Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

Кат; Карлік

Пер Лагерквіст

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
53.96 МБ
Я ўзяў каганец, падышоў і пасвяціў на іх. Яны ляжалі, павярнуўшыся тварамі адно да аднаго, крыху адкрыўшы раты, паружавелыя і ўсё яшчэ разгарачаныя злачынствам, якое зрабілі і аб якім цяпер, заснуўшы, быццам і не ведалі. Вейкі былі вільготныя, а на верхняй губе ў абаіх выступілі кропелькі поту. Я глядзеў на гэты цнатлівы ў сваёй ціхамірнасці сон. Ці тое гэта самае, што людзі называюць шчасцем?
Джаванні ляжаў з краю, пасмачка чорных валассў упала яму на лоб, а на вуснах застыла задаволе-
ная ўсмешка, быццам ён зрабіў нейкі подзвіг. На шыі вісеў на тонкім залатым ланцужку медальён з партрэтам яго маці, якая, як кажуць, знаходзіцца ў раі.
Тут я пачуў крокі на лесвіцы — увайшоў герцаг у суправаджэнні двух вартаўнікоў-наёмнікаў, адзін з якіх нёс факел. Пакой ярка асвяціўся, але нішто не магло б разбудзіць парачку, якая заснула моцным сном. Няцвёрдай ступою, ледзь не хістаючыся, reppar падышоў да пасцелі і ўбачыў сваю нечуваную ганьбу. I, пабялеўшы, бы мярцвяк, ад гневу, ён выхапіў у вартаўніка меч і адным ударам аддзяліў галаву Джаванні ад цела. Анджэліка ўскочыла і шырока расплюшчанымі вачамі глядзела, як выцягвалі з пасцелі яе акрываўленага каханка і як яго потым выкінулі праз акно проста на кучу смецця. Тут яна ўпала ў непрытомнасці і да нашага адыходу так і не ачуняла.
Герцаг, цудоўна зрабіўшы сваю справу, увесь калаціўся ад узбуджанасці, і я бачыў, як, выходзячы з пакоя, ён узяўся за вушак дзвярэй. Я выйшаў услед за ім і пайшоў да сябе. Я ішоў неспяшаючыся — спяшацца ўжо не было чаго. У двары, зводдаль, я ўбачыў факел, які суправаджаў герцага на яго шляху, і як ён пасля знік пад аркай, быццам растаў у цемры.
Анджэліка злегла ў страшэннай гарачцы, супраць якой прыдворны лекар быў бяссільны, і ўсё яшчэ не прыйшла да памяці. Ніхто не спачувае ёй і не шкадуе яе, таму што ўсе лічаць, што яна не аказала ніякага супраціўлення, калі яе гвалтавалі, і з той прычыны, што згвалтаванне яе разглядаецца як ні з чым не параўнальная ганьба ўсяго герцагскага дома і ўсяго герцагства. За ёй прыглядвае адна старая жанчына. Ніхто з прыдворных да яе не наведваецца.
Цела яе злачыннага каханка выкінулі ў раку, не жадаючы, каб яно валялася больш перад замкам.
Кажуць, яго не зацягнула ў вір, а вынесла цячэннем у мора.
У горадзе пачала распаўсюджвацца нейкая хвароба. Пачынаецца яна, як я чуў, з дрыжыкаў і моцнага галаўнога болю, пасля заплываюць вочы і распухае язык, так што чалавек не можа нават толкам гаварыць, а цела робіцца ўсё чырвонае, і праз скуру сочыцца гнілая кроў. Хворыя ўвесь час крычаць, просячы піць, таму што ўсярэдзіне ў іх усё гарыць агнём. Лекары бяссільныя памагчы ім — а калі яны, каб хто спытаў, маглі памагчы? Гавораць, што ўсе, хто заразіўся, паміраюць: колькі іх перамерла ўжо — я не ведаю.
У нас пры двары, зразумела, ніхто не захварэў. Зараза лютуе сярод самых бедных і галодных, асабліва сярод бежанцаў, і звязана, відаць, з тым неверагодным свінствам, якое яны развялі ў месцах сваіх табараў і ва ўсім горадзе. Мяне не здзіўляе, што яны паміраюць ад бруду, што іх акружае.
Анджэліка, канечне, хворая на зусім іншую хваробу. Яе гарачка — абсалютна тое ж самае, чым яна хварэла аднойчы ў дзяцінстве, не помню ўжо, калі менавіта і пры якіх акалічнасцях. Яна заўсёды хварэе па-свойму і ад такіх прычын, ад якіх ніхто іншы ніколі не захварэў бы. Ага, цяпер я ўспомніў, гэта было той раз, як я адсек галаву яе кацяняці.
Мор распаўсюджваецца вельмі хутка. Цяпер захворваюць не толькі беднякі, праклятая чума не шкадуе нікога. Бяда наведала кожны дом, а таксама вуліцы і плошчы, таму што процьма народу жыве пад адкрытым небам. Кажуць, там усюды натыкаешся на хворых, што кідаюцца пад сваімі лахманамі проста на тратуарах і голасна, прарэзліва крычаць. Пакуты, пэўна, нясцерпныя і даводзяць людзей да шаленства.
Хадзіць па горадзе стала проста немагчыма, расказы відавочцаў багатыя на брыдкія, страшэнныя падрабязнасці. Дыханне ў хворых смярдзючае, а на целе ў іх агідныя пухіры, якія лопаюцца, і з іх цячэ нейкая брыдота. Калі я чую пра такія рэчы, мяне ледзь не рве.
Мала хто сумняваецца, што вінаваты ў чуме бежанцы, і іх цяпер ненавідзяць як ніколі, Але сёй-той, я чуў, тлумачыць усё зусім іначай. Яны лічаць, што чума — гэта кара боская, пакаранне госпада за вялікія грахі чалавечыя. Цяперашнія пакуты паслаў людзям Бог, каб ачысціць іх ад граху, і трэба, маўляў, змірыцца з яго воляй.
Я гатовы разглядаць гэта як пакаранне. Ды толькі ці Бог іх карае? He ведаю. Вельмі можа быць, што і нейкая іншая, больш цёмная сіла.
Я сяджу часам ля свайго карлікавага акенца і гляджу зверху на горад.
Герцагіня жыве дзіўным жыццём. У яе спальні, якую яна ніколі не пакідае, заўсёды пануе прыцемак: вокны завешаны шчыльнай тканінай. Яна гаворыць, што няварта цешыцца сонечным святлом. Сцены голыя, і няма ні крэслаў, ні стала, адзін толькі малітоўны зэдлік, і над ім распяцце. Самая што ні ёсць манашаская келля. Ложак стаіць як стаяў, але спіць яна не на ім, а проста на падлозе, на ахапку саломы, якую яна не дазваляе мяняць і якая робіцца ўсё больш смярдзючая. Пакой ніколі не праветрываецца, духата страшная, я проста задыхаюся ад гэтага цяжкага паветра. Спачатку, як зойдзеш са святла, нічога не відаць, але памалу вочы прывыкаюць да пацёмкаў, і тады выступаюць абрысы яе постаці. Заўсёды застаеш яе паўадзетай, непрычасанай, зусім абыякавай да таго, што на ёй і як яна выглядае. Позірк ліхаманкавы, а шчокі зусім уваліліся, таму што
яна мардуе сваё цела і амаль зусім адмаўляецца ад ежы. Дурнаватая дзеравеншчына-служанка ўсё ные, што пе можа прымусіць сваю гаспадыню паесці. Часам яна і з’есць кавалачак, абы дурненькая перастала плакаць. Сама ж дзеўка круглая і мардатая і пхае ў сябе ўсё, што ёй перападае. Голасна плачучы, яна жарэ ўсе тыя смачныя стравы, ад якіх адмаўляецца яе пані.
Большую частку часу грэшніца, каючыся, праводзіць перад распяццем, стоячы на каленях і чытаючы свае марныя малітвы. Яна ведае, што карысці ад іх ніякай, і штораз, перш чым пачаць, звяртаецца да Распятага з асаблівай малітвай — каб ён дараваў ёй, што яна зноў турбуе яго. Часам у адчаі яна адкладвае ўбок свой ружанец і, утаропіўшыся ў Збавіцеля гарачлівым позіркам, пачынае мармытаць малітвы свайго складання. Але ён усё роўна яе не чуе, і падымаецца яна з каленяў такая непамілаваная, якой была да малітвы. Часта яна не мае сілы падняцца без дапамогі служанкі, бывае, кажуць, і так, што яна проста падае ад знясілення і ляжыць, пакуль не прыйдзе камерыстка і не перацягне яе на салому.
Цяпер яна лічыць сябе галоўнай віноўніцай усіх няшчасцяў, што абрынуліся на нас. He чые-небудзь, а менавіта яе грахі — прычына ўсіх пакут і ўсіх тых жахаў, што чыняцца ў горадзе. Наўрад ці яна так ужо шмат ведае пра іх. Аднак, відаць, усё ж крыху здагадваецца, што робіцца навокал. Пры ўсім тым яна, мне здаецца, досыць абыякавая да гэтага свету і лічыць усё, што тут робіцца, нікчэмнай мітуснёй. Яна жыве ў сваім асаблівым свеце, і ў яе свае турботы.
Цяпер яна зразумела, што каханне да дона Рыкарда — найвялікшы яе грэх. Праз яго яна так чаплялася за жыццё і прымала яго за самы каштоўны падарунак. Яна кажа, што кахала яго больш за ўсё,
што пачуццё да яго запаланіла ўсю яе істоту і рабіла яе вельмі шчаслівай. Нельга так бязмежна любіць чалавека. Так можна любіць толькі Бога.
He ведаю, у якой ступені яе цяперашняе самапрыніжэнне звязана з тым, што я адкрыў ёй вочы на яе злачыннае жыццё і на тое пакаранне, якое чакае яе ў пекле. Я апісаў ёй пакуты грэшнікаў, і яна пакорліва выслухала мае тлумачэнні. Апошнім часам яна пачала мардаваць сябе.
Яна заўсёды вельмі ўдзячная, калі я прыходжу да яе. Я стараюся не надта часта наведваць яе.
Анджэліка ачуняла ад сваёй хваробы і зноў на нагах. Але яна не паяўляецца за сталом і наогул пры двары. Я толькі бачыў яе некалькі разоў у ружоўніку і ля ракі, дзе яна сядзела, утаропіўшыся ў рачную плынь. Вочы ў яе зрабіліся, калі гэта толькі магчыма, яшчэ большыя і зусім ужо нейкія пустыя. Такое ўражанне, быццам яна імі нічога не бачыць.
Я звярнуў увагу, што яна носіць на шыі медальён Джаванні і што ён заплямлены крывёю. Яна, відаць, знайшла яго ў пасцелі і ўзяла на памяць аб ім. Хоць бы адмыла спачатку кроў.
Я вось пра што падумаў. Маці дык знаходзіцца ў раі, між тым як сын пакутуе ў апраметнай, бо памёр ён у грэшным сне, без споведзі і пакаяння. Выходзіць, ім ніколі не сустрэцца. Можа, Анджэліка моліцца ёй як заступніцы аб уратаванні яго душы. Марныя намаганні.
Зрэшты, хто ведае, што ў яе ў галаве. Яна ж не сказала ні слова з моманту свайго абуджэння той ноччу, дакладней, з таго імгнення, як сказала апошняе слова свайму каханку. Што гэта было за слова, мне, які ведае іх гаворку, здагадацца не цяжка.
Яна жыве сама па сабе, усе яе пазбягаюць.
Тыя, хто гаворыць, што чума і ўсе іншыя жахі ёсць кара боская, якой не палохацца трэба, а, наадварот, дзякаваць за яе Усемагутнаму, усе яны сноўдаюцца цяпер па вуліцах, прапаведуючы гэтую сваю веру і мардуючы сваё цела, каб памагчы Госпаду ўратаваць іхнія душы. Гэта натоўпы жывых шкілетаў з праваламі вачэй, такіх худых, што яны і на нагах не ўтрымаліся б, калі б не экстаз, што ахапіў іх. Людзі кідаюць сваю работу, дом і блізкіх, нават паміраючых сваіх родзічаў, і далучаюцца да іх. Раптам чуецца дзікі, радасны крык, чалавек выскоквае на вуліцу, праціскваецца да іх у натоўп і, штосьці прарэзліва і бязладна выкрыкваючы, пачынае сябе нявечыць. Тут усе пачынаюць усхваляць Госпада, і народ, што глядзіць на ўсё гэта, па абодва бакі вуліцы падае на калені. Зямное жыццё, жахаў якога яны дастаткова нагледзеліся, траціць для іх усялякую вартасць. Іх турбуе цяпер толькі ўратаванне душы.
Святыя айцы, кажуць, скоса глядзяць на гэтых фанатыкаў, бо яны адрываюць народ ад цэркваў і ад іх уласных урачыстых працэсій з абразамі і хлопчыкамі-пеўчымі, якія размахваюць сярод вулічнага смуроду пахучымі кадзільніцамі. Яны гавораць, што гэтыя самамучыцелі — благія хрысціяне і што яны ў сваім дзікім фанатызме ўцякаюць ад суцяшэння, якое дае сапраўдная вера. Гасподзь, маўляў, не можа глядзець на іх з радасцю і ўхвалай. Але я лічу, што яны і ёсць сапраўды веруючыя, бо прымаюць сваю веру ўсур’ёз. Святыя ж айцы не любяць, каб іх пропаведзі прымаліся занадта сур’ёзна.