Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
23 сакавіка, гаварылася далей у рукапісе, Уілкакс не даў пра сябе знаць. На кватэры паведамілі, што яго адолела незразумелая ліхаманка, і бацькі забралі яго да сябе на Уотэрмэн-стрыт. Уначы ён крыкам абудзіў некалькіх іншых мастакоў у доме, і з той пары непрытомнасць чаргавалася ў яго з трызнен-
нем. Мой дзед зараз жа патэлефанаваў яго бацькам і далей уважліва сачыў за ходам хваробы, раз-пораз тэлефануючы у офіс доктара Тобі на Тэер-стрыт, які назіраў за хлопцам. У ліхаманкавым розуме Уілкакса ўзнікалі дзіўныя вобразы. Доктар уздрыгваў штораз, калі той пачынаў казаць пра іх. Яны не толькі паўтаралі ўсё, што хлопец сніў раней, але часта былі пра нешта гіганцкае, што ўздымалася «на мілі ўгару» і бязладна блукала наўкола.
Ён ні разу не апісаў гэты аб’ект цалкам, але (што пацвердзіў і доктар Тобі) асобныя ліхаманкавыя словы пераканалі прафесара, што гэта мусіла быць тая самая безыменная пачвара, якую ён намагаўся перадаць скульптурай, зробленай у сне. Ен заўсёды згадваў гэты вобраз перад тым як упасці ў летаргію, дадаў доктар. Тэмпература яго, што дзіўна, была не такая і высокая. Агульны ж стан, наадварот, быў такі, што наводзіў на думку пра сапраўдную ліхаманку, а не пра псіхічны разлад.
Другога красавіка каля трох гадзін папаўдні ўсе прыкметы немачы Уілкакса раптам зніклі. Ен падняўся на ложку, здзіўлены, што знаходзіцца дома, і нічога не памятаючы пра тое, што адбывалася ў сне ці рэальнасці пасля ночы 22 сакавіка. Доктар палічыў яго стан добрым, і праз тры дні Уілкакс вярнуўся на сваю кватэру, але ўжо нічым не мог дапамагчы прафесару Энджэлу. Разам з хваробай бясследна знік і дзіўны сон, і мой дзед перастаў весці запісы яго мрояў пасля тыдня марных і недарэчных аповедаў пра самыя банальныя відзежы.
На гэтым першая частка рукапісу заканчвалася, але прагледзеўшы некаторыя асобныя нататкі, я атрымаў шмат матэрыялу для роздуму — фактычна, столькі, што мой далейшы недавер да мастака
можна растлумачыць хіба што глыбока ўкаранёным скептыцызмам, на якім грунтавалася тады мая жыццёвая філасофія. Гэтыя нататкі апісвалі сны розных людзей у той жа перыяд, калі Уілкакс быў пад уздзеяннем свайго дзіўнага наслання. Падобна, мой дзед хутка разгарнуў надзіва шырокую інфармацыйную сетку сярод амаль усіх знаёмых, якіх мог распытаць без дадатковых цырымоній, просячы штоночы рабіць справаздачы пра сны, а таксама паведамляць даты любых вартых увагі відзежаў за апошні час. Рэагавалі на яго просьбу, здаецца, па-рознаму, але ён, прынамсі, здолеў сабраць больш адказаў, чым удалося б любому іншаму без дапамогі сакратара. Арыгінальнае ліставанне не захавалася, але запісы ўтрымліваюць грунтоўны і вельмі сур’ёзны аналіз. Сярэдняе звяно грамадства і бізнэсу — традыцыйная «соль зямлі» Новай Англіі — не дало амаль ніякіх вынікаў, хоць паасобныя выпадкі трывожных, але невыразных начных уражанняў сям-там трапляюцца, заўсёды паміж 23 сакавіка і 2 красавіка, у перыяд трызненняў маладога Уілкакса. Навукоўцы траплялі пад уплыў крыху больш — дзед апісаў чатыры выпадкі няпэўных і мімалётных відзежаў з незвычайнымі краявідамі і адзін выпадак страху перад нечым анамальным.
Патрэбныя адказы прыходзілі ад мастакоў і паэтаў, і я не сумняваюся, што іх бы ахапіла паніка, калі б яны змаглі супаставіць свае паведамленні. У маім распараджэнні не было саміх лістоў, таму я падазраваў, што аўтар нататак задаваў навадныя пытанні або рэдагаваў карэспандэнцыю ў пошуках пацверджанняў таго, што спадзяваўся знайсці. Вось чаму я працягваў думаць, што Уілкакс, ведаючы аднекуль пра ранейшыя дадзеныя, якія збіраў
мой дзед, падманваў старога навукоўца. Адказы, што прыходзілі ад багемы. складаліся ў трывожную карціну. 3 28 лютага па 2 красавіка вялікая частка гэтых людзей сніла вельмі дзіўныя рэчы, і інтэнсіўнасць сноў была невымерна мацнейшай у перыяд трызненняў скульптара. Болып за чвэрць ад усіх, хто нешта паведаміў, расказвала пра сцэны і паўгукі, якія нічым не адрозніваліся ад апісаных Уілкаксам. Некаторыя ж сведчылі пра востры страх перад гіганцкай безыменнай зданню, што бачылася ім да самага канца. У запісах акцэнтуецца ўвага на адным вельмі сумным выпадку са знакамітым архітэктарам, які захапляўся тэасофіяй і акультызмам. У той дзень, калі з маладым Уілкаксам здарыўся прыпадак, ён увайшоў у стан моцнага шалу і памёр пасля некалькіх месяцаў несупынных крыкаў з просьбамі дапамагчы яму ўратавацца ад нейкай істоты, што вырвалася з пекла. Калі б мой дзед выкарыстоўваў у нататках імёны людзей, а не проста нумары, мне варта было б усё спраўдзіць і асабіста ва ўсім разабрацца. Але ў той сітуацыі я здолеў праверыць толькі некалькі выпадкаў. Усе яны, аднак, у поўнай меры пацвердзілі занатаванае. Мне часта было цікава, ці ўсе рэспандэнты прафесара былі гэтак жа збянтэжаныя, як тыя людзі. Як добра, што ім ніхто нічога не растлумачыць.
Выразкі з прэсы, як я ўжо казаў, датычылі выпадкаў панікі, маніі і эксцэнтрычных паводзінаў у розных людзей цягам дадзенага перыяду. Прафесар Энджэл мусіў наняць бюро для збору выразак, бо колькасць урыўкаў аказалася надзвычайнай, а крыніцы былі раскіданыя паўсім свеце. Сярод іх было начное самагубства ў Лондане, калі нейкі самотнік з жахлівым крыкам выскачыў у сне праз акно. Тут жа быў
вялікі ліст рэдактару паўднёваамерыканскай газеты пра нейкага фанатыка, які прадказваў жахлівую будучыню на аснове сваіх відзежаў. Паведамленне з Каліфорніі апісвае паселішча тэасофаў, што апраналіся ваўсё белае і чакалі нейкага «слаўнага здзяйснення», якое ўсё ніяк не прыходзіла. А весткі з Індыі асцярожна інфармавалі пра сур’ёзныя мясцовыя хваляванні, якія цягнуліся да 22-23 сакавіка.
Захад Ірландыі таксама поўніцца дзікімі пагалоскамі і легендамі, а эксцэнтрычны мастак Ардуа-Бано выстаўляе блюзнерскі «Мройны краявід» у парыжскім Вясновым салоне 1926 году. Хваляванняў жа ў лякарнях для псіхічна хворых запісана столькі, што толькі цуд мог перашкодзіць медыкам правесці паралелі і зрабіць ашаламляльныя высновы. Проста фантастычная купа выразак — адна да адной. Сёння мне цяжка нават уявіць сабе той непрабівальны рацыяналізм, праз які я адмаўляўся браць іх да ўвагі. Але тады я быў перакананы, што малады Ўілкакс загадзя ведаў пра даўнейшыя падзеі, апісаныя прафесарам.
II. Гісторыя інспектара Леграса
Ранейшыя падзеі, якія надалі сну скульптара і барэльефу такое значэнне ў вачах майго дзеда, утвараюць другую палову яго доўгага рукапісу. Аказваецца, аднойчы прафесар Энджэл ужо бачыў пякельныя абрысы гэтай безыменнай пачвары, ламаў галаву над невядомымі іерогліфамі і чуў злавесныя гукі, якія на пісьме можна перадаць хіба што як «Ктулху». 1 ўсё гэта мела такія натхняльныя і жахлівыя акалічнасці, што ён не мог перастаць распытваць і дамагацца інфармацыі ад маладога Уілкакса.
Тойвыпадакмеўмесцаў 1908 годзе, на 17 гадоўраней, калі Амерыканскае археалагічнае таварыства праводзіла ў Сэнт-Луісе штогадовае паседжанне. Прафесар Энджэл, у адпаведнасці са сваім аўтарытэтам і талентам, браў актыўны ўдзел ва ўсіх дыскусіях. I госці, якія прыехалі на з’езд, каб прасіць экспертаў даць рады розным пытанням і задачам, звярталіся ў першую чаргу да яго.
Галоўным сярод іх, а праз нейкі час і цэнтрам усеагульнай увагі зрабіўся звычайны на выгляд спадар сярэдняга ўзросту які прыехаў наўпрост з Новага Арлеана, каб атрымаць спецыфічныя дадзеныя, недаступныя дома. Яго звалі Джон Рэйманд Леграс і быў ён інспектарам паліцыі. Прычынай яго візіту стаў прадмет, які ён прынёс з сабой, — надзіва агідная і вельмі старая на выгляд каменная статуэтка, паходжанне якой яму не ўдавалася высветліць. He варта думаць, што інспектар Леграс хоць у нейкай ступені цікавіўся археалогіяй. Якраз наадварот: яго жаданне разабрацца тлумачылася чыста прафесійнымі задачамі. Статуэтка, ідал, фетыш, чым бы яна ні была, трапіла яму ў рукі колькі месяцаў таму. Гэта было сярод балоцістых лясоў на поўдзень ад Новага Арлеана, калі паліцыя ладзіла аблаву на меркаванае зборышча вудуістаў. Іх абрады былі настолькі незвычайныя і вусцішныя, што паліцыянты не маглі не зразумець: яны натрапілі на невядомы дагэтуль культ, змрочны і ў шмат разоў страшнейшы за самыя цёмныя афрыканскія супольнасці вуду. Пра яго паходжанне немагчыма было дазнацца нічога, акрамя дзіўных і неверагодных звестак, якія выцягвалі са злоўленых супольнікаў. Таму паліцыя спрабавала здабыць хоць якія гістарычныя веды, каб разабрацца з гэтай жахлівай фігуркай і праз яе адсачыць крыніцу культу.
Інспектар Леграс не быў гатовы да ўражання, якое зрабіў прынесены прадмет. Аднаго выгляду гэтай рэчы было дастаткова, каб страшэнна ўразіць навукоўцаў: яны адразу ж атачылі яго, каб пабачыць фігурку, сам дух якой, дзіўны і неймаверна старажытны, выклікаў думкі пра далёкую і не вядомую нам мінуўшчыну. Ніводная скульптурная школа не стварала такіх жудасных вобразаў, а на яго матава-зеленаватай паверхні з невядомага каменю быццам адбіліся сотні ці нават тысячы гадоў.
Фігурку пачалі нарэшце паволі перадаваць з рук у рукі, каб кожны мог уважліва агледзець яе зблізку. Яна мела цаляў сем-восем у вышыню і была зробленая надзвычай старанна. Гэта была пачвара, нечым падобная да чалавека, толькі галава ў яе была як у васьмінога, з мноствам шчупальцаў на пысе, гумовае на выгляд цела пакрывала луска, на задніх і пярэдніх нагах былі велічэзныя клюшні, а на спіне раслі доўгія вузкія крылы. Істоту быццам перапаўняла страшная, незвычайная нянавісць. Тлустая і азызлая, яна злавесна прыпала да прастакутнай глыбы ці п’едэстала, на якім сядзела. Паверхню п’едэстала пакрывалі нечытэльныя знакі. Кончыкі крылаў краналі чорны край глыбы, сядалішча было ў цэнтры, а доўгія выгнутыя клюшні сагнутых задніх лапаў трымаліся за пярэдні край і звісалі з п’едэстала на чвэрць яго вышыні. Васьміногава галава была схіленая наперад, так што канцы шчупальцаў пысы краналі тыльны бок вялізных пярэдніх лапаў, якімі істота абхапіла свае прыўзнятыя калені. Агулам яна выглядала надзіва рэалістычна, і тым болып палохала тое, што немагчыма было зразумець, хто гэта. Жахлівы, невызначальна вялікі ўзрост скульптуры не выклікаў сумневаў, але ў ёй не было нічога падоб-
нага да мастацкіх прыёмаў вядомых нам старажытных цывілізацый — зрэшты, як і любога іншага перыяду. Матэрыял скульптуры сам па сабе быў загадкай. Гладкі зеленавата-чорны камень з залатымі або вясёлкавымі крапінкамі і жылкамі не быў падобны ні да чога вядомага геалогіі ці мінералогіі. Знакі ўздоўж асновы былі не меншай таямніцай. Ніхто з прысутных спецыялістаў не мог даць ім нават самай агульнай лінгвістычнай характарыстыкі, хоць удзельнікі і валодалі паловай экспертных ведаў усяго чалавецтва ў гэтай галіне. Знакі, сам аб’ект і яго матэрыял належалі да чагось далёкага і абсалютна чужога ўсяму чалавецтву, якім мы яго ведаем, яны наводзілі на трывожныя думкі пра д’ябальскія дагістарычныя кругі жыцця, з якімі наш свет і нашае ўяўленне пра яго не маюць нічога агульнага.