• Часопісы
  • Казкі дзядулі Дняпра  Генадзь Аўласенка

    Казкі дзядулі Дняпра

    Генадзь Аўласенка

    6+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 112с.
    Мінск 2022
    34.45 МБ
    Вось мядзведзю незадача — ён па гурбах так і скача! I баіцца, і дрыжыць — небараку цяжка жыць! Ён не мае абароны ад сарокі ды вароны. А сарокі кіпці точаць — спаляваць мядзведзя хочуць! А вароны зубы шчэраць — хочуць бедным адвячэраць! Вось такія вось суседзі злыя ў нашага мядзведзя!
    Сам жа ён грызе кару ў гэту цяжкую пару. Можна ўбачыць па слядах — як ён бегаў па садах, як скакаў туды-сюды, як заблытваў ён сляды, каб у снезе дзень ляжаць ды ад страху зноў дрыжаць...
    А цяпер, сябры, увага!
    Можа, будзе ў вас заўвага?
    Можа, штосьці я змяніў, можа, дзесьці я зманіў?
    Вы ж памылкі пашукайце, дзе што трэба — памяняйце, каб звяры не бедавалі, а як трэба зімавалі.
    Пастарайцеся, сябры, — дзякуй скажуць вам звяры!
    Скончыў Сож сваю казку-небыліцу, і нейкі час усе мы маўчалі.
    — Ну як? — спытаўся нарэшце ў мяне Сож. — Зразумеў цяпер, чаму казка жартоўная?
    — Цяпер зразумеў, — сказаў я. — А вось чытачы ці зразумеюць?
    — Абавязкова зразумеюць! — сказала Бярэзіна. — I адшукаюць памылкі ў казцы...
    — I выправяць іх! — дадаў Сож. — А нам і сапраўды час развітвацца...
    — Ну, час дык час... — уздыхнуў я. — Заходзьце, дакладней, прыплывайце яшчэ калі-небудзь!
    I Сож з Бярэзінай, паабяцаўшы мне яшчэ наведацца, пацяклі па сваіх рачных справах, а мы з дзядулем Дняпром нейкі час моўчкі ўслед ім глядзелі...
    — Якія цікавыя казкі ведаюць твае прытокі! — сказаў я Дняпру. — I пра самых розных жывёл!
    — Эх! — уздыхнуў раптам дзядуля Дняпро. — А колькі жывёл назаўсёды знікла з нашых берагоў! I зніклі яны выключна па вашай віне! Вадзіліся калісьці ў лясах маіх дзікі бык — тур, і дзікі конь тарпан. I дзе яны цяпер?
    Адчуваючы сябе даволі няёмка, я нават не ведаў, што і адказаць майму субяседніку.
    — Але ж зубра мы паспелі ўратаваць! — успомніў я. — I нават рассяляем яго наноўку па беларускіх лясах! Вось ужо і на тваіх прытоках, Бярэзіне ды Прыпяці, зубрыныя статкі зноў пасвяцца...
    — Пасвяцца, — згадзіўся са мной дзядуля Дняпро. — I дзякуй вам за гэта! А зараз раскажы нам з чытачамі што-небудзь пра зуброў. He казку, а сваё, навуковае...
    Што мы ведаем пра зубра...
    Калісьці дрымучыя векавыя лясы ахоплівалі амаль усю паўночную і цэнтральную частку Еўропы. I зуброў у той далёкі час было шмат па ўсёй Еўропе, ды і на тэрыторыі нашай краіны таксама вадзілася іх нямала...
    Але час ішоў — лясы высякалі, зуброў забівалі дзеля смачнага мяса і трывалай тоўстай скуры, якая высока цанілася ў гарбарнай вытворчасці. Здарылася так, што зубры засталіся толькі ў Белавежскай пушчы, гэтым невялікім апошнім кавалачку калісьці неабсяжных еўрапейскіх лясоў.
    I тады апошніх зуброў пачалі ахоўваць. Праўда, ахоўвалі іх толькі дзеля таго, каб спачатку каралі Рэчы Паспалітай, а затым і рускія цары маглі тут на іх паляваць. Тым не менш аж да пачатку XX стагоддзя зуброў у пушчы заставалася яшчэ шмат.
    А потым была Першая сусветная вайна, якая вогненным смерчам прайшла праз пушчу. Затым рэвалюцыя і Грамадзянская вайна... Так здарылася, што ў 20-я гады XX стагоддзя ў пушчы быў забіты апошні дзікі зубр. Здавалася 6, віду гэтаму наканавана лёсам канчаткова знікнуць, як здарылася раней з дзікім быком турам і дзікім канём тарпанам. Але гэтага не адбылося.
    У заапарках розных краін заставалася яшчэ некалькі дзясяткаў зуброў. I вось з гэтай невялікай «жменькі» і пачалося паступовае адраджэнне зубровых статкаў.
    Зараз пагроза знікнення для гэтай жывёлы засталася ў мінулым. Акрамя Беларусі зубры жывуць у лясах Польшчы, Расіі, Літвы і іншых краін. Але больш за ўсё іх па-ранейшаму ў Белавежскай пушчы як на беларускай, так і на польскай яе частках.
    Зубр — самая вялікая жывёла нашай краіны. Самцы дасягаюць амаль двух метраў вышыні ў карку, вага такіх волатаў больш за тону. Зубрыхі значна меншыя па памерах, але і іх вага можа даходзіць да 700 кілаграмаў.
    Зубры жывуць статкамі. Зімой статкі вялікія, у некалькі дзясяткаў галоў, вясной яны распадаюцца на больш дробныя групы. Самкі нараджаюць толькі адно зубраня, прычым нават не кожны год. Растуць зубры павольна, але затое жывуць доўга — 30-40 гадоў.
    Зубр — жывёла раслінаедная. Летам есць траву і лісце, зімой — кару дрэў, маладыя парасткі і пупышкі. Але гэтага мала, і таму людзі арганізуюць у зімовы час для зуброў падкормку.
    Ворагаў у прыродзе ў зуброў няма, акрамя браканьераў. Толькі ваўкі зрэдку асмельваюцца нападаць зграяй на маладняк, які адбіўся ад статка. Але пры гэтым яны вельмі рызыкуюць. Справа ў тым, што зубр толькі на першы погляд няўклюдны і павольны. Цяжка паверыць, але гэтая грамадзіна можа вельмі хутка перамяшчацца паміж дрэў і пераскокваць агароджу вышынёй больш за два метры. Таму падыходзіць блізка да зуброў, асабліва да зубрых з зубранятамі, дражніць іх — ні ў якім разе нельга!
    Ну а здалёк зубры дазваляюць на сябе любавацца. Яны нібыта разумеюць, што гэта дзеля іх людзі з усёй Беларусі (і не толькі Беларусі) едуць у Белавежскую пушчу.
    — Добра расказаў, дзякуй! — плёснуў хвалямі дзядуля Дняпро. — А за гэта я казку раскажу.
    — Пра зубра? — запытаўся я.
    — Ну, вядома ж, пра зубра! Дакладней, пра тое, чаму ў зубра горб на спіне маецца...
    Чаму ў зубра горб на спіне
    Ці ведаеце вы, дзеці, чаму ў асілка Зубра, цара звяроў беларускіх, горб на спіне? He ведаеце? Тады слухайце казку.
    Даўно гэта было. Так даўно, што дакладна нават і сказаць немагчыма. Толькі жыў у той далёкі час у дрымучай пушчы Белавежскай Зубр. Вялізны ён быў, магутны, сапраўдны цар звяроў. Усе лясныя жыхары Зубра паважалі, нават ваўкі ды мядзведзі бокам яго заўжды абыходзілі. Вось і звыкся паступова Зубр з тым, што ўсё жывое ў пушчы шлях яму саступаць павінна...
    Заганарыўся тут Зубр ад сілы сваёй велічэзнай, і да таго справа дайшла, што нават ад дрэў лясных пачаў ён патрабаваць, каб яны на шляху ягоным страчацца не маглі. I нічога не зробіш — прыходзілася дрэўцам карані свае з зямлі таропка выцягваць, дарогу асілку саступаць. А не паспее якое-небудзь дрэўца гэта зрабіць, ледзь прамарудзіць — узраве злосна Зубр, нахіліць да долу вострыя свае рогі і ра-а-аз! Альбо зламае дрэўца, альбо наогул з каранямі небараку набок выверне...
    Шмат такім чынам Зубр дрэў лясных папсаваў, але вось аднойчы сустрэўся на ягоным шляху Дуб. Вялізны, магутны, стаіць і вершалінай сваёй у самае неба ўпіраецца.
    Але адвык наш Зубр у неба галаву задзіраць, ён больш у зямлю глядзеў. Вось і зараз — убачыў ён тое толькі, што яшчэ адно дрэва на шляху ягоным стала, дарогу саступаць ніяк не жадае.
    Засоп раз’юшана Зубр, рогі свае магутныя да самага долу схіліў, пярэднім капытом зямлю рыць пачаў.
    — Ты чаму гэта, — пытаецца ён у Дуба, — на шляху маім стаяць асмельваешся?! Зараз жа ўбок адыдзі, саступі мне дарогу!
    А Дуб яму адказвае:
    — He магу я гэтага зрабіць, калі 6 нават і жадаў. Бо карані мае вельмі ўжо глыбока ў зямлю ўраслі, не выдраць мне іх адтуль аніяк. Ды і хто ты такі, каб я табе шлях саступаў?
    — Хто я такі?! — разгневана рыкнуў Зубр. — Ды я — Зубр, цар звяроў лясных! Усе ў пушчы нашай дарогу мне саступаць павінны!
    — Усе, ды не ўсе! — адказвае яму Дуб. — Бо калі ты цар звяроў, дык я, Дуб, царом усіх дрэў лічуся! I ты мяне не пераможаш!
    — Ну гэта мы паглядзім! — яшчэ мацней зароў Зубр.
    Нахіліў ён яшчэ ніжэй калматую сваю галаву ды як кінецца да Дуба, як трэснецца ў яго лбом з усяе сілы...
    А што далей адбылося, пра тое вы і самі, паважаныя чытачы, напэўна, ужо змаглі здагадацца. Нават не варухнуўся магутны Дуб, ані лісточка адзінага з яго на зямлю не зляцела, нібыта і не заўважыў ён скрышальнага ўдару. А вось небарака Зубр ад сутыкнення з царом дрэў горб сабе на спіне набіў. Так і застаўся ў яго гэты горб на ўсё жыццё. Уяўляеце?!
    Ды і ўсе ягоныя нашчадкі з таго часу на спіне такія ж самыя гарбы насіць павінны. Як напамін пра тое, што калісьці іх прашчура, цара звяроў белавежскіх, Дуб, цар дрэў лясных, перамог.
    — А многія са звяроў і птушак, якія яшчэ страчаюцца ў беларускай прыродзе, вельмі рэдкімі сталі! — скончыўшы казку, усё ніяк не мог супакоіцца дзядуля Дняпро. — I пра што толькі вы, людзі, думалі, калі іх знішчалі?! Спачатку знішчаеце — а потым, спахапіўшыся, ахоўваць пачынаеце, у Чырвоную кнігу заносіце! Вось узяць, да прыкладу, пугача, самую вялікую нашу саву...
    — Драпежнік ён, шмат птушак розных знішчае... — паспрабаваў я заступіцца за людзей...
    Але дзядуля Дняпро гэтага майго доваду не прыняў, сярдзіта плёснуў хваляй.
    — I драпежнікі ў прыродзе патрэбны! — строга сказаў ён мне. — Хіба ж пугач вінаваты, што ён драпежнік! А вы яго знішчалі без усялякага жалю.
    — Але ж зараз мы яго ахоўваем! — працягваў заступацца я за людзей. — Як і ўсіх іншых драпежных птушак. Дарэчы, а ці ёсць у цябе казка пра пугача?
    — У мяне ўсё ёсць! — буркнуў Дняпро, але ўжо лагодней. — Расказаць?
    — Раскажы! — узрадаваўся я таму, што дзядуля Дняпро на людзей больш не сярдуе.
    I дзядуля Дняпро пачаў расказваць казку.
    Як у Беларусі пугач з’явіўся
    Усе вы, дзеці, ведаеце соў, начных драпежных птушак. А ці ведаеце вы, што не ўсе совы аднолькавыя. Ёсць маленькія, памерам са шпака, а ёсць і больш буйныя. I нават вельмі буйныя сярод іх сустракаюцца...
    А самая вялікая беларуская сава — пугач.
    Пугач — сапраўдны начны разбойнік. Калі па лесе ноччу лётае — хапае ўсіх без разбору: ад дробнай мышкі да зайца альбо глушца. Нават вожыку з усімі сваімі калючкамі не заўсёды ўдаецца выратавацца ад вострых кіпцяў пугача. А назву сваю — «пугач» — вялізная сава гэта атрымала за тое, што сваім злавесным крыкам-вуханнем не аднаго чалавека ў прыцемках да паўсмерці перапужала...
    А хочаце паслухаць казку пра тое, як і адкуль ён у нас з’явіўся, пугач гэты?
    Хочаце? Тады слухайце!
    Жыў у далёкія старажытныя часы на зямлі нашай беларускай адзін кепскі чалавек. Мала таго што быў ён вельмі злым, сквапным, зайздросным. Быў ён да ўсяго іншага яшчэ і ведзьмаком! Ператвараўся па начах у вялізную птушку і ў такім вось птушыным абліччы ў небе начным лётаў.
    Як ён гэта рабіў — ніхто не ведаў, але кожную ноч, роўна ў поўнач, адчынялася адзінае акенца змрочнай ягонай хаціны, што на самым ускрайку вёскі стаяла, і з акенца таго вялізная птушка вылятала.
    Лётаў па начах вядзьмак не проста так — вышукваў ён людзей, якія па той ці іншай прычыне ў дарозе да ночы затрымаліся. Як толькі ўбачыць вядзьмак такога небараку — адразу ж вакол яго кружыць пачынае, дзюбай злавесна над галавой ягонай шчоўкае...