Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

Кат; Карлік

Пер Лагерквіст

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
53.96 МБ
Мяне не здзіўляе, што пацукі не вытрывалі суседства з гэтымі людзьмі.
Адбылося нешта нечуванае. Я паспрабую расказаць пра гэта спакойна і стрымана, і ў тым парадку, у якім разгортваліся падзеі. Гэта не так лёгка, таму што я сам быў удзельнікам, які адыграў немалаважную ролю ў гэтай справе, і мяне дагэтуль калоціць усяго ад узбуджэння. Цяпер, калі ўжо ўсё мінула і скончылася, асмельваюся сказаць, добра, так што я зусім магу быць задаволены і вынікамі, і самім сабой, я хачу прысвяціць частку ночы таму, каб сцісла апісаць, як гэта ўсё адбылося.
Калі я ўчора позна вечарам сядзеў ля свайго акенца, гледзячы на вогнішчы Бакаросы, што стала ўжо для мяне звычкаю, я заўважыў раптам сярод дрэў ля ракі чалавечую постаць, што кіравалася да правага крыла замка. Мне падалося дзіўным, што ў
кагосьці магла знайсціся справа там у такі позні час, і яшчэ я падумаў, напэўна, гэта хто-небудзь з прыслугі. Свяціў месяц, але стаяў туман, так што чалавека гэтага я бачыў з цяжкасцю. Ён быў, выдавала, захутаны ў шырокі плашч і ледзьве не подбегам ішоў да флігеля, куды і ўвайшоў праз адзін з бакавых уваходаў. Здавалася б, калі ведае ўваход, значыць, нехта са сваіх. Але штосьці ў абліччы гэтага чалавека мяне насцярожыла, ды і ўсе яго паводзіны былі падазроныя. Таму я парашыў усё ж праверыць, што гэта такое, хуценька спусціўся ўніз і пайшоў за ім цераз той жа ўваход. На лесвіцы было цёмна, хоць вока выкалі, але менавіта гэтая лесвіца знаёма мне, як ніякая іншая ў замку, бо раней мяне ганялі па ёй уверхуніз безліч разоў. Яна вядзе, між іншым, і ў пакоі Анджэлікі. А цяпер і наогул толькі да яе, таму што ўсе іншыя памяшканні больш не выкарыстоўваюцца.
Я вобмацкам падняўся наверх, да яе дзвярэй, і пачаў прыслухоўвацца. На маё неапісальнае здзіўленне — хоць трошкі я ўжо быў да гэтага падрыхтаваны,— я пачуў за дзвярамі два галасы. I адзін з іх быў голас Джаванні!
Яны гаварылі шэптам, але, дзякуючы майму тонкаму слыху, я разабраў усё, што было вымаўлена. Мяркуючы па ўсім, я стаў невідочным сведкам зварушлівага і бязмежнага «шчасця».
«Любімая!»—задыхаўся адзін голас, і «Любімы!»—адказваў яму шэптам другі. «Каханая!» — і зноў «Каханы!»—нічога іншага не прамаўлялася, і для старонняга вуха гэтая гутарка, што так захапляла іх, не ўяўляла вялікай цікавасці. Калі б не сур’ёзнасць, не жахлівасць таго, што адбывалася, гэтае бясконцае паўтарэнне аднаго і таго ж слова падалося б мне проста смешным. Але мне было не да смеху. Увесь пахаладзелы, слухаў я, як яны наіўна і бяздумна вымаўляюць тое самае слова, якое, каб
яны задумаліся хоць бы на хвіліну над яго сэнсам і над тым, што яно азначае ў ІХНІХ вуснах, прымусіла б іх скалануцца ад жаху. Потым я пачуў, як злачынцы пачалі цалавацца, працягваючы наіўна і гугнява запэўніваць адно аднаго ў каханні. Гэта было жахліва!
Я кінуўся назад. Дзе шукаць герцага? Можа, у трапезнай, дзе я ўсяго гадзіну назад пакінуў яго ўдваіх з Ф’яметай? Я прыслугоўваў ім, пакуль мне не было сказана, што я больш яму не спатрэблюся.
Больш не спатрэблюся! Каб жа так, думаў я, паспешна спускаючыся вобмацкам па цёмнай лесвіцы. Карлік уладару заўсёды спатрэбіцца.
Я пабег праз унутраны двор замка да аркі галоўнага ўваходу, што падзяляла старую і новую часткі будыніны. Тут лесвіцы і пераходы таксама патаналі ў цемры. Я, аднак, знайшоў дарогу і нарэшце, задыханы, апынуўся перад высокімі двухстворкавымі дзвярамі. Я прыслухаўся. He чуваць было ні гуку. Але, магчыма, яны ўсё-такі былі там. Лепш бы, вядома, пераканацца. Ды, на жаль, я не мог прачыніць дзвярэй: гэтыя дзверы з тых, якіх мне не адчыніць з такім маім ростам і з такой маёй сілай. Я яшчэ раз прыслухаўся. Цішыня. Мне нічога не заставалася, як пайсці прэч, хоць поўнай упэўненасці ў мяне не было.
Я накіраваўся да спальных пакояў герцага. Яны знаходзяцца не надта далёка ад трапезнай, толькі паверхам вышэй. Я падняўся па лесвіцы, падышоў да яго дзвярэй і стаў прыслухоўвацца. Але колькі ні слухаў, не мог улавіць ні гуку, нічога, што сведчыла б пра яго прысутнасць. Можа, ён ужо спіць, падумаў я. Гэта, наогул, было зусім верагодна. Я падумаў, можа, варта ўсё ж рызыкнуць і разбудзіць яго? He, і падумаць страшна, гэта было б нечуванай дзёрзкасцю. Але ж і справа ў мяне была неадкладная, надзвычайнай важнасці. Выпадак абсалютна выключны.
Я набраўся смеласці і — пастукаў. Ніхто не адказаў. Я з усяе сілы забарабаніў у дзверы кулаком. Ніякага адказу.
Значыцца, яго там няма, вырашыў я. Я ж ведаю, які ў яго чуйны сон. Але калі ён не там, дык дзе? Я ўсё больш нерваваўся. Колькі часу марнавалася! Дзе ж ён мог быць?
Можа, у Ф’яметы? Можа, яны пайшлі туды, каб адчуваць сябе больш нязмушана? Гэта была мая апошняя надзея.
Я кінуўся ўніз па лесвіцы і выскачыў у двор. Ф’ямета жыве зусім у другой частцы замка, можа, яны знарок зрабілі так, каб неяк замаскіраваць свае адносіны. Каб дабрацца туды, трэба перасекчы ўвесь двор.
Я знайшоў патрэбны ўваход, але, з тае прычыны, што гэтую частку замка я ведаў куды горш, я доўга блукаў наўздагад, падымаўся не па тых лесвіцах, спускаўся, зноў падымаўся, а пасля блытаўся ў бясконцых пераходах, дзе таксама было цёмна і дзе я, усё больш злуючыся, што марную час, кідаўся сюдытуды і ніяк не мог знайсці дарогу. Я адчуваў сябе кратом, які мітусіцца па лабірынце падземных хадоў, трывожна абнюхваючы ўсё на сваім шляху. На шчасце, я, накшталт крата, добра арыентуюся ў цемры. Да таго ж я ведаў размяшчэнне яе вокнаў на фасадзе, і ўрэшце мне ўдалося з’арыентавацца і знайсці патрэбныя дзверы.
Я прыслухаўся. Ці ёсць там хто? Ёсць!
Першае, што я пачуў,— гэта халодны смех Ф’яметы. Я ніколі раней не чуў, як яна смяецца, але адразу зразумеў, што гэта яна. Смех быў жарсткаваты і, бадай, крыху знарочысты, але ў ім было штосьці ўзбуджальнае. Потым я пачуў, як засмяяўся герцаг, коратка і нявесела. Я ўздыхнуў з палёгкаю.
Потым я пачуў іхнія галасы, але слоў было не
разабраць, яны, відаць, былі недзе ў глыбіні пакоя. Аднак ясна было, што яны сапраўды гавораць між сабою, а не проста, як тыя двое, паўтараюць адно і тое ж слова. Ці гаварылі яны пра каханне, я не ведаю, але наўрад, непадобна было. Потым раптам настала цішыня. Як я ні напружваў слых, я не мог улавіць ні гуку. Але праз нейкі час я пачуў нейкае непрыемнае сапенне і зразумеў, што яны займаюцца чымсьці паскудным. Я адчуў лёгкую моташнасць. Праўда, наўрад ці магло мне стаць блага з той прычыны, што я быў ахоплены такім азартам, але на ўсякі выпадак я адышоўся далей, хоць і не надта далёка, каб не ўпусціць герцага, і стаў перачэкваць. Я вырашыў набрацца цярпення і пачакаць, каб не давялося зноў пачуць гэтыя непрыемныя гукі. Я прастаяў там, здавалася, цэлую вечнасць.
Калі я нарэшце зноў падышоў да дзвярэй, яны аб чымсьці спакойна размаўлялі, ужо і не ведаю, аб чым. Нечаканая перамена гэтак жа здзівіла мяне, як і абрадавала, я ўжо рашыў, што неўзабаве змагу прывесці ў выкананне задуманае. Яны, аднак, не спяшаліся, ляжалі сабе там і бясконца аб чымсьці гаварылі, хутчэй за ўсё пра якое-небудзь глупства. Я проста цярпець не мог — столькі каштоўнага часу было ўпушчана! Але я нічога не мог зрабіць. Я не мог, зразумела, аб’явіцца і перашкодзіць ім у такую хвіліну.
Нарэшце я пачуў, як герцаг падняўся і пачаў апранацца, працягваючы абмяркоўваць з ёй штосьці, адносна чаго яны, відаць, не мелі згоды. Я адышоўся далей ад дзвярэй, у цемру, і пачаў яго пільнаваць.
Выйшаўшы, ён пайшоў, не ведаючы таго, проста на мяне. «Ваша светласць!» — прашаптаў я, трымаючыся на ўсякі выпадак далей ад яго. Выявіўшы маю прысутнасць, ён ашалеў, непрыстойна вылаяўся і закрычаў: «Што ты тут робіш? Чаго ты шпіёніш? Ах ты, паскудны вырадак! Гадзюка ты ядавітая! Дзе ты
там? Ды я цябе ўмомант прыкончу!» I ён пачаў кідацца ў розныя бакі, выставіўшы рукі і намагаючыся намацаць мяне ў цемры. Але спаймаць мяне ў такой цемені ён, вядома, не мог. «Дазвольце мне сказаць! Дазвольце мне сказаць, чаго я тут!» — паўтараў я спакойна, хоць усярэдзіне ў мяне ўсё калацілася. I ўрэшце ён супакоіўся.
Тады я кінуў яму проста ў твар, што ў гэтую самую хвіліну сын Ладавіка Мантанцы гвалтуе яго дачку — ён пракраўся таемна ў замак, каб адпомсціць за свайго бацьку, абняславіўшы яе і пакрыўшы ўвесь яго дом нязбытнай ганьбай. «Гэта хлусня! — крыкнуў ён.— Што ты брэшаш, вар’ят? Гэта мана!» — «Не, гэта праўда! — запярэчыў я, бясстрашна падыходзячы да яго ўпрытык.— Ён пракраўся да яе. Ты прыйдзеш занадта позна, злачынства ўжо, напэўна, адбылося, але, можа, ты яшчэ застанеш яго там». Я зразумеў, што цяпер ён мне паверыў: ён стаяў, як громам аглушаны. «Не можа быць! — сказаў ён, але тым не менш хуценька, ледзь не бягом, падаўся да выхаду.— He можа быць! — паўтараў ён.— Як бы ён мог прабрацца ў горад? I ў замак — ён жа ахоўваецца!» Я адказаў, стараючыся з усяе сілы паспець за ім, што таксама гэтага не разумею, але што я заўважыў яго спачатку ля ракі, магчыма, ён дабраўся на плыце ці яшчэ як, хто ведае, на што здатны гэты бяздумны малакасос, а адтуль ён ужо мог трапіць проста ва ўнутраны двор замка. «Не можа быць! — паўтараў ён.— Немагчыма пранікнуць у горад па рацэ, праплыць непрыкметна між крапаснымі вежамі на тым і другім беразе з бамбардзірамі і лучнікамі, што ахоўваюць яе ўдзень і ўначы. Гэта проста немагчыма!» — «Так, гэта немагчыма,— пагадзіўся я.— Зразумець гэта абсалютна немагчыма, сам д’ябал не зразумее, як ён умудрыўся пранікнуць, але хлопец тым не менш там. Я абсалютна ўпэўнены, што чуў яго голас».
Мы спусціліся і выйшлі ў двор замка. Герцаг хутка накіраваўся да галоўнага ўваходу, каб аддаць загад варце пільней ахоўваць увесь замак і такім чынам перашкодзіць яму ўцячы. Яго прадбачлівасць была зусім слушная і разумная — але што, калі злачынец ужо ўцёк? A то абое яны разам! Гэтая страшная думка прымусіла мяне кінуцца бягом цераз двор і далей, уверх па лесвіцы, да дзвярэй Анджэлікі.
Я прыціснуўся да іх вухам. Hi гуку! НЯЎЖО ЎЦЯКЛІ? Сэрца ў мяне моцна стукала ад бегу і ад хвалявання пры думцы, што яны, чаго добрага, уцяклі, і гэты стук аддаваўся ў мяне ў вушах — я падумаў, што, можа, з гэтай прычыны нічога і не чую. Я пастараўся супакоіцца, дыхаць спакойна і размерана — і зноў прыслухаўся. He, з пакоя не чуваць было ні гуку. Я не памятаў сябе. Я думаў, што звар’яцею. Нарэшце я не стрываў і асцярожна прачыніў дзверы. Мне ўдалося зрабіць гэта так, што яны нават не рыпнулі. У шчылінку мне было відаць, што гарыць святло,— але ні гуку, нічога, што гаварыла б аб прысутнасці чалавека. Я прашмыгнуў у пакой. I адразу ж супакоіўся. У святле маленькага каганца, які яны забыліся патушыць, я ўбачыў іх разам у яе пасцелі — яны спалі. Пасля першага свайго знаёмства з жывёльнай пошасцю кахання яны заснулі, як дзеці, што ўволю набегаліся.