Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

Кат; Карлік

Пер Лагерквіст

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
53.96 МБ
Захопнікі рвуцца да горада, і запыніць іх можа хіба толькі выпадак. Нашым войскам не пад сілу доўга ўтрымліваць пазіцыі і кожны раз яны вымушаны бываюць адступіць. 3 тэатра вайны прыходзяць усё тыя ж надакучлівыя, сумныя данясенні пра адступленні і страты.
Там, дзе пабывае непрыяцель, ён вынішчае ўсё датла. Паселішчы рабуюць і спальваюць, жыхароў тут жа забіваюць. Жывёлу адбіраюць, рэжуць і жаруць ля лагерных вогнішчаў, рэшту жывёлы вядуць з сабою, прывязваючы да абоза,— у запас! Хлеб на полі спальваюць. Наёмнікі Бакаросы вытвараюць на сваім шляху усё, што хочуць. Яны не пакідаюць пасля сябе нічога жывога.
У горад пацягнуліся натоўпы бежанцаў, ідуць і ідуць праз гарадскія вароты з тачкамі, нагружанымі ліха ведае чым: гаршкамі, коўдрамі, бруднымі лахманамі, усялякім старым хламам, такім нікчэмным, што ўсе з іх смяюцца. Сёй-той вядзе за рогі казу ці схуднелую кароўку, і выгляд у іх ва ўсіх баязлівы. Гараджане бурчаць. I што ім, маўляў, тут трэба, чаго яны прывалакліся. Толькі ўсім замінаюць. Бежанцы спяць на плошчах ля сваёй жывёлы, і горад усё больш робіцца падобны на брудную вёску, і пах там, дзе яны атабарваюцца, стаіць жахлівы.
Нашы войскі толькі тое і робяць, што адступаюць. Ёсць чуткі, непрыяцель ужо недалёка ад горада, але дзе менавіта, я не ведаю, звесткі самыя супярэчлівыя, і веры ім няма. I бясконца адны і тыя ж надакучлівыя, панылыя данясенні, што, маўляў, аказалі супраціўленне, але вымушаны былі адступіць, што, маўляў, цяпер спадзяюцца затрымацца, а потым зноў — што, маўляў, давялося пакінуць пазіцыі. Па-
ток бежанцаў не перапыняецца, яны напаўняюць горад сваёй жывёлай, сваімі лахманамі і сваім ныццём.
Дзіўная вайна.
Я, шчыра скажу, разумею абыякавасць герцага і чаму ён перадаў усю справу сваім военачальнікам. Ён не мае цікавасці да абароны, яна яго не натхняе. Ён як я, ён не любіць абараняцца, ён любіць наступаць. Дух атакі — вось наш дух. Якое задавальненне абараняцца, усё адно і тое ж, адно і тое ж, ні бляску, ні ўзбуджанасці бітвы. Ды і навошта? Адно глупства. Каму гэта можа падабацца? Сумная вайна.
Войскі Мантанцы і Бакаросы ўжо відаць з гарадскіх сцен. Цяпер вечар, і з акна маёй каморкі на вяршыні вежы бачу я светлыя плямкі лагерных вогнішчаў на раўніне. У цемры гэта вельмі прыгожае відовішча.
Я ясна ўяўляю сабе твары воінаў-наёмнікаў, што сядзяць цяпер вакол вогнішча і ўспамінаюць сённяшнія свае подзвігі. Вось яны падкідаюць у агонь карэнне алівы, і дрыготкія языкі полымя асвятляюць іх суровыя, рашучыя абліччы. Гэта сапраўдныя мужчыны, яны самі вершаць свой лёс, а не жывуць у заўсёдным страху перад воляй выпадку. Яны распальваюць свае вогнішчы на любой зямлі, не задумваючыся над тым, за кошт якога народа кормяцца. Яны не пытаюцца, на службе ў якога валадара знаходзяцца: яны заўсёды служаць толькі самім сабе. Стомленыя, расцягваюцца яны проста на зямлі і адпачываюць перад заўтрашняй разнёй. Гэта людзі без радзімы, але ім належыць уся зямля.
Вечар цудоўны. Восеньскае паветра чыстае, і павявае халадком, які прыносіць вецер з гор, і неба, напэўна, зорнае. Я доўга сядзеў ля акна і глядзеў на
безліч плямак-вогнішчаў. Пара ўжо і мне пайсці адпачыць.
Дзіўна, дарэчы, што я бачу вогнішчы, якія так далёка, а вось зорак на небе наогул не бачу, ніколі не мог бачыць. Вочы ў мяне не такія, як у іншых, але гэта не значыць, што ў мяне кепскі зрок, бо ўсё, што адбываецца на зямлі, бачу я вельмі добра.
Я часта думаю пра Бакаросу. Ён стаіць у мяне перад вачамі, вялізны, амаль велікан, з гэтым сваім васпаватым тварам, звярынай сківіцай і глыбока схаваным позіркам. I морда льва на грудзях — злосна ашчэраная драпежная пашча, што паказвае ўсяму свету язык.
Нашы салдаты прыйшлі самі бежанцамі ў горад пасля бітвы, што адбылася пад самымі сценамі. Бітва была крывавая і каштавала не адну сотню забітых, не кажучы ўжо аб параненых, якія ў мностве прыпаўзалі і прыходзілі праз гарадскія вароты, самі ці з дапамогаю жанчын, што пабеглі на поле бітвы шукаць сваіх сыноў і мужоў. Да таго часу, калі нашы салдаты нарэшце спынілі супраціўленне і адступілі пад схоў гарадскіх сцен, яны мелі ўжо вельмі сумны выгляд. У горадзе цяпер праз іх самае што ні ёсць стоўпатварэнне, горад, здаецца, вось-вось лопне, перапоўнены салдатамі, параненымі, бежанцамі з вёсак. Непарадак страшэнны, і настрой, натуральна, TaKi, што горшы і быць не можа. Людзі спяць проста на вуліцах, хоць ночы ўжо вельмі пахаладалі, ды і днём, кажуць, раз-пораз натыкаешся на спячых, змучаных людзей ці на параненых — іх сяк-так перавязалі, а далей турбавацца пра іх няма каму. Наогул, усё беспрасветна, і думка аб асадзе, якая пагражае нам, не спрыяе таму, каб развеяць гэтую беспрасветнасць.
Ды і ці варта, уласна, рабіць спробу супраціўляцца такому, як Бакароса? Сам я ніколі не верыў у поспех гэтай вайны.
Кажуць, аднак, што горад будзе абараняцца да апошняй кроплі крыві. Што ён, маўляў, добра ўмацаваны, і што пратрымацца можа вельмі доўга, і наогул непрыступны. Усе гарады непрыступныя, пакуль іх не возьмуць прыступам. У мяне свая думка наконт іх непрыступнасці.
Герцаг раптам ажыў і бярэ, здаецца, справу абароны ў свае рукі. Глядзяць на яго цяпер скоса і не сустракаюць пры паяўленні з колішняй радасцю. Наадварот. Лічаць, што забойства Мантанцы разам са світай было вар’яцкім учынкам, які і не мог прывесці за сабой нічога іншага, акрамя як новай вайны і новых бедстваў.
Герцагіня зноў на нагах і пачала пакрысе есці, але па-ранейшаму на сябе непадобная. Яна вельмі схуднела, і скура на яе калісьці поўным твары высахла і пашарэла. Яе быццам падмянілі. Сукенкі на ёй вісяць, нібы з чужога пляча. Апранута яна заўсёды ў чорнае. Калі і скажа часам слова, дык вельмі ціха, ледзь не шэптам. Рот у яе па-ранейшаму нейкі высахлы, худзізна зусім змяніла яе твар, вочы ўваліліся і абведзены цёмнымі кругамі, позірк як у хворай на гарачку.
Яна гадзінамі моліцца перад распяццем, пакуль калені зусім не анямеюць, так што яна ледзьве можа падняцца. Аб чым яна моліцца, я, канечне, не ведаю, але малітвы яе, відаць, не даходзяць, бо кожны дзень яна пачынае ўсё нанова.
Яна ніколі не пакідае сваёй спальні.
Маэстра Бернарда памагае, як я чуў, герцагу ўмацоўваць абарончыя збудаванні і прыдумвае розныя
хітрыя прылады, неацэнныя пры абароне асаджанага горада. Работа, кажуць, кіпіць і не перапыняецца ні днём, ні ноччу.
Я ні трошкі не сумняваюся ў геніяльнасці маэстра Бернарда. Але супраць Бакаросы ён, думаецца, бяссільны. Стары маэстра, бясспрэчна, магутны дух, і думка яго ахоплівае многае, калі не ўсё. На службе ў яго, бясспрэчна, магутнейшыя стыхіі, адваяваныя ім у прыроды і яму паслухмяныя, хоць, хутчэй за ўсё, і супраць уласнай волі. Але Бакароса — сам нейкая стыхія, і таму стыхіі служаць яму з гатоўнасцю і ахвотна. Мне здаецца, ён куды больш сын прыроды, чым маэстра.
Бернарда — чалавек, які адышоў ад маці-прыроды, і яго ганарлівыя, арыстакратычныя рысы заўсёды выклікалі ва мне пэўны недавер.
Мне здаецца, паядынак будзе няроўны.
Кожны, хто паглядзеў бы на іх побач, на Бернарда, з яго лбом мысліцеля, і на Бакаросу, з яго магутнай, драпежнай сківіцай, не ўсумніўся б, хто з іх мацнейшы.
У горадзе пачынаюцца цяжкасці з харчамі. Тут, пры двары, мы гэтага, вядома, не адчуваем, але народ, гавораць, галадае. Ды яно і не дзіўна пры такой перанаселенасці, пры такім мностве прышлага люду. На бежанцаў усе глядзяць з вялікай непрыязнасцю, лічаць іх, не без падстаў, прычынай недахопу прадуктаў. Сапраўды: гараджанам яны цяжкае ярмо. Асабліва, зразумела, раздражняюць іх плаксівыя, замурзаныя дзеці, якія шныраць паўсюль, выкленчваючы міласціну. Гавораць, яны нават крадуць пры выпадку. Хлеб раздаюць два-тры разы на тыдзень, ды і то пакрысе, таму што да асады ніхто не быў падрыхтаваны і запасы нязначныя. Неўзабаве яны, відаць, скончацца. Тыя з бежанцаў, хто прьівёў з сабой казу
ці карову і карміўся спачатку малаком, вымушаны былі зарэзаць сваю схуднелую жывёлу, ледзь жывую ад голаду, таму што корму ёй не было адкуль узяць, і нейкі час яны падтрымлівалі сваё існаванне, харчуючыся гэтым мясам і выменьваючы яго то на муку, то на што-небудзь яшчэ. Цяпер у іх нічога не засталося, а ў гаворкі гараджан, што, маўляў, яны прыхавалі мяса і жывуць лепш за іншых, я дык не вельмі і веру, па іх выгляду гэтага не скажаш. Яны страшэнна худыя і, добра відаць, згаладалыя. Я зусім не таму так кажу, што маю сімпатыю да гэтых людзей. Я цалкам падзяляю непрыязнасць гараджан. Яны тупыя, як усе вясковыя, сядзяць цэлымі днямі, склаўшы рукі, і вылупліваюць вочы на ўсё. Вадзіцца яны ні з кім не водзяцца, падзяліліся на купкі, землякі з землякамі, і ледзь не ўвесь час сядзяць у гэтых брудных сваіх логавах, у якім-небудзь аблюбаваным куточку плошчы, дзе складзены іх смярдзючыя лахманы і дзе яны атабарыліся, як дома. Вечарамі яны сядзяць вакол вогнішчаў — калі ўдасца разжыцца на паліва — і размаўляюць на сваім прымітыўным дыялекце, з якога ні слова не зразумееш. Ды і ці варта разумець, пра што яны там гавораць.
Бруд і смурод ад усіх гэтых людзей, што размясціліся на плошчах і вуліцах, проста страшэнныя. Пры маёй наогул ахайнасці і акуратнасці і пры маёй адчувальнасці ў гэтым сэнсе да паводзін іншых неахайнасці гэтых людзей я проста не выношу. Асаблівую — на думку многіх, нават занадта вялікую — агіду выклікаюць ва мне чалавечы кал і той пах, які ён распаўсюджвае. А гэтыя прымітыўныя істоты перанялі звычкі сваёй свойскай жывёлы і апаражняюцца абы-дзе. Вялізнае свінства. Паветра — як пасля чумы, і вуліцы і плошчы прыйшлі, на мой погляд, у такі паскудны стан, што я стараюся як мага радзей выходзіць у горад. Ды і даручэннямі мяне не надта
даймаюць з таго часу, як герцагіня так перамянілася, а дон Рыкарда, на шчасце, памёр.
Усе гэтыя бяздомныя начуюць проста на вуліцы, і цяпер, калі надышла зіма, і зіма незвычайна суровая, ім, напэўна, не надта цёпла без добрага адзення. Сяго-таго, гавораць, знаходзяць раніцаю акалелага: ляжыць такі ванзэлак лахманоў і не ўстае, як астатнія, а калі паглядзяць — ужо ніякіх адзнак жыцця. Але гінуць хутчэй, бадай, ад голаду, чым ад холаду, і заўсёды гэта толькі старыя, і без таго ўжо абяссіленыя і з астылай крывёю. I хай сабе паміраюць, яны ж толькі перашкаджаюць іншым, а ў горадзе і без іх занадта шмат народу.