Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

Кат; Карлік

Пер Лагерквіст

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
53.96 МБ
Калі прыйшло паведамленне аб адмове Венецыі, аб тым, што гэтая праклятая гандлярская рэспубліка ўздумала перашкодзіць яму ваяваць, з ім здарыўся прыступ лютасці. Я ніколі яго такім не бачыў. Ён увесь кіпеў ад злосці, на яго страшна было глядзець. He помнячы, што робіць, ён выхапіў з ножнаў кінжал і ўсадзіў яго ў стол ледзь не па самыя тронкі. Калі б нікчэмныя гандляры бачылі яго ў тую хвіліну, яны, я ўпэўнены, умомант бы выклалі грошы на стол.
Гавораць, ён больш за ўсё перажывае, што так і не давялося па-сапраўднаму выкарыстаць геніяльныя вынаходніцтвы месіра Бернарда. Якраз цяпер яны б вельмі яму прыдаліся. Ён упэўнены, што з іх дапамогай мы абавязкова ўзялі б горад і што перамога, можна лічыць, была б у нас у руках. Дык чаму ж было не зрабіць гэтага?
Я з задавальненнем назіраў, як ён шалее. Дзікая злосць рабіла яго яшчэ прыгажэйшым. Але потым я падумаў, што, можа, не такі ўжо ён моцны чалавек. Чаму ён так залежыць ад іншых? I нават ад нейкіх паганых грошай? Чаму ён не кінуў на горад наша ўласнае непераможнае войска і не сцёр яго на парашок? Дзеля чаго тады і войска?
Я проста пытаюся. Я не военачальнік і, магчыма, зусім не разбіраюся ў ваеннай справе. Але і мая душа баліць і пакутуе, намагаючыся зразумець лёс, што напаткаў нас.
Я зняў з сябе даспехі. 3 горкім пачуццём павесіў я іх на сцяне ў пакоях для карлікаў. Так яны там і вісяць, нікчэмныя і бяссільныя, як лялька з анучак на вяровачцы. Зганьбаваныя. Абняслаўленыя.
Хутка ўжо месяц, як у нас мір. Настрой цяжкі — у замку, у горадзе, ва ўсёй краіне. Дзіўна, як распаўсюджваецца ў час больш ці менш працяглага міру ўсеагульная незадаволенасць і нуда, вось і цяпер пачынаецца тое ж самае, атмасфера робіцца ўсё больш удушлівай, набывае тую затхлую прэснасць, якая наганяе на чалавека нуду. Салдаты, што вярнуліся дадому, ходзяць незадаволеныя, усё ім не так, а тыя, што адседжваліся дома, здзекуюцца і пасміхваюцца з іх, праз тое, відаць, што вайна не прынесла жаданых вынікаў. Будзённае жыццё вяла і аднастайна цячэ па даўно пракладзеным рэчышчы, без радасці і без мэт наперадзе. Уся натхнёнасць, уся бадзёрасць, што прынесла з сабой вайна, знікла бясследна.
Замак як вымер. Ніхто амаль не ўваходзіць, не выходзіць праз парадныя дзверы, акрамя нас жа саміх, ды і мы ў большасці выпадкаў карыстаемся іншымі ўваходамі. Дакладваць няма аб кім, частаваць няма каго. Парадныя залы пустуюць, нават прыдворныя сядзяць па сваіх кутках і не высоўваюцца. У замкавых пераходах не сустрэнеш ні душы, а на лесвіцах пачуеш хіба толькі рэха сваіх крокаў. Нават вусцішна робіцца, быццам трапіў у царства зданяў. А ва ўнутраньіх, далёкіх пакоях усё ходзіць з кута ў кут герцаг ці сядзіць у роздуме за сталом, дзе аголенай ранай зеўрае зробленая ягоным кінжалам дзірка. Змрочна і грозна глядзіць ён у адно месца, штосьці задумваючы, а што — невядома.
Тужлівы, журботны час. Дзень ледзьве пляцецца, і ніяк не дачакаешся вечара.
Вольнага часу ў мяне цяпер хоць адбаўляй, я магу
колькі хачу займацца апісаннем сваііго жыцця і занатоўваць свае думкі, але жадання ў мяне няма ніякага. Часцей за ўсё я проста сяджу ля акна і гляджу, як пад сцяной замка, выгінаючыся брудна-жоўтай яшчаркай, лянотна цячэ рака, злізваючы са сцяны зялёнку.
Тая ж самая рака, што на зямлі Ладавіка была сведкай нашай бліскучай перамогі!
He, гэта нечувана! Гэта самае абуральнае з усяго, што адбылося за апошні, жахлівы час! Зямля ўцякае ў мяне з-пад ног — каму і чаму можна пасля гэтага верыць?!
Ці можна гэта ўявіць: герцаг лічыць, што ён і дом Мантанца павінны прымірыцца і заключыць дагавор аб тым, каб ніколі больш не ваяваць адзін супраць аднаго! Што трэба, маўляў, скончыць гэтыя бясконцыя войны, што абодва бакі павінны ўрачыста ўзяць абавязацельства раз і назаўсёды з імі скончыць — ніколі больш не падымаць адзін на аднаго зброю! Бык нібы спачатку не згаджаўся, раззлаваны, відаць, апошнім нападам. Аднак герцаг усё гарачэй настойваў на сваёй прапанове. Навошта, маўляў, нашым народам знішчаць адзін аднаго, дзеля чаго гэтыя бязглуздыя войны? Яны доўжацца, з невялікімі перапынкамі, вось ужо некалькі стагоддзяў, не прыносячы нікому канчатковай перамогі, абодва бакі церпяць ад іх адны толькі страты. Колькі няшчасця яны нам прынеслі! Куды лепш было б жыць у міры і згодзе, каб краіны нашы маглі квітнець і жыць у шчасці, як яно і павінна быць! Паступова Ладавіка пачаў быццам прыслухоўвацца да таго, што гаварыў яму герцаг у сваіх пасланнях, і пагадзіўся, што яго довады больш ці менш разумныя. I цяпер вось адказаў, што згодны на яго прапанову і прымае запрашэнне прыбыць на перагаворы з выпадку «вечнага міру» і падпісання «ўрачыстага дагавора».
Усе, відаць, павар’яцелі! Вечны мір? Ніякіх войнаў? Якое глупства, якое дзяцінства! Няўжо яны думаюць, што ў іхняй уладзе змяніць існуючы светапарадак? Якое самалюбства і якое зазнайства! I якая здрада мінуламу, усім вялікім традыцыям! Ніякіх войнаў? Дык што ж, выходзіць, і кроў ужо ніколі не пральецца, і і'онар і геройства нс будуць больш у пашане? I ніколі ўжо больш не прагучаць фанфары, і конніца не кінецца ў атаку з дзідамі наперавес, і ворагі не сыдуцца ў паядынку, гінучы смерцю храбрых на полі бітвы? I не будзе ўжо больш нічога, што змагло б суцішыць бязмежную гардыню роду чалавечага? He ўзмахне ўжо сваім шырокім мячом ніякі Бакароса, няўмольны і спакойны, нагадваючы ганарліваму племені, хто і што правіць ім? I нізрынуцца самыя асновы жыцця?
Прымірэнне! Ці можна ўявіць сабе нешта больш ганебнае? Прымірэнне з заклятым ворагам! Якое кашчунства, якое агіднае скажэнне законаў прыроды! I якая ганьба, якая знявага нам! Нашым воінам! Нашым мёртвым! Які здзек з нашых паўшых герояў, якія, выходзіць, дарэмна прынеслі сябе ў ахвяру! Ma­ne проста пераварочвае ад гэтай гнюснасці.
Дык вось, значыцца, пра што думаў ён. А я, дурань, ніяк не мог зразумець. Дык ВОСЬ ЯНО ШТО! I настрой у яго цяпер прыкметна палепшаў, ён зноў размаўляе з людзьмі і зноў бадзёры і задаволены сабою. Ён, пэўна, думае, што прыдумаў нешта незвычайна разумнае, напаў на «вялікую ідэю».
Няма слоў, каб выказаць маю бязмежную пагарду! Маёй веры ў герцага, у майго валадара, нанесены ўдар, ад якога ёй ужо не ачуняць. Ён упаў так нізка, як толькі можа ўпасці правіцель. Вечны мір! Вечнае перамір’е! На векі вечныя ніякіх войнаў! Усё толькі мір ды мір!
Сапраўды нялёгка быць карлікам такога валадара.
У замку праз гэтую самую ідыёцкую падзею ўсё ўверх дном. На кожным кроку спатыкаешся аб ражкі і мётлы, паўсюль кучы ануч, і, калі іх вытрасаюць у вокны, пыл стаіць такі, што горла дзярэ. 3 гарышчаў нанеслі старадаўніх габеленаў, разаслалі іх усюды і топчуць нагамі бязглуздыя любоўныя сцэны, якія пасля павесяць на сцены, каб аздобіць гэтае ганебнае «свята міру і згоды». Пакоі для гасцей, якія гадамі пуставалі, спешна прыводзяцца ў парадак, і слугі носяцца сюды-туды як ашаленыя, не чуючы пад сабой ног. Усе злосныя, усе замучаныя і праклінаюць у душы недарэчную выдумку герцага. Палац Джэральдзі таксама чысцяць і мыюць, там будзе, відаць, раскватараваны эскорт Ладавіка. Бакароса і яго наёмнікі пакінулі, кажуць, пасля сябе самы што ні ёсць свінушнік. Кладоўкі набіваюцца харчамі — сотні быкоў, цялят, барановых туш, якія, па распараджэнні дварэцкага, пасылае ў замак бедны люд; вязуць цэлыя горы збожжа, у тым ліку на корм коням. Сяляне таксама, вядома, злосныя, па ўсёй краіне незадаволенасць. Думаю, калі б толькі маглі, яны б разбунтаваліся супраць reppara праз гэтае ідыёцкае «свята міру». Адстрэльваюць аленяў у лясах, ловяць і страляюць фазанаў і зайцоў, палююць у гарах на дзікоў. Прыдворныя егеры нясуць на кухню перапёлак, курапатак і чапляў, слугі рэжуць галубоў, выбіраюць на птушніках тлусцейшых каплуноў, адбіраюць паўлінаў на парадны пір. Краўцы шыюць багатыя строі герцагу і герцагіні з дарагіх венецыянскіх тканін — на ГЭТА нябось крэдыт у іх адкрыты, не тое піто на вайну! — а таксама ўсім патрыцыям горада, без канца прымерваюць, бегаюць узад-уперад. Перад вокнамі замка і далей па ўсёй вуліцы ставяцца трыумфальныя аркі, пад якімі павінен будзе праехаць Ладавіка са світай. Усюды ладзяцца балдахіны, служанкі выбіваюць дываны і ўсялякія там вышыўкі, якія будуць вывешаны ў вокнах. Музыкі
практыкуюцца з ранку да вечара, так што галава ідзе кругам, а прыдворныя паэты складаюць нейкае чарговае глупства, якое камедыянты будуць разыгрываць у троннай зале. Усе толькі і робяць, што рыхтуюцца да гэтага ідыёцкага свята! Толькі пра тое і гавораць, толькі пра тое і думаюць. Мы як кіпім у катле, і ніводнага спакойнага куточка не знойдзеш — кроку нельга ступіць, каб на каго-небудзь не наткнуцца ці аб што не спатыкнуцца, беганіна і мітусня страшэнныя.
Я проста лопнуць гатовы ад злосці.
Вораг урачыста ўступіў у нашу сталіцу, якая як ніколі прыхарашылася і прыбралася ў яго гонар. 3 трыццацю трубачамі і флейтыстамі на конях паперадзе, акружаны коннікамі-целаахоўнікамі ў зялёных і чорных апратках з бердышамі ў руках, Ладавіка Мантанца праскакаў разам са сваім малакасосам сынам Джаванні па вуліцах, а за імі — знатныя рыцары і сеньёры і дзве сотні арбалетчыкаў у ар’ергардзе. Ён імчаўся на вараным жарабку пад расшытым серабром цёмна-зялёным аксамітным чапраком, сам у сярэбраных даспехах, і сустрэты быў «народнай радасцю» — народ заўсёды радуецца, калі яму загадаюць, а з якой прычыны, яму ўсё роўна. Цяпер, напрыклад, яны ўяўляюць сябе шчаслівымі таму, што мір будзе навекі. Тры герольды, высланыя герцагам насустрач, абвясцілі аб прыбыцці Ладавіка і аб прычыне яго візіту, і ва ўсіх цэрквах горада ўдарылі ў званы. Цудоўная уверцюра да нашай ганьбы. Дадзены быў таксама нават салют з пастаўленых на замкавым вале бамбард, накіраваных стваламі ў неба — трэба было б, па-мойму, скіраваць іх на працэсію ды зарадзіць як след. Конь пад сынам Мантанцы спалохаўся салюту, а можа, і чаго другога і так кінуўся ўбок, што коннік ледзь не вылецеў з сядла, аднак ён хутка супакоіў каня і памчаўся далсй, чырвоны да вушэй. Ён выглядае зусім
дзіцем, яму, пэўна, не болей як семнаццаць. Хоць усё абышлося, вакол тут жа пачалі гаварыць, ці не кепскі ўжо гэта знак. Яны вечна вышукваюць пры «ўрачыстых выпадках» усялякія знакі і прыкметы, а больш у іх і прычыны не было б пусціць у ход сваю праніклівасць.