Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
рэй храма заставалася некалькі снежных плямак. Слізгануўшы па іх позіркам, я не ўгледзеў ніводнага адбітку ног, нават свайго ўласнага.
У храме было цёмна, нягледзячы на мноства прынесеных сюды ліхтароў, таму што большая частка натоўпуўжо знікла. Бясшумна крочачы між высокімі белымі лавамі, парадзелая працэсія накіроўвалася да бакавога нефа, і ўбачыўшы адчынены люк, які зеўраў у падлозе проста перад кафедрай святара, я зразумеў, куды ўсе падзеліся. Я пакорліва рушыў услед — уніз па сцёртых каменных прыступках, якія вялі ў волкі задушлівы склеп. Я ішоў у самым хвасце калоны гэтых маўклівых начных вандроўцаў, і як жа жудасна выглядала гэтая працэсія, што, выгінаючыся, нібы цела вялізнай рэптыліі, спускалася па звілістай лесвіцы і павольна ўпаўзала пад скляпенні велічнай крыпты. Працэсія накіроўвалася да чорнага правалу ў падлозе, і неўзабаве я апынуўся на вузкай вінтавой лесвіцы, дзе востра пахла гніллю і волкасцю, і разам з іншымі пачаў спускацца па груба абчасаных прыступках, што бясконцай спіраллю збягалі ўніз, паміж слізкімі ад вільгаці каменнымі сценамі, пакрытымі растрэсканай тынкоўкай. Наш спуск цягнуўся бясконца доўга, і спакваля абрысы сцен і сходаў пачалі змяняцца: прыгледзеўшыся, я ўбачыў, што яны высечаныя ў суцэльнай скале. Асабліва мяне бянтэжыла тое, што крокі мноства ног па прыступках былі абсалютна бязгучнымі і не спараджалі рэха. Яшчэ праз некаторы час — мне здавалася, што мінула ўжо цэлая вечнасць — маю ўвагу забралі дзіўныя бакавыя праходы ў сценах, падобныя да вялізных нораў, што цягнуліся аднекуль з нязведаных цёмных безданяў проста да каменнай лесвіцы, якой спускаліся маўклівыя ўдзельнікі начной містэрыі. Такіх
нораў тут было мноства, яны зеўралі ў сценах, нібы ўваходы ў блюзнерскія катакомбы, дзе таілася безназоўная пагроза, і цяжкі смурод гніення, які ішоў з іх, рабіўся ўсё болып невыносным. Я зразумеў, што мы ў самых нетрах гары, глыбока пад Кінгспартам, і мімаволі скалануўся, разважаючы, што за пякельнае зло тоіцца ў гэтых старых сутарэннях, быццам сточаных гіганцкімі чарвякамі.
Потым наперадзе замігцела бляклае злавеснае святло і пачуўся прыцішаны плёскат падземных водаў. Мяне зноўку працялі дрыжыкі, бо ўсё, што я ўбачыў сённяшняй ноччу, было мне не даспадобы і я ўжо горка шкадаваў, што адгукнуўся на покліч прабацькаў, далучыўшыся да гэтага першабытнага рытуалу. Тым часам сходы між каменнымі сценамі рабіліся ўсё шырэйшымі, а наперадзе ўсё выразней чулася тоненькае манатоннае выццё флейты ці яе падабенства. Неўзабаве шлях наш завяршыўся, і перада мной разгарнуўся неабсяжны падземны сусвет — камяністае ўзбярэжжа, зацягнутае сітаватай цвіллю, над якім уздымаўся слуп бледнага полымя, і рака з алеістымі водамі, што цякла з безназоўных цямравых цяснін, каб уліцца ў чорныя бездані спрадвечнага акіяну.
Затыхаючыся, ледзь не трацячы прытомнасць, я сузіраў гэты блюзнерскі Эрэб* — валадарства цемры, з яго цвільнымі берагамі і вязкімі водамі, азоранымі гніласным свячэннем, а між тым фігуры ў плашчах збіраліся паўколам ля слупа, што палаў агнём. Пачыналася свята зімовага сонцастаяння, якое старэйшае за чалавецтва і якому наканавана
* Эрэб — увасабленне вечнага змроку ў старажытнагрэцкай міфалогіі.
перажыць чалавецтва, першабытны фэст у гонар сонцастаяння і нараджэння вясны сярод зімовых снягоў, старажытны рытуал агню і неўміручасці, святла і музыкі. Тут, у пякельным гроце, ён вяршыўся ў мяне на вачах: фігуры ў капюшонах схіляліся перад слупам прывіднага полымя, кідаючы ў ваду прыгаршчы вязкай зелянявай цвілі, якую яны збіралі з камянёў, што цьмяна паблісквалі ў бледным зарыве. А наводдаль, убаку ад святла, сядзела, скурчыўшыся, бясформенная істота і нястомна дзьмула ў флейту, здабываючы з яе рэзкія пранізлівыя гукі, і ў завываннях флейты мне чуліся ціхія воплескі крылаў, што даносіліся аднекуль здалёк, з непрагляднай варожай цемры. Але больш за ўсё мяне палохаў слуп агню, які вывяргаўся з неспасціжных глыбіняў, нібы з жарала вулкана, не адкідваючы належных здароваму полымю ценяў і пакрываючы асклізлыя сцены пячоры атрутным зялёным накіпам. Ад гэтай бурлівай вогненнай плыні не ішло цяпла, але патыхала золкім холадам смерці і разлажэння.
Старац, што прывёў мяне сюды, стаяў ля самага падножжа вогненнага слупа, павярнуўшыся тварам да натоўпу, які абступаў яго паўколам, і, пагойдваючыся, ускідваў рукі ў цырыманіяльных жэстах. У пэўныя моманты ён уздымаў над галавой блюзнерскі Некранамікон, які прыхапіў з дому, і тады ўсе прысутныя схіляліся з рабалепнай пашанай, і я кланяўся разам з іншымі, бо таксама быў удзельнікам фэсту, на які паклікалі мяне прабацькі. Потым старац падаў знак бясформеннаму флейтысту, які хаваўся ў паўцемры, і той пачаў выводзіць новую мелодыю — такое ж манатоннае выццё, але ў трохі іншым ключы. Тое, што адбылося потым, нагадвала кашмарны сон, і я ледзьве ўтрымаўся, каб не кінуцца на зямлю
і не прыціснуцца тварам да камянёў, апаганеных лішайнікам, таму што жах, які паўстаў перада мной, паходзіў не са свету жывых і не са свету памерлых, але з апраметных міжзорных прорваў.
3 няўяўнай чарнаты па той бок гангрэнознага полымя, якое не спараджала цяпла, з пякельных абшараў, праз якія падземная рака стоена, нячутна і няспынна несла свае масляністыя воды, набліжалася, рытмічна ляпаючы крыламі, цэлая зграя хімераў, відавочна ручных і надрэсіраваных, выгляд якіх быў абразай для вока, а існаванне — выклікам здароваму сэнсу. Гэта былі агідныя гібрыды — ці то груганы, ці то краты; некаторыя нагадвалі адначасова мурашак і сцярвятнікаў з крыламі кажаноў, а іншыя быццам складаліся з фрагментаў чалавечых целаў. Зрэшты, я мала што помню і не хачу ўспамінаць. Істоты паўзлі, няўклюдна перавальваючыся на перапончатых канечнасцях і дапамагаючы сабе крыламі, а калі яны нарэшце наблізіліся да прошчы, дзе тоўпіліся фігуры ў капюшонах, тыя пачалі лавіць і сядлаць іх. Потым, адзін за адным, вершнікі панесліся уздоўж падземнай ракі і пазнікалі ў пякельных цяснінах, дзе валадараць адвечная цемра і жах, а грымлівыя плыні, схаваныя ад людскіх вачэй, сілкуюцца з атрутных крыніц.
Старая папрадуха знікла разам з натоўпам, на прошчы засталіся толькі старац і я, і калі ён знакам загадаў мне забрацца на спіну адной з хімераў і далучыцца да астатніх, я адмовіўся. Ледзь трымаючыся на няцвёрдых нагах, я аглядаў спусцелы грот — знік нават бясформенны флейтыст, толькі дзве крылатыя істоты рахмана чакалі побач. Я з агідай адхіснуўся ад іх, і тады старац выцягнуў васкаваную дошчачку і надрапаў словы, з якіх вынікала, што
ён — пасланец маіх прабацькаў якія заснавалі свята зімовага сонцастаяння ў гэтым старажытным горадзе, і цяпер яны заклікаюць мяне вярнуцца і паўдзельнічаць у апошняй і галоўнай містэрыі, якая яшчэ мае адбыцца. Калі я прачытаў пасланне, напісанае ў выкшталцоным старасвецкім стылі, старац, бачачы маё ваганне, выцягнуў са складак свайго балахона пярсцёнак з пячаткай і гадзіннік. На абодвух прадметах быў выгравіяваны фамільны герб нашага роду, аднак мяне гэта не суцешыла, бо я ведаў са старых хронік, што якраз гэты гадзіннік паклалі ў магілу разам з целам майго далёкага продка, які памёр у 1698 годзе.
Потым старац адкінуў капюшон, каб паказаць нашае несумненнае сямейнае падабенства, але я толькі здрыгануўся, бо ведаў, што перада мною не твар, а д’ябальская васковая маска. Між тым крылатыя стварэнні пачалі нервавацца і нецярпліва драпаць кіпцюрамі заплеснелыя камяні, дый сам старац выглядаў занепакоеным. Калі адна з хімераў раптам пачала адступаць, няўклюдна валюхаючыся, старац ірвануўся, каб затрымаць яе. Ад гэтага рэзкага руху яго васковая маска зляцела, і я ўбачыў тое, што хавалася пад ёй... Паколькі гэты прыхадзень з начных кашмараў стаяў паміж мной і каменнай лесвіцай, па якой мы трапілі ў грот, я кінуўся проста ў падземную раку, што імкнула свае масляністыя воды да патаемных марскіх пячораў, і пагрузіўся з галавой у яе гніласныя плыні, не чакаючы, пакуль на мой лямант зляцяцца ўсе легіёны нячысцікаў, якія гняздуюцца ў гэтых апраметных безданях.
У лякарні мне паведамілі, што мяне знайшлі на досвітку ў водах гавані. Замерзлы да паўсмерці, я чапляўся за абломак дрэва, пэўна, пасланага мне
нябёсамі, які і ўратаваў маё жыццё. Казалі, што, мяркуючы з адбіткаў на снезе, напярэдадні ноччу я заблукаўу гарах, узяўшы на скрыжаванні дарог няправільны кірунак, і сарваўся са скалы ля Аранжавага мыса. Я не спрачаўся, хаця і ведаў, што насамрэч усё было не так. Тут наогул усё было не так: за шырокім акном палаты я бачыў мора дахаў, з якіх толькі нязначная частка захоўвала старажытны выгляд, а на вуліцах грукаталі трамваі і насіліся аўтамабілі. Мяне пераконвалі, што гэта і ёсць Кінгспарт, і я не знайшоў што запярэчыць. Калі мне сказалі, што лякарня знаходзіцца паблізу ад старога цвінтара на ўзгорку ў самым цэнтры мястэчка, са мной здарыўся нервовы прыпадак, і мяне адправілі ў шпіталь Святой Марыі ў Аркхэме, дзе я мог атрымаць належны догляд. Мне там спадабалася, бо тамтэйшыя лекары былі людзьмі шырокага кругагляду — яны нават дапамаглі мне атрымаць копію злашчаснага Некранамікона, які дбайна захоўваўся ў бібліятэцы Міскатоніцкага ўніверсітэта. Аднак мой стан яны лічылі псіхозам і настойліва раілі выкінуць з галавы дакучлівыя ідэі.
Чытаючы агідную кнігу, я адчуваў падвойны жах, бо ўсё гэта было зусім для мяне не новае. Прынамсі адзін з раздзелаў быў мне добра знаёмы — і не мае значэння, што там паказваюць сляды на снезе, бо я ведаю, дзе і пры якіх абставінах кніга трапіла ў мае рукі, хаця лепей бы пра тое забыцца. У часы дбання нішто не нагадвае мне пра гэта, але сны мае напоўненыя кашмарамі, і прычынай таму — словы, якія я не ў стане ўспомніць. Я наважваюся працытаваць толькі адзін кароткі ўрывак, які паспрабаваў перакласці на ангельскую з няўклюднай вульгарнай лаціны.
«Найніжэйшыя з пячор, — піша звар’яцелы араб, — схаваныя ад вачэй людскіх, бо таямніцы іх цьмяныя і застрашлівыя. Праклятая тая зямля, дзе думкі памерлых уваскрасаюць і ўвасабляюцца дзіўным чынам, і зламысны той розум, што жыве асобна ад плоці. Сапраўды мудрыя словы мовіў Ібн Шакабаа: блаславёны той дол, у якім не ляжыць чараўнік, і блаславёны той горад, якога не турбуюць уначы ведзьмакі, бо ператварыліся ў попел. Таму што кажуць старыя павер’і: душы тых, хто служыць д’яблу, не спяшаюцца пакідаць магілы свае, але кормяць і навучаюць чарвяка, які сілкуецца ад іх плоці, пакуль з гнілі не праб’ецца выродлівы парастак жыцця, і тады ўбогі пажыральнік мярцвячыны, што жыве ў зямлі, набіраецца хітрасці і прыбіраецца ў маскі, каб насмяяцца з жыцця, і пачварна расце, каб чыніць шкоду. Вялізныя норы таемна выкапаныя там, дзе хапіла б зямных сітавін, і той, хто павінен поўзаць, вучыцца хадзіць».