Кат; Карлік  Пер Лагерквіст

Кат; Карлік

Пер Лагерквіст

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1986
53.96 МБ
Нямала, аднак, і такіх, на каго ўсе гэтыя жахі падзейнічалі інакш, хто палюбіў гэтае жыццё куды мацней, чым раней. Страх смерці прымушае іх чапляцца за жыццё любой цаною. Ходзяць чуткі, што ў некаторых палацах горада гулі не спыняюцца ні ўдзень, ні ўначы, там пусціліся, гавораць, у самую
нястрымную распусту. Ды і сярод беднякоў, сярод самых гаротных, нямала такіх, што паводзяць сябе гэтак жа, па меры сваіх магчымасцей, што нястрымна аддаюцца адзінаму даступнаму ім цяпер граху. Яны чапляюцца за сваё нікчэмнае жыццё, нізавошта не жадаючы з ім развітацца, і, калі тут у нас, перад варотамі замка, раздаюць яшчэ зрэдку крыху хлеба, гэтыя нікчэмнасці люта б’юцца за кожны кавалачак і гатовы перагрызці адзін аднаму горла.
Але, з другога боку, ёсць, гавораць, і такія, хто ахвяруе сабой дзеля сваіх блізкіх, хто даглядае хворых, хоць гэта зусім не мае сэнсу і яны толькі самі заражаюцца. Яны паказваюць самую поўную абыякавасць да смерці і ўсялякай небяспекі, быццам не разумеюць, чым рызыкуюць. Іх можна прыраўняць да рэлігійных фанатыкаў, толькі ў іх гэта выяўляецца інакш.
Такім чынам, людзі ў горадзе, калі верыць расказам, што да мяне даходзяць, жывуць гэтак жа, як жылі і раней, кожны па-свойму і ў адпаведнасці са сваімі схільнасцямі, толькі ўсё даведзена да крайнасці. Так што вынік спасланай Богам кары зусім нікчэмны. Таму я вельмі сумняваюся, ці Бог усё гэта зрабіў: спаслаў на іх чуму і іншыя выпрабаванні.
Ф’ямета прайшла сёння міма мяне. Яна на мяне, вядома, нават і не зірнула. Але якая яна прыгожая і дасканалая ў гэтай сваёй заспакоенасці! У цяперашняй брыдкай мітусні і ліхаманцы яна — як асвяжальная прахалода. Ва ўсім яе абліччы, ва ўсёй яе непрыступна гордай істоце ёсць нешта халаднаватае, штосьці такое, што прыносіць супакаенне. Яна не дае агіднасцям жыцця ўзяць верх над сабой, яна мацнейшая за іх. Яна ўмее нават імі карыстацца. Непрыкметна, з вялікай годнасцю і нязмушанасцю яна заступае на месца герцагіні і пачынае іграць пры два-
ры ролю гаспадыні. Астатнія ўсё болып разумеюць, што тут нічога не зробіш, і пакараюцца. Нельга ёю не захапляцца.
Калі б хто іншы прайшоў міма мяне, не зірнуўшы нават, мяне б гэта раззлавала. А тут мне падалося, што гэта зусім натуральна.
Я вельмі добра разумею, чаму герцаг яе кахае. Сам бы я не змог, але гэта ўжо іншая рэч. Ды і ці здольны я наогул каго-небудзь пакахаць? He ведаю. Калі і змог бы, дык, бадай, толькі герцагіню. Але замест таго я яе ненавіджу.
I ўсё ж я адчуваю, што яна адзіная, каго я, бадай, змог бы пакахаць. Як гэта так выходзіць — не разумею, майму розуму гэта зусім недаступна.
Сапраўды незразумелая рэч каханне.
Анджэліка ўтапілася ў рацэ. Праўда, ніхто гэтага не бачыў, таму што зрабіла яна гэта, мусібыць, учора вечарам ці ноччу. Але яна пакінула пісьмо, з якога зусім пэўна вынікае, што яна пазбавіла сябе жыцця менавіта такім спосабам. Цэлы дзень шукалі яе труп па ўсёй рацэ ў межах асаджанага горада, але безвынікова. Яго, напэўна, вынесла ў мора, як і труп Джаванні.
Пры двары ў нас страшэнны перапалох. Усе ашаломлены і не могуць паверыць, што яна памерла. Памойму, тут усё ясна: яе каханак памёр, вось і яна памерла. Усе хнычуць, плачуць і папракаюць сябе. I больш за ўсё гаворак пра пісьмо. Пераказваюць адно аднаму яго змест, бясконца чытаюць адно аднаму ўслых. Герцага, кажуць, яно проста скаланула; ён наогул ашаломлены тым, што здарылася. Прыдворныя дамы ўсхліпваюць і ўздыхаюць, яны проста заліваюцца слязамі над чуллівымі мясцінамі гэтага пісьма. Мне гэтыя іх слёзы і ўздыханні зусім незразумелыя. Я не магу ўзяць да толку, што ўжо ў ім
такога незвычайнага, у гэтым пісьме. I яно ж нічога не мяняе: злачынства, якое яны толькі што самі асуджалі, застаецца тым жа злачынствам. У пісьме няма нічога новага.
Я чуў яго сто разоў, да моташнасці, і ведаю ўжо на памяць. Там вось што напісана:
Я не хачу больш аставацца сярод вас. Вы былі вельмі добрыя да мяне, але я вас не разумею. Я не разумею, як вы маглі адабраць у мяне каханага, які прыехаў з далёкай краіны, каб сказаць мне, што на свеце існуе каханне.
Я і не ведала, што існуе такое пачуццё, як каханне. Але калі я ўбачыла Джаванні, я зразумела, што каханне — гэта адзінае, што ёсць на свеце, усё астатняе нішто. У гэты самы час, як я яго напаткала, я зразумела, чаму мне дагэтуль было так цяжка жыць.
I цяпер я не хачу аставацца тут без яго, я хачу пайсці за ім. Я малілася Богу, і Ён абяцаў мне, што я спаткаюся з Джаванні і мы заўсёды будзем разам. Але куды Ён мяне павядзе, Ён не мог сказаць. Я павінна проста спакойна легчы спаць на ваду, і Ён завядзе мяне куды трэба.
Вы не павінны таму думаць, што я наклала на сябе рукі, я проста зрабіла, як мне было сказана. I я не памерла, а проста пайшла, каб навекі паяднацца з маім каханым.
Медальён я бяру з сабой, хоць ён мне і не належыць. Таму што так мне было сказана. Я адкрыла медальён і паглядзела на партрэт, і мне вельмі захацелася пайсці з гэтага свету.
Яна прасіла сказаць вам, што яна вам даравала. Сама я дарую вам ад усяго сэрца.
Анджэліка.
Герцагіня ўзяла сабе да галавы, што гэта яна вінавата ў смерці Анджэлікі. Яна ўпершыню, па-мойму, праявіла пэўную цікавасць да свайго дзіцяці. Яна катуе сябе горш, чым раней, каб змыць свой грэх, і зусім ужо нічога не есць, і моліць Распятага аб літасці.
Распяты не адказвае.
Сёння да абеду герцаг паслаў мяне ў Санта-Крочэ з пісьмом да маэстра Бернарда. Ён даўно ўжо не паяўляўся пры двары, і за гэты час я паспеў, можна сказаць, забыцца пра яго існаванне. Я з вялікай неахвотай выправіўся ў горад, дзе не быў з таго самага часу, як там пачалася чума. He тое каб я баяўся заразы, але ёсць рэчы, на якія я проста не магу глядзець, можна нават сказаць, баюся глядзець. Мне не дарэмна так не хацелася ісці. Тое, што мне давялося ўбачыць, аказалася сапраўды жахлівым. Разам з тым усё гэта зрабіла на мяне глыбокае ўражанне: убачанае ашаламіла мяне сваёй першабытнай аголенасцю і дало адчуць нікчэмнасць і эфемернасць усяго зямнога. Хворыя і паміраючыя ўсцілалі мой шлях, a мёртвых падбіралі манахі-магільшчыкі ў чорных капюшонах з прарэзамі для вачэй, што надавала ім жахлівы выгляд. Іх злавесныя постаці паяўляліся быццам з-пад зямлі, робячы ўсю карціну нейкай нерэальнай. Мне здавалася, я падарожнічаю па царстве мёртвых. Нават тыя, каго яшчэ не кранула зараза, ужо пазначаны былі знакам смерці. Схуднелыя, з вачамі, што праваліліся ў вачніцы, брылі яны па вуліцах, нагадваючы прышэльцаў з таго свету. 3 жахлівай упэўненасцю лунатыкаў яны абыходзілі скурчаныя целы ў лахманах, што валяліся на дарозе,— целы, пра якія часта нельга было нават сказаць, збераглося ў іх жыццё ці не. Цяжка ўявіць сабе што-небудзь больш нікчэмнае і брыдкае, чым гэтыя ахвяры
заразы, і мне раз-пораз даводзілася адварочвацца, каб мяне не вырвала. Праз лахманы відаць былі агідныя пухіры і праглядвала тая сінюшнасць скуры, якая азначае, што канец блізкі. Адны прарэзлівымі крыкамі давалі знаць, што яны ўсёй сваёй плоццю яшчэ належаць жыццю, іншыя ж ляжалі ў непрытомнасці, але канечнасці, што перасталі слухацца, яшчэ сутаргава і бязладна торгаліся. Я ўпершыню бачыў такое чалавечае прыніжэнне. У сяго-таго бяздонны позірк палаў вар’яцтвам, і, пераадольваючы немач, яны кідаліся на тых, што насілі хворым ваду з калодзежаў, і вырывалі з рук чарпак, расплюхваючы жыватворную вільгаць. Іншыя ж паўзлі на карачках, як звяры, дабіраючыся да жаданых калодзежаў, запаветнай мэты ўсіх гэтых няшчасных. Гэтыя вартыя жалю істоты, якія так сутаргава чапляліся за жыццё, што страціла ўсялякую вартасць, пазбавіліся апошніх рэштак чалавечай годнасці. Аб смуродзе, які ішоў ад іх, я не хачу і гаварыць, ад аднае думкі пра яго мне робіцца моташна. На плошчах раскладзены вогнішчы, дзе штабялямі спальвалі трупы, і ў паветры стаяў задушлівы смурод. Над горадам, ахутаным лёгкай смугой, чуўся пахавальны звон, усе званіцы горада ўзахапы званілі па памерлых.
Я застаў маэстра Бернарда паглыбленым у сузіранне сваёй «Тайнай вячэры», як заставаў не аднойчы і раней. Ён сядзеў, ледзь схіліўшы набок сівую галаву, і мне падалося, што ён пастарэў. Хрыстос за трапезай разломваў хлеб, надзяляючы ім вучняў. Над галавой у яго было ўсё тое ж незямное ззянне. Чаша з віном хадзіла па крузе, а на стале быў беласнежны ільняны абрус. Тут не было ні галодных, ні сасмаглых. Алс стары з палітрай і пэндзлямі, здавалася, быў ва ўладзе змрочных думак.
Ён нічога не адказаў, калі я сказаў, што ў мяне да яго пісьмо ад герцага, толькі нецярпліва махнуў ру-
кой: маўляў, пакладзі куды-небудзь. Ён не хацеў, каб яго адрывалі ад яго свету. Якога свету?
Я пайшоў з Санта-Крочэ ў неўразуменні.
Па дарозе назад я праходзіў міма кампанілы — той самай, якая павінна ўзнесціся над усімі іншымі. У час вайны праца над ёй, вядома, не вялася, і ўсе пра яе забыліся. Яна так і засталася няскончаная, верхні рад мура няроўны і няправільны, таму што работу кінулі, не давёўшы яго да канца. Яна нагадвае руіны, хоць бронзавыя барэльефы ля асновы, якія паказваюць сцэны з жыцця Распятага, цалкам скончаныя і вельмі ўдаліся.
Я прадказваў, што так і будзе.
Наш замак у жалобе. Сцены і мэбля абцягнуты чорнай матэрыяй, усе гавораць паўшэптам і ходзяць на дыбачках. Прыдворныя дамы ўсе як адна ў чорных атласных сукенках, а мужчыны — у чорных аксамітных касцюмах і чорных пальчатках.
Усяму прычынай смерць Анджэлікі. Пры жыцці яна нікому не прычыняла столькі турбот. Але ў нас пры двары проста надта ж любяць смуткаваць. Жаль па дону Рыкарда цяпер змяніўся жалем па ёй, і, значыцца, ён нарэшце-такі сапраўды памёр. На гэты раз не ўспамінаюць, якая была нябожчыца пры жыцці, таму што нічога асаблівага, нічога цікавага ў ёй не было — ды ніхто, дарэчы, і не ведае, якая яна была. Яе проста аплакваюць. Усе ўздыхаюць над няшчасным лёсам юнай герцагскай дачкі і над лёсам Джаванні, хоць ён і належаў да варожага роду, самага ненавіснага з усіх. Уздыхаюць над іх каханнем, у якім ужо ніхто болып не сумняваецца, і над іх смерцю ў імя кахання. Каханне і смерць — любімыя тэмы людзей, бо над каханнем і смерцю так соладка бывае паплакаць, асабліва калі яны зліваюцца ў аД' но цэлае.
Герцаг, відаць, шчыра пакутуе. Так мне, прынамсі, здаецца: ён зусім адасобіўся і ні з кім не дзеліцца. Ва ўсякім разе, са мной, а, здаралася ж, ён радаваў мяне сваім даверам. Але гэта бывала зусім пры іншых абставінах. Цяпер жа такое ўражанне, што ён, наадварот, пазбягае мяне. Ён карыстаецца маімі паслугамі куды радзей, чым бывала раней. Пісьмо да Бернарда ён аддаў мне не проста ў рукі, а перадаў цераз аднаго з прыдворных.