Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
* Міжнароднаялініязменыдатаў—умоўнаялініянапаверхні зямнога шара, што праходзіць ад полюса да полюса, па розныя бакі ад якой мясцовы час адрозніваецца на суткі. Нідзе, апроч Антарктыды, яна не праходзіць па сушы.
У той вечар, даслаўшы паспешлівыя тэлеграмы і сабраўшыся, я развітаўся са сваім гаспадаром і сеў на цягнік да Сан-Францыска. Менш чым праз месяц я быў у Данідыне. Аднак там, як высветлілася, мала ведалі пра дзіўных сектантаў, што часта бывалі ў старых марскіх тавернах. Занадта шмат было разнастайных партовых нягоднікаў, каб ім надавалі асаблівую ўвагу. Праўда, хадзілі чуткі пра вандроўкі, у якія тыя мяшанцы выпраўляліся, і тады з далёкіх пагоркаў чуўся слабы грукат і можна было ўбачыць чырвонае зарыва. У Оклендзе я даведаўся, што Ёхансэн, які раней быў бландынам, вярнуўся дадому пасля няскончанага папярэдняга допыту ў Сіднэі сівым, потым прадаў катэдж на Уэст-стрыт і паплыў з жонкай у свой стары дом у Осла. Сябрам пра свае незвычайныя прыгоды ён расказаў не больш, чым суду, і ўсё, чым яны маглі мне дапамагчы, — гэта даць ягоны адрас у Осла.
Пасля я паехаўу Сіднэй, дзе бясплённа распытваў маракоў і чальцоў марскога суда. У раёне Серк’елэрКі ў сіднэйскай бухце я ўбачыў «Алерт», які прадалі для камерцыйнага выкарыстання, але ў яго грузе не было нічога цікавага для мяне. Скульптурная істота з галавой каракаціцы, целам дракона і лускаватымі крыламі, якая прыпадае да п’едэстала, пакрытага іерогліфамі, захоўвалася ў музеі ў Гайд-парку. Я доўга і старанна вывучаў яе і пераканаўся, што яна выкананая з майстэрствам, якое перадае надзвычайную злавеснасць. Гэта рэч надзвычай таямнічая, жахліва старажытная і зробленая з дзіўнага, незямнога матэрыялу, які я бачыў і ў меншым экзэмпляры Леграса. Захавальнік музея сказаў мне, што геолагі не змаглі даць яму рады. Яны кляліся, што нідзе на зямлі няма такой пароды. Тут я з дрыготкай успомніў, як стары
Кастра казаў Леграсу пра Старцаў: «Яны прыйшлі з зор і прынеслі адтуль Свае статуі».
Узрушаны ідэяй, якая ніколі да гэтага не прыходзіла мне ў галаву, я вырашыў наведаць Ехансэна ў Осла. Плывучы ў Лондан, я адразу перасеў на судна да сталіцы Нарвегіі і асеннім днём высадзіўся ў дагледжаных верфях у засені пагорка Экеберг. Я даведаўся, што Ехансэн жыве ў Старым горадзе караля Харальда Суворага*, якое захоўвала імя Осла ўсе тыя стагоддзі, пакуль большы горад насіў імя Хрысціянія. Я праехаў крыху ў таксоўцы, і маё сэрца моцна закалацілася, калі я пагрукаў у дзверы ахайнага старасвецкага будынка з атынкаваным фасадам. Мне адчыніла сумная жанчына ў чорным, і я адчуў укол расчаравання, калі на ламанай ангельскай яна адказала, што Густава Ехансэна болын няма.
Пасля вяртання ён пражыў нядоўга, сказала жонка, бо тое, што здарылася ў моры ў 1925 годзе, зламала яго. Ён расказаў ёй не больш, чым усім іншым, але пакінуў доўгі рукапіс — пра «тэхнічныя пытанні», як ён сказаў ёй, — напісаны па-ангельску, відавочна, каб яна не змагла выпадкова яго прачытаць. Аднойчы, калі ён ішоў вузкім завулкам ля Гётэборгскага дока, звязка паперы ўпала з акна аднаго гарышча і збіла яго з ног. Два матросы-індусы адразу дапамаглі яму падняцца, але ён памёр раней, чым паспела прыехаць хуткая. Медыкі не выявілі праўдападобнай прычыны смерці і спісалі яе на хворае сэрца і целасклад. Я ўжо адчуваў, як мае жыццёва важныя органы раз’ядае цёмны жах, што ўжо не пакіне мяне, пакульятаксаманезагіну—«выпадкова» ці не.
* Харальд III Суворы (каля 1015-1066) — кароль Нарвегіі з 1046 па 1066 год.
Я пераканаў удаву, што нашыя з яе мужам дачыненні ў «тэхнічных пытаннях» былі дастаткова значныя, каб я меў права на яго рукапіс, забраў дакумент і пачаў чытаць яго ў караблі на Лондан.
Рукапіс быў просты і бязладны — плён намаганняў праставатага марака апісаць мінулыя падзеі, спроба дзень за днём узнавіць тое жудаснае апошняе падарожжа. Я не буду перадаваць яго слова ў слова, з усёй няяснасцю і паўтарэннямі, але перакажу сутнасць так, каб можна было зразумець, чаму ўдары хваляў аб барты сталі для мяне такімі невыноснымі, што давялося заткнуць вушы ватай. Дзякуй Богу, усяго Ёхансэн не ведаў, нягледзячы нават натое, што ён бачыў і горад, і Істоту. Але мне ўжо ніколі не заснуць спакойна — варта толькі згадаць жахі, якія схаваліся ад жыцця ў часе і прасторы, і чартаўшчыну, што прыляцела са старажытных зор і цяпер спачывае на марскім дне. Яе ведае і шануе толькі кашмарны культ, заўсёды гатовы выггусціць яе ў свет, як толькі чарговы землятрус зноў узніме пачварны каменны горад да святла і паветра.
Падарожжа Ёхансэна пачалося менавіта так, як ён расказаў у віцэ-адміралтэйстве. «Эма», гружаная баластам, пакінула Окленд 20 лютага і адчула на сабе ўсю моц буры, якую выклікаў землятрус. Відавочна, ён узняў з дна і жахі, што перапоўнілі сны людзей. Калі карабель зноў пачаў слухацца штурвала, то ўпэўнена працягнуў рух, але 22 траўня яго раптам спыніў «Алерт», і я мог адчуць, як памочнік капітана шкадуе пра абстрэл і патапленне карабля. Пра смуглых паганцаў з каманды яхты ён кажа з сапраўдным жахам. У іх было нешта асабліва агіднае, ад чаго неабходнасць знішчыць іх здавалася амаль абавязкам, і Ёхансэн шчыра здзіўляецца таму,
з якой лютасцю яго дапытвалі ў судзе. Далей іх павяла цікаўнасць. Экіпаж з Ехансэнам на чале захопленай яхты заўважае вялізную каменную калону, якая вытыркаецца з мора на 47°9’ паўднёвай шыраты і 123°43’ заходняй даўгаты. Яны падыходзяць да берагавой лініі, пакрытай мешанінай з гразі ды ціны з цыклапічнай муроўкай, зарослай травой, — і гэта не можа быць нічым іншым, толькі ўвасабленнем найбольшага зямнога жаху: кашмарны мёртвы горад Р’льех, пабудаваны ў бясконцыя эпохі да пачатку гісторыі вялізнымі агіднымі істотамі, што прасачыліся сюды з далёкіх зор. Там ляжаў вялікі Ктулху і яго полчышчы. Схаваныя ў зялёных слізкіх склепах, яны ўрэшце, пасля многіх вякоў, пачалі пасылаць у навакольны свет думкі, якія сеюць страх у снах уражлівых людзей. Яны ўладарна клікалі верных прыйсці на паломніцтва дзеля вызвалення і аднаўлення мінулага. Ехансэн не падазраваў гэтага, але Бог сведка, у хуткім часе ён пабачыў дастаткова!
Мяркую, над вадой узнялася толькі вяршыня, усяго адна вянчаная жахлівай глыбай крэпасць, у якой пахаваны вялікі Ктулху. Варта мне толькі падумаць пра частку, што заставалася пад вадой, — і я гатовы неадкладна сябе забіць. Ехансэн і яго каманда перапоўніліся страхам перад касмічнай веліччу гэтага прамоклага Вавілона старажытных дэманаў і, мусіць, без падказкі зразумелі, што ў ім няма нічога ні ад гэтай, ні ад любой іншай здаровай планеты. Жах перад неверагоднымі памерамі зелянявых каменных блокаў, галавакружнай вышынёй гіганцкай разьблёнай глыбы і ашаламляльным падабенствам каласальных статуй і барэльефаў да дзіўнай скульптуры, якую яны знайшлі ў рацы на «Алерце», жыва адчуваюцца ў кожным радку таго, што ў страху запісаў памочнік капітана.
He ведаючы нічога пра футурызм, Ёхансэн дасягнуў нечага вельмі блізкага, пішучы пра горад. Замест апісання яго канкрэтнага плану або архітэктуры ён зноў і зноў апісвае свой шок ад шырокіх кутоў і каменных паверхняў, якія ён бачыў, — занадта вялікіх, каб лічыцца нечым нармальным ці прымальным на гэтай планеце, і пакрытых д’ябальскімі выявамі і іерогліфамі. Я надаю ўвагу апісанню кутоў, бо гэта перагукваецца з тым, што Уілкакс апавядаў пра свае жудасныя сны. Ён казаў, што геаметрыя ў тым месцы, якое яму снілася, была ненатуральнай, неэўклідавай і наводзіла на моташныя думкі пра прасторы і вымярэнні, чужыя гэтаму свету. Вось і неадукаваны марак адчуваў тое самае, назіраючы за жахлівай рэальнасцю навокал.
Ёхансэн і яго каманда высадзіліся на пахілы брудны бераг гэтага пачварнага акропаля і, саслізгваючы, пачалі караскацца на вялізныя вогкія глыбы, складзеныя ў нечалавечыя прыступкі. Само сонца на небе здавалася перакрыўленым, калі на яго глядзець скрозь выпарэнні, што струменіліся з гэтай набрынялай марской вадой вычварнай зямлі, так яны яго сказілі. Незразумелае пачуццё небяспекі і пагрозы таілася ў тых па-вар’яцку няўлоўных кутах пасечанай скалы, у якой кожны наступны позірк знаходзіў увагнутасць там, дзе з першага позірку бачылася выпукласць.
Нешта вельмі блізкае да страху ахапіла ўсіх даследнікаў, перш чым яны разгледзелі нешта апрача скалы, вільгаці і водарасцяў. Кожны з іх тут жа кінуўся б наўцёкі, калі б не баяўся пагарды астатніх, і яны толькі нерашуча іпукалі — дарэмна, як высветлілася — які-кольвек сувенір, які можна было б узяць з сабой.
Партугалец Радрыгеш быў першым, хто ўзлез на падножжа глыбы і закрычаў, што нешта знайшоў. Астатнія палезлі за ім і пачалі цікаўна разглядаць неабсяжныя высечаныя дзверы з выразаным на іх ужо знаёмым кальмара-драконам. Ехансэн напісаў, што дзверы нагадвалі свірнавыя вароты. Усе адчувалі, што гэта дзверы, дзякуючы іх багата аздобленым вершніку, парогу і вушакам, хоць і не маглі зразумець, ляжалі яны гарызантальна, як люк, ці пахіла, як вонкавыя дзверы склепа. Як і казаў Уілкакс, геаметрыя тут была зусім не натуральная. Нельга было зразумець нават, ці гарызантальная паверхня мора і зямлі, а адноснае становішча кожнага прадмета здавалася пераменлівым.
Брайдэн бясплённа штурхнуў камень у некалькіх месцах. Тады Донаван асцярожна абмацаў яго з бакоў, па чарзе ў кожным пункце, ідучы ўздоўж. Ён усё ўздымаўся па гратэскнай каменнай цвілі — у тым сэнсе, што гэта можна было б назваць пад’ёмам, калі б паверхня не была гарызантальнай, — і ніхто не разумеў, як у свеце могуць існаваць такія вялізныя дзверы. Затым, вельмі мякка і павольна, вяршнік уверсе памерам з акр пачаў падавацца ўсярэдзіну, і яны ўбачылі, што ён ураўнаважаны ўнізе. Донаван прашмыгнуў ці нейкім чынам прапхнуў сябе ўздоўж вушака, уніз ці гарызантальна, і вярнуўся да сяброў, а ўсе назіралі дзіўнае аддаленне партала з пачварнай разьбой. У гэтай прыхамаці прызматычнага скажэння выглядала, быццам ён дзіўна рухаецца па дыяганалі, так што законы фізікі і перспектыва здаваліся парушанымі.
Праём зеўраў амаль матэрыяльнай цемрай. Змрок насамрэч меў аб’ём, бо засланяў і тыя часткі ўнутраных сценаў, што мусілі быць асветленымі.
Ён вырываўся, як дым, са свайго вечнага зняволення, заўважна зацямняючы сонца, крадучыся ў зморшчанае і згорбленае неба ўзмахамі перапончатых крылаў. Пах, які распаўсюджваўся з наноў раскрытых глыбіняў, быў нясцерпны, а Хокінсу, у якога быў добры слых, здалося, што ён чуе ўнізе агіднае хлюпанне. Усе прыслухаліся. Яны ўсё яшчэ нерухома прыслухоўваліся, калі Яно няўклюдна, сцякаючы сліззю, з’явілася перад імі і навобмацак праціснула Сваё студзяністае зялёнае неабсяжнае цела скрозь чорны дзвярны праём на сапсаванае паветра гэтага атрутнага вар’яцкага горада.