Кат; Карлік
Пер Лагерквіст
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
— Кажуць, што нібы ката ні нож, ні меч не бярэ,— сказаў стары, косячыся на грузную маўклівую фігуру.— Праўда ці не — не ведаю.
— Брахня гэта ўсё!
— He скажы. Бываюць і праўда такія «цвёрдыя» — нічым не проймеш. Я пра аднаго такога чуў у маладыя гады — во дзе цвёрды быў! Прывялі яго караць смерцю за страшэнныя злачынствы, а меч яго не бярэ. Яны давай тады сякераю — дык сякеру ў іх ажно з рук выбіла, ну, тут іх і апанаваў страх, і яны адпусцілі яго на ўсе чатыры бакі, бо сцямілі, што нячысцік у ім сядзіць.
— Глупства!
— Далібог, праўда, праваліцца мне на гэтым месцы!
— А-а, глупства балбочаш! Хто ж не ведае, што заплечных спраў майстроў таксама мячом ды сякераю караюць, як і ўсякае подлае стварэнне. Ды хоць бы Енс-Кат — яму ж яго сякераю галаву знялі!
— Ну, Енс — справа іншая, ён з гэтымі сіламі ў згодзе не быў. Трапіў у бяду, гаротнік няшчасны, ні за што, ну і вымаліў сабе жыццё, з бабай сваёй ды з дзеткамі расстацца не мог. Тут, брат, выпадак асаблівы. He адолеў ён гэтага рамяства, ён на памосце горш за грэшніка злашчаснага тросся. Страх у яго быў перад злом, вось што. Ён і гібель на сябе наклікаў таму, што страх яго адольваў, ніяк ён не мог з ім справіцца — я так думаю — таму ён узяў і загубіў Стаффана, што быў яму самым лепшым сябрам. Сякера ж, скажу я табе, куды мацнейшая была за Енса, вось яна яго і прыцягвала, ён не мог ёй супраціўляцца, вось і трапіў пад яе, бо заўсёды ведаў, што так яно і будзе. He, у ім
сіла тая не Сядзела. А ўжо калі сядзіць у кім, таго нічога не бярэ.
— Зразумела, у каце як ні ў кім іншым сіла тоіцца, хіба ж дарма ён каля самага зла знаходзіцца. А што сякера і іншая катава зброя сілу ў сабе тояць, таксама праўда. Таму да іх ніхто даткнуцца не асмельваецца, як і да ўсяго, да чаго кат датыкаўся.
— Што праўда, то праўда!
— Зло, яно, брат, уладу мае там, дзе яго зроду не чакаў. А трапіш яму ў лапы — пішы прапала, не выпусціць з кіпцюроў.
— А ты чаго не ведаеш, не кажы,— азваўся чалавек, што да гэтага часу сядзеў моўчкі.— He так яно і проста з ім блізкае знаёмства завесці, а спазнаеш, якое яно, зло, дык, можа здарыцца, і здзівішся. He тое каб сам я ўсё зведаў, а толькі пабыў я неяк у яго ў руках, давялося зазірнуць яму ў твар, можна сказаць, да таямніцы ягонай прычасціцца. Такое век помніць будзеш. I што дзіўна, пасля гэтага нібы і страху перад ім болып няма.
— О-о!
— Так ужо і няма? Штосьці не верыцца!
— Праўду кажу. Ды вось паслухай, калі ёсць ахвота, з чаго ў мяне страх прапаў. Усплыло на памяць, пакуль вы тут сядзелі і гаварылі.
Здарылася гэта яшчэ ў маленстве, было мне тады, здаецца, гадоў пяць-шэсць. Жылі мы на невялікай бацькоўскай сядзібе, гаспадарыў бацька някепска, нястачы мы не ведалі. Быў я ў бацькі і маці адзін, і, трэба вам сказаць, любілі яны мяне, можа, аж занадта — так ужо вядзецца, калі ў сям’і адно дзіця. Жыццё маё ішло шчасліва, такіх добрых і ласкавых бацькоў толькі пашукаць, абое ўжо памерлі, вечная ім памяць. Сядзіба наша была наводшыбе, на самым канцы сяла, і я прывык найбольш у адзіноце час бавіць альбо за маці і бацькам па панадворку бегаць. Да гэтага часу помню,
дзе ў нас што было: і будынкі, і агарод на паўднёвым баку хаты, і ўзгорак за хатай, і палі. Цяпер я нічога гэтага не маю і ніколі, мабыць, нават не ўбачу, але ўсё яно асталося ў душы маёй.
Дык вось неяк улетку, калі ўсе былі на сенакосе і маці панесла бацьку полудзень на абшчынны пакос, куды мне было яшчэ не дайсці, астаўся я адзін-адным дома. Сонейка прыпякло, стала горача, каля каменных прыступак ганку і над тым месцам каля кароўніка, дзе ўранку працэджвалі малако, роем ляталі мухі. Я сноўдаўся па двары, глядзеў, дзе што робіцца, схадзіў у сад і на дрывотню, зазірнуў да пчол. Сытыя, размораныя цяплом, яны ляніва ўпаўзалі ў вуллі. Як яно ўжо там выйшла, ці я засумаваў, ці яшчэ што, а толькі пералез я цераз загарадку і пайшоў напрасткі ў лес па сцяжынцы, па якой да таго разу ніколі далёка не хадзіў, ведаў яе толькі на самым пачатку. А тут панесла мяне ў мясціны зусім незнаёмыя. Сцяжынка ішла ўверх па ўзгорку, лес быў густы, з вялізнымі дрэвамі. Я заглядваў у прагалы паміж ствалоў і замшэлых каменных глыбаў. Унізе, у лагчыне, з шумам бурліла рака, што цякла і праз наша сяло. Ішоў я сабе ды радаваўся, і пагодлівы дзень, і ўсё астатняе мяне цешыла. Драмала ў голлі сярод лістоты сонца, павявала густым цяплом смольнае паветра, стукалі дзятлы, лес звінеў ад птушынага перасвісту.
Ці доўга я так ішоў, не ведаю, але раптам пачуўся шоргат, і спераду, у густым хмызняку штосьці заварушылася і паднялося з зямлі. Я прыбавіў кроку, каб паглядзець, што ж там такое. Дайшоўшы да павароткі, я ўбачыў, што нехта бяжыць, і пусціўся за ім услед. Сцяжынка пайшла па больш роўным месцы, лес стаў радзець, і, апынуўшыся на прагалку, я разгледзеў, што гэта былі двое дзяцей. Гадамі яны былі, відаць, мае равеснікі, толькі не так адзетыя. Па той бок прагаліны яны спыніліся, азірнуліся назад. I тут жа зноў Ki-
нуліся бегчы. Я — за імі. He ўцечаце, думаю, абавязкова злаўлю! Але яны раз-пораз зварочвалі са сцяжынкі і хаваліся ў густых зарасніках. Спачатку мне здалося, што яны са мною ў хованкі хочуць пагуляць, але потым я зразумеў, што тут нешта не тое. А мне захацелася з імі пазнаёміцца ды разам крышку пагуляць, і я не сцішаў ходу і ўсё больш іх даганяў. Пад канец яны разбегліся ў розныя бакі, і я ўбачыў, як адзін з іх запоўз пад паваленую яліну і там схаваўся. Я кінуўся да яго, рассунуў галіны і гляджу — ляжыць ён, сціснуўшыся ў камячок! Увесь мокры. Я з рогатам наваліўся на яго і прыціснуў да зямлі. А ён як пачне вырывацца, галоўку прыўзняў, вочы дзікія, спужаныя, a твар — увесь у дробных брудных рабацінках. Адзежы на ім амаль што не было — адна старая дзіравая фуфайка, ляжаў ён амаль галышом і калаціўся ў мяне пад рукамі, нібы тая злоўленая маленькая жывёліна.
Выгляд у яго быў нейкі дзікунскі, але я яго не выпускаў і нічога кепскага пра яго не думаў. Ён хацеў быў ускочыць, я яшчэ мацней прыціснуў яго каленямі і давай рагатаць — усё роўна, маўляў, табе не вырвацца. Ён сцішыўся, ляжаў і глядзеў на мяне, нічога не кажучы. Але я і так убачыў, што мы з ім ужо нібы зблізіліся, і ён не будзе цяпер ад мяне ўцякаць. Тады я яго адпусціў, мы разам падняліся з зямлі і пайшлі побач, але я заўважыў, што ён увесь час насцярожана на мяне пазірае. Са сваёй хованкі паявілася дзяўчына, яго сястра. Ён адышоўся ад мяне і стаў ёй нешта шаптаць, а яна слухае, вочы яе акругліліся, перапуджаны тварык збялеў. Але калі я да іх падышоў, яны не ўцяклі.
Пачалі мы гульню, гулялі яны, як дайшло да гэтага, з ахвотаю, хаваліся ў розных месцах, якія, відаць, ужо даўно ведалі, а як знойдзеш іх, тут жа моўчкі адбягаліся далей. Там было амаль што адкрытае месца, толькі тырчалі сям-там каменныя глыбы ды валяліся абрушаныя дрэвы, яны, відаць, ведалі там усё чыста,
і я часам ніяк не мог іх знайсці, бо іх зусім не было чуваць. Ніколі ў жыцці не бачыў я, каб дзеці так ціха гулялі. Яны разахвоціліся, шнырылі сюды-туды, як ласкі, але ўвесь час маўчалі. I са мной яны нават словам не перакінуліся. Аднак мы і так добра паладзілі. Я, ва ўсякім вьіпадку, быў задаволены. Часам у самым разгары гульні яны спыняліся і моўчкі глядзелі на мяне.
Дурэлі мы, відаць, даволі доўга ўжо, як з лесу пачуўся кліч. Дзеці хуценька зірнулі адно на аднаго і адразу пабеглі прэч. Я ім крыкнуў, што зноў хачу пабачьіцца, але яны нават не азірнуліся, толькі чуваць было, як шлёпалі па сцяжынцы іх босыя ногі.
Калі я вярнуўся дахаты, там яшчэ нікога не было. Неўзабаве прыйшла маці, але я не расказаў ёй, куды хадзіў і што бачыў. Я ўжо і не ведаю — нібы гэта тайна мая была.
Назаўтра маці зноў панесла полудзень касцам, і як толькі я застаўся адзін, адразу ж пайшоў на ўчарашняе месца і знайшоў там сваіх дружбакоў. Яны, як і ўчора, дзічыліся, асабліва напачатку, і не зразумець было, рады яны, што я прыйшоў, ці не. Аднак прыйшлі яны туды ў той жа час, што і я, нібы знарок мяне чакалі. Мы зноў разгуляліся, ажно ўпарыліся ад сваёй маўклівай беганіны — я ж таксама не крычаў, не галёкаў так, як рабіў бы гэта, каб не яны. Мне здавалася, што мы ўжо зусім свае, быццам даўным-даўно знаёмыя, Мы забеглі на лясную паляну, дзе я ўбачыў хатку, што прыляпілася да навіслай над ёй скалы. Была гэтая хатка нейкая несамавітая і панурая, блізка да яе мы не падыходзілі.
Маці на гэты раз чакала ўжо мяне дома і спыталася, калі я вярнуўся, дзе я быў. Я ж адказаў ёй, што, маўляў, у лясок збегаў.
3 той пары ўнадзіўся я хадзіць туды кожны дзень. Бацькі мае так былі заняты касьбой, што ім было не
да мяне, і ніхто не перашкаджаў мне адлучацца з хаты. Малыя сустракалі мяне ледзь не на паўдарозе, яны, здаецца, перасталі мяне дзічыцца.
I вельмі ж захацелася мне паглядзець, як яны жывуць, але яны нібы супраціўляліся гэтаму. Цягнулі мяне туды, дзе мы заўсёды гулялі. Аднак неяк я асмеліўся і падышоў да самае хаты — а за мною ўслед і яны, крыху наводдаль. Усё там было, як і ўсюды, толькі навокал — ніводнай градкі, зямля ляжала голая, закінутая, быццам і не жыве тут ніхто. Дзверы былі адчыненыя, я пачакаў дзяцей, і мы разам зайшлі ў хату. У хаце быў паўзмрок і стаяў затхлы дух. Насустрач нам выйшла жанчына, не прывіталася, ні слова ўвогуле не сказала. Вочы ў яе былі жорсткія, яны так і свідравалі мяне — штосьці нядобрае адчувалася ў ёй. Валасы звісалі ёй на шчокі, рот быў вялікі, бяскроўны, з нейкай злой усмешкаю. Але тады я не асабліва раздумваў, які ў яе выгляд. Хіба толькі падумаў, што, маўляў, гэта іхняя маці, і стаў азірацца па баках.
— Як ён сюды трапіў? — спыталася яна ў дзяцей.
— Ён прыходзіць у лес гуляць з намі,— адказалі яны баязліва.
Яна здзіўлена разглядала мяне і як бы крышачку палагаднела, ці, можа, я проста лепш да яе прыгледзеўся. Мне нават на імгненне здалося, што яна падобная на дзяўчынку, калі тая паявілася з-за дрэў з шырока раскрытымі вачыма.
Мала-памалу я прывык да поцемку. I ўсё ж нейкім дзіўным падалося мне ўсё ў іх. Нібы і не надта моцна іх жыллё ад нашага адрознівалася, а ўсё ж штосьці было тут не так, не па мне. Зноў жа: у кожнага жылля свае пахі, а ў гэтым — сырасць і духата, паветра затхлае і адначасна халоднае. Магчыма, таму, што хатка стаяла ўпрытык да скалы.