Казкі дзядулі Дняпра
Генадзь Аўласенка
6+
Выдавец: Звязда
Памер: 112с.
Мінск 2022
Прыпяць вельмі паўнаводная, бо мае больш за 800 вялікіх і малых прытокаў, многія з якіх выцякаюць з балот.
Даведка
Прыпяцкія балоты лічацца самымі вялікімі ў Еўропе. Гэта, хутчэй, адно вялізнае балота, якое захавалася ў нязменным стане з самых старажытных часоў. Некаторыя вучоныя лічаць, што не так даўно (па гістарычных мерках) на месцы ракі Прыпяць і балот вакол яе было самае сапраўднае мора! Пра
гэта, дарэчы, паведамляюць некаторыя старажытнагрэчаскія гісторыкі, хоць, хутчэй за ўсё, гэта было ўсё ж не мора, а вялізнае прэснаводнае возера...
3 гарадоў, якія знаходзяцца на Прыпяці, найбольш буйныя: Пінск (калісьці быў цэнтрам асобнага княства) і Мазыр (які па праве называюць «беларускай Швейцарыяй» за маляўнічыя краявіды).
А яшчэ непадалёк ад Прыпяці знаходзяцца Прыпяцкі нацыянальны парк і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Даведка
На тэрыторыі Беларусі сёння дзейнічаюць запаведнікі і нацыянальныя паркі. У чым жа іх адрозненне?
У запаведніках галоўнае — захаванне разнастайнасці відаў раслін і жывёл, навуковая работа ў гэтым кірунку. Галоўная ж задача нацыянальных паркаў — стварэнне ўмоў для арганізаванага адпачынку людзей на ўлонні прыроды.
Зразумела, што і ў нацыянальных парках ёсць поўнасцю запаведныя тэрыторыі, але адначасова з гэтым тут пракладваюцца разнастайныя турыстычныя маршруты, будуюцца гасцініцы і кемпінгі для наведвальнікаў, маюцца прасторныя вальеры з самымі рознымі жывёламі.
Прыпяцкі нацыянальны парк, дарэчы, доўгі час быў запаведнікам і стаў нацыянальным паркам не так даўно. Што ж датычыцца Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, то створаны ён быў, як кажуць, «не ад добрага жыцця». Пасля чарно-
быльскай трагедыі гэтыя тэрыторыі аказаліся моцна забруджанымі радыяцыяй і насельніцтва адтуль давялося адсяліць. На гэтым месцы і быў створаны запаведнік...
Крыху біялогіі
Жывёльны свет Прыпяці
Жывёльны свет Прыпяці багаты і разнастайны. Напрыклад, тут захавалася балотная чарапаха, якая калісьці была распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі нашай краіны.
Што мы ведаем пра балотную чарапаху...
Чарапах шмат, але ў нас, на Беларусі, водзіцца толькі адна — балотная. Ды і то не ўсюды, а толькі ў паўднёвай частцы нашай краіны, пераважна ў басейне ракі Прыпяць.
Наогул, усіх чарапах можна падзяліць на сухапутных і водных. Наша балотная чарапаха належыць да водных, дакладней, да прэснаводных (бо існуюць і марскія чарапахі). Усе сухапутныя чарапахі — вегетарыянцы, усе водныя — драпежнікі. А так яны паміж сабой вельмі падобныя, і тыя, і другія маюць панцыр і пры небяспецы ўцягваюць у яго галаву, лапы і хвост.
Чарапахі — вельмі старажытныя жывёлы. Яны з’явіліся ўпершыню больш за 200 мільёнаў гадоў назад і захаваліся да нашых дзён амаль без змянення. А дыназаўры, іх равеснікі, даўно вымерлі.
Але вернемся зноў да нашай балотнай чарапахі. Хоць і называецца яна балотнай, але акрамя ба-
лот і ў рэках жыць можа, там, дзе цячэнне амаль адсутнічае: у старыцах, завадзях, нават у каналах меліярацыйных. Дакладней, жыве яна не ў вадзе, а, хутчэй, каля вады, хоць і праводзіць у вадаёме шмат часу. Але не меней чарапаха бывае на беразе ці якой купіне, дзе грэецца на сонейку і палюе на жукоў, чарвякоў і іншых беспазваночных. У вадзе чарапаха таксама палюе на розных водных жывёл: насякомых і іх лічынак, ракаў, жаб, трытонаў. I ад рыбы чарапаха не адмаўляецца, але вёрткую рыбіну злавіць ёй цяжка. Часцей за ўсё здабычай чарапахі бывае хворая альбо параненая рыба. Часам балотная чарапаха для разнастайнасці можа харчавацца водарасцямі і іншымі раслінамі.
Зіму чарапаха праводзіць у спячцы на дне вадаёма. А вясной адкладвае яйкі ў спецыяльныя ямкі, якія ж сама і выкопвае. У кожнай кладцы па 510 яек, за лета кожная чарапаха робіць тры кладкі (у маі, чэрвені і ліпені). Здаецца, гэтага дастаткова, каб колькасць балотных чарапах з кожным годам станавілася большай...
Але, на жаль, усё адбываецца з дакладнасцю наадварот. Балотная чарапаха занесена ў Чырвоную кнігу, яе колькасць вельмі нізкая і працягвае зніжацца.
Прычын тут некалькі. I асушэнне балот, якое людзі праводзілі так бяздумна, і вялікая колькасць ворагаў у чарапахі, ад якіх нават панцыр не заўсёды выратоўвае. Сярод гэтых ворагаў — ваўкі, лісіцы, барсукі. А ўжо пра кладкі чарапашыя і казаць няма чаго — гэта такі ласунак для многіх жывёл...
Таму і скарачаецца колькасць чарапах, замест таго каб узрастаць. I шкада будзе, калі яны знікнуць зусім, як тыя дыназаўры.
— А я пра балотную чарапаху казку ведаю! — усклікнула (дакладней, усплёснула хвалямі) Прыпяць. — Нават дзве казкі! Расказаць?
— Ну, вядома ж, раскажы, — узрадаваўся я. — А я разам з чытачамі ўважліва паслухаю!
Чаму чарапаха заўсёды сваю хатку на сабе носіць
Усе ведаюць чарапаху. Але не ўсе ведаюць, што чарапахі не толькі ў далёкіх стэпах ды пустынях водзяцца, але і ў нас, у Беларусі, зрэдку сустракаюцца. Жыве наша беларуская чарапаха на поўдні нашай краіны, у Палессі. Яна добра плавае, нырае і наогул любіць ваду, таму і завецца гэтая чарапаха балотнай.
Чарапаха балотная, як і ўсе іншыя чарапахі, мае панцыр. У яго, як у хатку, яна і хаваецца пры небяспецы.
А ці ведаеце вы, як здарылася, што чарапаха заўсёды вымушана гэтую сваю хатку на сабе насіць? He ведаеце?
Тады паслухайце казку.
Калісьці ўсе жыхары лясныя без хатак абыходзіліся. Жылі як набяжыць, начавалі дзе давядзецца, мерзлі, моклі, гаравалі... Надакучыла ім такое гаротнае жыццё, пачалі яны Лесавіку, гаспадару лясному, жаліцца, хатак для сябе ў яго прасіць.
— Добра! — кажа Лесавік. — Будуць вам хаткі! Але, каб вы адзін аднаму не перашкаджалі, хаткі гэтыя я зраблю самымі рознымі і да таго ж у самых розных
месцах лясных іх размяшчу: каму — на дрэве, каму — на зямлі, ну а камусьці — і пад зямлёй жыць давядзецца...
Доўга Лесавік працаваў, шмат розных хатак зрабіў. Сабраў потым усіх лясных жыхароў і кажа:
— Вось вам хаткі! Дзяліце іх паміж сабой!
Пачалі жыхары лясныя хаткі дзяліць, але аніяк падзяліць не могуць! Перасварыліся ўсе толькі.
Уздыхнуў тады Лесавік і сам пачаў хаткі дзяліць. Птушкам гнёзды аддаў, вавёрцы ды саве — дуплы, лісіцы і барсуку па глыбокай нары ўручыў. Воўк з ваўчыцай логава для сябе атрымалі, мядзведзь на зіму бярлогу...
Дзяліў, дзяліў Лесавік... Ды засталіся без хатак толькі Заяц і Чарапаха.
Глядзіць Лесавік — а ў яго ўсяго толькі адна хатка! Трэба яе камусьці з гэтых двух аддаць... Толькі вось каму?
Пачухаў Лесавік патыліцу і кажа:
— Аддам я гэтую хатку таму з вас, хто хутчэй вакол нашага лесу аббяжыць!
Узрадаваўся Заяц. Ірвануў так, што толькі пыл за ім закурыўся.
«Дзе мне з ім цягацца, — думае Чарапаха. — Трэба, пакуль Зайца няма, хітрасцю хаткай завалодаць!»
Падпаўзла яна бліжэй да хаткі і пытаецца ў Лесавіка:
— А ці добрая яна хоць, хатка гэтая? Можа, няма сэнсу за яе бегчы?
Пакрыўдзіўся Лесавік.
— Хатка добрая! — адказвае. — А не верыш — можаш залезці, знутры яе паглядзець!
Узрадавалася Чарапаха, ёй толькі тое і трэба! Залезла яна хуценька ў хатку, і толькі паспела гэта зрабіць, як Заяц ужо з кустоў выбягае.
— Мая хатка! — крычыць ён радасна: — Я перамог!
— Ты, ты! — згаджаецца Лесавік. — Забірай сваю хатку!
I кійком па хатцы пастукаў.
— Гэй, Чарапаха, вылазь хуценька з чужой хаткі! Гаспадар прыйшоў!
А Чарапаха яму ў адказ:
— He вылезу! Мне тут спадабалася!
Узлаваўся Лесавік на Чарапаху, схапіў хатку, трэсці яе пачаў з усяе моцы. Трос, трос, але так і не вытрас Чарапаху з хаткі, змарыўся толькі...
— Нічога! — суцяшае ён Зайца. — He бядуй, даўгавухі! Есці захоча — вылезе, а як толькі яна хатку тваю пакіне — ты яе адразу ж і займай! Бо твая гэта хатка, законная!
Сказаў так Лесавік і пайшоў кудысьці па сваіх справах. А Заяц сядзіць каля сваёй хаткі, вачэй з яе не зводзіць, чакае цярпліва, калі ж Чарапаха з хаткі гэтай хоць на хвілінку якую вылезе. Гадзіну чакае, дзень, тыдзень цэлы...
Але так і не дачакаўся даўгавухі таго шчаслівага моманту, каб хатку сваю заняць. Вырашыла Чарапаха хатку не пакідаць, а ўсюды з сабой яе насіць. Так з таго часу і носіць...
А Заяц-небарака зусім без хаткі застаўся. Жыве як і да гэтага жыў. Спіць дзе давядзецца: летам у траве, зімой у снезе мокне, мерзне... Але не робіць сабе аніякага жытла, усё чакае, што рана ці позна пакіне Чарапаха хоць на хвіліну ягоную ўтульную хатку, выпаўзе з яе вонкі...
Так да гэтага часу і чакае...
— Ну што, спадабалася мая казка? — спыталася ў мяне Прыпяць.
— Вельмі спадабалася! — шчыра прызнаўся я. — Але ж ты нам яшчэ адну казку абяцала! Няўжо яна таксама пра чарапаху?
— Яна пра тое, як чарапаха аднойчы вырашыла са смоўжыкам хаткамі памяняцца, — сказала Прыпяць.
— I што з гэтага выйшла? — пацікавіўся я.
— А вось паслухай казку і даведаешся! — усміхнулася Прыпяць.
Як Смоўжык і Чарапашка хаткамі мяняліся
астрачаліся неяк Смоўжык і Чарапашка. Спыніліся, пагаманілі, хутка размова на хаткі ў іх перакінулася. — Якая ў цябе хатка вялікая! — захапляецца Смоўжык. — Вось бы мне такую! I сам жыві, і гасцей кожны дзень запрасіць можна.
— Ды што з таго, што вялікая! — адказвае Чарапашка. — Вялікая ды непрыгожая! Пляскатая, шурпатая, цьмяная ўся... А вось твая, Смоўжык, хатка хоць і маленькая, але ж якая прыгожая! Бліскучая, стракатая, закручастая! Мне б такую хатку займець — усе сяброўкі ад зайздрасці пазелянелі 6!
— А ведаеш што, — кажа Смоўжык, — калі табе хатка мая гэтак ужо даспадобы — давай мяняцца! Ты мне сваю, вялікую, аддасі, а я табе за гэта сваю, прыгожую, саступлю. Згода?
— Згода! — узрадавалася Чарапашка. — Бяры маю хатку!
I адразу ж, не марудзячы, пачалі яны хаткамі абменьвацца.
Схапіла Чарапашка Смоўжыкаву хатку і адразу ж прэч з ёй кінулася. Гэта каб Смоўжык не перадумаў, хатку сваю назад не запатрабаваў.
Але Смоўжыку не да гэтага. Запоўз ён хуценька ў вялікую сваю хатку, агледзеўся вакол ды як закрычыць што ёсць моцы:
— Гэй, сябры-смоўжыкі! Запрашаю вас усіх у госці, у новую сваю хатку! Усе прыходзьце, усім месца хопіць!
Спаўзліся сябры-смоўжыкі з усіх бакоў: і справа, і злева, і зверху, і знізу, і зблізку, і здалёк... Шмат іх сабралася, усе ў новай смоўжыкавай хатцы размясціліся, ды яшчэ і месца свабоднае засталося. Аглядаюць сябры хатку, здзіўляюцца, нашаму Смоўжыку ўсе як адзін зайздросцяць.