Кліч Ктулху  Говард Філіпс Лаўкрафт

Кліч Ктулху

Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
59.76 МБ
Павярнуўшы ў нейкі пустынны завулак — бадай, найстарэйшы і найбруднейшы з усіх, што я бачыў у сваім жыцці, — мы доўга крочылі ўздоўж струхлелых будынін з раскрышанымі франтонамі, маленькімі акенцамі з выбітымі шыбамі і старасвецкімі напаўразваленымі комінамі, якія рэзка вылучаліся на фоне начнога неба, залітага месячным святлом. Мяркую, тут не было ніводнага дома, пабудаванага пазней за часы Котана Мэзера, — прынамсі, я ўгледзеў не менш чым два будынкі з характэрнымі выступамі-навесамі, а аднойчы мне нават падалося, што дзесьці мільгануў спічасты дах у архаічным, амаль забытым ужо стылі, хаця любы знаўца даўніны запэўніў бы вас, што такога кшталту будынкаў у Бостане не захавалася.
Мінуўшы кепска асветлены завулак, мы павярнулі налева і апынуліся на вузенькай зацішнай вулачцы, дзе не было наогул ніводнага ліхтара, а праз хвіліну зрабілі яшчэ адзін паварот — пад тупым вуглом, направа, у цемру. Неўзабаве Пікман запаліў ліхтарык, і прамень святла вырваў з цемрадзі дапатопныя дзверы з драўлянымі панэлямі, дашчэнту з’едзенымі чарвякамі. Адамкнуўшы замок, ён пусціў мяне ў пустынны калідор, які калісьці быў абшаляваны шыкоўнымі дубовымі панэлямі, — просты стыль,
што абуджаў узрушальныя ўспаміны пра часы Эндраса*, Фіпса** і вядзьмарства. Потым Пікман правёў мяне ў пакойчык за зачыненымі дзвярыма злева па калідоры, запаліў масленую лямпу і прапанаваў пачувацца як дома.
Вы ведаеце, Эліят, я не з тых людзей, каго называюць баязліўцамі, але прызнаюся шчыра: тое, што я ўбачыў на сценах пакоя, прымусіла мяне зніякавець. Яго карціны... ведаеце, якія ён не мог не тое што маляваць, але нават паказваць публіцы на Ньюберы-стрыт... чорт вазьмі, ён меў рацыю, сказаўшы, што «пасвавольнічаў»! Давайце вып’ем яшчэ па кілішку, мне гэта не зашкодзіць!
He буду нават спрабаваць растлумачыць вам, што гэта былі за карціны. Ад іх ішоў такі жудасны, такі блюзнерскі жах, кожная іх рысачка поўнілася такой невыноснай мярзотай і маральным заняпадам, што мне бракуе словаў, каб усё гэта апісаць. Там не было ні экзатычнай мастацкай тэхнікі, як у Сідні Сайма, ні сатурніянскіх пейзажаў ці іншапланетных фунгоідаў як на вусцішных палотнах Кларка Эштана Сміта. Фонам служылі галоўным чынам старыя цвінтары, лясныя гушчары, скалы на беразе мора, цагляныя тунэлі, старасвецкія абшаляваныя пакоі альбо проста каменныя скляпенні. Могілкі на пагорку Копа, якія знаходзіліся, відаць, усяго за некалькі кварталаў адтуль, былі яго ўлюбёнай сцэнай дзеяння.
* Сэр Эдмунд Эндрас (1637-1714) — ангельскі каланіяльны губернатар Амерыкі, апошні губернатар Дамініёна Новая Англія.
** СэрУільямФіпс(1651-1695)—амерыканскісуднабудаўнік, мараплавец, шукальнік скарбаў, палітычны дзеяч і першы губернатар правінцыі Масачусэтс-Бэй, якая ўзнікла на месцы Дамініёна Новая Англія. Менавіта пры ім праіішоў вядомы судовы працэс над салемскімі вядзьмаркамі.
Што да істотаў, намаляваных на пярэднім плане, то яны быліўвасабленнем выродлівасці і вар’яцтва— вы памятаеце, хваравіты талент Пікмана выяўляўся перадусім у гратэскавым партрэце. Некаторыя з гэтых істотаў выглядалі амаль як людзі, але большасць з іх нагадвала людзей толькі ў той ці іншай ступені. Яны былі двухногія, гэтыя стварэнні, з няўклюднымі, агідна прыгорбленымі постацямі, аў іхных рысах прысутнічала штосьці сабачае. Іх скура мелабрыдкую тэкстуру—накшталтгумы. Чорт! Яны зноўу мяне перад вачыма! Іх заняткі... о, прашу вас, не пытайце мяне падрабязна. Яны, як правіла, елі — не буду тлумачыць, што. Часам яны сядзелі купкамі на могілках альбо ў падземных пераходах, а часам біліся за сваю жудасную здабычу, выцягнутую з зямлі. А якую д’ябальскую экспрэсіўнасць Пікман надаваў гэтым блюзнерскім абліччам! На некаторых карцінах ён паказаў, як стварэнні заскокваюць у вокны дамоў уначы альбо, пасеўшы на грудзях людзей, якія спяць, раздзіраюць ім глоткі. На адным палатне яны кружком сядзелі пад шыбеніцай на ўзгорку Шыбенікаў і вылі на павешаную ведзьму, чый мёртвы твар меў выразнае падабенства з іхнымі.
Але не думайце, што гэта агідная тэматыка ці антураж уразілі мяне да непрытомнасці. Я не трохгадовае дзіця, я на сваім веку пабачыў усякае. Твары, Эліят, гэтыя праклятыя твары, якія пазіралі на мяне з палотнаў, хмыліліся, шчэрыліся — і проста дыхалі жыццём! Клянуся Богам, сябра мой, у той момант я амаль паверыў, што яны сапраўдныя\ Пікман, гэты вядзьмак, прымусіў пекла ўцялесніцца ў фарбах, адным дотыкам пэндзля ствараючы кашмары. Дайце мне графін, Эліят!
Была там адна карціна пад назвай «Настаўленне моладзі»... не дай мне Бог яшчэ калі-небудзь такое ўбачыць! Слухайце, вы можаце ўявіць сабакападобных істот, якія паселі на кукішках пасярод цвінтара наўкруг маленькага хлопчыка і цярпліва тлумачаць яму, як трэба есці тое, што ядуць яны? Падменыш... мяркую—вы ж чулі старыя паданні аб нячысціках, якія выкрадаюць немаўлят з калыскі і пакідаюць наўзамен сваіх вырадкаў? Пікман паказаў у што ператвараюцца такія выкрадзеныя дзеці і як іх выхоўваюць, — і неўзабаве я разгледзеў гнюснае падабенства ў абліччах чалавечых істот і гэтых стварэнняў. Паміж людзьмі і пачварамі існавала відавочная сувязь — ён са з’едлівай іроніяй прадэманстраваў усе стадыі гэтай паталагічнай эвалюцыі — дакладней, выраджэння. Сабакападобныя істоты паходзілі ад людзей!
Толькі я спытаў сябе, што ж атрымліваецца з іхных вырадкаў, якіх яны падкідваюць людзям, як мне на вочы трапіла карціна, на якой было паказанае менавіта тое, пра што я падумаў. Гэта было старасвецкае жытло пурытаніна з масіўнымі бэлькамі пад столлю, закратаванымі вокнамі, важкімі лавамі і нязграбнай мэбляй сямнаццатага стагоддзя. Уся сям’я паважна сядзела ўкруг стала, а бацька чытаў уголас з Бібліі. На ўсіх тварах адлюстроўвалася найвышэйшая пашана і высакароднасць — апроч аднаго перакрыўленага ў сатанінскай ухмылцы твару маладога чалавека, які відавочна быў сынам гэтага набожнага бацькі, аднак пры гэтым не ўзнікала сумневаў што ён з роду нячысцікаў. Гэта і быў падкідыш — і Пікман з уласцівым яму сарказмам надаў рысам ягонага твару выразнае падабенства са сваімі.
Потым Пікман запаліў лямпу ў суседнім пакоі і, ветла прачыніўшы перада мною дзверы, запрасіў
зірнуць на яго палотны «сучаснай тэматыкі». Я быў не ў стане падзяліцца з ім уражаннямі ад убачанага, бо ў мяне проста заняло мову ад жудасці і агіды, і я мяркую, што ён гэта зразумеў і пачуваўся з гэтай нагоды надзвычай задаволеным. Запэўніваю вас, Эліят, я не такі спешчаны, каб крычаць ад спалоху, угледзеўшы нешта, што выходзіць за межы паўсядзённасці. Чалавек я ўжо немалады і даволі дасведчаны, мы з вамі разам служылі ў Францыі, і вы ведаеце, што мяне не так проста выбіць з каляіны. Памятайце таксама, што я прызвычаіўся да страшных карцін, на якіх каланіяльная Новая Англія паўстае ў вобразе гэткага пекла на зямлі, і магу глядзець на іх без дрыжыкаў. Аднак зазірнуўшы ў суседні пакой, я не здолеў стрымаць крык жаху і змушаны быў ухапіцца за дзвярны праём, каб не ўпасці. 3 глыбіні пакоя на мяне вышчарылася цэлая зграя вупыроўі ведзьмаў—тагасветная жудасць са змрочных легенд нашых продкаў, што ўварвалася проста ў нашую штодзённую рэчаіснасць!
Бог мой, як гэты чалавек мог маляваць! Там быў эцюд пад назвай «Няшчасны выпадак у метро», на якім цэлыя чароды агідных стварэнняў караскаліся ўверх з невядомых катакомбаў праз расколіну ў падлозе на станцыі метро «Бойлстан-стрыт» і кідаліся на людзей на платформе. На другім былі паказаныя іхныя скокі сярод надмагілляў на фоне сучасных могілак на ўзгорку Копа. Бачыў я там і палотны з выявамі падвалаў: пачвары паўзлі праз адтуліны і расколіны ў мурах, хаваліся за бочкамі або печамі і, хмылячыся, пільнавалі лесвіцы, чакаючы ахвяру.
Адна асабліва агідная карціна адлюстроўвала пагорак Бікан у папярочным разрэзе: там, унізе,
цэлыя войскі паскудных стварэнняў шнырылі, нібы ў мурашніку, па вузкіх норах, якія літаральна зрашэчвалі зямлю. Сцэны скокаў на сучасных могілках паўтараліся даволі часта, але адзін сюжэт чамусьці шакаваў мяне больш за ўсе астатнія: у якімсьці невядомым сутарэнні мноства пачвар тоўпілася вакол адной, якая трымала ў кіпцюрах вядомы пуцяводнік па Бостане і, відавочна, чытала яго ўголас. Усе яны паказвалі на нейкае месца на мапе, і твары іх крывіліся ў параксізме вар’яцкага рогату — мне падалося нават, быццам я чую яго водгулле. Карціна мела назву «Холмс, Лоўэл і Лангфэла спачываюць на могілках Маўнт-Оберн».
Спакваля я трохі прыцярпеўся да гэтага шабасу чартаўшчыны і вар’яцтва, і калі да мяне вярнулася здольнасць разважаць, паспрабаваў прааналізаваць свае пачуцці. Перадусім, сказаў я сабе, усе гэтыя палотны выклікаюць гідлівасць, бо сведчаць пра крайнюю нялюдскасць і цынічную жорсткасць стваральніка. Пікманмусіўбыцьлютымворагамусяму чалавецтву, каб атрымліваць такую непрыхаваную асалоду ад сцэнаў здзеку з розуму, плоці і самой сутнасці чалавечай прыроды. Яшчэ яны абуджаюць непадробны жах, бо выкананыя бездакорна. Гэта быў той кшталт мастацтва, які пераконвае: калі мы глядзім на карціну, то бачым на ёй уцелаўлёных дэманаў і сапраўды адчуваем страх перад імі. Дзіўным было тое, што Пікман дамагаўся такога эфекту без выкарыстання нейкіх вычварных тэхнік і мастацкіх вынаходстваў. Тут не было ні размытых сілуэтаў, ні скажоных прапорцый, ніякай абстракцыі — толькі выразныя лініі, быццам узятыя з самога жыцця, кожная дробязь была прамаляваная з амаль хваравітай дбайнасцю. А гэтыя твары!
Toe было не мастацкае бачанне рэчаіснасці, але сама апраметная, паказаная неперадузята і з крыштальнай дакладнасцю. Клянуся вам, дружа! Гэты чалавек не быў рамантычным летуценнікам, ён не імкнуўся занурыць гледача ў стракаты і вірлівы свет эфемерных мрояў, а з халодным сарказмам адлюстроўваў нейкі ўстойлівы, механістычны, строга ўпарадкаваны сусвет жахаў, які ён бачыў выразна і ва ўсіх падрабязнасцях, стоячы да яго тварам і сузіраючы без усякага страху. Адзін Бог ведае, што гэта быў за сусвет, у якім ён угледзеў усіх тых блюзнерскіх стварэнняў, якія скакалі, гайсалі, поўзалі, але дзе б ні знаходзілася неспасціжная крыніца ягоных вобразаў, зразумела адно: з гледзішча і канцэпцыі, і тэхнікі выканання — руплівай, бездакорнай, амаль па-навуковаму дасканалай — Пікман быў у поўным сэнсе слова рэалістам.