салдат, падсеў да ката за стол і залапатаў яму ў твар:
— Ну і дурацкі ж у цябе выгляд! Слухай, чаму ты не ў пяхоце, га? Гляньце на яго!..
— Цыц...— прашаптаў хтосьці побач.— Ты што, не бачыш! Гэта ж кат...
— Ды бачу я, бачу! Толькі ж глядзець на яго — са смеху памрэш!.. I гэта кат, га! Фу, ды куды ён такі варты?! Кулямёт, вось што табе трэба! I гранаты!.. Вось тады справа іншая. Зразумеў? He пад сілу табе рамяство, не цягнеш, адразу відаць
— He балбачы глупства! Яшчэ як цягне — лепш за цябе. Ты, хлопец, дарма не лапачы. Вы ж адзін аднаму радня, сам ведаеш.
— Вось я і кажу, хай кулямётам карыстаецца!.. Выдатная сучасная штука. Ясна табе?.. Раз, два — і гатова!.. У пяхоту табе трэба, старызна. Ясна?
— He зарьівайся, хлопец! Ты пра вайну менш, чым мой начны гаршчок, ведаеш, не нюхаў яшчэ, па гаворцы чуваць!
— He ведаю, дык буду ведаць! Душу можаш чорту залажыць, буду ведаць! Вось тады вы пабачыце, каб вас чорт пабраў!
— Дзіва што! Калі ты ўжо возьмешся...
— Але! I я, і іншыя хлопцы. He турбуйся, мы сваю справу ведаем! I не з палахлівага дзесятка!
— Малайчына, хлопец, правільна!
— Хлопец малайчына, хоць ён сёння і мнагавата, як на свае яшчэ слабыя мазгі, хапянуў піўца. Цудоўна, што ў нас у краіне такая моладзь! Як тут не расчуліцца старому чалавеку...
— Ану, вас, старыя... нічога вы не цяміце... Тваё здароўе, кат! Цябе я ўхваляю! Ты ды я ды мы з табой ужо ж як-небудзь навядзем парадак у гэтым свеце!.. Ты чаго ж не п’еш? Вось табе і на, чорт засмучаны! Замаркоціўся, ці што?
За адным са сталоў так гучна смяяліся, што госці і афіцыянты сталі азірацца, маладая жанчына ледзь не напалам перагнулася.
— Нам неабходная вайна! Вайна — гэта здароўе! Народ, які не жадае вайны, гэта хворы народ!
— Так, мір падыходзіць толькі грудньім дзецям ды хворым — ім патрэбны мір! А даросламу здароваму чалавеку ён не патрэбны!
— Акопы — вось адзінае месца, дзе прыстойны мужчына адчувае сябе добра. Трэба было б і ў мірны час жыць у акопах, а не ў дамах — яны толькі распешчваюць людзей.
— Але. Свінцовы душ вайны — вось тое, чаго нам не стае! Здаровы народ не можа абыходзіцца без яго болып за адно дзесяцігоддзе. Інакш ён пачынае чахнуць — калі ён, вядома, сапраўды здаровы.
— Так. I той, хто спыняе вайну — здраднік!
— Гэта праўда!
— Вон здраднікаў! Прэч здраднікаў!
— Смерць ім!
— Нават калі ён перамагае. Таму што і ў гэтым выпадку ён бессаромна асуджае свой народ на страшную няпэўнасць мірнага існавання. Што такое вайна — вядома ўсім, народу ж, які жыве ў міры, з усіх бакоў пагражае невядомая небяспека.
— Што праўда, то праўда!
— Нам трэба канчаць з гэтай нашай згубнай размякласцю! Дзяцей трэба рыхтаваць да вайны. Калі яны вучацца хадзіць, яны павінны вучыцца гэтаму дзеля ваенных патрэб, а не проста дзеля сваіх мамачак!
— 3 гэтай справай хутка ўсё наладзіцца. Дзецьмі мы будзем займацца самі, мы не пакінем іх пад апекай безадказных бацькоў.
— Зразумела.
— Тым самым мы забяспечым сабе будучыню.
— Але!
— Я чую, сябры, вы гаворыце пра вайну,— сказаў чалавек з прастрэленым насквозь тварам, ад якога засталася толькі ніжняя частка, а над ёй — чырвоная шурпатая маска, і няўпэўнена прыўзняўся з крэсла,— Гэта радуе маё сэрца! Спадзяюся, мне пашчасціць дажыць да таго дня, калі наш народ зноў горда выйдзе на палі былых бітваў! Спадзяюся, сучасная навука да таго часу дасягне такіх поспехаў, што нават я змагу прыняць удзел! Мне прачыталі ў адной новай кнізе, што ўжо цяпер лічаць магчымым зрабіць так, каб можна было бачыць, а значыць, і цэліцца непасрэдна з дапамогай душы. У такім выпадку вы знойдзеце мяне ў самых першых радах, і зрок мой будзе пільны — бо душа ў мяне, сябры, захавалася цалкам!