Кат; Карлік
Пер Лагерквіст
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
Ля варот замка Ладавіка спешыўся і быў прывітаны ў напышлівых, узнёслых выразах герцагам. Ён аказаўся прыземістым мацаком з тоўстымі пічокамі спрэс у барвовых пражылках і з кароткай бычынай шыяй. Барада ў яго расце толькі па краях падбародка, ды і то рэдзенькая, і зусім не аздабляе яго і без таго не надта прыгожую фізіяномію. Вострыя шэрыя вочкі прыкідваюцца прыветлівымі, але ім не варта давяраць, усім жа вядома, што ён за хітрун. Ён пакідае ўражанне чалавека запальчывага, і, пры яго паўнакроўі, яго, па-мойму, у любую хвіліну можа хапіць удар.
Дзень прайшоў у цырымоніях, трапезах і перагаворах наконт славутага пагаднення паміж дзвюма нашымі дзяржавамі. Вечарам разыгрывалася страшэнна сумнае прадстаўленне на латыні, і я не зразумеў ні слова, ды і іншыя, па-мойму, таксама. Затое пасля сталі прадстаўляць на звычайнай мове непрыстойную камедыю, якую ўсе зразумелі ўжо куды лепей -— і смакавалі грубыя жарцікі і ўсялякія брыдкасці.
Мне яна здалася моташлівай.
На сённяшні дзень усё скончылася, і я сяджу нарэшце ў сваёй каморцы і радуюся адзіноце. Што можа быць больш прыемнае! Добра, што столі ў пакоях карлікаў такія нізкія, a то яшчэ і сюды пасялілі б гасцей. Гэта было б невыносна.
Гэты герцагскі сынок, відаць, тое, што людзі называюць «пісаны красунчык»; значыць, ён не ў бацьку. Калі ён імчаўся побач з бацькам на сваім жарэбчыку пад блакітным аксамітавым чапраком і сам у строях таго ж колеру, усе вакол называлі яго красунчыкам.
Магчыма. Але на мой асабісты густ, у ім занадта мала мужчынскага — гэтыя яго аленевыя вочы, доўгія чорныя валасы і дзявочая скура... Чырванее, як дзеўка, з усялякага глупства... Магчыма, у мяне кепскі густ, але я цярпець не магу такіх. Па-мойму, мужчына павінен выглядаць мужчынам. Кажуць, ён падобны на сваю маці, вялікую праведніцу і пісаную красуню Беатрычэ, якая, ёсць чуткі, перанеслася ўжо з чьістца ў рай, хоць памерла ўсяго дзесяць гадоў назад.
Пасля абеду я бачыў, як ён прагульваўся з Анджэлікай па ружоўніку. А пазней я бачыў, як яны гулялі ля ракі і кармілі крошкамі лебедзяў. I той і другі раз яны, я заўважыў, увесь час аб чымсьці размаўлялі. He разумею, аб чым ён можа гаварыць з гэтым дзіцем, зусім дурненькім. I ён, пэўна, нават не заўважае, якая яна непрыгожая, інакш, вядома, не хадзіў бы з ёю. Можа, ён і сам не разумнейшы, такое ж прымітыўнае стварэнне.
Дон Рыкарда, зразумела, тут як тут, удзельнічае ва ўсіх цырымоніях, лезе, як заўсёды, наперад пры кожным зручным выпадку. Раны яго ўжо зажылі. Хоць што я кажу? Якія раны? Па ім нічога і не прыкметна. Хіба што адна рука трошкі горш згінаецца. Вось вам і ўсё геройства.
Вось ужо трэці дзень, як вораг у нас у горадзе. Святы ў яго гонар ідуць адно за адным, і няма ні хвіліны спакою. Я занадта стаміўся ўчора да вечара, каб штосьці запісваць, і вось цяпер, ужо раніцай, спяшаюся навярстаць упушчанае. Раскажу кораценька, як прайшоў учарашні дзень і якія ў мяне былі ўражанні.
Абодва герцагі выехалі яшчэ да світання з замка і прысвяцілі некалькі гадзін сакалінаму паляванню на лугах, што на захад ад горада. Ладавіка — вялікі аматар сакалінага палявання, а наш герцаг трымае цудоўных сокалаў, сярод іх некалькі вельмі рэдкіх, па-
дараваных каралём Францыі, і яму, вядома, не цярпелася пахваліцца імі. Вярнуўшыся з палявання, селі за стол, елі і пілі, пілі і елі да бясконцасці, а пасля была музыка, і хочаш не хочаш, а давялося слухаць, хоць, па-мойму, нічога няма на свеце горшага за музыку, пасля гэтага паказвалі нейкае глупства з песнямі і скокамі, а потым выступалі жанглёры, ад якіх усе прыйшлі ў захапленне, і гэта было сапраўды адзінае, на што варта было глядзець. Адразу ж услед за гэтым зноў селі за стол, елі і пілі да позняй ночы, і тут была разыграна страшэнна непрыстойная пантаміма, у якой мужчыны і жанчыны апрануты былі ў такія шчыльныя касцюмы, што выдавалі ледзьве не голымі. Большасць да таго часу бьілі п’яныя, як свінні. Праграма дня была вычарпана, і я змог нарэшце пайсці спаць і заснуў як забіты.
Герцаг увесь гэты час вельмі ажыўлены, ласкавы і добры, як ніколі. Здаецца, ён проста не ведае, як дагадзіць сваім гасцям, і так перад імі выдыгае, што моташна робіцца. Я глядзець не магу на яго без агіды. Можна падумаць, яны з Быком неразлучныя сябры. Наш герцаг, прынамсі, з усяе сілы выдае сябе за шчырага сябра. Ладавіка паводзіў сябе спачатку стрымана, нават быццам як насцярожана, але паступова гэта мінулася. Ды і паявіўся ён тут з целаахоўнікамі і не з адной сотняй салдат — навошта, здавалася б, столькі воінаў, калі едзеш заключаць вечны мір? Хоць, вядома, яго проста становішча абавязвае. Герцаг, натуральна, не можа прыехаць у чужы двор без належнай світы. Я і сам цудоўна ведаю, што такі звычай. Але ўсё роўна я проста бачыць іх спакойна не магу, усіх гэтых ворагаў, так і хочацца на іх кінуцца, а няможна і пальцам крануць. Паганае становішча.
Паводзіны майго гаспадара — для мяне загадка; як ён можа так ганебна паводзіць сябе з нашымі заклятымі ворагамі? Я нічога не разумею. Зрэшты, невя-
лікая навіна. Ніколі я не магу яго зразумець. Гэта проста нейкая планіда. Але хопіць пра гэта, хачу толькі яшчэ раз паўтарыць, што ўжо гаварыў: мая пагарда да яго сапраўды не ведае межаў.
Джаванні і Анджэліку я зноў бачыў учора разам, і неаднойчы. Ім, напэўна, сумна. Ужо надвячоркам яны сядзелі, я бачыў, ля ракі, але на гэты раз не кармілі лебедзяў і не размаўлялі, а проста сядзелі моўчкі поруч і глядзелі на ваду. Ім, мусіць, няма пра што больш гаварыць адно з адным.
Што яшчэ варта адзначыць? Бадай, больш нічога. Сёння дагавор аб «вечным міры» будзе падпісаны, і пасля гэтага наладжаны будзе парадны баль, які, разам з усялякімі там забавамі, прадоўжыцца, напэўна, да раніцы. Настрой у мяне жахлівы, і ўсё на свеце мне абрыдла.
Герцаг аказаў мне вялікі давер! Проста галава ідзе кругам! Я не магу сказаць, што менавіта ён мне даручыў. Hi паўслова. Гэта наша з ім тайна. Я не разумеў дагэтуль, якія мы блізкія.
Я бясконца шчаслівы. Вось усё, што я магу сказаць.
Сёння ў шэсць гадзін вечара пачнецца вялікі парадны баль. Гэта галоўнае з усіх свят, і да яго столькі ўсяго прыдумана цудоўнага, што ўдасца баль, без сумнення, на славу. Я чакаю яго не дачакаюся.
Ён сапраўды вялікі правіцель!
Я раскажу ўсё, як прайшоў апошні дзень, і, галоўнае, пра баль, якім скончыліся ўрачыстасці ў гонар падпісання дагавора паміж нашым герцагскім домам і домам Мантанца, а таксама пра некаторыя звязаныя з ім падзеі.
Значыць, так. Спачатку мы сабраліся ў троннай зале, дзе зачытаны быў дагавор аб непарушным міры
паміж нашымі дзвюма дзяржавамі. Ён быў складзены ў вельмі прыгожых і ўрачыстых выразах, і гаварылася там між іншым аб ліквідацыі пагранічных крапасных збудаванняў, і вольным гандлі паміж нашымі краінамі, і аб тым, штб менавіта трэба зрабіць, каб аблегчыць гандаль. Потым пачалася цырымонія падпісання. Абодва герцагі, у суправаджэнні самых знатных прыбліжаных, падышлі да стала і напісалі свае імёны на двух раскладзеных там вялікіх лістах паперы. Усё адбывалася вельмі ўрачыста. I тут жа грымнулі фанфары: шэсцьдзесят трубачоў былі расстаўлены ўздоўж сцен за тры крокі адзін ад аднаго і апрануты, праз аднаго, у адзенне колераў нашага герцага і Мантанцы. Потым пад гукі спецыяльна да такога выпадку напісанай урачыстай мелодыі ўся працэсія на чале з гофмайстрам рушыла ў трапезную. Велізарную залу залівала святло пяцідзесяці сярэбраных кандэлябраў і двухсот факелаў, якія трымалі лёкаі ў вышытых золатам ліўрэях, ды, акрамя лёкаяў, яшчэ і падабраныя з вуліцы хлапчукі ў жабрачых лахманах з бруднымі босымі нагамі, ад іх, калі падысці бліжэй, досыць брыдка пахла. Было накрыта пяць сталоў на ўсю даўжыню залы, якія ламаліся ад сталовага посуду з серабра і маёлікі, рознакаляровых гор усялякіх страў і садавіны і вялізных, спечаных з салодкага цеста фігур, што паказвалі, як мне сказалі, сцэны з грэчаскай міфалогіі — гэта нейкая язычніцкая рэлігія, з якой я незнаёмы. Пасярод галоўнага стала ўсё было з золата: кандэлябры, вазы для садавіны, талеркі, збаны для віна, кубкі,— і там селі абодва герцагі і члены герцаргскіх родаў, а таксама самыя знатныя прыбліжаныя. Герцаг сядзеў проста насупраць Быка, а праваруч ад яго сядзела герцагіня ў пунсовай сукенцы з разразнымі рукавамі з белай камкі, вышытымі каштоўнымі камянямі, і з залатой вышыўкай на пышных грудзях. На галаве ў яе была ўнізаная брыльянтамі сярэбраная сетачка, якая трохі
аздабляла яе брыдкія каштанавыя валасы, і, паколькі яна, несумненна, не адну гадзіну бялілася і румянілася, лепш чым звычайна было відаць, што гэты занадта мяккі і поўны твар калісьці, і праўда, быў вельмі прыгожы. Яна ўсміхалася звычайнай сваёй няўлоўнай усмешкай. На герцагу быў шчыльны аксамітавы касцюм, зусім просты, з прарэзамі ў рукавах, з якіх выбіваўся пышны жоўты шоўк. Ён быў зграбны і падобны на юнака, гнуткі, як клінок. Трымаўся ён трохі замкнёна, але быў, як відаць, у настроі: раз-пораз прыгладжваў, па добра знаёмай мне звычцы, свае кароткія чорныя валасы. I я раптам адчуў, як бязмежна я яму адданы. На Быку была кароткая, шырокая накідка з цудоўнай цёмна-зялёнай тканіны, аздобленая собалем, а пад ёй ярка-чырвоны камзол, аздоблены масіўнымі залатымі ланцужкамі, што звісалі на грудзі. У гэтым уборы ён выглядаў яшчэ таўсцейшым і болып прыземістым, а схаваная ў сабаліны мех барвовая бычыная шыя выдавала яшчэ больш тоўстай і кароткай. Твар у яго так і свяціўся сардэчнасцю і дружалюбствам, але чалавечы твар мала што азначае, чалавека выдае цела.
Дон Рыкарда таксама, зразумела, займаў месца паблізу, і адно з самых ганаровых, хоць яму належала б сядзець дзе-небудзь далей, зусім за другім сталом. Але ён вечна лезе ўперад, а герцаг, вядома, не можа без яго абысціся, а ўжо герцагіня тым болын. Ён адразу ж пачаў балбатаць і надакучаць усім, з самазадаволеным выглядам круцячы ў пальцах сваю чорную кучаравую бародку. Я глядзеў на яго ледзяным поглядам, аб сапраўдным сэнсе якога ніхто нават і не здагадваўся. Зрэшты, пакуль што памаўчу.
Быццам самі па сабе — хоць месцы іх, вядома, былі ў агульным радзе,— сядзелі адно ля аднаго Джаванні і Анджэліка. Паколькі яны амаль аднаго ўзросту, зусім натуральна, што іх і пасадзілі поруч. Да таго ж