Казкі дзядулі Дняпра
Генадзь Аўласенка
6+
Выдавец: Звязда
Памер: 112с.
Мінск 2022
Гэткая ўсяеднасць вельмі дапамагае мядзведзю летам, а вось зімой расліннай ежы ў нашых лясах о амаль што не знойдзеш. Таму, назапасіўшы за лета і восень шмат тлушчу, ён усю зіму спіць у берлагу. ’ Прычым шукаць месца для будучага прытулку касалапы пачынае ўжо з восені. Знойдзе які-небудзь яловы выварацень, нацягае на яго зверху ламачча паболей і спіць там да вясны. Але лапу не смокча, J як думаюць многія. А мядзведзіца дык нават зімой у берлагу нараджае медзведзянят (часцей двух) і да самай вясны іх малаком выкормлівае.
Нараджаюцца медзведзяняты маленькімі, з рукавіцу, а вясной, пасля таго як з берлагу разам з матуляй вылезуць, хутка растуць і дасягаюць да пачатку лета кілаграмаў 40 кожны.
Бярлог мядзведзя не вельмі прыгожы, затое цёплы. о Асабліва калі снегам зверху яго прыцярушыць. Калі ж сярод зімы рэзка пацяплее, снег пачне раставаць, ’ а вада зацякаць у бярлог, касалапы можа прачнуцца і пайсці шукаць іншае месца для зімоўкі. У гэты час ён блукае па лесе галодны і злы, і лепш тады з ім не сустракацца. У Сібіры такія мядзведзі, шатуны, як іх яшчэ называюць, нават на чалавека напасці могуць.
Раней касалапы быў у Беларусі самым звычайным зверам. I палявалі на яго, і прыручалі. Па гарадах і вёсках сярэднявечнай Беларусі хадзілі павадыры f з дрэсіраванымі мядзведзямі, давалі прадстаўленні і гэтым жылі. У XVI—XVIII стагоддзях нават існавала ў Смаргоні спецыяльная школа для дрэсіроўкі мядзведзяў, так званая Смаргонская акадэмія.
Зараз жа мядзведзяў на тэрыторыі нашай краіны засталося мала. Таму гэты звер занесены ў Чырвоную С кнігу Беларусі. Ды і павадыры з мядзведзямі цяпер не ходзяць, затое ў рэдкім цырку свету няма гэтага касматага артыста. Чаго толькі мядзведзі ў цырр ку ні робяць: і на веласіпедах ездзяць, і розныя акрабатычныя трукі выконваюць. Але ўсё гэта толькі мядзведзі-падлеткі. 3 дарослым жа рэдка хто рызыкне на арэну выйсці. Бо вельмі ўжо ён непрадказальны ў сваіх паводзінах. Драпежнік, адным словам.
— А зараз казку! — нагадаў я Бярэзіне. — Абяцала!
— А я ж і не адмаўляюся! — сказала Бярэзіна і пачала расказваць.
Чаму мядзведзь зімой
у берлагу спіць
Усе вы, дзеці, ведаеце мядзведзя. I тое, што ён зімой у берлагу спіць. А ці ведаеце чаму? Калі не, тады паслухайце казку.
Быў у Беларусі калісьці такі час (казачны, вядома), калі зімы наогул не было. I вясны не было, і восені
таксама не існавала. Адно толькі лета цёплае тады на зямлі нашай заўжды панавала.
I ўсім жыхарам лясным бесклапотна ў тую казачную пару жылося, у тым сэнсе, што ні голад, ні холад ім тады былі невядомыя. I доўга гэта працягвалася, але аднойчы ўсё ў іх жыцці перамянілася...
А адбылося гэта таму, што спадарыня Зіма, якая раней толькі на Поўначы ўладу сваю мела, вырашыла і ў нашы мясціны наведацца, і кожны год па некалькі месяцаў тут уладарыць. А каб жыхары лясныя да новых умоў прыстасавацца змаглі — паслала яна да іх халодны вецер з паведамленнем. I абвясціў ён усім лясным жыхарам, звярам і птушкам, што хутка да іх халодная Зіма ў госці завітае і што даецца ім тры восеньскія месяцы, каб да яе добра падрыхтавацца.
Пагаравалі звяры і птушкі, але нічога не зробіш. I пачалі яны да зімы рыхтавацца кожны па-свойму...
Адзін толькі Мядзведзь працягваў бесклапотна па лесе швэндацца. Дакладней, ён хацеў бы таксама хоць неяк да зімовых халадоў падрыхтавацца, ды толькі не ведаў, як гэта лепш зрабіць і з чаго пачаць. I вырашыў тады Мядзведзь схітрыць: за астатнімі ляснымі жыхарамі паназіраць, як і што яны будуць рабіць...
«Пагляджу, што яны прыдумаюць, — разважае касалапы, — і я гэтак жа зраблю! А пакуль не буду галаву сабе тлуміць!»
А час ідзе, дні ўсё карацейшымі становяцца, лістота на дрэвах ужо жаўцець пачала. Зразумеў Мядзведзь, што зімовыя халады не за гарамі, што трэба і яму свой план у дзеянне прыводзіць...
I пашкандыбаў ён па лесе. Ідзе, глядзіць: Дрозд на галінцы крушыны сядзіць, ягады яе спелыя па адной дзяўбе.
— Ну што, Дрозд? — пытаецца Мядзведзь у птушкі. — Раскажы мне, як ты да зімы халоднай рыхтуешся?
— А ніяк! — кажа Дрозд. — Ёсць у нас, птушак, крылы... Паляцім мы на гэты перыяд зімовы ў цёплыя краіны. А потым назад прыляцім, калі да нас зноў цяпло вернецца.
Задумаўся Мядзведзь, замаркоціўся нават крыху, бо крылаў у яго не было. Затым глядзіць: Дзяцел непадалёк на сасну сеў.
— А вось я, — кажа Дзяцел, — хоць крылы і маю, а нікуды не палячу! Тут зімаваць застануся!
— А як? — цікавіцца ўзрадавана Мядзведзь. — Можа, і я гэтак жа перазімаваць змагу?
— Буду кузурак розных пад карой шукаць, — тлумачыць Мядзведзю Дзяцел. — Шышкі яловыя церабіць, насенне адтуль выцягваць. Калі зможаш так — разам будзем зімаваць!
Уздыхнуў Мядзведзь і нічога Дзятлу не адказаў. Далей сабе па лесе пашкандыбаў іншых лясных жыхароў пытацца.
Вавёрку на дрэве заўважыў, спыніўся. «Трэба, — думае, — у яе запытацца. Крылаў яна не мае, значыць, неяк тут зімаваць збіраецца».
Запытаўся, а Вавёрка яму адказвае:
— А я на зіму прыпасаў сабе нарыхтавала: грыбоў насушыла, арэхаў назбірала. А ты, Мядзведзь, шмат прыпасаў сабе на зіму зрабіў?
Нічога не адказаў Вавёрцы касалапы, уздыхнуў толькі і далей падаўся. А насустрач яму Заяц бяжыць.
— А ну стой, касы! — крычыць Мядзведзь. — Раскажы мне, як ты да зімы халоднай рыхтуешся!
— А што да яе рыхтавацца! — адказвае яму Заяц. — Футра цёплае белае я ўжо сабе падрыхтаваў, так што
не змерзну. I не заўважыць мяне ніхто на белым снезе.
— А есці ты што будзеш? — пытаецца Мядзведзь.
— Кару асінавую, — кажа Заяц. — Яна смачная. Паспрабуй, можа, спадабаецца.
Пагрыз Мядзведзь кары асінавай, скрывіўся і пачаў плявацца. Пляваўся, пляваўся, а калі скончыў, бачыць — Зайца і следу не стала, а замест яго Лісіца-хітрыца непадалёк сядзіць, на касалапага пазірае.
— He слухай ты Зайца! — кажа. — Хіба ён табе што добрае параіць!
— А ты параіш? — пытаецца Мядзведзь. — Чым ты сама зімой харчавацца будзеш?
— Мышэй буду пад снегам шукаць, — кажа Лісіца. — Можа, калі зайца злаўлю ці курапатку. Так што калі хочаш за мышамі паляваць навучыцца — дык я цябе навучу...
— Ды што мне твае мышы! — крычыць з роспаччу Мядзведзь. — Хіба ж я мышамі наемся! Вось я зараз цябе саму з’ем за такую параду!
Кінуўся ён да Лісіцы, але дзе там касалапаму за ёй угнацца. Уздыхнуў ён і далей па лесе пашыбаваў.
Глядзіць, а Барсук пад абрывам нару сабе рые. Падышоў да яго Мядзведзь.
— Ты што гэта робіш? — пытаецца.
— Ды вось, — кажа Барсук, — выкапаю сабе нару і буду ў ёй спаць да наступнага лета. Пакуль спіш — час хутка ідзе!
— Вось гэта па мне! — узрадаваўся Мядзведзь. — I я сабе нару такую ж зраблю і ў ёй зіму халодную перачакаю!
— Тады часу не губляй! — раіць яму Барсук. — Зараз жа прымайся за працу!
Але Мядзведзь толькі лапай махнуў. Паспею, маўляў, куды спяшацца! Далёка яшчэ зіма!
Але выйшла, што Зіма не так і далёка аказалася. Задзьмулі над лесам вятры халодныя, паўночныя, апошнюю лістоту з дрэў паабтрасалі. А потым і першыя сняжынкі над лесам закружыліся...
«Усё, хопіць чакаць! — вырашыў Мядзведзь. — Прыйшоў час і мне нару сабе рыхтаваць!»
Пачаў ён зямлю капаць, але не выходзіць гэтая справа ў касалапага. He атрымліваецца ў яго нічога, ды і зямля ўжо занадта цвёрдай зрабілася... He капаецца нара, і ўсё тут!
«Пайду лепш Барсука з нары выганю, — думае Мядзведзь. — Ён сабе яшчэ адну выкапаць паспее, а ў мяне ўжо гатовая будзе!»
Пабег ён да Барсуковай нары, паспрабаваў у яе неяк праціснуцца, але так і не змог гэтага зрабіць — вузкая вельмі. Пачаў ён Барсука клікаць, каб той дапамог яму самому нару выкапаць — ды так і не даклікаўся...
А ў лесе ўсё халадней і халадней робіцца! Вось-вось спадарыня Зіма ў лес завітае! I ўсе лясныя жыхары да яе хто як, але ўсё ж падрыхтаваліся... Адзін мядзведзь па лесе восеньскім блытаецца і, што яму рабіць — не ведае. I холадна яму, і есці хочацца, а сапраўдныя халады яшчэ і не надышлі нават...
Нарэшце зусім касалапы з сіл выбіўся, залез пад нейкую карчажыну, лёг там...
«Адпачну трошкі, — думае, — а потым далей пайду».
Задрамаў Мядзведзь пад карчажынай, а ноччу раптам снег моцны паваліў. Усю ноч ішоў, заваліў карчажыну з усіх бакоў. А касалапы таго не ведае, толькі адчувае ў сне, што цёпла яму стала, ды так цёпла, што нават прачынацца не хочацца. Так і праспаў ўвесь доўгі зімовы час пад карчажынай гэтай...
А потым Зіма зноў на Поўнач падалася. Прыйшла ў лес Вясна, снег растапіла, мокра стала Мядзведзю, няўтульна...
Прачнуўся ён, спахапіўся, выбраўся з-пад карчажыны. Азіраецца вакол і ўцяміць нічога не можа! А потым зразумеў, што праспаў пад карчажынай усю зіму.
Вось так карчажына самай першай бярлогай для Мядзведзя і аказалася. I з таго самага часу ўсё мядзведзі гэтак зімуюць: хто пад карчажынай, хто пад вываратнем яловым, хто пад валежнікам... Галоўнае, каб снег зверху быў — ён хоць і халодны, але пад ім цёпла.
He верыце? Тады спытайцеся ў мядзведзя.
Такая вось казка ў ракі Бярэзіны атрымалася. Ну а верыць ёй альбо не верыць — гэта вы ўжо самі для сябе вырашайце. Але ў мядзведзя лепш не пытайцеся: гэта Бярэзіна пажартавала.
— Вядома ж, пажартавала, — сказала Бярэзіна. — А зараз я табе яшчэ адну казку распавяду. Пра мухаморы...
— Пра мухаморы? — здзівіўся я.
— Грыбы такія ёсць, — патлумачыла мне Бярэзіна. — Атрутныя, праўда, так што збіраць іх нельга!
— Ды ведаю я мухаморы! — сказаў я. — Але адкуль ты пра іх казкі ведаеш? У вадзе ж яны, здаецца, не растуць!
— Ды адтуль, адкуль брат мой Сож казку пра асінку ведае! — засмяялася Бярэзіна. — Бо па берагах нашых шмат розных лясоў маецца. I, наогул, ты будзеш казку маю слухаць ці не?!
— Буду, буду! — усклікнуў я, і Бярэзіна пачала расказваць.
Як мухаморы вайну пачыналі
Неяк ранкам мухаморы былі не ў гуморы. На палянцы на лясной, пад высокай пад сасной, яны ўсе сабраліся, дружна павіталіся і, слова за слова, пачалі размову. Усе ўраз апавядалі, на суседзяў паглядалі, патыліцы чухалі, самі сябе слухалі...
Раптам бачаць: грыбнікі ідуць лясной сцежкай і бяруць баравікі, бяруць сыраежкі. Падасінавік знайшлі — узялі адразу. А да іх не падышлі, нават бокам абышлі і далей сабе пайшлі... Гэткая абраза!
— Што за ганьба! Што за сорам! — закрычалі мухаморы. — Грыбнікі нас зневажаюць! Як ідуць — не