Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
Почырк гаротнага Ёхансэна страціў амаль усю сваю сілу, калі ён пісаў пра гэта. На яго думку, з шасці чалавек, якія так і не вярнуліся на карабель, двое памерлі ад аднаго толькі страху ў гэтую праклятую хвіліну. Апісаць тую Істоту немагчыма — не існуе мовы для такога першабытна-бязладнага віску і дагістарычнага шаленства, такога звышнатуральнага бунту супраць усяго зямнога: матэрыі, сілаў і касмічнага парадку. Спатыкаючыся, наперад рухалася гара. Божухна! He дзіва, што ў той самы момант у адным канцы свету звар’яцеў архітэктар, а ў іншым бедны Ўілкакс трызніўу ліхаманцы. Правобраз ідалаў, зялёнае ліпкае спараджэнне зор прачнулася, каб запатрабаваць належнае. Зоры зноў занялі свае месцы, і тое, чаго старадаўні культ не здолеў зрабіць па задумцы, выпадкова зрабіла простая каманда маракоў. Праз вігінтыльёны гадоў вялікі Ктулху быў зноў на волі і з радасцю шукаў пажывы.
Азызлыя клюшні падхапілі ўгору трох, перш чым хто паспеў азірнуцца. Хай Госпад супакоіць іх душы, калі хоць недзе ў сусвеце існуе спакой. Гэта былі Донаван, Герэра і Энгстрэм. Паркер паслізнуўся,
а іншыя шалёна панесліся па бясконцых прасторах скалы, пакрытай зялёнай карой, да лодкі, і Ехансэн клянецца, што Паркера праглынуў мураваны кут, якога на тым месцы не мусіла быць, кут, які быў вострым, але ў рэальнасці павёў сябе як тупы. Такім чынам, толькі Брайдэн і Ехансэн дабраліся да лодкі і пачалі адчайна веславаць да «Алерта», калі велічэзная пачвара пляснулася на слізкае каменне і замарудзіла, валтузячыся на краі вады.
Рухавік канчаткова не спынялі, хоць усе матросы і сышлі на бераг, таму спатрэбілася якая хвіліна, каб у ліхаманкавай беганіне паміж штурвалам і маторамі падрыхтаваць «Алерт» да дарогі. Паволі, сярод скажонага жаху гэтай неапісальнай сцэны, ён пачаў пеніць смяротныя воды, а на муроўцы жудаснага незямнога берага гіганцкая Істота з зор сцякала слінай і крычала, як Паліфем, праклінаючы карабель Адысея, што ратаваўся ўцёкамі. Тады вялікі Ктулху, таўсцейшы за славутага цыклопа, грузна саслізнуў у ваду і, уздымаючы хвалі вялізнымі грабкамі незямной сілы, выправіўся ў пагоню. Брайдэн азірнуўся і звар’яцеў. Ен пачаў пранізліва смяяцца і так і смяяўся, часам спыняючыся, пакуль смерць не знайшла яго аднае ночы ў кабіне, у той час як Ехансэн бадзяўся ў трызненні.
Але Ёхансэн не здаваўся. Разумеючы, што Істота можа нагнаць «Алерт», пакуль рухавік не набраў абароты, ён у роспачы наважыўся на адзіны шанец і, перавёўшы рухавік на максімальную хуткасць, вокамгненна пабег на палубу і павярнуў штурвал у адваротны бок. У смярдзючай салёнай вадзе ўтварыўся моцны пеністы вір, і пакуль рухавік набіраўусё большыя абароты, адважны нарвежац кіраваў сваё судна наперад да гары жэле, што ўздымалася над бруд-
най пенай, як карма карабля з прывідамі. Жахлівае кальмарагаловае стварэнне са звілістымі шчупальцамі амаль наблізілася да бушпрыта мужнай яхты, але Ёхансэн не адступаў. Адбыўся выбух, як ад лопання ггухіра, паляцела агідная слота, як з разарванай месяц-рыбы, у нос ударыў смурод, як з тысячы адкрытых магіл, і пачуўся гук, які хранікёр не здолеў апісаць. На хвіліну карабель заблытаўся ў едкім і сляпучым зялёным воблаку, а пасля засталася толькі атрутная пена на карме, дзе — сілы нябесныя! — расцярушанае пластычнае рэчыва таго безыменнага спараджэння нябёсаў незразумелым чынам зноў уз’ядноўвалася ў сваю ненавісную першапачатковую форму. Адлегласць жа расла з кожнай секундай, пакуль «Алерт» разганяў рухавік, набіраючы абароты.
Вось і ўсё. Пасля гэтага Ёхансэн думаў пра ідала ў кабіне ды рупіўся выключна пра ежу для сябе і вар’ята побач, які не мог перастаць смяяцца. Пасля першых дзёрзкіх уцёкаў Ёхансэн ужо не спрабаваў кіраваць караблём, бо тады нешта памерла ў яго душы. Пасля пачаўся шторм 2 красавіка, і над яго свядомасцю сабраліся хмары. У гэтым было адчуванне прывіднага кручэння ў празрыстых вірах бязмежнасці, галавакружных вандровак скрозь спіралі сусветаў на хвасце каметы і панічных скокаў з бездані на месяц, а з месяца назад у бездань — і ўсё ажыўлялася рогатам перакрыўленых, вясёлых, скажоных багоў і зялёнай кажанакрылай насмешлівай нечысці з апраметнай.
3 гэтага сну прыйшло ўратаванне — «Віджылент», адміралтэйскі суд, вуліцы Данідына і доўгае падарожжа назад да старога дома ля Экебергу. Расказаць ён гэтага не мог — яго б палічылі вар’ятам. Ён напіша пра тое, што ведае, перад тым як яго забярэ смерць,
але так, каб жонка не змагла прачытаць. Смерць будзе шчасцем, калі толькі зможа сцерці ўспаміны.
Такім быў дакумент, які я прачытаў і змясціў у бляшаную скрыню побач з барэльефам і паперамі прафесара Энджэла. Да гэтага мусілі далучыцца мае запісы — выпрабаванне для майго псіхічнага здароўя. У іх я аб’яднаю тое, што, спадзяюся, болып не аб’яднае ніхто і ніколі. Я зірнуў на ўсё, ад чаго сусвет мусіць быць у жаху, і нават вясенняе неба і летнія кветкі цяпер заўсёды будуць мне атрутай. Але я не думаю, што пражыву доўга. Як сышоў мой дзед, як сышоў гаротны Ехансэн, так сыду і я. Я зашмат ведаю, а культ па-ранейшаму жыве.
Мяркую, Ктулху дасёння жыве ў тым самым каменным праломе, які хаваў яго яшчэ тады, калі сонца было юным. Ягоны пракляты горад зноў затануў, бо «Віджылент» вяртаўся да таго месца і пасля красавіцкага шторму, але ягоныя зямныя слугі ў закінутых мясцінах па-ранейшаму гыркаюць, скачуць і чыняць забойствы вакол ідалаў, узнятых на каменныя глыбы. Яго відавочна спыніла глыбіня чорнай прорвы, у якую ён праваліўся, а іначай увесь свет ужо ахапіў бы лямант, поўны страху і шаленства. Каму вядома, што будзе ў канцы? Усё, што ўзнялося на паверхню, можа патануць, а што патанула, можа зноў узняцца. Гэтае паскудства спіць і чакае свайго часу на глыбіні, а людскія гарады разбураюцца і занепадаюць. Яшчэ прыйдзе час... але я не павінен і не магу думаць пра гэта! Я малюся, каб, калі я не перажыву гэтага рукапісу, мае павернікі прыслухаліся да голасу асцярожнасці, а не бравады, і паклапаціліся, каб ён нікому не трапіў на вочы.
Пераклаў Павел Донаў
НАТУРШЧЫК ПІКМАНА
He трэба лічыць мяне шаленцам, Эліят, у іншых забабоны яшчэ больш дзіўныя, чым мае. Вы ж не станеце смяяцца з дзядулі Олівера, які баіцца ездзіць на аўтамабілі? Вось і я недалюбліваю чортава метро, і гэта, урэшце, мая асабістая справа. Пагадзіцеся, на таксі мы дабраліся сюды значна хутчэй, і нам не давялося цягнуцца ўгору ажно ад Парк-стрыт.
Я, пэўна, выглядаю больш знерваваным, чым год таму, калі мы з вамі бачыліся апошні раз, але не трэба думаць, што я звар’яцеў канчаткова. Хаця, Бог сведка, я сам здзіўлены, што не з’ехаў з глузду пасля ўсяго, што адбылося тады. Бачу, вы ўжо гатовы ўчыніць мне допыт трэцяй ступені, ледзь не допыт з катаваннямі, хаця, помніцца, раней вы не былі такім цікаўным.
Ну што ж, калі вы мусіце ведаць, то чаму б мне не расказаць. Магчыма, вы маеце на гэта права, вы ж так настойліва пісалі мне, нібы засмучаны бацька, калі да вас дайшлі весткі, што я збег з Клуба мастацтваў і пачаў трымацца далей ад Пікмана. Цяпер, калі ён знік, я пачаў раз-пораз зазіраць у клуб, аднак мае нервы ўжо нікуды не вартыя...
He, я не ведаю, што сталася з Пікманам, і, шчыра кажучы, ведаць не хачу. Вы, магчыма, падазраяце, што я тое-сёе ўтаіў ад паліцыі. Гэта праўда, і менавіта з гэтай прычыны я развітаўся з Пікманам, а цяпер не хачу і думаць, куды ён падзеўся. Няхай гэтым
займаюцца паліцыянты, хаця здаецца мне, што знойдуць яны няшмат, мяркуючы па тым, што яны аж дагэтуль не выявілі, што ён пад імем Петэрс арандаваў будынак у Норт-Эндзе. Я не ўпэўнены, што сам здолеў бы адшукаць яго зноў, нават удзень. Зрэшты, я і не збіраюся яго шукаць. Так, я ведаю, дакладней, баюся, што ведаю, для чаго яму спатрэбіўся гэты дом. Добра, добра, раскажу вам пра ўсё. I, мяркую, вы зразумееце, раней нават, чым я скончу аповед, чаму я не звяртаюся ў паліцыю. Яны б запатрабавалі, каб я паказаў ім той будынак, а я б нізавошта не здолеў туды вярнуцца, нават калі б ведаў дарогу. Тое, што я там убачыў, напалохала мяне не на жарт, і цяпер я не магу карыстацца метро, а яшчэ (можаце з мяне смяяцца, калі жадаеце) баюся спускацца ў сутарэнні.
Спадзяюся, вы разумееце, што я пакінуў Пікмана зусім не з той жа бязглуздай прычыны, што гэтыя старыя дурныя бабы — доктар Рэйд, або Джо Міно, або гэты Босварт. Паталагічнае мастацтва мяне не шакуе, і я лічу за гонар стасавацца з такім чалавекам, як Пікман — выбітным мастаком, геніем, незалежна ад таго, у якім кірунку ён працуе. Так, Бостан яшчэ не ведаў мастака, роўнага Рычарду Аптану Пікману. Я казаў гэта раней, кажу і цяпер, і мой пункт гледжання не змяніўся ні на цалю з таго самага дня, калі ён паказаў нам сваю «Бяседу вупыра». Калі памятаеце, менавіта пасля гэтага Міно разарваў з ім адносіны.
Вы ведаеце, што неабходна мець выбітны талент мастака і глыбокае разуменне прыроды, каб ствараць шэдэўры, як гэта рабіў Пікман. Любы малявальшчык з якога-небудзь таннага часопіса можа наплюхаць фарбы на паперу і назваць сваю мазаніну «жахлівай мрояй», альбо «шабасам ведзьмаў», альбо
«партрэтам д’ябла», але толькі вялікі мастак здольны ствараць рэчы, якія будуць выглядаць праўдзівымі і выклікаць непадробны жах. Таму што толькі сапраўдны мастак разумее рэальную анатомію страху і фізіялогію жахлівага, чуйна ўлоўліваючы тыя спалучэнні ліній і прапорцый, у якіх увасабляюцца нашыя схаваныя інстынкты і спадчынныя ўспаміны аб вусцішным, і слушна падбіраючы каляровыя кантрасты і светлавыя эфекты, якія абуджаюць у нас, гледачах, пачуццё страху і жудасці. Пагадзіцеся, карціны Фюслі* выклікаюць дрыжыкі, у той час як размаляваная вокладка якой-небудзь кніжкі пра вампіраў проста прымушае смяяцца. Яны штосьці бачаць, усе гэтыя хлопцы, штосьці па-за межамі жыцця, і яны здольныя зрабіць так, каб мы таксама гэтаўбачылі, хаця б на адно імгненне. Дарэ** гэтаўмеў, і Сайм таксама, і Ангарола з Чыкага на гэта здольны. Пікман гэта ўмеў як ніхто іншы да яго, і дай Божа, каб ён быў’ апошні ў сваім родзе.
He пытайцеся ў мяне, як яны гэта робяць. Вы ведаеце, у чым розніца паміж сапраўдным мастацтвам, якое жыве і дыхае, натхнёнае вобразамі прыроды, і камерцыйнай падробкай, спехам накрэмзанай рамеснікам у пустой, як правіла, майстэрні. Я, канечне, мушу прызнаць, што сапраўдны мастак — заўсёды крышачку вар'ят, яго вычварнае ўяўленне здольнае ствараць вобразы з пустэчы альбо выцягваць у нашую рэчаіснасць фантастычныя сцэны з прывіднага сусвету, у якім ён жыве. Тое, што атрымліваецца